перахрысці́ць, ‑хрышчу, ‑хрысціш, ‑хрысціць; зак., каго-што.
1. Зрабіць рукой знак крыжа над кім‑, чым‑н. Андрэй нахіліўся над бацькам. Стары перахрысціў яго тры разы, абняў за шыю і пацалаваў. Чарнышэвіч.
2. Выканаць абрад хрышчэння, ахрысціць. Ну, бацюшка перахрысціў малога, пачалі дамаўляцца наконт платы. Кірэйчык. Пайшоў дзед да папа, каб сына перахрысціў. Якімовіч.
3. Ахрысціць пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру.
4. Разм. Даць новае імя, назву, мянушку. Макар Міхайлавіч чалавек высокага росту, шыракаплечы. Калі ён быў маладзейшы, у гаражы неяк яго перахрысцілі на Паўтара Макара. Мяжэвіч.
5. Разм. Вельмі моцна ўдарыць каго‑н. Перахрысціць бізуном.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сква́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Прагны да багацця, хцівы, скупы. Надта ж прагавіты і сквапны быў бацька, надта ж пільнаваў, каб божа барані ніхто і хвілінкі не пасядзеў без работы. Сачанка. — Я чалавек не сквапны і за вялікім не ганюся, — растлумачыў .. [Бабейка] сваю просьбу. Хадкевіч. Не адступаў і бацюшка, хоць добра ведаў, што Хведар сквапны і больш не дасць. Кірэйчык.
2. на што, да чаго. Які прагна імкнецца што‑н. мець у вялікай колькасці; ласы да чаго‑н. [Ратчык:] — А я быў на .. [баравікі] не вельмі сквапны. Новікаў. [Паланевіч:] Я чуў, што .. [Буяк] на выпіўку сквапны. Крапіва. // Пажадлівы. Сквапнымі вачыма Крушынскі аглядае .. прыгожую постаць [Мэры]. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабля́кнуць і пабле́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Страціць яркія фарбы, выцвісці, паліняць. Фарбы пабляклі. Партрэты пабляклі. □ Пакуль [хлопчык] ляжаў у бальніцы, загар на твары завяў.. Нават вяснушкі на шылаватым носе паблеклі. Беразняк.
2. Памеркнуць, пабляднець. Драбнелі і прападалі зоры, пабляк.. месяц: неба ўвачавідкі налівалася далёкім сонечным святлом. Вышынскі. Летняя сінь неба крыху паблекла. Асіпенка.
3. Звяць, страціць свежасць (пра расліны). Першыя замаразкі прыхапілі пад акном вяргіні: яны пабляклі, пачарнелі. Кірэйчык. Усё навокал неяк паблякла, толькі на газонах ярка цвілі астры. Асіпенка. // перан. Страціць прыгажосць, свежасць, бляск. Твар пабляк. Вочы пабляклі. □ Некалі прыгожая, Крывіцкая зараз паблякла. Гурскі.
4. перан. Страціць сваю сілу, выразнасць, яскравасць. Слава паблякла. Уражанні пабляклі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улада́р, ‑а, м.
1. Той, хто валодае чым‑н.; гаспадар чаго‑н. Пасля рэвалюцыі ўцёк кудысь уладар маёнтка, і за валоку не трэба было болей плаціць. Галавач. [Платон], відаць, ужо не раз мазгаваў пра тое, каб стаць непадзельным уладаром млына. Ракітны. // Той, хто пэўны час карыстаецца чым‑н. Змена ўладароў калыскі адбывалася са здзіўляючай хуткасцю: Колю папрасіла адтуль Настулька, Настульку — Галка. Кірэйчык.
2. Той, хто карыстаецца неабмежаванай вярхоўнай уладай. Уладар дзяржавы. // Той, каму ўсе падначальваюцца. Усе .. [звяры] мірна сышліся ў гурт і маўкліва і пакорліва, як і птушкі, пазіралі на Лесавіка, свайго ўладара і бога. Вышынскі.
•••
Уладар дум каго, чыіх — чалавек, які робіць моцны ўплыў на каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
застракаце́ць, ‑ціць; зак.
1. Вылучыцца сваім стракатым колерам, паказацца (пра што‑н. стракатае). І як пачало прыграваць сонца, застракацеў на гасцінцы нязвычны вялікі натоўп з самотным коннікам наперадзе. Шынклер. Поезд мінуў Краснае, з размаху ўварваўся ў лес, і пад адхонам застракацелі маладой зелянінай бярозавыя кусцікі. Пестрак.
2. Замільгаць перад вачамі, у вачах (пра што‑н. шматлікае, яркае). Такая іх [сняжынак] была безліч, што ўсё застракацела перад вачамі. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У Косці аж застракацела ў вачах ад рознакаляровых бантаў у паненак і рознакаляровай вопраткі ў панічоў. Карпюк. // перан. Пачаць часта паяўляцца, сустракацца. Імя акцёра застракацела на афішах.
3. Стаць стракатым ад чаго‑н. Застракацелі кветкамі бульвары. □ Загаманілі сенажаці, застракацелі кашулямі белымі, хусткамі ровнакаляровымі. Кірэйчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць скрыпучыя гукі; рыпець. Падлога скрыпіць. □ Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны. В. Вольскі. Суха скрыпіць снег пад нагамі. Пянкрат. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі. Бядуля. // чым. Рабіць скрып чым‑н. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі жорсткімі рамянямі. Мележ. Бок балеў так, што Вісарыён скрыпеў зубамі, абмацваючы яго. Самуйлёнак. // Утвараць рэзкі гук, падобны на скрып (пра птушак). Пад ваколіцай голасна кукавалі зязюлі, паблізу, у травяністых нізоўях, скрыпелі дзеркачы. Кірэйчык. // Разм. Гаварыць рэзкім, скрыпучым голасам; бурчаць. [Жанчыны] паклікалі афіцыянтку да сябе і доўга, нудна скрыпелі на яе, дакараючы. Брыль.
2. Разм. Жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы. Хворы яшчэ скрыпіць. / у перан. ужыв. Работа не ішла, а скрыпела. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сялі́цца, сялюся, селішся, селіцца; незак.
1. Уладжвацца на незаселеных месцах; атрымліваць месца для жыхарства. Людзі, якія сяліліся спачатку толькі на адкрытых месцах, па цячэнню вялікіх рэк, пачалі ўсё глыбей пранікаць у самыя нетры дзікіх і непрыступных лясоў. В. Вольскі. У горадзе самая жывая вуліца — гэта Шасэйная. Ля яе ўсё народ дзелавы селіцца, гандлёвы. Галавач. // Пасяляцца, займаць пад жыллё хату, участак. Няўтульная хаціна проста пуставала: ніводная, нават бежанская, сям’я не рашалася ў ёй сяліцца хоць бы часова. Лось. // Пра птушак, жывёл і пад. А .. [сава] ўсё роўна кожны год сялілася толькі ў тым дупле. Кірэйчык.
2. перан. Узнікаць, папаўняць (пра пачуцці, настрой і пад.). Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы. Васілевіч.
3. Зал. да сяліць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упіса́цца, упішуся, упішашся, упішацца; зак.
1. Запісацца куды‑н. Калгас у сяле арганізаваўся зімой яшчэ. Туды ўпісалася гаспадароў сорак. Навуменка.
2. Разм. Умясціцца на якой‑н. прасторы, у межах чаго‑н. Вока набліжалася да акуляра прыцэла. Сілуэт бамбардзіроўшчыка ўпісаўся ўжо ў першы бліскучы круг, потым у другі і нарэшце стаў на перакрыжаванне. Алешка.
3. перан. Арганічна ўвайсці ў акаляючае асяроддзе, структуру чаго‑н., не парушыць гармоніі з чым‑н. [Металічныя вышкі] неяк адразу прывычна ўпісаліся ў зялёны палескі пейзаж. Кірэйчык. У прывычны пейзаж утульных катэджаў, спартыўных залаў, манежаў ўпісаліся стрэлы вежавых кранаў. «Звязда». Паглядзіце, як па-свойску і арганічна ўпісаліся ў яго [Барадуліна] «Блакаду» народныя замовы, загадкі, прымаўкі: «На моры на Кіяні, на быстрым буяні стаіць ліпавы куст...» «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяме́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае сям’ю (у 1 знач.), не адзінокі. [Павел Іванавіч:] — Сямейны чалавек [шафёр] ужо: жонка і двое дзяцей. Кулакоўскі. / у знач. наз. сяме́йны, ‑ага, м.; сяме́йная, ‑ай, ж. Дом адпачынку для сямейных.
2. Які мае адносіны да сям’і (у 1 знач.); звязаны з сям’ёй, з жыццём сям’і. Сямейнае выхаванне. Сямейны альбом. Сямейнае шчасце. Сямейная сцэна. □ Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага. Колас. [Вера Адамаўна] паехала ад нас па сямейных абставінах. Ермаловіч. У той жа дзень склікана была сямейная нарада. Крапіва. // Прызначаны для сям’і. Куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Якімовіч. Там [у райкоме] сказалі, што ёсць свабодная сямейная пуцёўка на курорт. Кірэйчык. // перан. Прыветны, унутраны, дамашні. Сямейныя справы. □ Віктар неяк нечакана пераключыўся з сямейнай на літаратурную гаворку. Кавалёў.
3. Які грунтуецца на сямейнасці (у 2 знач.). Сямейны падыход у падборы кадраў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.
1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.
2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.
3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)