асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-тепіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус.правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).
Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),
адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей ў дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш. Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц.філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш.філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах. абраду) К. уключае і шэраг б.правасл. і стараж.усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл.Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧАТКО́ВАЯ ШКО́ЛА,
агульнаадукацыйная навучальна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якая дае пач. адукацыю. Разлічана пераважна на дзяцей 6—10-гадовага ўзросту. Тэрмін навучання ў розных краінах ад 4 да 8 гадоў. На Беларусі ўзніклі ў 11 ст. як манастырскія школы граматы. Вядома іх дзейнасць пры епіскапскіх кафедрах у Полацку і Тураве. У 12 ст. П.ш. з’явіліся пры некаторых жаночых манастырах, у т. л. пры манастыры Св. Спаса, заснаваным Ефрасінняй Полацкай, дзе існавала школа для навучання грамаце. Рыхтавалі клірыкаў для службы ў цэрквах і манастырах, а таксама давалі элементарную адукацыю дзецям заможных гараджан. У ВКЛ доўгі час развівалася ў выглядзе манаскіх школ. У 1387 вял.кн. Ягайла заснаваў школу пры каталіцкім кляштары ў Вільні. У 1522 у мяст. Гайна Барысаўскага павета і ў 1545 у мяст. Мядзведзічы Слуцкага павета адкрыты П.ш. пры мясц. каталіцкіх кляштарах. Дзейнічалі П.ш. і пры праваслаўным Святадухаўскім манастыры ў Вільні (засн. ў пач. 16 ст.), а таксама пры манастыры ў Брэсце. З 17 ст. пачалі працаваць П.ш. пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мсціславе, Мазалаве. Да П.ш. належала большасць брацкіх школ. Пануючае месца ў асветніцкай справе Рэчы Паспалітай займалі каталіцкія манаскія ордэны езуітаў і піяраў, якія ў 1740 трымалі пры сваіх кляштарах адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Станаўленне свецкай П.ш. адбылося ў 2-й пал. 18 ст., што звязана з забаронай ордэна езуітаў (1773) і стварэннем Адукацыйнай камісіі. Новыя П.ш. дзейнічалі пры свецкіх акруговых і падакруговых вучылішчах (па колькасці яны саступалі манаскім школам, якія былі амаль пры кожным кляштары).
На бел. землях у складзе Рас. імперыі свецкая сістэма адукацыі, створаная Адукацыйнай камісіяй, ліквідавана, а школы зноў перададзены ордэнам. Падобнага падыходу прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі. У 1824 сярод больш як 380 П.ш. свецкіх практычна не было. Паводле школьнага статута 1828 П.ш. падзяляліся на прыходскія вучылішчы і павятовыя вучылішчы, якія маглі існаваць асобна ці пры гімназіях. Акрамя выхаваўчых мэт П.ш. актыўна ўдзельнічалі ў русіфікацыі Беларусі. У 1864 і 1874 зацверджаны статуты пач.нар. вучылішчаў. Паралельна са свецкімі П.ш. існавалі і царкоўнапрыходскія школы, якія падпарадкоўваліся Св. Сіноду. З канца 19 ст. ствараліся і прыватныя П.ш. У пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 17 тыпаў П.ш. (больш за 6 тыс.навуч. устаноў). Асобнае месца сярод іх займалі гарадскія вучылішчы (павышаны тып П.ш.) і прафесійна-тэхн. школы. У 1917 усе школы сталі дзяржаўнымі. У выніку аддзялення царквы ад дзяржавы (з 1918) школы сталі цалкам свецкімі. Тэрмін навучання ў П.ш. з 1918—5 гадоў, з 1923 (у сувязі з увядзеннем у сістэму адукацыі 7-гадовай школы) — 4 гады. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена абавязковая пач. адукацыя (у Зах. Беларусі з 1939).
Пасля ўпарадкавання структуры школьнай адукацыі (1934) П.ш. стала часткай (1-й ступенню) адзінай агульнаадук. школы. Тэрмін навучання з 1970—3, з 1986—4 гады. Навуч. праграмы адзіныя. Прымаюцца дзеці з 6 гадоў (з 1998). Выкладаюцца бел. і рус. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, выяўл. мастацтва, спевы, фіз. культура, прац. навучанне, замежныя мовы і інш. Адраджаецца сістэма прыватных П.ш. У 1999/2000 навуч.г. ў падрыхтоўчых і 1—4-х класах усіх школ Рэспублікі Беларусь займалася 588,9 тыс. вучняў.
Літ.:
Чехов Н.В. Народное образование в России с 60-х гг. XIX в. М., 1912;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТА,
распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.
На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл.Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр.ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл.Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр.ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкіянавуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст.Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс.чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец.пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч.л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).
Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г.БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;
О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЬЯ́НЕ,
каталіцкія манахі ўсх. абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.В.Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у т. л. Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.Лісоўскаму І.Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра I закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая I ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.
Літ.:
Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;
Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА (грэч. bibliothēkē ад biblion кніга + thēkē сховішча),
установа, якая займаецца зборам, спец. апрацоўкай і захаваннем кніг, дакументаў і інш. друкаваных і рукапісных твораў, арганізуе іх грамадскае выкарыстанне і абслугоўванне чытачоў, выконвае інфарм., адукац., н.-д., метадычную і выдавецкую функцыі. Бібліятэкі бываюць масавыя, навук., спец., дзіцячыя. Масавыя бібліятэкі падзяляюць паводле прыналежнасці на дзярж., прафсаюзныя, школьныя і інш., паводле тэр. адзнакі на нац., краявыя, абл., гар., раённыя, сельскія. Да навук. і спец. бібліятэк адносяцца дзярж., акадэмічныя, універсітэцкія, галіновыя, тэхн., бібліятэкі прадпрыемстваў, НДІ, ВНУ, школьныя і г.д. Кожная бібліятэка ў адпаведнасці са сваім тыпам арганізуе і дыферэнцыруе абслугоўванне асобных груп чытачоў на аснове вывучэння іх складу і запатрабаванняў. Усе бібліятэчныя працэсы, віды і формы прапаганды л-ры падпарадкоўваюцца задачам максімальна поўнага і аператыўнага задавальнення попыту карыстальнікаў.
Як сацыяльны ін-т бібліятэкі з’явіліся адначасова з узнікненнем дзяржавы, пісьменства, што абумоўлена неабходнасцю стварэння грамадскага механізму арганізацыі, збору, назапашвання, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі. Бібліятэкі як грамадскае сховішча помнікаў пісьменства вядомы з глыбокай старажытнасці: бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (сярэдзіна 7 ст. да н.э.); у Ст. Егіпце бібліятэкі пры храмах для абслугоўвання жрацоў, першая буйная бібліятэка Стараж. Грэцыі, заснаванне якой прыпісваецца Арыстоцелю (4 ст. да н.э.); Александрыйская бібліятэка і бібліятэка ў Пергаме (3 ст. да н.э.) і інш. Бібліятэкі сучаснага тыпу пачалі фарміравацца з 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Буйнейшыя ў свеце б-кі; Ватыканская Апостальская бібліятэка (засн. ў 1475, больш за 1,3 млн. адз. захавання), Францыі нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1480, больш за 30 млн. адз. захавання), Расійская нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1795, больш за 28 млн. адз. захавання), Бібліятэка кангрэса (засн. ў 1800, больш за 90 млн. адз. захавання), Расійская дзярж. бібліятэка (засн. ў 1862, больш за 37 млн. адз. захавання), Брытанская бібліятэка (засн. ў 1972 на базе шэрагу буйных бібліятэк, у т. л. бібліятэка Брытанскага музея, больш за 21 млн. адз. захавання).
На Беларусі бібліятэкі вядомы з 11 ст., пераважна пры цэрквах і манастырах. Сярод найб. старажытных Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У 2-й пал. 16 ст. бібліятэкі засн. ў Полацку, Слуцку, Мінску, Магілёве. Некаторыя знішчаны ў час пажараў, войнаў. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі бібліятэкі правасл. манастыроў. Цэнтральныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найб. з іх бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер Вільнюскага універсітэта бібліятэка). Самыя вял. прыватныя бібліятэкі 16—18 ст. на Беларусі: Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэка ў Шчорсах, бібліятэка Хадкевічаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г.ін-т, Слуцкая вышэйшая пратэстанцкая школа, Нясвіжскі ліцэй, бібліятэка пры Полацкай езуіцкай акадэміі (у 1813 каля 40 тыс. тамоў). У 19—20 ст. вядомы бібліятэкі: прыватныя Т.Нарбута, І.М.Даніловіча, А.К.Кіркора, Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Масальскіх у Белічанах, Г.Х.Татура ў Мінску, Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні і інш. У Слуцку Ю.Бергель сабраў больш за 3 тыс. рэдкіх кніг, рукапісаў і дакументаў. Створаны публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. У пач. 1890-х г.Віленская навучальная акруга арганізавала бібліятэкі пры нар. вучылішчах (у 1894 былі 733 такія бібліятэкі). Яны мелі невял. кніжны фонд і камплектаваліся пераважна кнігамі рэліг. павучальнага зместу. У пач. 20 ст. на сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л.Астрамечаўская бібліятэка. У 1913 на Беларусі была 851 бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая навуковая бібліятэка на Беларусі. У 1922 створана аб’яднаная Бел.дзярж. і універсітэцкая бібліятэка, з 1926 Бел. дзяржаўная (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы (да 1938) у Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928), пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1925 засн.Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа. З 1934 пачала стварацца сетка самаст.бібліятэк дзіцячых, з 1938 — бібліятэк абласных Беларусі. На пач. 1941 на Беларусі працавалі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам больш за 5 млн. тамоў і больш за 500 навук. бібліятэк з кніжным фондам каля 5 млн. тамоў. У Вял.Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перасягнуў даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэспубліканскія бібліятэкі: Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская і інш.Асн. прынцыпамі бібліятэк Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца садзейнічанне адраджэнню і развіццю нац. культуры, зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманіст. ідэй і навук. ведаў. На 1.1.1996 на Беларусі каля 14 тыс. масавых і спец. бібліятэк, у т. л. 300 тэхнічных, 200 мед., 279 дзіцячых, агульны фонд якіх складае больш за 240 млн.экз.
Бібліятэчныя будынкі ў Еўропе напачатку ствараліся пры манастырах (асобныя памяшканні), потым пры палацах (б-каг. Эскарыял каля Мадрыда, 2-я пал. 16 ст.). Як самастойныя будынкі бібліятэкі ўзніклі ў 14—15 ст., мелі суровы манастырскі або парадны палацавы выгляд. З ростам грамадскага значэння бібліятэкі з’яўляліся вял. чытальныя залы (часцей круглыя) са шмат’яруснымі кніжнымі шафамі і балконамі ўздоўж сцен (б-ка Брытанскага музея ў Лондане, 1854—57). У Расіі першыя будынкі бібліятэк вядомы з канца 18 — пач. 19 ст. У 1828—32 у стылі ампір пабудавана Публічная б-ка ў Пецярбургу (арх. К.Росі; цяпер гал. корпус Рас.нац. б-кі). У Маскве пабудавана адна з буйных бібліятэк свету — Рас.дзярж.б-ка (1828—58, арх. У.Гельфрэйх, У.Шчуко і інш.). Сучасныя будынкі бібліятэк маюць 2 асн. зоны: абслугоўвання чытачоў (чытальныя і лекцыйныя залы, памяшканні каталогаў, даведачна-бібліягр. і навук.-метадычных аддзелаў, абанемента) і службова-вытв. (памяшканні аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў, службовых каталогаў, кнігасховішчаў, вытв. майстэрняў і інш.). Вял. чытальныя залы часцей размяшчаюць у цэнтры будынкаў, яны выяўляюцца ў кампазіцыі фасадаў; кніжныя сховішчы — у ніжніх паверхах або ў спец. памяшканнях на ўсю вышыню будынка. Часам пры ун-тах і інш.навуч. установах узводзяць спец. будынкі бібліятэк па індывід. праектах (Б-ка рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага ун-та, 1963, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс і Дж.О.Мерыл).
На Беларусі найб. значныя па памерах і цікавыя арх. вырашэннем будынкі Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Г.Лаўроў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа АН Беларусі (1967), абласной б-кі імя Пушкіна (1971), Рэсп. навукова-мед., б-кі № 11 у Мінску, Гомельскай (1958) і Віцебскай (1969) абл. бібліятэк і інш. Гарадскія і раённыя бібліятэкі звычайна будуюць па тыпавых праектах. Сельскія бібліятэкі найчасцей размяшчаюцца ў будынках клубаў, дамах і палацах культуры.
У.А.Акуліч, В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Бібліятэка. Агульны выгляд і інтэр’ер бібліятэкі рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага універсітэта. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́СПАРА БЕЛАРУ́СКАЯ,
частка бел. народа, якая жыве па-за межамі Беларусі. У канцы 19 ст. — 1980-я г. ахоплівала ад 1/6 да амаль 1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990-х г. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.
У розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. зямель у інш. рэгіёны было выклікана эканам., паліт., ваен., рэліг. і інш. прычынамі. Ранняя эміграцыя найчасцей праяўлялася ў форме ўцёкаў з ВКЛ пакрыўджаных ці незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. Для натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі і прававыя падставы. Так, паводле прывілея 1447 Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529) князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваен. майстэрству. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 пацвердзілі права вольных людзей розных саслоўяў на лячэнне, набыццё адукацыі, навучанне рамяству за мяжой. Многія з вольных людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Ф.Скарына, П.Мсціславец, Сімяон Полацкі, І.Капіевіч і інш.). У 15—16 ст. дзесяткі маладых людзей з бел. зямель ВКЛ вучыліся ў еўрап. ун-тах. Значны рост перасяленняў на У у канцы 16—17 ст. быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі ў глыб імперыі перасяляліся ваеннапалонныя і нямала цывільных жыхароў з бел. зямель. Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія дзярж. і ваен. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі пачынальнікамі геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Каменскі, Л.Сеніцкі і інш.). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Яны прынеслі ў Рус. дзяржаву новыя рамёствы, свой адметны стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), вырабу шматколернай кафлі. Падзелы Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 і развіццё ў канцы 18—19 ст.нац.-вызв. руху на Беларусі вызначылі паліт. прычыны эміграцыі, асабліва пасля паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. Некаторыя з іх уключыліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.Касцюшка, В.Урублеўскі, М.Судзілоўскі, З.Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.Дамейка, Г.Дмахоўскі, Н.Орда, А.Рыпінскі, К.Ельскі і інш.). Паводле перапісу 1897, у Рас. імперыі за межамі губерняў пераважна з бел. насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый народаў Сібіры, Д. Усходу, Казахстана сталі сасланыя І.Чэрскі, Э.Пякарскі, А.Янушкевіч, Б.Дыбоўскі, В.Кавалеўскі. Узбагачэнню рус. прыродазнаўчай навукі спрыяла творчая спадчына вучоных — выхадцаў з Беларусі В.Ермакова, У.Брайцава, А.Садоўскага, Ж.Урублеўскага, У.Урублеўскага, У.Кавалеўскага, А.Кавалеўскага.
Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы 19—20 ст. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс.чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Па-за этн. межамі ўзніклі першая асв.арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт.арг-цыябел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), «Беларускае студэнцкае зямляцтва» ў Варшаве (1908—1914), Беларускі навук.-літ. гурток у Санкт-Пецярбургу (1912—14). У 1914 зарэгістравана першае супольнае Т-ва беларусаў і маларосаў (ЗША, штат Мічыган). У многіх рус. асяродках ЗША і Канады беларусы складалі значную ці нават большую частку, былі заснавальнікамі многіх правасл. цэркваў, прыходаў, удзельнікамі грамадска-культ. жыцця.
1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва на У Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных пасля не вярнуліся на радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш за 120 тыс.чал. у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. За мяжой з’явілася першая арганізаваная паліт. эміграцыя (урад і вайск. фарміраванні БНР, кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш.). Працоўная (сялянская) эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180—250 тыс. жыхароў Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы). Найбольшай актыўнасцю і нац.-культ. дзейнасцю ў міжваенны перыяд. вызначалася Д.б. ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне (існавалі т-вы, нац. друк, асвета). З БССР у 1926—38 у інш. рэгіёны СССР перасялілася больш за 600 тыс.чал. (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, паліт. рэпрэсіі і інш.). Рассеяныя па абшарах дзяржавы беларусы стварылі дзесяткі грамадскіх, культурна-асветных арг-цый, якія ў 1930-я г. спынілі сваю дзейнасць. У выніку 2-й сусв. вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на У і толькі трэцяя частка з іх вярнулася ў БССР; у ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынулася шмат беларусаў, каля 400 тыс. вывезена ў Германію (240 тыс. з іх не вярнуліся). Да сак. 1946 у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў. Аснову Д.б. склалі таксама члены бел. арг-цый, устаноў, вайск. фарміраванняў на акупіраванай тэр., якія выехалі на Захад. Пасля вайны Д.б. за межамі СССР папаўнялася нязначна. Рэгулярны прыток беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў зах. краіны пачаўся ў 1980-х г. У 1988—90 з БССР эмігрыравала больш за 52 тыс.чал. У 1991—95 за межы Рэспублікі Беларусь выехала каля 55 тыс.чал.: у Ізраіль (50%), ЗША (32%), Германію, Аўстралію, Польшчу, Канаду. Па неафіц. звестках у 1995 каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Аўстраліі Прыкладна 250—400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў Польшчы пасля вызначэння пасляваен. дзярж. граніц. Пасля распаду СССР на абшарах новых незалежных дзяржаў апынулася больш за 2 млн. беларусаў. У 1992—95 Беларусь прыняла з новых незалежных дзяржаў 287 тыс. асоб, з якіх амаль 150 тыс. беларусаў. На постсавецкай прасторы цяпер сканцэнтравана пераважная большасць усіх замежных беларусаў. На 1996 у Расіі іх больш за 1 млн. 100 тыс.чал., на Украіне больш за 400 тыс., у Казахстане — 170 тыс., Латвіі — амаль 100 тыс., Літве — 50 тыс., Эстоніі — 25 тыс. За межамі Рэспублікі Беларусь частка беларусаў пражывае на этнічных землях, якія ў 1920—40 адышлі да інш. дзяржаў. Духоўнай асновай нац. самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя беларусамі ў замежжы грамадскія, паліт., асв.-культ., навук., рэліг. арг-цыі, суполкі мастакоў, нац. друк і асвета, культ. цэнтры, музеі і архівы, маст. калектывы, пабудаваныя храмы. За мяжой дзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел.правасл. царква ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха, Бел.каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Чыкага, Лондане, Парыжы. Царк.-рэліг. жыццё на нац. аснове складваецца і на постсавецкім абшары (Масква, Санкт-Пецярбург, Рыга). Захаванню нац. свядомасці, пашырэнню звестак пра беларусаў спрыяюць Бел.-амер. задзіночанне, Бел.нац. аб’яднанне, Бел. кангрэсовы камітэт, Бел.-амер. рада ў Чыкага (усе ў ЗША), Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Згуртаванне беларусаў Канады, Федэрацыя бел. арг-цый у Аўстраліі, Бел. хаўрус у Францыі, жаночыя, маладзёжныя і інш. арг-цыі; правядзенне традыц. сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952 адбыліся 22 сустрэчы), Аўстраліі (з 1976—12 сустрэч); перыяд. друк, у т. л. штомесячная газета «Беларус» (у ЗША ў 1980-я г. выходзіла 15 выданняў на бел. мове). Нац.-культ., сац.-паліт. інтарэсы беларусаў Польшчы выражаюць паліт. партыя Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, Бел. аб’яднанне студэнтаў і інш. т-вы, згуртаваныя ў Раду бел. арг-цый і Бел. Саюз, Бел. грамадска-культ.т-ва, газета «Ніва» і інш. З канца 1980-х г. пачаўся працэс нац.-культ. гуртавання беларусаў СССР. Пра дынаміку іх арганізац. аб’яднання на постсавецкай прасторы сведчыць грамадская культ.-асв. дзейнасць у 1997 больш за 80 бел. суполак, т-ваў, згуртаванняў, цэнтраў у Расіі, на Украіне, у Малдове, Латвіі, Літве, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане. Цэнтры навук.-культ. жыцця Д.б.: Беларускі ін-т навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Англа-бел. т-ва, Б-ка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане, філіял Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Бел.гіст.т-ва ў Беластоку (Польшча), Вялікалітоўскі фонд імя Л.Сапегі, фундацыя імя П.Крачэўскага (ЗША) і інш. Асяроддзе замежных беларусаў вылучыла вядомых людзей у розных галінах навукі, літаратуры і мастацтва. Парт.-дзярж. колы БССР і СССР у адносінах да Д.б. вялі палітыку яе непрызнання, ізаляцыі паліт. эміграцыі ад Бацькаўшчыны, расколу яе па ідэалаг. адзнаках. Створанае Бел.т-ва па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964, з 1976 — Бел.т-ва «Радзіма») трымала сувязь толькі з арг-цыямі, якія лаяльна ставіліся да сацыяліст. ладу. Недаацэньваліся нац.-культ. патрэбы суродзічаў у іншаэтнічных раёнах СССР. З пачаткам працэсаў дэмакратызацыі, нац. адраджэння, паліт. і эканам. рэформ узніклі ўмовы для пераасэнсавання ролі Д.б. З канца 1980-х г. новыя грамадскія рухі на Беларусі сталі ініцыятарамі ўсталявання з ёй сталых зносін. Істотныя змены ў адносінах Д.б., у т. л. і на дзярж. узроўні, пачаліся, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Дзейнічае згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), падтрымку ўрада атрымалі яго ініцыятывы агульнанац. маштабу — Першы сход беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першы з’езд беларусаў свету (ліп. 1993). У ліп. 1997 адбыўся Другі з’езд беларусаў свету. Вырашэнню праблем Д.б. спрыялі прыняцце Закона аб грамадзянстве (1991), Закона аб парадку выезду і ўезду (1993), уключэнне ў шэраг падпісаных Рэспублікай Беларусь міжнар. дагавораў (з Расіяй, Польшчай, Украінай, Кыргызстанам, Казахстанам і інш.) артыкулаў аб магчымасці свабоднага выяўлення, захавання і развіцця суайчыннікамі этнічнай, культ., моўнай, рэліг. самабытнасці, прыняцце дзярж. праграмы «Беларусы ў свеце». Гл. таксама Эміграцыя.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (Вторая половина XIX в.). Мн., 1978;
Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;
Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Скарыніч. Вып. 1—3. Мн., 1991—97;
Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993;
Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Культура беларускага замежжа Кн. 1—3. Мн., 1993—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́Н, Ліванская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя аль-Лубнанія),
дзяржава ў Зах. Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. На Пн і У мяжуе з Сірыяй, на Пд — з Ізраілем. Пл. 10,4 тыс.км². Нас. 3,2 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Берут. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 ліст.).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. сходу, 128 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра, якога назначае прэзідэнт. Паводле традыцыі, што ўсталявалася з 1943, прэзідэнта выбіраюць ад хрысціянскай часткі насельніцтва, прэм’ер-міністра прызначаюць ад мусульман-сунітаў, кіраўніка парламента — ад мусульман-шыітаў. Для згоды паміж рэліг. абшчынамі краіны з 1992 усталяваўся прынцып роўнага падзелу паміж хрысціянамі і мусульманамі міністэрскіх і інш. вышэйшых пасад у дзярж. адміністрацыі.
Прырода. Л. — пераважна горная краіна. 2 паралельныя горныя хрыбты перасякаюць Л. з Пн на Пд. На З — хр.Ліван (г. Курнет-эс-Саўда, 3082 м), на У — Антыліван (г. Эш-Шэйх, 2814 м); паміж імі — даліна Бекаа (шыр. 8—14 км). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы. Карысныя выкапні: бурыя вуглі, жал., марганцавыя, уранавыя руды. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 13 °C, ліп. 28 °C. У гарах бываюць маразы, снег трымаецца да 6—7 месяцаў. Ападкаў за год 1000 мм на ўзбярэжжы, 3000 мм на зах. схілах Лівана, 700 мм у Антыліване, 400 мм у даліне Бекаа. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Найб.р. Эль-Літані. Расліннасць пераважна хмызняковая. Невял. лясы з ліванскага кедру, алепскай хвоі, дубу, клёну, піхты, ядлоўцу разам з хмызнякамі займаюць 8% тэр. краіны. Ёсць некалькі невял. рэзерватаў.
Насельніцтва. Ліванскія арабы складаюць 95%, армяне — 4%. Жывуць таксама туркі, грэкі, курды і інш. Вернікі — мусульмане (70%, асн. абшчыны: суніты, шыіты, алавіты, друзы, ісмаіліты) і хрысціяне (30%, праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія абшчыны). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,6 %. Сярэдняя шчыльн. 308 чал. на 1 км² 80% насельніцтва жыве ў прыморскіх раёнах, дзе шчыльн. дасягае 500—1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 87% насельніцтва (1998). У г. Бейрут пражывае 1826 тыс.чал. (1997), у г. Трыпалі больш за 200 тыс.чал. У прам-сці занята 28% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 12%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена з часоў верхняга палеаліту. У старажытнасці прыбярэжныя раёны Л. былі часткай Фінікіі, дзе існавалі такія важныя фінікійскія гарады, як Тыр, Берыт, Сідон (адпаведна сучасныя Бейрут і Сайда) і інш.Тэр. Л. ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), Асірыі (8—7 ст. да н.э.), дзяржаў Ахеменідаў (6—4 ст.н.э.), Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), Пталамеяў (4—3 ст. да н.э.), Селеўкідаў (3—1 ст. да н.э). У 64 да н.э. заваяваны Рымам. У 4—7 ст.н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 7 ст. заваяваны арабамі, уваходзіў у склад Амеядаў халіфата, Абасідаў халіфата, Фатымідаў халіфата. З 8—9 ст. у Горным Л. пасяліліся прадстаўнікі хрысц. секты маранітаў, з 11 ст. пашыралася вучэнне шыіцкай секты друзаў.
У канцы 11 ст. прыбярэжныя раёны Л. заваяваны крыжакамі, якія ўступілі ў саюз з маранітамі. З канца 13 ст. пад уладай егіп.мамлюкаў, з 1516 — Асманскай імперыі (да 1842 уваходзіў у яе як Ліванскі эмірат). Друзска-мараніцкія сутыкненні 1840—60-х г. прывялі да ўмяшання еўрап. дзяржаў, пад націскам якіх у 1861 створана аўт. правінцыя Горны Л. (да 1915). У выніку 1-й сусв. вайны ў кастр. 1918 Л. акупіраваны англа-франц войскамі. 1.9.1920 пад франц. пратэктаратам створана дзяржава «Вялікі Л.». У 1922 Ліга Нацый прызнала мандат Францыі на кіраванне Л. У 1926 прынята канстытуцыя, якая абвяшчала Л. рэспублікай. Восенню 1943 лідэры хрысціян і мусульман заключылі неафіц. пагадненне, паводле якога мусульмане прызналі Л. асобнай дзяржавай, а хрысціяне — араб. характар краіны. Замацоўваўся прынцып размеркавання дзярж. пасад паводле рэліг. прынцыпу: прэзідэнт — хрысціянін-мараніт, прэм’ер-міністр — мусульманін-суніт, у парламенце на кожных 6 хрысціян прыпадала 5 мусульман.
22.11.1943 Францыя прызнала незалежнасць Л., 31.12.1946 апошнія франц. войскі пакінулі краіну. У 1940—50-я г. ў ліванскай палітыцы панавала невял. група прадстаўнікоў буйных землеўладальнікаў і фін. буржуазіі. Празаходняя палітыка ўрада прывяла ў маі 1958 да паўстання супраць прэзідэнта К.Шамуна, на дапамогу якому ў ліп. 1958 прыйшлі войскі ЗША. Пры прэзідэнтах Ф.Шыхабе (1958—64) і Ш.Хелу (1964—70) праведзены шэраг рэформаў, якія спрыялі эканам. росту Л. і павышэнню ўзроўню жыцця яго насельніцтва. Нягледзячы на поспехі ў эканоміцы, паглыбіліся супярэчнасці паміж хрысціянамі і мусульманамі, якія патрабавалі больш справядлівага падзелу ўлады. З канца 1960-х г. Л. уцягнуты ў блізкаўсходні канфлікт (на тэр. Л. знаходзілася больш за 300 тыс. палесцінскіх бежанцаў, кіраўніцтва Арганізацыі вызвалення Палесціны; АВП). У адказ на дзеянні палесцінскіх партызан Ізраіль абстрэльваў і бамбіў тэр.Л., што вяло да вял. ахвяр сярод мірных жыхароў. Сутыкненні ў крас. 1975 паміж хрысц. баевікамі і байцамі АВП, на бок якіх сталі мусульмане, перараслі ў грамадз. вайну 1975—90. Загінула больш за 150 тыс. ліванцаў, краіна распалася на шэраг раёнаў пад кантролем розных узбр. груповак і сірыйскіх войск, якія былі ўведзены ў Л. у складзе Міжараб. сіл па падтрымцы міру. У чэрв. 1982 пад выглядам барацьбы з АВП ізраільскія войскі акупіравалі значную частку тэрыторыі Л., дамагаючыся вываду атрадаў АВП. У 1985 Ізраіль вывеў свае войскі (пад ізраільскай акупацыяй засталася т.зв. зона бяспекі на лівана-ізраільскай мяжы). 22.10.1989 у г. Эт-Таіф (Саудаўская Аравія) паміж асн.паліт. сіламі Л. падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту, раўнапраўным прадстаўніцтве хрысціян і мусульман у парламенце і перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта прэм’ер-міністру. У жн. 1990 адпаведныя папраўкі ўнесены ў канстытуцыю Л. 21.9.1990 у Л. абвешчана 2-я рэспубліка. Пры прэзідэнце І.Храўі (1989—98) пачаўся пераход да мірнага жыцця. Значная частка хрысціян байкатавала выбары 1992. У кастр. 1998 прэзідэнтам Л. выбраны Э.Лахуд. Л. — чл.ААН (1945), Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1994.
У краіне дзейнічаюць: Фалангісцкая партыя (Катаіб), рух абяздоленых (Амаль), Сірыйская сацыяліст.нац. партыя, Ліванскі фронт, партыя свабодных патрыётаў (Нац. ліберальная).
Гаспадарка. Л. — краіна з развітой банкаўска-фін. сістэмай, транзітна-трансп. гандлем і сферай абслугоўвання, якім вял. страты нанесла грамадз. вайна. У 1990-я г. становішча палепшылася. Валавы нац. прадукт у 1996 склаў 13 млрд.дол., па 3400 дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца каля 28% нац. даходу, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 59%. Асн. галіны прам-сці: нафтаперапр., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Вытворчасць электраэнергіі 7,1 млрд.кВт ∙ гадз (1997), 98,5% атрымліваюць на цеплавых электрастанцыях, якія працуюць на імпартным мазуце. Частка электраэнергіі (у 1997—1,2 млрд.кВт ∙ гадз) экспартуецца ў Сірыю. Прам-сць арыентавана ў асноўным на задавальненне ўнутр. патрэб. Больш за палавіну прадпрыемстваў у Бейруце і яго наваколлі. Вылучаюцца тэкст. камбінат, алюмініевы з-д, кандытарская ф-ка. Працуюць цукр. і тытунёвыя прадпрыемствы, папяровыя ф-кі, сталеплавільны з-д, машыназборачныя з-ды, дзе з імпартных дэталяў збіраюць легкавыя аўтамабілі, тэлевізары, халадзільнікі, электраматоры і інш. Суднаверфі. 2 нафтаперапр. з-ды (Трыпалі і Сайда). У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сць мыйных сродкаў і фарбаў. Фармацэўтычныя прадпрыемствы. Вядомы ліванскія ювелірныя вырабы і біжутэрыя. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. 75% сялян не мае сваёй зямлі і арандуе яе ў буйных землеўласнікаў, якія валодаюць больш як 50% апрацаваных зямель. Плошча апрацаваных зямель складае каля 400 тыс.га, арашаецца 86 тыс.га. (1993). Гал. роля належыць садоўніцтву і земляробству. Пад шматгадовымі насаджэннямі каля 40% с.-г. зямель. Развіта пладаводства (вінаград, яблыкі, цытрусавыя, бананы, аліўкі). На экспарт вырошчваюць агародніну і тытунь, на ўнутр. патрэбы — пшаніцу і ячмень (займаюць 65 тыс.га, задавальняюць патрэбы на 20%), цукр. буракі і інш.Асн. раёны садоўніцтва і земляробства — узбярэжжа і паўд.ч. даліны Бекаа. Жывёлагадоўля слаба развіта. Пад пашай і лугамі каля 10,4 тыс.га. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 500. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (2—5 тыс.т рыбы штогод). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 6,4 тыс.км, у т. л. 6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 222 км. Нафтаправодаў 72 км (не працуюць). Гал. парты Бейрут і Трыпалі. Л. мае гандл. флот — 241,6 тыс. брута-рэг. т. У краіне 7 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. (каля Бейрута і Трыпалі). Знешнегандл. баланс адмоўны. У 1996 экспарт склаў 1 млрд. дол, імпарт — 7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць свежыя фрукты і агародніна, тэкстыль, прамысл. вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тавары шырокага ўжытку, хімікаты і інш. Значная частка імпарту рээкспартуецца ў араб. краіны Аравійскага п-ва. Гал.гандл. партнёры: Італія (19% імпарту), Францыя (13% імпарту), Саудаўская Аравія (13% экспарту), Швейцарыя (16% экспарту), ЗША (12% імпарту). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца пераважна за кошт даходу ад трансп. і банкаўскіх аперацый, пераводаў замежнай валюты ліванцамі, якія жывуць у інш. краінах. Л. атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. устаноў і асобных араб. краін. Замежныя авуары ліванцаў складаюць 30 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліванскі фунт.
Літаратура развіваецца на араб., часткова франц. мовах. З 7 ст. цесна звязана з л-рамі Егіпта, Сірыі і інш.араб. краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Працэс адраджэння ў сярэдзіне 19 ст. звязаны з дзейнасцю асветнікаў — паэта Н. аль-Языджы, педагога і энцыклапедыста Б. аль-Бустані, пісьменніка А.Ф. аш-Шыдзіяка, драматурга М.Накаша і інш. Развіваліся публіцыстыка і звязаныя з ёй ідэйна і традыц. па форме паэзія, проза: публіцыстычны раман «Кніга пра жыццё і прыгоды Фарыяка» аш-Шыдзіяка, зб. макам «Збор двух мораў» і дываны вершаў аль-Языджы. Ліванскія эмігранты Дж.Зейдан, Антун Фарах, Я.Саруф — пачынальнікі гіст. рамана. Новы этап у развіцці л-ры Л. (пач. 20 ст.) звязаны з творчасцю пісьменнікаў-эмігрантаў у Паўн. і Паўд. Амерыцы (Х.Дж.Джубран, А. ар-Рэйхані, М.Нуайме) і адзначаны ўсталяваннем рамантызму ў паэзіі і рэалізму ў прозе. У паэзіі 1920—30-х г. узмацніўся ўплыў франц. сімвалізму (Б. аль-Хуры, С.Акль). З канца 1930 — пач. 1940-х г. бярэ пачатак рэаліст. і рэв.-дэмакр. кірункі: творчасць А.Фахуры, Т.Ю.Авада (зб.апавяд. «Кульгавы хлопчык», патрыят. раман «Аладка»), М.К.Карама (раманы «Хворы на сухоты», «Крык пакут»). У 1940—50-я г. ўзніклі абноўленыя паэт. формы, жанры навелы і вершы ў прозе, значнае месца занялі пераклады. Асн. тэмы — барацьба супраць фашызму, каланіялізму, крытыка сац. несправядлівасці (апавяданні М.Абуда, М.І.Дакруба, аповесці Ж.Ханы, паэзія Р. аш-Шахаля). Барацьба супраць імперыялізму і ізраільскай агрэсіі — гал. тэма прозы 1960—70-х г. (М.Айтані, Э.Бустані). У творчасці Э.Насар Алах (раман «Алеандр»), Л.Баальбекі (раман «Я жыву»), Л.Асаран выявіўся ўплыў зах.-еўрап. мадэрнісцкай л-ры і філасофіі экзістэнцыялізму. Набылі вядомасць творы франкамоўных паэтаў (Ф.Г.Нафах, Ш.Горм) і празаікаў (Ф.Хаік, Ж.Шэхадэ). У пач. 1980-х г. з абвастрэннем блізкаўсх. канфлікту ў л-ры распрацоўвалася тэма палесцінскага і араб. супраціўлення (Дакруб, Х.Муруве, Х.Садэк, А.Сувейд). У 1955 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі адносяцца да 5—3-га тыс. да н.э.: рэшткі каменных умацаванняў і жылых дамоў Бібла, керамічныя вырабы з грабеньчатым арнаментам і схематычнымі выявамі звяроў. 3—2-м тыс. да н.э. датуюць помнікі фінікійскага мастацтва: храм Рэшэфа, саркафаг цара Ахірама, дробная пластыка (ідалы Баала і Іштар), ювелірныя вырабы, зброя. На мастацтва 2—1-га тыс. да н.э. паўплывалі культура Стараж. Егіпта, Асірыі, Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў. У рым. перыяд спалучаліся ант. і ўсх. традыцыі (храмавы комплекс у Баальбеку, трыумфальная арка і каланады ў Тыры, мазаікі т-ра ў г. Бібл). У візант. перыяд (4 — пач. 7 ст.) будавалі манастыры, цэрквы, катакомбы (многія з мазаікамі). З пачаткам ісламізацыі Л. (7 ст.) з’явіліся мячэці (Вялікая мячэць у Баальбеку), медрэсэ, рынкі, караван-сараі, замкі (каля Анджара, 7—8 ст.). Будавалі абарончыя збудаванні (крэпасці ў Джубейлі, Трыпалі, Сайдзе; замак Бафор, 1139), манастыры (Бельмонт), цэрквы (св. Фокі ў Аміуне, захаваліся рэшткі размалёвак). У мамлюкскі перыяд (13 — пач. 16 ст.) будавалі невял. купальныя мячэці, інтэр’еры якіх аздабляліся сталактытамі, разьбой па дрэве, інкрустацыяй з мармуру, арнаментальнымі мазаічнымі пано і надпісамі, а таксама крэпасці: замак у Рашаі (13 ст.), ільвіная вежа ў Трыпалі (15 ст) і інш. Архітэктура і мастацтва часоў Асманскай імперыі (1516—1918) развіваліся пад уплывам тур. культуры. Былі пашыраны вітражы, арнаментальная разьба. У 17—18 ст. працавалі жывапісцы Абдала Захір, Несцер Тарабулсі, Стэфан Дэйрані. Хрысціянскія храмы ўпрыгожвалі мазаікай, размалёўкай і абразамі візант. ўзору. У 19 — пач. 20 ст. будаваліся палацы з развітым дэкорам (Бейт-эд-Дзін), пашырыўся манум. і станковы жывапіс на рэліг. і быт. тэмы (размалёўкі Н. аль-Маадзі, партрэты і жанравыя кампазіцыі Х.Срур і Х.Салібі). Пасля 1-й сусв. вайны мастацтва Л. зазнала моцны франц. ўплыў. У 1930 пачалі працаваць ліванскія архітэктары А.Табет, Ж.Абушар, Ф.Трад і інш. У выяўл. мастацтва 1930—40-х г. пераважаў рэаліст. кірунак (М.Фарух, А.Онсі і інш.). Пасля 1943 праводзіліся рэканструкцыі гарадоў, буд-ва жылых кварталаў і грамадскіх пабудоў з выкарыстаннем мясц. традыцый (пансіянат у Сайдзе, 1946—48) і дасягненняў сусв. архітэктуры. У мастацтве 1950—60-х г. праявіліся ўплывы сюррэалізму, кубізму, абстракцыянізму. З 1980-х г. на яго развіццё ўздзейнічае рост нац. самасвядомасці, пачалі развівацца паліт. плакат і карыкатура. Уклад у развіццё мастацтва зрабілі жывапісцы С.Бальтаксе, П.Кіракасян, І.Шамут, А.Раес, Ж.Халіфе, Р.Шараф, скульптар Ю.Хааек, графікі Р.Шахаль, А.Марыні і інш.Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва прадстаўлена ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, пляценнем з афарбаванай саломкі, дыванаткацтвам, інкрустацыяй косцю і перламутрам па метале і дрэве.
Літ.:
Салиби К.-С. Очерки по истории Ливана: Пер. с англ.М., 1969;
Адзярыха В.У. Ліванскае грамадства ў 1943—1975 гг.: Прабл. развіцця // Бел.гіст.часоп. 1997. № 2;
Крымский А.Е. История новой арабской литературы, XIX — нач. XX в. М., 1971.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Лівана.Да арт.Ліван. Узбярэжжа Міжземнага мора.Да арт.Ліван. Бібл. Унутраны двор «Храма Абеліскаў».Да арт.Ліван. Малы храм з комплексу Баальбек. 1—3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСК,
горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс.ж. (1996).
Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл.Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл.Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча (гл.Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс.ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ.«Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар.тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр.к-т Бунда, з 1903 — арг-цыяРСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс.ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.
У 1940 — 180 тыс.ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.
Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст.сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц.т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл.Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны заводакц.т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс.чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл.Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл.«Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл.Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл.«Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл.Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл.Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля 1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.
Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл.Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл.Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл.Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед.ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец.навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч.г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў, у т. л.Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж.ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.
Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст.Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.Ладыгіна, Я.Заслаўскі), будынак Бел.драм.т-ра імя Я.Коласа (арх. А.Максімаў, Т.Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.Данілаў), пед. (арх. У.Зубкоў, З.Конаш), вет. (арх. А.Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.Кірылаў, А.Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.М.Машэраву, В.З.Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.
Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.Я.Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагаланар.маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя«Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр.т-ва краязнаўства (кіраўнік М.Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.Гарбавец, І.Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац.маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял.Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.Гумена, Я.Красоўская, І.Сталярова, У.Вітко, В.Лук’янава, М.Міхайлава, А.Ільінова, В.Ральцэвіча, Л.Анцімонава, В.Някрасава, В.Ціханенкі, П.Явіча, А.Салаўёва, А.Скавародка, А.Толкача, А.Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.
Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.Рэпін. Малюнкі», твораў М.Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.Шутава, Толкача, А.Мемуса, А.Каржанеўскага, У.Кухарава, А.Кавалёва, Гумена, У.Вольнава, Т.Беразоўскай, А.Някрасава, А.Кастагрыза, А.Ізаіткі, І.Сталярова, У.Напрэенкі, М.Дудзіна, М.Ляўковіча, Л.Мядзведскага, А.Карпана, А.Слепава, І.Шкуратава, В.Ляховіч, А.Ільінова, М.Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.Шагала, прыватная галерэя А.Пушкіна.
Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.Л.Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.Стукаліч, пісьменнік А.Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).
У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.
У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст.«Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ.«Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ.«Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ.час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».
Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.
Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.М.Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.Іваноў-Казельскі, У.Давыдаў, М.Дальскі, К.Гарын, В.Далматаў, П.Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.Папова-Волхаўскага, Е.Кавалеўскага, К.Вітарскага, А.Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес.драм.т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел.тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.
Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес.сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус.муз.т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.Аўэр, І.Гофман, С.Кусявіцкі, С.Рахманінаў і Т.Туа, Р.Піньё, П.Сарасатэ, Л.Собінаў, Я.Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.Гуно і «Русалка» А.Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз.муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л.міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.І.Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Герб Віцебска 1597.Да арт.Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.Да арт.Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.Пешкі. 1-я пал. 19 ст.Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.Да арт.Віцебск. Гасцініца «Віцебск».Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.Да арт.Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.