ГАДАЛІ́НІЙ (лац. Gadolinium),

Gd, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 64, ат. м. 157,25, адносіцца да лантаноідаў. Адкрыты ў 1880 швед. хімікам Ж.​Марыньякам, названы ў гонар фін. хіміка Ю.Гадаліна. Мяккі серабрысты метал, шчыльн. 7895 кг/м³, tпл 1312 °C, ферамагнетык (ніжэй за 18 °C). У паветры акісляецца, узаемадзейнічае з вадой і мінер. к-тамі (сернай, азотнай, салянай), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў. Перспектыўны матэрыял для рэгулюючых стрыжняў ядз. рэактараў (паглынальнік нейтронаў).

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЕ́КТ МАС,

рознасць паміж сумай мас нуклонаў (нейтронаў і пратонаў), якія ўваходзяць у склад ядра атамнага, і масай ядра. Вызначаецца формулай Δ = ZMp + (A−Z) Mn − Mя, дзе Z — лік пратонаў у ядры, A — масавы лік ядра, Mp, Mn — масы пратона і нейтрона адпаведна, Mя — маса ядра атама. Д.м. выражаецца ў атамных адзінках масы і роўны (з адваротным знакам) энергіі сувязі нуклонаў у ядры. Чым большы Д.м., тым вышэйшая энергія сувязі і тым больш устойлівае ядро. Гл. таксама Ядзерная энергія.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫШЭ́ЎСКІ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 1.7.1940, Мінск),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1974), праф. (1977). Чл. Нью-Йоркскай АН (1993). Скончыў БДУ (1962). З 1965 у БДУ, з 1986 дырэктар НДІ ядз. праблем БДУ. Навук. працы па ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц. Стварыў новую галіну фіз. даследаванняў — ядз. оптыку палярызаваных асяроддзяў, у якой ім зроблены два адкрыцці: ядз. прэцэсіі спіна нейтронаў (1979) і з’явы вярчэння плоскасці палярызацыі гамаквантаў (1988).

Тв.:

Ядерная оптика поляризованных сред. Мн., 1976;

Каналирование, излучение и реакции в кристаллах при высоких энергиях Мн., 1982.

У.Р.Барышэўскі.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГАЦЯМЕ́Р,

прылада для вызначэння вільготнасці газаў, вадкасцей, цвёрдых і сыпкіх матэрыялаў. Найб. пашыраны вільгацямеры, дзеянне якіх заснавана на змяненні фіз. уласцівасцей рэчываў (электраправоднасці, дыэлектрычнай пранікальнасці, паказчыка пераламлення і інш.) у залежнасці ад вільготнасці (напр., ёмістасныя вільгацямеры). Ёсць вільгацямеры, дзеянне якіх засн. на раздзяленні (экстракцыяй, сушкай і інш.) рэчыва на ваду і сухую рэшту; радыеізатопныя (для цвёрдых рэчываў), дзе выкарыстоўваюцца з’явы паглынання гама-прамянёў і запавольвання нейтронаў, а таксама вільгацямеры, заснаваныя на з’яве ядзернага магнітнага рэзанансу. Вільготнасць газаў (у т. л. паветра) вызначаюць гігрометрамі і псіхрометрамі.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПІЙ (лац. Europium),

Eu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 63, ат. м. 151,96, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы ​151Eu (47,82%) і ​153Eu (52,18%). У зямной кары 1,3∙10​−4% па масе. Адкрыты ў 1901 франц. хімікам Э.​Дэмарсэ.

Серабрыста-белы метал, tпл 826 °C, шчыльн. 5245 кг/м³. У паветры хутка акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі), узаемадзейнічае з вадой і мінер. кіслотамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам. Выкарыстоўваюць як паглынальнік нейтронаў у ядз. тэхніцы, актыватар люмінафораў у каляровым тэлебачанні.

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ЛЬДЗІ ((Amaldi) Эдаарда) (н. 5.9.1908, каля г. П’ячэнца, Італія),

італьянскі фізік. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі ў Рыме (1948), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Рымскі ун-т (1929). З 1945 прэзідэнт Нац. к-та па ядз. даследаваннях Італіі, з 1948 дырэктар Нац. ін-та ядз. фізікі. У 1957—60 прэзідэнт Міжнар. Саюза чыстай і прыкладной фізікі. Навук. працы па ядз. спектраскапіі, фізіцы элементарных часціц. У 1934 сумесна з Э.​Фермі і інш. адкрыў з’яву запавольвання нейтронаў у рэчывах, якія маюць у сабе вадарод. Прадказаў існаванне антыпратона (1955), у сааўт. адкрыў анты-сігмаплюс-гіперон (1960).

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэфе́кт

(лац. defectus)

загана, недахоп;

д. масы — памяншэнне масы пры злучэнні свабодных элементарных часціц (пратонаў, нейтронаў і інш.) у адзіную сістэму, напр. атамнае ядро.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДРО́НЫ (ад грэч. adros вялікі, значны),

элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВЫЯ КРЫШТАЛІ́,

крышталі з вял. амплітудай нулявых ваганняў крышталічнай рашоткі (ваганняў паблізу Т = 0 К), параўнальнай з перыядам рашоткі. Маюць незвычайныя фіз. ўласцівасці, вытлумачальныя толькі ў межах квантавай тэорыі. З вядомых на Зямлі рэчываў толькі ізатопы гелію ​3Не і ​4Не пры ціску больш за 3∙10​4 Па утвараюць К.к. Квантавыя эфекты назіраюцца ў крышталях неону Ne і ў меншай ступені ў крышталях інш. інертных газаў. У нетрах нейтронных зорак, магчыма, існуюць К.к. з нейтронаў. К.к. займаюць прамежкавае становішча паміж квантавымі вадкасцямі і звычайнымі крышталямі. Дэфекты ў К.к. (у прыватнасці вакансіі) не лакалізаваныя, а ў выглядзе квазічасціц распаўсюджваюцца па крышталі.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ Я́ДЗЕРНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

прылады для рэгістрацыі ядз. часціц (альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.) ці квантаў эл.магн. выпрамянення. Выкарыстоўваюцца для вывучэння інтэнсіўнасці ядз. выпрамянення, вызначэння яго саставу і энергет. спектра часціц, а таксама пры вывучэнні ўзаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі, працэсаў нараджэння і распаду элементарных часціц.

Прынцып дзеяння Л.я.в. заснаваны на ўласцівасці зараджаных часціц пры праходжанні праз рэчыва выклікаць іанізацыю і ўзбуджэнне яго атамаў або (пры пэўных умовах) Чаранкова—Вавілава выпрамяненне (нейтроны і гама-кванты ствараюць другасныя зараджаныя часціцы, якія іанізуюць і ўзбуджаюць атамы рэчыва). Гл. таксама Вільсана камера, Гейгераўскі лічыльнік, Іанізацыйная камера, Паўправадніковы дэтэктар, Пузырковая камера, Сцынтыляцыйны лічыльнік.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)