раскруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Развіць (што‑н. звітае, туга скручанае). Тады ..[хлапчукі] узялі палку і з яе дапамогай сяк-так раскруцілі дрот. Ваданосаў.

2. Разгарнуць, разраўняць (што‑н. скручанае). Раскруціць вуду. □ [Віктар] разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак. — Дрэнна скручваецца пергамент. Але як скруціцца, то і не раскруціш. Караткевіч.

3. Разгарнуць, зняць (што‑н. наматанае, накручанае). Міхась і праўда, шукаючы ў кішэнях ключа ад машыны, намацаў невялікі тугі скрутак. Раскруціў паперу — грошы. Б. Стральцоў. Кастусь Серада, зняўшы шапку, сеў на табурэтку, расшпіліў ватоўку, раскруціў з шыі шалік. Шахавец. // Вызваліць ад таго, чым закручаны, укручаны хто‑, што‑н. Вера раскруціла .. [дзіця] і, узяўшы на рукі, пайшла на прыём. Дамашэвіч.

4. Прымусіць круціцца з узрастаючай хуткасцю. Раскруціў паступова ЛАЗ цяжкія калёсы, І паціснуў руку свайму вучню настаўнік. Нядзведскі. Раскруціў пугу-канаплянку і ляснуў ёю на ўсю сілу. Сабаленка.

5. Пашырыць у дыяметры. Раскруціць дзірку.

6. Расшрубаваць, расківаць. [Сяргей:] — Трэба дастаць ключ і на пад’ёме раскруціць рэйкі. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пяро́ ’пяро птушкі; пяро для пісання; зялёны ліст цыбулі ці часнаку; лопасць у інструментах’ (ТСБМ), ’птушынае пяро’ (Шымк. Собр., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’плаўнік’ (свісл., Шатал.), перо́ ’пяро ў птушкі’ (Сержп., Каз.), ’лапатка ў вясле; перыстая трава; плаўнік у рыбы’ (ТС), ’лускавінка ў шышцы; сцябло цыбулі’ (ПСл), пэро́ ’шырокая частка вясла’ (Маслен.), ж. р. пяра́ ’птушынае пяро’ (даўг., Сл. ПЗБ), пяры́на ’адно птушынае пяро’ (ТСБМ), пяры́нка ’пёрка’ (Бяльк.), укр. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік’, піры́на ’адно пяро’, рус. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; шырокая частка вясла’, польск. pióro ’птушынае пяро; крыло; пяро для пісання; лопасць’, чэш. pero, péro ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, славац. pero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, палаб. perü ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, в.-луж. pjero ’пяро; плаўнік’, н.-луж. pjero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, славен. perȏ ’птушынае пяро; пружына гадзінніка; пяро для пісьма; вастрыё пілы; язычок ключа’, серб.-харв. пѐро ’птушынае пяро; плаўнік; ліст’, балг. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; ліст расліны; лопасць; зялёны ліст цыбулі’, макед. перо ’птушынае пяро; восць коласа; ліст кукурузы; пяро для пісання’. Праслав. *pero ’пяро’, роднаснае літ. spar̃nas ’крыло, лопасць’, лат. spàrns ’тс’, ст.-інд. parnám ’крыло, пяро’, авест. parəna‑ ’пяро, крыло’, перс. parr ’тс’, ням. Farn ’папараць’, што ўзыходзяць да і.-е. *per‑/*sper‑ гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання (перадае трымценне), параўн. Фасмер, 3, 243; Шустар-Шэўц, 2, 1081; Глухак, 475. Менш верагодная іншая версія, згодна з якой праславянская форма параўноўваецца з грэч. πτερόν ’пяро, крыло’, πέιομαι ’ляцець’, ст.-інд. pátram ’крыло, пяро’, лац. penna ’тс’, ст.-в.-ням. fedara ’пяро’, ням. Feder ’тс’, што да і.-е. *ptero < *pet‑ ’ляцець’, параўн. Бязлай, 3, 27; Сной₂, 507; БЕР, 5, 179, насуперак ESJSt, 11, 636, дзе па словаўтваральных крытэрыях аддаецца перавага апошняй версіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і кідаць (у 1, 2, 7 і 8 знач.).

кіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Штуршком прымушаць ляцець, падаць тое, што знаходзіцца ў руцэ (у руках). Яўхім абіраў бульбу і кідаў у драўлянае вядзерца з вадою. Пестрак. Бумажкоў ляжаў на мокрай [за]балочанай зямлі і кідаў бутэльку за бутэлькай. Чорны. // Нядбайна класці, шпурляць што‑н. Кідаць рэчы дзе папала. // Моцна хістаць, гайдаць; падкідваць. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі. Маўр. / у безас. ужыв. Карэнні дрэў густа траплялі .. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч. // Разносіць, распаўсюджваць. Вецер кідаў агонь далёка. Чорны.

2. Складаць сена, салому (у стог). Кідаць стог.

3. Хутка перамяшчаць, накіроўваць, пасылаць куды‑н. Кідаць на выкананне задання. □ Гітлераўскае камандаванне кідала ў бой падраздзяленне за падраздзяленнем. Гурскі. // Рассейваць, распаўсюджваць што‑н. на каго‑, што‑н. (пра святло і цень). Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых прамянёў. Колас. Агонь з печы кідаў на яе твар трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. // (у спалучэнні са словамі «погляд», «позірк»). Наглядаць. Люба.. пільна вяла нітку і часамі кідала нясмелыя позіркі ў бок бацькі і Андрэя. Пестрак.

4. Адмаўляцца ад чаго‑н. як непатрэбнага; выкідаць. У жыта кідалі паклажу мы — Усяго з сабою не забраць. Панчанка. // Ісці ад каго‑, чаго‑н.; пакідаць. Не кідай ты, любы мой, Мяне сінявокую. Русак. // Пераставаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. Кідаць работу. Кідаць вучобу. □ Аксана ніколі не кідала справы, не давёўшы яе да канца. Васілевіч.

5. Пакідаць у якім‑н. стане, становішчы. Кідаць фортку адчыненай. □ Андрэй падумаў, што дачка кідае хату адну, незамкнёную: ад гэтага замка ў іх не было ключа. Пташнікаў.

6. перан. Гаварыць, выказваць што‑н. рэзка, нечакана; звяртацца да каго‑н. Нават у самыя цяжкія хвіліны, ведаючы сваю асуджанасць на смерць, Бандароўна кідае ў вочы пану словы праўды. Шкраба.

7. безас. у што. Раптоўна, знянацку ахопліваць. Кідаць у дрыжыкі. Кідаць у гарачку.

8. Працягваць ніткі праз бёрда. Кідаць у бёрда.

•••

Кідаць грошы на вецер — дарэмна траціць, неашчадна расходаваць.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго‑н.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — рабіць намёкі, заўвагі ў чый‑н. адрас, адзываючыся пра яго неадабральна.

Кідаць пальчатку каму — выклікаць на дуэль, уступаць у барацьбу з кім‑н.

Кідаць святло на што — раскрываць што‑н., рабіць зразумелым.

Кідаць (пускаць) словы на вецер — гаварыць упустую, дарэмна.

Кідаць цень на каго-што — выстаўляць каго‑, што‑н. у непрыглядным святле; ачарняць, ганьбіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рца 1, ‑а, н.

1. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці). Міхаленя выстукваў граніцы сэрца, уважліва слухаў яго тоны. Алешка. Навакол было так ціха, што .. [Сцяпан] чуў стук уласнага сэрца. Чарнышэвіч. // Месца ў левым баку, дзе знаходзіцца гэты орган. Чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай. Лынькоў. — Ён! — схапілася сакратарка за сэрца і адразу хуценька паглядзелася ў люстэрка. Вірня.

2. перан. Гэты орган як сімвал перажыванняў, настрояў, пачуццяў. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас. Не, .. [Яніна] нічога благога не лічыць за сабою, яна зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Мурашка. Мы ведалі сэрцам І ўсёй глыбінёй душы Суровы вайны закон І сваю баявую задачу. Хведаровіч. Быццам прадчувала Васева сэрца няшчасце. Пальчэўскі. // Гэты орган як сімвал сардэчнасці, шчырасці, спагадлівасці. Шчыраму сэрцу і чужая волька баліць. Прыказка. // Гэты орган як сімвал любоўнай схільнасці, любоўных пачуццяў. Мне сэрца сваё аддала ты На беразе Чорнага мора. А. Александровіч.

3. перан. Душэўны свет чалавека, яго перажыванні, пачуцці. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў. Ён [лесаруб] слухаў звон і пошум гэты І толькі сэрцам разумеў: Вятры тут гукі ўсяго свету Схавалі ў голлі гонкіх дрэў. Кляўко. // з азначэннем. Душэўныя якасці, характар чалавека. [Пытляваны:] Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. Крапіва. Не ўзнімайце дарэмна шуміхі, Што лісты да дзяўчыны пішу. Паважаю я працу ткачыхі І лагоднае сэрца, душу. Смагаровіч. У .. [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца. Чарнышэвіч. // з азначэннем. Чалавек як носьбіт пэўных душэўных якасцей. Доўга маўчалі абое. [Мікола] глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Няхай яму бог даруе. Брыль.

4. перан. Разм. Гнеў, злосць. — Што ты так непакоішся за .. [Марынку]? — з сэрцам гаварыла маці. Хадкевіч.

5. перан.; чаго. Цэнтр, самая важная частка чаго‑н. Плошча Свабоды? Яе ўжо даўно пачало абмінаць жыццё, хоць яна і з яўлялася сэрцам горада на працягу стагоддзяў. Карпаў. Сэрца кожнай буравой устаноўкі — рухавік. Чаркасаў.

6. Унутраная, цэнтральная частка сцябла (ствала) расліны; асяродак. Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі. Бядуля.

•••

Парок сэрца гл. парок.

Разрыў сэрца гл. разрыў.

Адкрыць (раскрыць) сэрца гл. адкрыць.

Адлегчы ад сэрца гл. адлегчы (у 1 знач.).

Ад (усяго) сэрца — шчыра, адкрыта, чыстасардэчна; непасрэдна. Падсунулася [маці] бліжэй да дзяўчыны, пытаецца, ці не вучылася дзе Валя на спявачку — хораша вельмі, з душы гучыць, ад сэрца... Мыслівец.

Ад шчырага (чыстага) сэрца — а) шчыра, чыстасардэчна. — Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і .. дадаў: — Віншую! Ад шчырага сэрца. Шыцік; б) з найлепшых пабуджэнняў. [Гаспадар крамы:] — Я табе [Булыгу] ад чыстага сэрца раю: сядзі і не рыпайся. Бажко.

Браць (блізка) да сэрца гл. браць.

Браць (узяць) за сэрца гл. браць.

Выкінуць з сэрца гл. выкінуць.

Выкрасліць з сэрца гл. выкрасліць.

Вырваць з сэрца гл. вырваць.

Да глыбіні сэрца гл. глыбіня.

З адкрытым сэрцам — шчыра, даверліва.

З заміраннем сэрца гл. заміранне.

З лёгкім сэрцам (з лёгкай душой) — без роздуму, без трывог.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.

Камень з сэрца спаў (зваліўся) — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Камень на сэрцы гл. камень (у 3 знач.).

Кроўю сэрца гл. кроў.

Мець сэрца гл. мець.

Надарваць сэрца гл. надарваць.

На сэрцы кошкі скрабуць гл. кошка.

Не мець сэрца гл. мець.

Няма сэрца ў каго гл. няма.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Па сэрцу — да густу, падабаецца што‑н.

Прапанаваць руку і сэрца гл. прапанаваць.

Прымаць блізка да сэрца гл. прымаць.

Прыняць да сэрца (сэрцам) гл. прыняць.

Разбіць сэрца каму гл. разбіць.

Сэрца абарвалася (адарвалася, упала) — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца ад’есці гл. ад’есці.

Сэрца ад’ядаць гл. ад’ядаць.

Сэрца (душа) апала — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца баліць (ные) — тое, што і душа баліць (ные) (гл. душа).

Сэрца кроўю абліваецца — каму‑н. невыносна цяжка ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю і пад.

Сэрца ледзянее — тое, што і кроў ледзянее (гл. кроў).

Сэрца не ляжыць да каго-чаго — тое, што і душа не ляжыць да каго-чаго (гл. душа).

Сэрца не на месцы — тое, што і душа не на месцы (гл. душа).

Сэрца разрываецца — пра пачуцці вострай жаласці, шкадавання.

Увайсці ў сэрца гл. увайсці.

У глыбіні сэрца гл. глыбіня.

Усім сэрцам — усёй істотай.

Як маслам па сэрцы гл. масла.

(Як) нож у сэрца гл. нож.

сэ́рца 2, ‑а, н.

Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.

сэ́рца 3, ‑а, н.

У зване — падвешаны ўсярэдзіне для ўдараў металічны стрыжань; біла, язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)