РАДАШКО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1850 з цэглы. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2 сакрысціямі абапал яе. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная падлога з арнаментальным малюнкам. Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на гал. фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам. У касцёле хрысцілі Я.​Купалу.

А.​М.​Кулагін.

Радашковіцкі касцёл.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неараманскага стылю. Пабудаваны ў 1824 у г. Браслаў (Віцебскай вобл.) каля стараж. замчышча. Пры перабудове ў 1897 выкарыстаны ўчасткі сцен, якія захавалі ўзорыстую каменную муроўку — т.зв. «разынкавую». Змураваны з бутавага каменю і чырв. цэглы. Трохнефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм, накрыты 2-схільным дахам, трох’ярусная вежа завершана шатром. Элементы дэкору: пінаклі, стральчаты партал увахода з вімпергам (над ім — трыфорыум), аркатура. Твор разьбярскага мастацтва — амбон. На хорах устаноўлены арган.

Браслаўскі касцёл.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́НАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Канстанцінава Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. З усх. боку далучаны кубападобны аб’ём апсіды з нізкай бакавой сакрысціяй. Цэнтр гал. атынкаванага фасада вылучаны рызалітам з трохвугольным франтонам у завяршэнні, прамавугольным уваходным парталам з лучковым франтонам і фігурнай люкарнай над ім. Над дахам з боку гал. фасада гранёная вежа-званіца, над алтарным аб’ёмам ліхтар.

А.​М.​Кумгін.

Канстанцінаўскі касцёл.

т. 7, с. 594

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.​Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.​Орды 1864—67).

А.​М.​Кулагін.

Райцаўскі касцёл.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1906 з жоўтай цэглы замест драўлянага касцёла Маці Божай Ружанцовай (17 ст.) на правым беразе р. Іслач. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і паўкруглай апсідай. Цэнтр. неф накрыты спічастым 2-схільным, бакавыя (больш нізкія) нефы — пакатымі 1-схільнымі дахамі. На гал. фасадзе шчыпец з зубчастым абрамленнем, 2-ярусныя чацверыковыя вежы, завершаныя высокімі шпілямі. Гал. ўваход вырашаны 3 стральчатымі парталамі з акном-ружай над імі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і контрфорсамі ў пра-. сценках, дэкарыраваны аркатурнымі фрызамі і паясамі.

А.​М.​Кулагін.

Ракаўскі касцёл.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́СЦЕНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны каля 1620 (па інш. звестках у 1649) А.​С.​Вінкаю-Ратомскім у в. Замосце (Слуцкі р-н Мінскай вобл.). У 17 ст. пры З.к. была місія езуітаў, у 1865 забраны пад царкву. Мураваны 1-нефавы храм складаецца з квадратнага ў плане асн. аб’ёму, 5-граннай алтарнай апсіды і вежападобнага бабінца. Сцены нефа аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам. Вокны высокія, з паўцыркульным завяршэннем. Бабінец з трохвугольным франтонам і руставаным арачным уваходам, верагодна, перабудаваны ў 19 ст. Над ніжнім ярусам крыжовае скляпенне, вокны з лучковымі завяршэннямі. Грані апсіды прымыкаюць да нефа пад косым вуглом, па баках — выцягнутыя ўпоперак сакрысціі (рызніцы).

А.​А.​Ярашэвіч.

Замосценскі касцёл.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУПРА́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Пабудаваны ў в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі псеўдаготыкі. Мураваны прамавугольны ў плане 3-нефавы храм з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Маляўнічасць фасадам надае мяшаная тэхніка муроўкі: асн. ўчасткі сцен з буту з украпінамі маленькіх каменьчыкаў; пілоны, якія ўмацоўваюць вуглы асн. аб’ёму і званіцы, абрамленні аконных, дзвярных праёмаў і блендаў з цэглы. Дах 2-схільны з трохвугольным атыкам на алтарным і прамавугольным на гал. фасадах, завершаны дэкар. вежачкамі. Карнізны пояс з высокім складаным па малюнку аркатурным фрызам падзяляе будынак на 2 ч.: ніжнюю, амаль глухую, і верхнюю, расчлянёную спічастымі праёмамі. Званіца 3-ярусная, завершана шатровым дахам. Побач з касцёлам на могілках — магіла Ф.Багушэвіча і яго сям’і.

Ю.​А.​Якімовіч.

Жупранскі касцёл.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гродзенскі брыгіцкі касцёл і манастыр 4/19

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Мінскі езуіцкі касцёл і манастыр 7/219, 241

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́ЙСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 17—18 ст. Пабудаваны ў 1603—06 у в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У стылявой трактоўцы касцёла спалучаны прыёмы і формы абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу.

Напачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў 3-нефавы, 4 слуповы, перакрыты крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (захаваліся ў апсідзе). Пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. слупы разабраны, асн. памяшканне перакрыта драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 да паўд. сцяны прыбудавана вял. прамавугольная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.

Мураваны 2-вежавы квадратны ў плане храм з вял. паўцыркульнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Гал. фасад асн. аб’ёму завершаны трохвугольным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы 4 плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны 2 магутнымі цыліндрычнымі вежамі (выш. 16 м, дыям. 6 м) з байніцамі. Усе скляпенні касцёла размаляваны арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Захаваліся арган 18 ст., аздоблены разнымі па дрэве гірляндамі кветак, скульпт. выявамі анёлаў і муз. інструментаў, 4 разныя драўляныя алтары. Дэкаратыўна аформлены цэнтр. 2-ярусны алтар 2-й пал. 18 ст., у аснове якога 4 калоны карынфскага ордэра. Захаваўся алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» (17 ст.) у сярэбраным чаканным абкладзе.

У.​А.​Чантурыя, Г.​М.​Ярмаленка.

Камайскі касцёл.

т. 7, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)