рух (працэс), які мае пэўную ступень паўтаральнасці ў часе. Незалежна ад іх прыроды матэматычна апісваюцца аднолькавымі ўраўненнямі і вызначаюцца аднымі і тымі ж заканамернасцямі. Асн. характарыстыкі: перыяд ваганняў, амплітуда, скорасць нарастання або спадання амплітуды, спектр частот і форма ўласных ваганняў складаных сістэм. Могуць распаўсюджвацца ў асяроддзі, дзе знаходзіцца іх крыніца. Працэс распаўсюджвання ваганняў (а таксама інш. узбурэнняў) наз.хвалямі.
Паводле фіз. прыроды ваганні бываюць механічныя (напр., ваганні маятніка), электрамагнітныя (ваганні току і напружання ў вагальным контуры), электрамеханічныя (ваганні п’езаэл. датчыкаў), тэмпературныя (ваганні т-ры на Зямлі) і інш., паводле спосабу ўзбуджэння — уласныя ваганні, вымушаныя ваганні, параметрычныя ваганні і аўтаваганні. Кінематычна ваганні любой фіз. прыроды падзяляюць на перыядычныя (напр., гарманічныя ваганні, прамавугольныя, пілападобныя), амаль перыядычныя (гл.Затуханне ваганняў) і выпадковыя (белы шум). Кожны складаны вагальны працэс можна выявіць як суму гарманічных ваганняў (гл.Гарманічны аналіз). Спецыфічныя ваганні ўласцівы таксама некаторым біял. працэсам (гл., напр., Біялагічныя рытмы), гэты тэрмін у геаграфіі ўжываецца пры характарыстыцы многіх прыродных з’яў (напр., шматгадовых змяненняў кліматуперыяд. характару).
П.С.Габец.
Віды ваганняў: а — прамавугольныя; б — пілападобныя; в — гарманічныя; г — затухальныя; д — нарастальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНІКА (ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),
кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ АПРАЦО́ЎКА ВІДАРЫ́САЎ,
сукупнасць метадаў і сродкаў (тэхн. і праграмных) уводу і апрацоўкі відарысаў у аўтам. і аўтаматызаваных сістэмах. Выкарыстоўваюць у картаграфіі, метэаралогіі, крыміналістыцы, настольных рэд.-выдавецкіх сістэмах і апрацоўцы дакументаў, сістэмах машыннага зроку, пры апрацоўцы касм. відарысаў і аэрафотаздымкаў, даследаванні фіз.-мед. працэсаў і інш.
Зыходны відарыс дыскрэтызуюць і квантуюць з дапамогай прылад сканіравання (гл.Дыгітайзер, Сканер) і атрымліваюць лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы асобных элементаў (пікселаў). Пры Л.а.в. выконваюць лінейную фільтрацыю відарысаў і іх «згладжванне», выдзяляюць контуры, выдаляюць выпадковыя скажэнні і інш. Больш складаныя метады выкарыстоўваюць для ўзнаўлення 3-мернай структуры аб’екта па яго праекцыях, нярэзкага ці «змазанага» відарыса. Напр., у выліч. тамаграфіі такімі метадамі атрымліваюць відарысы папярочнага сячэння цела чалавека, з вял. дакладнасцю выяўляюць пухліны, анамаліі.
На Беларусі даследаванні па праблемах Л.а.в. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі і Ін-це фізікі, Магілёўскім ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Прэтт У. Цифровая обработка изображений: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1982;
Старовойтов В.В. Локальные геометрические методы цифровой обработки и анализа изображений. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАРу радыётэхніцы,
прылада для атрымання (генерацыі) эл.-магн. ваганняў вызначанага віду (пэўных частаты, амплітуды, фазы, формы імпульсаў і інш.). Адрозніваюць генератар з самаўзбуджэннем (аўтагенератары; гл. ў арт.Аўтаваганні), у якіх характарыстыкі ваганняў вызначаюцца ўласцівасцямі самога генератара, і з незалежным узбуджэннем (узмацняльнікі магутнасці эл.-магн. ваганняў ад асобнага аўтагенератара). Генерацыя ажыццяўляецца пераважна за кошт энергіі крыніц пастаяннага току з дапамогай актыўных элементаў (электронных прылад) або шляхам пераўтварэння першасных эл. ваганняў у ваганні зададзенай частаты і формы (квантавы генератар, параметрычны генератар).
Паводле тыпу актыўнага элемента адрозніваюць лямпавыя генератары (напр., на генератарных лямпах), цвердацельныя (на вырашальных узмацняльніках, Гана дыёдах, транзістарах, тунэльных дыёдах), генератар з газаразраднымі прыладамі (на тыратронах), форме ваганняў, частаце, магутнасці і прызначэнні — генератар гарманічных ваганняў (гл.Гарманічныя ваганні), генератар ваганняў спец. формы, нізка-, высока- і звышвысокачастотныя, імпульсныя генератары і інш. У генератары інфранізкіх частот і ў генератары ваганняў спец. формы ўмовы генерацыі забяспечваюцца адваротнай сувяззю; генератары нізкіх і радыёчастот маюць вагальныя контуры, фільтры і інш. ланцугі з засяроджанымі элементамі, генератар звышвысокіх частот — ланцугі з размеркаванымі параметрамі (аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары, радыёхваляводы, палоскавыя і кааксіяльныя лініі і інш., звычайна спалучаныя з актыўнымі элементамі ў адно цэлае). Гл. таксама Генератар вымяральны, Блокінг-генератар, Мультывібратар, Свіп-генератар, Фантастрон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛЕРАДЗЯЛЕ́ННЕў тэхніцы,
раздзяленне выпрамянення складанага спектральнага складу, вылучанага (ці адбітага) аб’ектам фота- або кіназдымкі, на некалькі (звычайна 3) спектральных дыяпазонаў у адпаведнасці з зонамі адчувальнасці элементарных слаёў колерафатаграфічнага матэрыялу. К. таксама наз. першую стадыю каляровага фатагр. працэсу (гл.Каляровая фатаграфія), якая забяспечвае атрыманне аднаколерных відарысаў на мнагаслойным матэрыяле. У шматкаляровым друку такія відарысы атрымліваюць на асобных святлоадчувальных слаях, якія наз. колерападзеленымі негатывамі. У каляровым тэлебачанні для атрымання сігналаў асн. колераў выкарыстоўваюцца 1-, 2- ці 3-трубачныя перадавальныя камеры (у т. л. на ПЗС-матрыцах), дзе агульны светлавы паток падзяляецца на 3 колерападзеленыя патокі з дапамогай святлопадзяляльнай оптыкі, якая мае набор дыхраічных фільтраў (ці прызмаў), карэкціровачных фільтраў і невыбіральных люстэркаў. Пры ідэальным К. спектральная вобласць выпрамянення падзяляецца на ўчасткі, якія мяжуюць, але не перакрываюцца адзін адным. Рэальнае К. ажыццяўляецца з дапамогай селектыўна паглынальных асяроддзяў (фарбавальнікаў у элементарных слаях фотаматэрыялу, святлафільтраў і інш.) і адрозніваецца ад ідэальнага, напр., з-за перакрывання зон прапускання гэтых асяроддзяў.
Літ.:
Артюшин Л.Ф. Основы воспроизведения цвета в фотографии, кино и полиграфии. М., 1970;
Джадд Д., Вышецки Г. Цвет в науке и технике: Пер. с англ.М., 1978.
А.П.Ткачэнка.
Да арт.Колерадзяленне: 1, 2, 3 — колерныя трохвугольнікі для вымярэння колеру, свячэння люмінафораў кінескопаў у тэлевізарах сістэмы НТСЦ і еўрапейскага стандарту; 4,5 — контуры колернасці ў каляровай фатаграфіі друку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць геал. будову мясцовасці. Складаюцца на тапаграфічнай аснове паводле матэрыялаў геалагічнай здымкі. Служаць падставай для ўсіх відаў геал. даследаванняў рэгіёнаў, прагнозу і пошукаў карысных выкапняў, інж.-геал. і інш. работ.
Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на ўласна геал. (агульнагеал.) карты (дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, крышт. фундамента, глыбіннай геал. будовы, палеагеагр., шэльфавай зоны мораў, акіянскага дна), карты, якія раскрываюць асобныя геал. характарыстыкі тэрыторыі (тэктанічныя, палеатэктанічныя, навейшай тэктонікі, структурныя, літолага-фацыяльныя, геафіз. і геахім. анамалій і інш.), і карты, што адлюстроўваюць звесткі аб карысных выкапнях (карысных выкапняў, металагенічныя, рудных фармацый, рудных палёў, нафтагазаноснасці і інш.). На геалагічных картах пэўнымі колерамі і індэксамі з літар і лічбаў і інш. знакамі, якія складаюць легенду карты, пазначаюцца межы пашырэння (контуры) асадкавых горных парод, якія падзяляюцца паводле ўзросту ў адпаведнасці з агульнай (міжнар.) стратыграфічнай шкалой, вылучаюцца інтрузіўныя, эфузіўныя і метамарфічныя пароды, а таксама петраграфічны састаў горных парод, разрыўныя парушэнні і інш. дэталі. Да геалагічных картаў дадаюцца геалагічныя разрэзы і тлумачальная запіска з апісаннем геал. будовы тэрыторыі і гісторыі яе фарміравання. Паводле маштабу геалагічныя карты падзяляюць на аглядныя (драбней за 1:1 000 000) і рэгіянальныя сярэднемаштабныя (1:500 000, 1:200 000, 1:100 000), буйнамаштабныя (1:50 000, 1:25 000) і дэталёвыя (1:10 000 і буйнейшы).
Для тэр. Беларусі складзены геалагічныя карты маштабаў 1 : 1 000 000, 1 : 500 000, 1 : 200 000 і 1 : 100 000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
накало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.
1.чаго. Раскалоць пэўную колькасць чаго‑н. Накалоць дроў. □ Паколькі дошак не было, накалолі плашак, абчасалі іх.Шашкоў.Дома Шкробат накалоў лучыны, занёс яе ў хату і ўжо да ночы больш нікуды не пайшоў з сваёй хаты.Галавач.
2.каго. Колючы, забіць у нейкай колькасці. Накалоць свіней.
3.што. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары.Караткевіч.
4.што. Пракалоць паверхню чаго‑н. у многіх месцах. Накалоць слівы для варэння.// Наколваючы, зрабіць узор, малюнак. Накалоць контуры карт.
5.каго-штонашто. Насадзіць, нанізаць на што‑н. вострае. Накалоць матыля на шпільку.
6.што. Раскалоць, расшчапіць што‑н. не да канца; надкалоць. Накалоць гарбуз. Накалоць калодку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сілуэ́т, ‑а, М ‑эце, м.
1. Контурнае аднаколернае адлюстраванне каго‑, чаго‑н., выразанае ці намаляванае на аднатонным фоне. [Валодзя] хутка маляваў сілуэты сваіх таварышаў.Федасеенка.Прыкрыты сэрцы нашыя білетам з ленінскім, світальным сілуэтам.Вялюгін.
2. Ценявы адбітак на светлым фоне або наадварот; абрысы чаго‑н., якія віднеюцца ўдалечыні, у тумане, у цемры і пад. Вечарам, калі запальваецца святло, на, фіранках, як на экране, можна бачыць жаночы сілуэт.Б. Стральцоў.У стэрэатрубу добра было відаць, як на самым гарбяку кургана з’явіліся чорныя сілуэты варожых танкаў.Няхай.Недзе ёсць снягі Кіліманджара — Вострай сопкі белы сілуэт...Лойка.
3. У архітэктуры, скульптуры і пад. — характэрныя абрысы, знешнія контуры якога‑н. збудавання, будынка, прадмета. Разумеюць [многія] пад хараством горада толькі прыгажосць яго знешніх форм, яго сілуэт...Карпаў.Пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Гродна сур’ёзную ўвагу неабходна звярнуць на сілуэт горада.«Помнікі».
[Фр. silhouette.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фігу́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. □ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках.Ваданосаў.// Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец.// Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.
2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так.Шамякін.// Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.
3.Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек.Колас.
4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.
5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.
•••
Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.
Фігурныя дужкігл. дужка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,
карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.
Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.
Літ.:
Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;
Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр.М., 1964.
В.В.Валяўка.
Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.