ІНДУКТЫ́ЎНАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,

прылада для вымярэння індуктыўнасці вагальных контураў, абмотак трансфарматараў і дроселяў, шпуль індуктыўнасці і інш. Найб. пашыраныя І.в., прынцып дзеяння якіх заснаваны на метадах «вальтметра-амперметра», маставым і рэзанансным. Выкарыстоўваецца ў інфарм.-вымяральных сістэмах, аўтаматызаваных сістэмах кантролю і інш.

І.в., заснаваныя на метадзе «вальтметра-амперметра», выкарыстоўваюцца для ўскосных вымярэнняў параўнальна вял. індуктыўнасцей (больш за 0,1 Гн) з малым амічным супраціўленнем. Індуктыўнасць вызначаецца на аснове Ома закона для пераменнага току (гл. Індуктыўнае супраціўленне). У маставых І.в. асн. элемент — мост вымяральны пераменнага току, які мае ўзорныя ёмістасці (найчасцей) ці шпулі індуктыўнасці. Пры ўраўнаважванні моста вызначаюцца амічнае супраціўленне і індуктыўнасць. Рэзанансныя метады заснаваны на выкарыстанні рэзанансных уласцівасцей вагальнага контуру, утворанага дадзенай індуктыўнасцю і ўзорнай ёмістасцю (гл. Дыхтоўнасці вымяральнік).

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСАНТО́МА (ад грэч. xanthos жоўты + ...ома),

паталагічнае ўтварэнне, што ўзнікае ў скуры пры парушэннях ліпіднага абмену і ўяўляе сабой назапашванне фагацытаў, якія ўтрымліваюць халестэрын і трыгліцэрыды. Адрозніваюць 3 яе разнавіднасці: ксанталазма (найчасцей бывае ў пажылых жанчын) — сіметрычна размешчаныя каля ўнутр. краю вока плоскія, мяккія ўтварэнні жаўтавата-аранжавага колеру, авоіднай ці стужкападобнай формы; множная вузельчыкавая — бязбольныя, сіметрычна размешчаныя на скуры галавы, твару, каленных і локцевых суставаў, ягадзіцах вузельчыкі ад жоўтага да карычневага адцення (па краях ружова-чырвоныя); туберозная пухлінападобная (бывае ў нованароджаных і малых дзяцей, радзей у дарослых) — бязбольныя, дольчатыя, шчыльныя ўтварэнні на локцевых і каленных суставах памерам з вішню ці грэцкі арэх жоўтага колеру з бурым ці фіялетавым адценнем. Развіваецца павольна, прагрэсіруе. Лячэнне тэрапеўтычнае (печані, падстраўнікавай залозы, нырак), хірургічнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карцыно́ма

(ад гр. karkinos = рак + -ома)

злаякасная пухліна (рак), якая развіваецца з эпітэліяльнай тканкі ў чалавека і жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адэно́ма

(ад гр. aden = залоза + -ома)

дабраякасная пухліна, якая можа развівацца ў залозістых органах (малочнай, шчытападобнай і іншых залозах).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НАПРУ́ЖАННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ,

энергетычная характарыстыка ўчастка электрычнага ланцуга або электрычнага поля. Н.э. роўнае адносінам работы па перамяшчэнні эл. зараду з аднаго пункта поля ў другі да абс. велічыні гэтага зараду. У патэнцыяльных палях роўнае рознасці патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі і не залежыць ад шляху, па якім перамяшчаецца зарад.

Паняцце Н.э. ўвёў Г.Ом, які прапанаваў гідрадынамічную мадэль эл. току для тлумачэння адкрытага ім эмпірычнага закона (гл. Ома закон). Для аднароднага ўчастка ланцуга з пастаянным токам Н.э. U = IR, дзе I — сіла току, R — амічнае супраціўленне ўчастка ланцуга. Калі ўчастак неаднародны, U = IR + E, дзе Eэлектрарухальная сіла на гэтым участку. У ланцугах пераменнага току пад Н.э. разумеюць яго эфектыўнае значэнне, вызначанае па цеплавым уздзеянні току, U = Umax / 2 , дзе Umax — амплітуднае (найбольшае) значэнне напружання. Для вымярэнняў Н.э. ў эл. ланцугах карыстаюцца вальтметрамі. Адзінка Н.э. ў СІвольт.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

папіло́ма

(ад лац. papilla = сасок + -ома)

дабраякасная пухліна, якая развіваецца з тканак скуры або слізістых абалонак і мае выгляд сасочкападобнага новаўтварэння.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гемато́ма

(ад гемата- + -ома)

накапленне крыві ў якой-н. поласці арганізма ў сувязі з яе прылівам пры траўмах, парушэнні цэласці крывяносных сасудаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІНДУКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

1) у электратэхніцы — процідзеянне пераменнаму току з боку індуктыўных элементаў ланцуга (напр., індуктыўнасці шпулі). Калі элемент ланцуга характарызуецца толькі індуктыўнасцю L, выражаецца формулай XL = ωL, дзе ω — цыклічная частата; адзінка І.с. ў СІом.

З-за з’явы электрамагнітнай індукцыі эл. энергія двойчы за перыяд ваганняў перадаецца ад крыніцы магн полю шпулі і двойчы вяртаецца ў крыніцу току. У радыётэхніцы І.с. часта ўзнаўляецца з дапамогай фазавярчальнікаў. Адзін і той жа элемент паводзіць сябе па-рознаму ў розных дыяпазонах частот. Напр., вагальны контур пры частотах, меншых за рэзанансную, паводзіць сябе як І.с., пры большых — як ёмістаснае. Гл. таксама Ома закон, Электрычнае супраціўленне.

2) У аэрадынаміцы — частка аэрадынамічнага супраціўлення (гл. Гідрадынамічнае супраціўленне) крыла лятальнага апарата, абумоўленая завіхрэннямі паветра, восі якіх пачынаюцца на крыле і накіраваны ўніз па патоку. Віхры ўзнікаюць з-за перацякання паветра ў канцах крыла з вобласці пад крылом у вобласць над крылом. У выніку вектар пад’ёмнай сілы крыла адхіляецца ад вертыкалі. У крылаў з бясконцым размахам І.с. адсутнічае.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОМ ((Ohm) Георг Сіман) (16.3.1787, г. Эрланген, Германія — 7.7.1854),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1839), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1842). Вучыўся ў Эрлангенскім ун-це (1805—06), дзе атрымаў ступень д-ра (1811). Выкладаў у гімназіях. З 1833 дырэктар Політэхн. школы ў г. Нюрнберг, з 1849 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы і акустыцы. Эксперыментальна ўстанавіў асн. закон эл. ланцуга (гл. Ома закон) і даў яго тэарэт. тлумачэнне (1827). Увёў паняцці электрарухальнай сілы (эрс), падзення напружання і эл. праводнасці, правёў першыя вымярэнні эрс крыніцы току. Паказаў, што найпрасцейшыя слыхавыя адчуванні выклікаюцца толькі гарманічнымі ваганнямі, на якія вуха раскладае складаныя гукі (акустычны закон О.). Яго імем названа адзінка эл. супраціўлення ом.

Літ.:

Голин Г.​М.​Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 339—347;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 257—261.

А.​І.​Болсун.

Г.С.Ом.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ ТОК,

электрычны ток, сіла і напрамак якога з часам не зменьваюцца. Існуе ў форме току праводнасці (упарадкаваны рух свабодных электронаў у металах) і току пераносу (перамяшчэнне зараджаных часцінак у электралітах, газах, вакууме). Атрымліваецца выпрамленнем пераменнага току з дапамогай разнастайных выпрамнікаў току. Крыніцамі П.т. з’яўляюцца таксама электрычныя акумулятары, гальванічныя элементы, тэрмаэлектрычныя генератары, генератары П.т. (гл. Пастаяннага току машына), фотаэлементы, магнітагідрадынамічныя генератары, сонечныя батарэі.

Тэарэт. аналіз і разлік ланцугоў П.т. грунтуецца на Ома законе, Кірхгофа правілах і Джоўля—Ленца законе. Першапачаткова на электразабеспячэнне выкарыстоўваўся толькі П.т. Пасля распрацоўкі М.​В.​Даліва-Дабравольскім спосабаў і сродкаў пераўтварэння, перадачы і спажывання трохфазнага току (1891) П.т. у значнай ступені выцеснены пераменным токам. Аднак добрыя эксплуатацыйныя якасці машын П.т. (высокі пускавы момант, магчымасць плаўнага рэгулявання, рэкуперацыі эл. энергіі, высокая перагрузачная здольнасць) абумовілі шырокае выкарыстанне П.т. ў прам-сці (рухавікі і генератары пракатных станаў, металарэзных станкоў, экскаватараў, пад’ёмнікаў і інш.), для эл. цягі (трамвай, тралейбус, электрыфікаваны чыг транспарт). П.т. выкарыстоўваецца таксама ў электраметалургіі, гальванатэхніцы, эл. зварцы, электравымяральнай тэхніцы, для сілкавання радыёўстановак, сродкаў сувязі, аўтаматыкі, тэлемеханікі. Перспектыўны для перадачы электраэнергіі вял. магутнасці на далёкія (да 1000 км і больш) адлегласці (ЛЭП напружаннем да 1500 кВ).

У.​М.​Сацута.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)