АНІЗАМЕ́ТР МАГНІ́ТНЫ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...метр),

прылада для вызначэння магнітнай анізатрапіі монакрышталёў і тэкстураваных матэрыялаў. Прынцып дзеяння: доследны ўзор змяшчаюць у моцнае аднароднае магн. поле; папярочная кампанента вектара намагнічанасці, што ўзнікае, ўтварае момант вярчэння, які імкнецца павярнуць узор. Момант вярчэння кампенсуецца момантам, што ствараюць пругкія мех. элементы прылады. Вугал павароту ўзору адлічваецца па шкале пры розных напрамках поля. Па выніках вымярэнняў разлічваюцца, канстанты анізатрапіі і ацэньваецца ступень дасканаласці тэкстуры. Анізаметр магнітны дае магчымасць даследаваць масіўныя ўзоры, ферамагн. плёнкі, матэрыялы ў вытв. умовах; інтэрвал т-р ад 1300 К да геліевых (~1 К); напружанасць магн. поля да 4000 кА/м.

Схема анізаметра магнітнага: 1 — крыніца святла; 2 — пругкія элементы; 3 — люстэрка; 4 — шкала; 5 — узор; N, S — полюсы магніта.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ГАЛО́ЎКА,

вузел у апаратуры для магнітнага запісу, узнаўлення і сцірання інфармацыі на магнітных носьбітах. Форма і канструкцыя М.г. залежаць ад прызначэння адпаведнай апаратуры. Выкарыстоўваецца ў прыладах гука- і відэазапісу, выліч. і вымяральнай тэхніцы, аўтаматыцы і інш.

Найб. пашыраныя індукцыйныя М.г., што маюць магнітаправод (асяродак) для канцэнтрацыі магн. патоку і абмотку (адну ці некалькі), на якую падаюцца (пры запісе ці сціранні) або з якой здымаюцца (пры ўзнаўленні) эл. сігналы інфармацыі. Асяродак вырабляецца з магнітамяккіх матэрыялаў і мае рабочы зазор (прамежак, запоўнены, напр., фольгай з берыліевай бронзы), які забяспечвае магн. сувязь з носьбітам інфармацыі.

Схема магнітнай галоўкі для кантактнага запісу: 1 — абмотка; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; 4 — магнітны (рабочы) слой носьбіта; 5 — аснова носьбіта; 6 — поле рассеяння зазору.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

та́нгенс-бусо́ль

(ад тангенс + бусоль)

гальванометр, у якім велічыню току вызначаюць па адхіленнях магнітнай стрэлкі, што змяшчаецца ў цэнтры кругавога правадніка, дзе працякае вымяраемы ток.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тві́стар

(англ. twistor, ад twist = паварочваць, выгінаць)

запамінальны элемент у аўтаматыцы і вылічальнай тэхніцы, адрэзак дроту з магнітнай паверхняй, намагнічванне якога праходзіць па вінтавой лініі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛЫ́БІН (Дзмітрый Віталевіч) (н. 27.6.1963, Мінск),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1986), Бел. акадэмію музыкі (1993, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладаў у Бел. харэаграфічным вучылішчы, з 1988 у Бел. пед. ун-це. У творчасці спалучае традыцыйныя і авангардныя метады кампазіцыі. Сярод твораў: кантаты «Беларускія песні» на нар. тэксты (1996), «Адышоўшыя строфы» на вершы Ф.​Цютчава (1998); «Псалом IX» для дзіцячых галасоў, габоя, аргана, 2 туб і ўдарных (1994); канцэрт для скрыпкі і сімф. арк. (1993); «Музыка для горада Нясвіжа» для камернага арк. (1997); «Апошняя працэсія» для 2 фп., трубы, ударных і магнітнай стужкі; «Водгукі беларускіх народных песень» для падрыхтаванага фп.; хар. цыкл «Малітвы» ў суправаджэнні чэлесты і ўдарных; вак. цыкл «Песні змроку і світанку» (абодва на вершы А.​Блока).

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

атра́кцыя

(лац. attractio)

1) пачуццё прыхільнасці аднаго чалавека да другога;

2) адхіленні магнітнай стрэлкі пад уздзеяннем сілы прыцяжэння гор, пакладаў карысных выкапняў і іншых значных мас.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

анама́лія

(гр. anomalia = няроўнасць)

адхіленне ад нармальнага, агульнапрынятага, ненармальнасць (напр. а. ў развіцці арганізма);

магнітная а. — адхіленне магнітнай стрэлкі пад уплывам скрытых у зямлі пакладаў жалеза.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),

казахскі паэт. Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед. ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.​Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.​Жычка, А.​Звонак, М.​Маляўка, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, М.​Хведаровіч, А.​Шымук і інш.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАМЯ́ККІЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, магнітна-мяккія матэрыялы,

фера- і ферымагнетыкі з малым значэннем каэрцытыўнай сілы (Hc < 800 А/м). Характарызуюцца высокімі значэннямі магнітнай пранікальнасці, якія дасягаюцца зніжэннем энергій магнітна-крышт. і магнітапругкай анізатрапіі (гл. Магнітная анізатрапія).

М.м. з’яўляюцца: тэхнічна чыстае жалеза, нізкавугляродзістая і электратэхн. (крамяністая) сталь; крышт. сплавы жалеза з нікелем (пермалой), з нікелем і кобальтам (пермінвар), з кобальтам і дабаўкамі ванадыю (пермендзюр), з алюмініем (алфер), з алюмініем і крэмніем (алсіфер); аморфныя сплавы на аснове жалеза, кобальту, нікелю з дабаўкамі (да 20%) бору, крэмнію, вугляроду і інш. элементаў (амарфізатары); ферыты; магнітадыэлектрыкі. Найб. высокія значэнні магн. пранікальнасці маюць метал. М.м., якія выкарыстоўваюць пры рабоце на частотах да 10​5 Гц, на частотах 10​4—10​8 Гц выкарыстоўваюць магнітадыэлектрыкі, нікель-цынкавыя ферыты, ферыты-гранаты. З М.м. вырабляюць асяродкі і полюсныя наканечнікі магнітаў, магнітаправоды, трансфарматары, розныя прылады ЗВЧ. Гл. таксама Магнітныя матэрыялы.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫЯ ПО́ЛЮСЫ ЗЯМЛІ́,

пункты на паверхні Зямлі, дзе вектар індукцыі магнітнага поля Зямлі накіраваны вертыкальна: уніз на Паўн. полюсе (магнітны нахіл + 90°), уверх на Паўд. (нахіленне − 90°). У сучасную магнітную эпоху сапраўдныя М.п.З. размешчаны наадварот: Паўн. каля Паўд. геагр. полюса, Паўд. каля Паўн. геагр. полюса. Перыядычна адбываецца інверсія геамагнітнага поля і полюсы мяняюць сваю палярнасць на процілеглую. У М.п.З. зыходзяцца ўсе мерыдыяны магнітныя. Магнітныя полюсы паступова перамяшчаюцца на паверхні Зямлі. Каардынаты М.п.З. (1985) 77°36 паўн. ш., 102°48 зах. д.; 65°06 паўд. ш., 139° усх. д. (гл. Палеамагнетызм). У раёнах моцных магнітных анамалій (Курская, Усх.-Сібірская і інш.) назіраюцца лакальныя магнітныя полюсы. Існуе таксама паняцце геамагнітныя полюсы — пункты перасячэння паверхні зямной кары з магнітнай воссю аднародна намагнічанай Зямлі. У іх зыходзяцца мерыдыяны геамагнітныя. Знаходзяцца на адлегласці ў некалькі градусаў ад адпаведных магнітных полюсаў. Месцазнаходжанне іх вызначаецца аналітычна.

Я.​І.​Майсееў.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)