fly

I [flaɪ]

n., pl. flies

му́ха, му́шка f., dim.

a fly in the ointment — лы́жка дзёгцю ў бо́чцы мёду

II [flaɪ]

1.

v.i. flew, flown, flying; flied, flying

1) лётаць, ляце́ць

birds fly — пту́шкі лётаюць

2) разьвява́цца ў паве́тры, луна́ць (пра сьцяг, валасы́)

3) лётаць, ляце́ць самалётам

4) ляце́ць; імча́цца, імкну́ць

time flies — час ляці́ць

5) уцяка́ць

2.

v.t.

1) пушча́ць у паве́тра

to fly a kite — запуска́ць зьме́я

2) пералята́ць

3) кірава́ць самалётам

4) пераво́зіць самалётам

5) уцяка́ць ад каго́-чаго́, уніка́ць каго́-чаго́

3.

n.

1) кла́пан на гу́зікі; прарэ́х -а m., шыры́нка f.

2) адкідно́е пало́тнішча (дзьве́ры ў намёце)

3) даўжыня́ сьця́га

4) палёт -у m.

- fly at

- fly away

- fly by

- fly past

- fly through

- fly down

- fly in the face of

- fly off

- fly out

- fly over

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Назола ’дакука, прыкрасць, журба’, ’надакучлівая асоба’ (Нас., Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), назол, назольнік ’надакучлівая асоба’ (Юрч. СНС), рус. назола ’нуда, журба, смутак’, ’шкода’, ’надакучлівы чалавек’, укр. назола ’хто робіць многа турбот’. Сюды ж назаля́ць ’надаядаць, дакучаць’ (Нас., Яруш., Шн., Сл. ПЗБ, ТС), назале́лы ’надакучлівы’ (Сцяшк. Сл.), назольный ’тс’ (Яруш.), назо́йны ’надакучлівы’ (Бяльк.), а таксама выразы: у назо́лу ’на зло’ (Булг.), даваць назолу ’назаляць’ (Шн.), назоля́ць на се́рцэ (на душу) ’трывожыць у непадыходзячы час’ (ТС). Прыведзены матэрыял, асабліва апошні фразеалагічны выраз, у аснове якога ляжыць нейкае канкрэтнае значэнне, аб чым сведчыць прыназоўнікавая канструкцыя з на, дае падставы для пошукаў архаічных адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах, параўн. макед. назољам ’пасаліць, пасыпаць нечым’ у народнай песні, запісанай Міладзінавым: «Му донесе билки чемерики / И назоли нему бело сӑрце», дзе бело сӑрце ’страўнік’ (Тошев, Струшкиот говор. Скопје, 1979, 38, 103). Параўн. іншыя дыялектныя формы: макед. zolit ’пырскаць; пасыпаць; накрапваць’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani dialect of Macedonian. Lisse, 1976, 301), зоља, зола ’пасыпаць соллю, цукрам, парашком’ (Белић, Галички дијалекат. Београд, 1935, 213), золте (< зол те, літаральна ’золь цябе’, ужываецца як дакор, Поповски, Македонски јазик, 1959, 10, 133), балг. назоля́вам і назолвам ’пасыпаць’ (Гераў), назоля́ва ’адкладвае яйкі на прадуктах, у якіх заводзяцца чарвякі (пра муху)’ (БЕР, 1, 652), серб.-харв. наѕоје ’пра нападзенне мух’: наѕоје̏ле му̏е месо (Елезовић, Речник косовско-метохиског дијлекта, 1. Београд, 1932, 435), зоља, ѕоља ’камары’ (Павловић, Говор Јањева. Нови Сад, 1970, 179). Такім чынам, першапачатковае значэнне дзеяслова рэканструюецца як ’пасыпаць ці пакрапіць нечым з мэтай лячэння’ і фармальна звязана з прасл. *zola ’попел’ (гл. зала́), параўн.: да ми гьи позолите ръцето со пепелта, кье ми оздравеат (Младенов: Сб. Солун. София, 1934, 62); развіццё значэння да ’надаядаць, дакучаць, дапякаць’ на падставе ’раздражняць рану, уздзейнічаючы на яе пры дапамозе лекаў, зёлак’, параўн. народны выраз надаеў, як горкае зелле, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *zoliti ’пасыпаць (попелам, парашком і інш.)’. Агляд іншых версій: Гаўлава (Etymologica Brunencia. Praha, 1978, 34–35) рэканструюе прасл. *zoliti ’шкодзіць, мучыць’ на падставе ўсходнеславянскіх слоў і і.-е. паралеляў. Скок (3, 664): зољамушка’ < zujati (гукапераймальнае). Фасмер (3, 39) аддзяляе рус. назойливый ’надаедлівы’ ад назола, выводзячы яго з зой ’шум’, падрабязны разбор гэтай версіі і спробу фармальнай і семантычнай рэканструкцыі развіцця слова гл. Шалепіна: Русские говоры Сибири. Томск, 1981, 67–69; Шустар-Шэўц указвае на паралель в.-луж. zelić (⩽ zolić) ’голасна клясці, праклінаць’ і славен. zoliti ’крычаць, шумець’, што можа сведчыць аб старажытнасці такой семантыкі (ВЯ, 1983, 46), параўн. яшчэ бел. зяліць ’тлуміць’: Зеліш ты сваімі песьнімі усю хату (Яўс.). Не выключана, што ў развіцці асобных славянскіх моў назіралася змяшэнне розных дзеясловаў, блізкіх па форме, у прыватнасці са значэннем ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і ’крычаць, шумець’. Дарэчы, прыгатаванне лекаў у выглядзе парашкоў ці раствораў, атрыманых шляхам спальвання зёлак і іншых матэрыялаў, а таксама разбаўлення атрыманага попелу ў вадзе, з’яўляецца старажытнай практыкай народнай медыцыны (у прыватнасці, знахарства). Тым самым магчыма звязаць значэнне ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і значэнне ’заліць лугам (бялізну і інш.)’. Што датычыць зяліць ’тлуміць’, звычайна азяліць галаву, то не выключана, што тут асноўнае значэнне не ’шумець’, а ’выклікаць стан ачмурэння, выпіўшы настоенага зелля’, пра што сведчыць і другое значэнне азяліцца ’напіцца гарэлкі’ (параўн. чортава зелле = гарэлка), азелены ’затлумлены, п’яны’ (Яўс.). Гл. зала́, зелле, заліць1, зяліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАГДАНО́ВІЧ Максім Адамавіч

(9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),

бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел. нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел. нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1927—28;

Збор тв. Т. 1—2. Мн., 1968;

Поўны зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1991—95.

Літ.:

Замоцін І. М.А.Багдановіч: Крытыч.-біягр. нарыс // Узвышша. І927. № 2, 3, 5;

Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;

Яго ж. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969. С. 189—199, 269—286;

Яго ж. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 240—255;

Богданович А. Материалы к биографии Максима Богдановича // Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Лойка А. Максім Багдановіч. Мн., 1966;

Валасовіч-Гразнова Г. Успаміны пра брата // Полымя. 1966. № 10;

Стральцоў М. Загадка Багдановіча. Мн., 1969;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977. С. 69—140;

Кабаковіч А.К. Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага. Мн., 1978;

Бачыла А. Дарогамі Максіма Багдановіча. 2 выд. Мн., 1983;

Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.Багдановіча. Мн., 1986;

Каханоўскі Г. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю... Мн., 1991;

Конан У.М. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. Мн., 1991;

Шлях паэта: Зб. успамінаў і біягр. матэрыялаў пра М.Багдановіча. Мн., 1975;

Ватацы Н.Б. Максім Багдановіч: Паказ. твораў, аўтографаў і крытыч. літ. Мн., 1977.

А.А.Лойка.

т. 2, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)