страха́, і́, ДМ страсе́; мн. стрэ́хі (з ліч. 2, 3, 4 страхі́), стрэх; ж.

1. Верхняя, звычайна саламяная, частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад атмасферных з’яў. Сіняе неба ветліва атульвала старыя стрэхі смагінскіх будынкаў. Гартны. Над маўклівым млыном, над сціхшай вадой, над стрэхамі дзвюх лазовіцкіх хат, над дрэвамі, кустамі і лугамі абапал Быстранкі — над усім узвышалася ціхае зорнае неба. Брыль. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе. Дубоўка. З-за высокай разгацістай елкі выглядае страха хлява і калодзежны журавель. С. Александровіч. // Ніжні, звісаючы край гэтай часткі будынка. Праціснуўшыся, [Аня] зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Мележ. Я зайшоў на двор крайняй хаты і стаў пад страху. В. Вольскі. // у вобразным ужыв. А лес, як добры той знаёмы. Стаіць збялелы, нерухомы Абапал рэчачкі сцяною, Над ёю сплёўшыся страхою. Колас. Часам месяц, бяздомны бадзяга, Забярэцца на стрэхі дзіравыя хмар. Танк. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой і пад зялёную страху Прыселі грамадой. Астрэйка.

2. Пра дом, жыллё, прытулак. [Насця:] — Што можа быць горш, калі ў дзіцяці няма страхі над галавой. Чорны. Неўзабаве, з-пад матчынай гэтай страхі, Паляціць і яна [Кацярына] на шляхі, на шляхі. Куляшоў. Прышлы хлопец прытуліў на пачатак сваю галаву пад страхою старога Апанаса. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пругло́1 ’дужка паміж ручкамі ў папярочнай піле’, ’прыстасаванне для лоўлі дзікіх качак’ (ТС), рус. пругло́ ’сілок, пятля, пастка для птушак’, ст.-рус. пругло ’цянёты, сетка, пастка’, чэш. pruhlo ’сіло’, в.-луж. prudło, н.-луж. pšudło, славен. prógla, серб.-харв. пру́гло ’тс’, балг. прегло ’пастка для птушак’. Прасл. *prǫglo, паводле Слаўскага (SP, 1, 104), утворана ад дзеяслова *pręgǫ, prękti ’напружваць’ з інструментальным суфіксам ‑lo. Першаснае значэнне, відаць, ’наведзенае, нагнутае дрэўца, да якога прымацавала пятля, сіло’, параўн. Махэк₂, 488 і апісанне пругла ў ТС, 4, 233: “Як толькі качар праплываў праз уваход, ён чапляўся за наведзенае пругло. Яно паднімалася і зацягвала пятлю на шыі ў качара. Качар павісаў”. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1975, 31, якая ў якасці паралеляў прыводзіць нова-в.-ням. Sprigel, sprügel, sprugel, sprogel ’пругкая дужка, сілок’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло’. Параўн. Фасмер, 3, 388; БЕР, 5, 631; Шустар-Шэўц, 2, 1163; далей гл. пруг, пругкі.

Пругло́2калодзежны журавель’ (ТСБМ, Янк. 1, Янк. 2, Бір.), ’вочап’ (слуц., Нар. словатв.), ’бервяно-рычаг калодзежнага жураўля’ (чырв., З нар. сл.), ’палка, якой замыкаюць кубел’ (Варл.). Паводле ДАБМ (к. 243), слова ў значэннях ’вага’ і ’журавель’ распаўсюджана на Случчыне, а на астатняй беларускай тэрыторыі — спарадычна. Польск. prągło і роднасныя ў аналагічных значэннях вядомы ў Вялікапольшчы, Сілезіі і на Веліньску (Ляшчынскі, RS, 31, 1, 30). Асноўнае значэнне разглядаемага слова ’бервяно; палка’ і тэрыторыя яго пашырэння наводзяць на думку аб запазычанні. Параўн. бел. пруглічка, якое Лаўчутэ (Балтизмы, 126) параўноўвае з літ. bruklýs (з менай ‑p‑/‑b‑, тыповай для балтыйскіх моў) ’тоўстая палка, адрэзак дрэва’, лат. sprũngulis ’маленькі круглы адрэзак дрэва; палка, пень’. Не выключаным застаецца і лакальнае семантычнае развіццё слав. *prǫglo ’пастка’, параўн. дэфініцыю рус. пругло́ ў Даля: ’усякая трымалка; падпорка; рычаг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цягну́цца, цягнуся, цягнешся, цягнецца; незак.

1. Размяшчацца дзе‑н., працягваючыся, выцягваючыся (пра канат, вяроўку і пад.). Цягнуліся густыя правады. Адамчык. // Распаўсюджвацца, размяшчацца ў якім‑н. напрамку (пра шэраг прадметаў). Агарод цягнуўся паўз дарогу. Чорны. // Размяшчацца на вялікай адлегласці, прасторы. На далёкія вёрсты цягнецца лес. Скрыган. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. Адразу за вёскаю пачынаўся і цягнуўся па абодва бакі дарогі на некалькі кіламетраў сад. Сачанка.

2. Мець уласцівасць павялічвацца ў даўжыню, шырыню. Рызіна цягнецца. Скура цягнецца.

3. Працягваць руку, галаву да каго‑, чаго‑н., падавацца ўсім корпусам у якім‑н. напрамку. Палкоўнік паволі ўзнімаўся на сваім крэсле і, ухапіўшыся рукамі за край стала, цягнуўся да твару Васіля. Лынькоў. Да папярос цягнуліся мазолістыя пальцы, і каробка ўмомант пусцела. Шамякін. Цягнецца ручка, каб месяц забраць: Добра, каб з небам у хатцы гуляць! Грамыка. // Выцягвацца, імкнуцца ў якім‑н. напрамку пры росце (пра расліны). Шумяць бары, І сосны, як прамяні, цягнуцца да сонца. Танк. [Сцяпан:] — Я гляджу, жыта нішто будзе. І лён добра цягнецца. Гіль.

4. Мець схільнасць, імкнуцца да каго‑, чаго‑н. Людзі цягнуцца да культуры. «ЛіМ». [Уля] бачыла, як цягнуўся.. [Мікола] да яе, зусім малады і нявопытны. Паўлаў. Дачка шчырэла з году ў год, Цягнулася да ведаў. Барадулін.

5. Разм. Станавіцца навыцяжку (перад начальствам; пра ваенных).

6. З цяжкасцю ісці; ледзь перастаўляць ногі, плесціся. Нібы разбіты паралюшам, ледзь валочачы ногі і спатыкаючыся, Мікалай цягнецца дадому. Дамашэвіч.

7. Заставацца пасля руху (пра след). А след мой цягнецца істужкай. Журба. Імчацца МАЗы ў цемнату Ад вечара да раніцы, І пыл за імі на хаду Бясконцым шлейфам цягнецца. Грахоўскі.

8. Рухацца ў адным напрамку цугам, чарадой. Цягнуцца доўгім ланцугом абозы. Шынклер. Праязджаеш далей і бачыш, як цягнуцца ў поле адна за адной фурманкі, гружаныя мінеральным угнаеннем. Краўчанка. // Наплываць (пра думкі). І думкі цягнуцца нясмела — і сумна, сумна на душы. Машара. Цягнуцца дзедавыя думкі тоненькай доўгай ніткай. Бядуля.

9. Павольна распаўсюджвацца слабым струменем (пра дым, пах і пад.). Дымок цягнуўся спачатку скупымі струменямі. Мележ. Дым не ўзнімаўся ўгору, а слаўся па балоце, цягнуўся доўгімі пасмамі. Шамякін.

10. Быць адстаючым; адставаць па якіх‑н. паказчыках. Падумаць толькі: Коля Раманаў, які ледзь цягнуўся на тройках, раптам атрымлівае пяцёрку. Рунец. Саўгас сапраўды карыстаўся дрэннай славай, цягнуўся ў хвасце. «Звязда».

11. Працягвацца, праходзіць марудна, доўга (пра час). Дзень улетку вялікі. Доўга цягнуўся ён, пакуль цень ад ціхай ночы не лёг на зямлю. Чорны. Драпеза, аднак, не верыў, што гэты неафіцыйны нейтралітэт можа цягнуцца доўга. Паслядовіч. Час цягнуўся пакутліва доўга. Калодзежны.

12. Раздавацца, гучаць (пра мелодыю, песню). Цягнуўся альт, Грымеў басіла. Глебка.

13. Струменіцца. Ад акна да падлогі цягнуўся сіняваты пучок промняў. Беразняк.

14. Валачыся па зямлі. Лейцы цягнуліся па зямлі.

15. Зал. да цягнуць.

•••

Цягнуцца на нітку — старацца з апошніх сіл.

Цягнуцца (плесціся) у абозе — адставаць ад іншых, быць у хвасце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́даўб ’драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка драўніны’ (БРС, ТСБМ; чэрв., З нар. сл.; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат., Янк. 2), ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (глус., Янк. 2; Яшкін, вусн. паведамл.), ’калдобіна на дарозе’ (глус., Янк. 2), ’чыстая вада, азярцо на балоце’ (ельск., Яшк.), ’нізінка, лагчынка са стаячай вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл.), кадаўп ’комін’ (стаўбц., З нар. сл.); кадаўб ’жывот, страўнік’ (гродз., З нар. сл.); кадаўба ’бочка, выдзеўбаная з дрэва’ (Гарэц., З нар. сл., Касп., Мат. Гом.), ’ступка’ (ветк., Мат. Гом.) ’сажалка’, ’выбоіна’, ’кар’ер’ (Мат. Гом.); кадаўбец ’пасудзінка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам.), ’пасудзіна, куды зліваюць мёд’ (слуц., КЭС); кадалбец ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл. — спасылка на палес. запісы Талстога); кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ (глус., Яшк. 2). Укр. палес. кадавба, кадовб ’вялікая бочка’, укр. кадуб, кадівб, кадіб ’вялікая бочка, якая ўжывалася для захоўвання збожжа або мукі, капусты і да т. п.’; рус. смал. кадолба ’калода для сцякання вады, асабліва крынічнай; выдзеўбаная з дрэва бочка; ліпавая кадка без дна, устаўленая ў крыніцу; пра лянівую жанчыну, якая любіць паспаць’, зах.-бран. кадаўба, кадаўбіна, кадоўбіна ’невялікая ямка, запоўненая дажджавой вадой; выбоіна на дарозе’, польск. kadłub ’выдзеўбаная, пустая ў сярэдзіне калода’, ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва’, ’кашэль з кары’, ’тулава’, дыял. ’выдзеўбаная калода, якая ўстаўляецца замест калодзежнага зруба; выдзеўбаная калода, якая ўжываецца ў якасці станка жорнаў’; дыял. kadłubek ’крыніца’. Ст.-польск. kadłub ’выдзеўбаны пень дрэва’ фіксуецца з XV ст., славін. kadłu̇b ’тулава’, н.-луж. (арх.) kałub ’выдзеўбаны пень’, в.-луж. kadołb ’камінок над лучынай’, чэш. kadlub ’вялікая пасудзіна, звычайна выдзеўбаная з пустога пня; форма для адліўкі’, ’калодка’, kadlubaкалодзежны зруб’, валаш. kadłb ’выдзеўбаная калода для збожжа’, ’гусіная тушка без крылаў і шыі’, ’грудная клетка’, славац. kadlụb ’рэзервуар для вады, выдзеўбаная калода’, Міклашыч (108), Бернекер (1, 467), а за імі іншыя аўтары (Слаўскі, 2, 16–17; Трубачоў, Эт. сл., 9, 113–114) далучаюць да разглядаемай групы слоў яшчэ і рус. дыял. калдоба, колдоба, колдобина, бел. калдобіна і да т. п, якія, як лічыцца, з’яўляюцца метатэзнымі формамі ад кадолба і пад. Што датычыць паходжання разглядаемых слоў, то можна выказаць наступныя меркаванні. Праславянскай гэту групу слоў лічыць нельга, паколькі адсутнічаюць паўд.-слав. паралелі; рус. гаворкі, па сутнасці, іх таксама не ведаюць. Слаўскі (2, 17) узнаўляе форму *kadḷbʼъ, у якой другая частка — да прасл. *dḷbʼti ’дзяўбці’. Структурную і семантычную паралель для такой этымалогіі можна знайсці ў бел. маг. кадыр ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’, якое выглядае як вытворнае ад ка‑ і ‑derь < dьrati або ад прэфіксальнага дзеяслова. Этымалогія слова кадоўб, прапанаваная яшчэ Міклашычам, 108, не прымалася аднагалосна; Траўтман (Göttingische gelehrte Anzeigen, 1911, 258) і Фасмер (RS, 4, 164) меркавалі пра кампозіт kadь + dьlb; Брандт (РФВ, 22, 139) і Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) прапанавалі kolodьlba; укр. зах. колодовбина ’выбоіна, ухаба’ зафіксавана ў слоўніку Жэляхоўскага; па сутнасці, той жа аргумент можна прывесці і ў другім выпадку (значэнне ’калдобіна, каляіна’ неабходна было б лічыць першапачатковым, што неверагодна). Фасмер (2, 287) адмовіўся ад ранейшай этымалогіі, Трубачоў (Эт. сл., 9, 113–114) аднаўляе форму ж. р. *kadьlba і м. р. *kadьlbъ, пры гэтым дыскусійным застаецца пытанне, як разумець першую частку кампозіта (ka‑). Ён раздзяляе погляды Фасмера на гэту праблему і лічыць, што ka‑ суадносіцца з пытальным займеннікам *kъto. Слаўскі (2, 17) супраць такога параўнання і мяркуе аб сувязі пейаратыўнага ka‑/ko‑ з прыназоўнікам і ўзмацняльнай часціцай ‑ka (‑ko, ‑kъ). Калі меркаваць аб магчымым дзеяслоўным словаўтварэнні (параўн. прыклады пад кавярзень), можна прапанаваць гіпатэтычную форму ko‑dьlbati, з якой ka‑ утвараецца па вядомай мадэлі. Відавочная сувязь з *dьlbati можа пацвярджацца ўскосна яшчэ і такімі прыкладамі, як укр. кадовбина ’невялікая палонка’, бел. глус. кадаўб (калдобіну на дарозе паўбівалі), кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)