ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць юрыд. нормаў, якія вызначаюць парадак выбараў кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў дзярж. улады, а таксама права грамадзян выбіраць (актыўнае выбарчае права) і быць выбранымі (пасіўнае выбарчае права). З’яўляецца найважнейшай часткай выбарчай сістэмы і звычайна рэгламентуецца Канстытуцыяй дзяржавы і спец. законамі аб выбарах. Вызначае парадак вылучэння кандыдатаў, нормы прадстаўніцтва, парадак падвядзення вынікаў галасавання і інш. Выбары звычайна з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў іх і за каго галасаваць. У некаторых замежных краінах галасаванне на выбарах з’яўляецца грамадз. абавязкам, невыкананне якога цягне за сабой адказнасць (гл. Абсентэізм).
Крыніцамі выбарчага права Рэспублікі Беларусь акрамя Канстытуцыі з’яўляюцца законы аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прадстаўнічыя органы розных узроўняў і інш. Забараняюцца якія-небудзь прамыя або ўскосныя абмежаванні выбарчага права грамадзян Беларусі ў залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў. Асобы, якія перашкаджаюць грамадзянам свабодна ажыццяўляць выбарчае права, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел таксама асобы, якія ў парадку, устаноўленым крымін.-працэсуальным заканадаўствам, утрымліваюцца пад вартай.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНА́ ў праве, адносіны асобы да сваіх проціпраўных дзеянняў і іх шкодных вынікаў, выяўленыя ў форме намеру або неасцярожнасці; неабходная ўмова юрыд. адказнасці. Калі ў дзеяннях асобы няма віны, яна вызваляецца ад адказнасці. У крымінальным праве перадумовай віны з’яўляюцца наяўнасць у асобы свядомасці і дасягненне ёю ўстаноўленага законам узросту крымін. адказнасці. Злачынства прызнаецца наўмысным, калі асоба, якая яго ўчыніла, усведамляла грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў або бяздзеянняў, прадбачыла іх грамадска небяспечныя вынікі і жадала (прамы намер) або свядома дапускала (ускосны намер) іх надыход. Неасцярожным злачынствам лічацца проціпраўныя дзеянні асобы, калі яна прадбачыла магчымасць наступлення іх грамадска небяспечных вынікаў, але легкадумна разлічвала на іх прадухіленне (злачынная саманадзейнасць) або не прадбачыла магчымасці іх наступлення, хоць павінна была і магла іх прадбачыць (злачынная нядбайнасць). У цывільным праве віна — умова адказнасці за правапарушэнне: невыкананне або неналежнае выкананне дагаворнага ці іншага абавязацельства, учыненне незаконнай здзелкі, нанясенне маёмаснай шкоды і г.д. Форма віны, як правіла, не ўплывае на памеры цывільна-прававой адказнасці. Калі ў надыходзе неспрыяльных вынікаў вінаваты абодва бакі, то ўлічваецца віна аднаго і другога. Пры невыкананні або неналежным выкананні абавязацельства па віне абодвух бакоў суд адпаведна змяншае меру адказнасці даўжніка. У асобных выпадках цывільнае права прадугледжвае адказнасць пры адсутнасці віны правапарушальніка. Напр., арг-цыя або грамадзянін абавязаны пакрыць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай небяспекі, за выключэннем выпадкаў, калі шкода ўзнікла ў выніку неадольнай сілы або намеру пацярпелага.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)