ІЛІЯ́ («бог мой Яхве»),

у Старым запавеце (3-я і 4-я кн. Царстваў) прарок. Прыхільнік бога Яхве, змагар за ўмацаванне яго культу як адзінага ў Ізраільскім царстве, смела ўступае ў змаганне са жрацамі і ізраільскімі царамі — абаронцамі культу бога Ваала. Адораны амаль боскай уладай цудатворац, вуснамі якога гаворыць сам Бог, прапаведнік, які прадказвае будучыню ад імя Бога. Паводле падання, меў аблічча жабрака-аскета. Пасля заканчэння яго місіі Бог узнёс І. на неба на вогненнай калясніцы. У розных народаў пра І. існуе вял. паслястаразапаветная міфалагічная традыцыя. Напр., у слав. традыцыях І.-прарок выступае як персанаж, звязаны з громам, дажджом і ўрадлівасцю. Менавіта ў гэтым кантэксце 20 ліп. па ст. с. праваслаўныя адзначаюць свята «Ільін дзень», ці Ілья (Ілля).

Ілія Прарок. Абраз наўгародскай школы. Канец 14 — пач. 15 ст.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

культ, ‑у, М ‑льце, м.

1. Рэлігійнае служэнне бажаству і звязаныя з гэтым рэлігійныя абрады. Культ бога Сонца ў язычнікаў. Служыцелі культу.

2. перан.; каго-чаго. Сляпое пакланенне каму, чаму‑н., абагаўленне каго‑, чаго‑н. Культ асобы. Культ «чыстага мастацтва». Культ прыгажосці.

[Лац. cultus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

феты́ш, ‑а, м.

1. Па ўяўленню першабытных народаў — прадмет, нібыта надзелены звышнатуральнай магічнай сілай, дзякуючы чаму служыў аб’ектам рэлігійнага культу.

2. перан. Тое, што карыстаецца бясспрэчным прызнаннем, чаму слепа вераць і пакланяюцца. Эпоха сацыялізма разбурыла фетыш, створаны вакол золата эксплуататарскімі класамі. Кучар.

[Фр. fétiche.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КЛІР (ад грэч. klēros жэрабя),

у хрысціянскай царкве сукупнасць свяшчэннаслужыцеляў (святароў, епіскапаў) і царкоўнаслужыцеляў (псаломшчыкаў, дзякоў і інш.); тое, што і духавенства. У раннім хрысціянстве азначала апостальскае прызванне. Потым стала ўжывацца ў значэнні «духавенства» да тых асоб, якія былі выбраны па жэрабю ў якасці служыцеляў культу.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сакры́стыя

(с.-лац. sacristia)

асобнае памяшканне ў каталіцкім храме, дзе захоўваюцца прыналежнасці культу і дзе ксёндз рыхтуецца да службы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПРЫХО́Д,

ніжэйшая царк.-адм. адзінка ў хрысціянстве, якая мае царкву з прытчам і абшчыну веруючых (прыхаджан). У Рус. правасл. царкве П. узначальвае царк. савет, які выбіраецца на агульным сходзе веруючых. Савет выконвае адм.гасп. функцыі: наймае духавенства, клапоціцца пра захоўванне царк. будынка і прадметаў культу, кантралюе выкарыстанне сродкаў і інш.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

культ (род. ку́льту) м., рел., перен. культ;

к. бо́га Со́нца ў язы́чнікаў — культ бо́га Со́лнца у язы́чников;

к. асо́бы — культ ли́чности;

к. про́дкаў — культ пре́дков

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

МЁРТВАЯ МО́ВА,

мова, якая выйшла з ужытку і вядомая толькі па пісьмовых помніках ці запісах, што дайшлі з часу, калі яна была жывой. Часта захоўваецца ў жывым ужыванні ў якасці мовы культу (копцкая мова як мова богаслужэння ў хрысціян-егіпцян, лацінская мова ў каталіцкай царкве, царкоўнаславянская мова ў праваслаўнай царкве, класічная тыбецкая мова ў ламаісцкай царкве ў манг. народнасцей). Больш рэдкім з’яўляецца адначасовае выкарыстанне М.м. ў якасці саслоўнай (каставай жрэцкай, што звязана з яе культавай роляй) і літаратурнай, напр., санскрыт у стараж. і сярэдневяковай Індыі. М.м. можа выкарыстоўвацца ў навуцы (лац. мова). Лексіка М.м. характарызуецца колькаснай абмежаванасцю, лексемамі, значэнне якіх застаецца невядомым, і лексемамі, якія трапляюцца ў тэкстах толькі адзін раз. У выключных сац. умовах магчыма пераўтварэнне М.м. культу ў размоўную (напр., іўрыт). Многія з М.м. сталі набыткам навукі ў выніку дэшыфроўкі іх пісьмовых помнікаў.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕТАТО́Н (егіп. «Гарызонт Атона»),

горад у Стараж. Егіпце, рэзідэнцыя фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона), цэнтр культу бога Атона. Знаходзіўся каля Тэль-эль-Амарны. Пабудаваны ў 1-й пал. 14 ст. да нашай эры на краі пустыні. Пакінуты яго жыхарамі пры фараоне Тутанхамоне. Пры фараоне Харэмхебу, які канчаткова знішчыў культ Атона, горад разбураны.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня свяшчэннага ачага рым. абшчыны, курыі, дома. Уяўлялі Весту з тварам, закрытым пакрывалам, з чашай, факелам, скіпетрам і паладыем. Круглы храм Весты стаяў на Рым. форуме, унутры яго знаходзіўся ачаг Весты, у якім вясталкі падтрымлівалі вечны агонь. Да аднаго культу з Вестай належалі Пенаты. У стараж.-грэч. міфалогіі Весце адпавядае Гестыя.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)