zbiorowy

zbiorow|y

зборны; калектыўны; сумесны;

~е wysiłki — сумесныя намаганні;

bezpieczeństwo ~е — калектыўная бяспека;

~е wydanie dzieł — збор твораў;

rzeczownik ~y грам. зборны назоўнік

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

КАЛГА́С, калектыўная гаспадарка,

форма арганізацыі с.-г. працы, створаная ў СССР у працэсе калектывізацыі сельскай гаспадаркі, спецыфічны тып с.-г. арцелі сялян, аб’яднаных для супольнай вытв-сці на аснове грамадскіх сродкаў і калект. працы. У БССР К. створаны ў 1929—37, на тэр. Зах. Беларусі — ў 1950-я г.

Мат.-тэхн. база першых К. складалася з абагуленых асн. сродкаў вытв-сці, якія належалі сялянам. У 1929 для тэхн. абслугоўвання былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС; існавалі да 1958). Сучасныя К. — пераважна шматгаліновыя гаспадаркі, спецыялізаваныя на вытв-сці малака, мяса, лёну, бульбы, цукр. буракоў. Гаспадарку вядуць на зямлі, якая з’яўляецца дзярж. уласнасцю, але перадаецца К. на вечнае карыстанне. Члены К. на агульным сходзе ці сходзе ўпаўнаважаных прымаюць статут, у якім вызначаны аспекты вытв.-гасп. дзейнасці, правы і абавязкі калгаснікаў, а для штодзённага кіраўніцтва гаспадаркай выбіраюць праўленне і яго старшыню. Напачатку аплата працы калгаснікаў вялася натуральнымі прадуктамі ў адпаведнасці з выпрацаванымі працаднямі. З 1960-х г. асн. форма аплаты працы — грашовая, ажыццяўляюцца і натуральныя выплаты. Многія К. маюць свае прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, вытв-сці буд. матэрыялаў, швейныя майстэрні і інш. На сродкі некаторых К. пабудаваны сучасныя пасёлкі гар. тыпу, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, санаторыі, дамы і базы адпачынку. Кожны член К. мае права карыстацца зямельным надзелам (да 1 га) для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. На 1.1.1997 у Беларусі 1810 К., якія аб’ядноўваюць 466 тыс. чал., маюць 7512 тыс. га зямель, у т. л. 3717 тыс. га ворных. З фарміраваннем рыначнай эканомікі некаторыя К. ператварыліся ў акц. т-вы, асацыяцыі фермераў, кааператываў і інш. аб’яднанні таваравытворцаў. Пашыраюцца формы арэнднага вядзення гаспадаркі. Асобныя калгаснікі выходзяць э К. і ствараюць свае фермерскія гаспадаркі.

Да арт. Калгас. Уезд у калгас «Прагрэс». Вёска Верцялішкі Гродзенскага раёна.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

zamówienie

н.

1. заказ; замова;

dać zamówienie — даць заказ;

ubranie na zamówienie — касцюм (гарнітур) на заказ;

zbiorowe — калектыўная заяўка;

2. запрашэнне (на працу і да т.п.);

3. замова; заклінанне

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),

1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).

2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).

3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).

4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮкалектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар. эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл. Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).

Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ, народнае мастацтва,

калектыўная мастацкая дзейнасць, якая ствараецца народам і бытуе ў нар. масах, адлюстроўвае яго жыццё, погляды, ідэалы. Уключае ўсе віды непрафес. мастацтва: народную паэтычную творчасць (фальклор), народную музыку, народны тэатр, народны танец, народнае дойлідства (гл. таксама Драўлянае дойлідства), народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, самадзейнае мастацтва, самадзейнае мастацтва музычнае і інш.

Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці, з’яўляецца асновай сусв. маст. культуры. У Н.т. — вытокі прафес. мастацтва. На працягу развіцця Н.т. таксама адчувала ўплывы прафес. маст. культуры, перапрацоўвала і дапасоўвала яе дасягненні ў адпаведнасці з мясц. густамі і патрабаваннямі. Характэрная рыса Н.т. — калектыўнасць: творы асобных майстроў пастаянна ўдасканальваюцца калектывам, што спрыяе ўзнікненню і развіццю традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Нароўні з калектыўнасцю выканання ёй уласціва імправізацыйнасць, таму замацаваныя шматвяковым адборам традыцыі зазнаюць пастаянныя, але толькі частковыя спецыфічныя змены. У Н.т. стваральнікі твора адначасова з’яўляюцца яго выканаўцамі, а выкананне ў сваю чаргу можа стаць тым варыянтам, што ўзбагачае традыцыю; важную ролю адыгрывае таксама цесны кантакт выканаўцаў з рэцыпіентамі мастацтва (гледачамі, слухачамі), якія часта могуць выступаць удзельнікамі творчага працэсу. Адметная рыса Н.т. — яе сінкрэтызм, высокамаст. адзінства яе відаў: у нар. абрадавых дзействах зліваліся паэзія, музыка, танец, тэатр, дэкар. мастацтва; у нар. жыллі непадзельнае цэлае стваралі архітэктура, разьба, размалёўка, кераміка, вышыўка і інш.; нар. паэзія цесна звязана з музыкай. Вывучаюць Н.т. фалькларысты, этнографы, мастацтвазнаўцы.

На Беларусі Н.т. узнікла на агульнай усх.-слав. глебе, але выпрацавала свае адметныя нац. рысы. На змест і форму бел. Н.т. ўплывалі гіст.-эканам., сац.паліт., прыродна-кліматычныя ўмовы, моўныя, псіхал. і інш. асаблівасці развіцця бел. этнасу. Яна вызначаецца глыбокімі каранямі, што зыходзяць з часоў першабытнага грамадства, багаццем творчай фантазіі, арыгінальнасцю і цэласнасцю маст. задумы, сілай і шчырасцю пачуцця, разнастайнасцю выяўл. сродкаў, гарманічным спалучэннем практычнай мэтазгоднасці і дэкар. аздаблення, высокім густам і тонкім адчуваннем творцаў і выканаўцаў. Сучасная Н.т. вызначаецца актыўным засваеннем рэчаіснасці ў спалучэнні з беражлівым захаваннем, адраджэннем і развіццём стараж. традыцый. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі з 1970 выдае серыю «Беларуская народная творчасць».

Літ.:

Народны тэатр. Мн., 1983;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: Опыт, системно-типолог. исслед. Мн., 1985;

Чурко Ю.М. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;

Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997;

Шаура Р.Ф. Самадзейнае выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1995;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гаспада́рка ж.

1. Wrtschaft f -, -en, Betrieb m -(e)s, -e;

се́льская гаспада́рка Lndwirtschaft f;

лясна́я гаспада́рка Frstwirtschaft f;

ха́тняя гаспада́рка Hushalt m -(e)s;

займа́цца (ха́тняй) гаспада́ркай den Hushalt führen;

2. с.-г. Wrtschaft f -, -en; Hof m -(e)s, Höfe (двор);

аднаасо́бная гаспада́рка inzelwirtschaft f -;

буйна́я гаспада́рка Grßwirtschaft f;

калекты́ўная гаспада́рка Kollektvwirtschaft f;

ры́нкавая [ры́начная] гаспада́рка Mrktwirt-schaft f -;

сусве́тная гаспада́рка Wltwirtschaft f -;

тра́нспартная гаспада́рка Transprtwesen n, Verkhrswirtschaft f -

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПРА́ЦА,

1) праца малалетніх асоб, якія не дасягнулі ўзросту працоўнай дзеяздольнасці. У 1833 у Вялікабрытаніі прыняты закон, паводле якога забаранялася эксплуатацыя Дз.п. і была ўстаноўлена працягласць прац. дня для дзяцей 9—13 гадоў 8, для падлеткаў да 18 гадоў — 12 гадзін. У Францыі першым актам, які рэгуляваў Дз.п., быў закон 1841. У ЗША федэральным законам 1938 аб прац. нормах быў устаноўлены мінім. ўзрост прыёму на працу — 16 гадоў. У пач. 1970-х г. у краінах, якія сталі на шлях развіцця, працоўныя ва ўзросце 10—14 гадоў складалі, паводле даных ЮНЕСКА, 31% агульнай колькасці дзяцей гэтага ўзросту. Паводле звестак Цэнтра ААН па правах чалавека ў Жэневе (1993) больш за 100 млн. дзяцей у свеце існуюць за кошт цяжкай працы, больш за 50 млн. дзяцей працуюць у небяспечных або шкодных для здароўя ўмовах. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 13.12.1956 забаронены прыём на работу асоб, якім не споўнілася 16 гадоў. У Беларусі ў 1993 прыняты Закон «Аб правах дзіцяці», паводле якога самаст. праца непаўналетніх дапускаецца з 16-гадовага ўзросту; забараняецца прымус дзіцяці да любой працы, небяспечнай для яго здароўя або якая перашкаджае атрыманню базавай адукацыі.

2) Від працоўнай дзейнасці, якая выкарыстоўваецца ў выхаваўчых мэтах з ранняга дзяцінства. У класічнай пед. л-ры (Я.​А.​Каменскі, Дж.​Лок, І.​Г.​Песталоцы, К.​Дз.​Ушынскі, П.​П.​Блонскі, С.​Ф.​Шацкі, А.​С.​Макаранка, В.​А.​Сухамлінскі) і сучасных даследаваннях (Р.​С.​Бурэ, Г.​М.​Годзіна, В.​І.​Логінава. В.​Г.​Нячаева, Д.​В.​Сяргеева, А.​Д.​Шатава і інш.) адзначаецца выхаваўчы характар працы, яна разглядаецца як натур. ўмова жыццядзейнасці і першая жыццёвая неабходнасць здаровага арганізма. У выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту выкарыстоўваецца праца па самаабслугоўванню, што развівае самастойнасць, вучыць пераадольваць цяжкасці, прывучае да ахайнасці і чысціні. Гаспадарча-бытавая праца мае грамадскую накіраванасць — задавальненне патрэбнасцей інш. дзяцей або дарослых. Праца дзяцей у прыродзе (догляд за раслінамі і жывёламі) накіравана на задавальненне патрэбнасцей дзяцей па ахове прыроды. У далейшым такая праца становіцца адным з відаў прадукц. працы. Ручная праца (выраб цацак і інш. прадметаў) развівае канструктыўныя здольнасці, дае карысныя практычныя навыкі. Гэтыя віды працы арганізоўваюцца і ў дзіцячых дашкольных установах у розных формах (даручэнні, дзяжурствы, калектыўная праца). Вучэбная праца ў дашкольным узросце не набывае самаст. значэння, але пачынае складвацца ў асобны від працы, што важна для падрыхтоўкі дзяцей да школы. Праца навучэнцаў у школе (ручная праца ў пач. класах, заняткі ў вучэбных майстэрнях у сярэдніх класах і вучэбна-выхаваўчая практыка ў старэйшых класах) мае мэтанакіраваны і сістэматычны характар. Асн. час у школьнікаў займае вучэбная праца, якая з’яўляецца сур’ёзным абавязкам навучэнцаў перад грамадствам.

Н.​У.​Літвіна.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАЛІТЭ́Т,

ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.

Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.​Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.​Феўр, І.​Меерсон, Р.​Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.

М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш. Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;

Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;

История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Психология масс: Хрестоматия. Самара, 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Талака́1калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ’; ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (Нас., Шымк., ТСБМ, Некр. і Байк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’грамадская дапамога ў працы’ (Сцяшк:, Бяльк.), ’дадатковая праца па жаданні ў часы прыгону’ (Федар. 4), ’грамадская дапамога аднаму чалавеку нешта перавозіць’ (Варл.), ’пасьба коней ноччу’ (Мат. Гом.), талака́ і тало́ка ’дапамога ў працы гуртам’ (Ласт.), тала́ка ’праца грамадой за пачастунак’ (Ян.), ’дапамога’ (Касп.), то́лака ’паншчына’ (капыл., ЛА, 3), то́лока ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (ТС), толо́ка ’тс’ (Вруб.), талако́ю ’гуртам’ (калінк., З нар. сл.). Укр. толо́ка́ ’праца гуртам для хуткага выканання вялікай па аб’ёме справы, на якую клічуць суседзяў, сваякоў, сяброў (без платы, за пачастунак’)’, рус. дыял. толо́ка ’тс’, польск. tłoka, каш. otłoka ’ўзаемная суседская дапамога на жніве’, славен. tláka, серб.-харв. тла́ка, балг. тлака́, макед. тлака ’тс’. З прасл. *tolka ’тс’, звязанае з *tolkti ’таўчы’. Адносна матывацыі параўн. талакня́ ’таўкатня’ (Жд. 2), тало́к ’натоўп’ (Сл. Брэс.). Сярод індаеўрапейскіх адпаведнікаў літ. talka ’талака’, лат. tàlka ’тс’, з іншым вакалізмам літ. telkti ’збіраць на талаку’, гэта, паводле Мартынава (Лекс. балтызмы, 25), дае падставы лічыць слова пранікненнем з балтыйскіх моў (гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 24), што, аднак, немагчыма давесці (гл. Анікін, Опыт, 287 з літ-рай), як і адваротнае (Брукнер, 571–572). Старажытнае значэнне слова, відаць, звязана з архаічным спосабам калектыўнай малацьбы пры дапамозе жывёлы, гл. Мяркулава, Этимология–1974, 72. Агляд версій — Янышкава, Studia Etym. Brun., 6, 139–141. Параўн. талок, гл.

Талака́2 ’ялавіна’ (Мат. Гом.), толока́ ’выган’ (Сл. Брэс.), тала́ка ’поле пад папарам’ (Ян.), тало́ка ’абложная зямля’ (б.-каш., добр., ЛА, 5), ’папар’ (гом., ЛА, 2), ’паша’ (паст., там жа), толо́ка ’папар’ (рэч., там жа), сюды ж талако́уе (tałakóŭja) ’патаптаныя логвы ў збожжы ці ў вялікай траве’ (Варл.), талакава́ць ’пуставаць некалькі гадоў (пра зямлю)’ (Ян.), толокова́ць ’таўчыся; бубнець’ (ТС). Укр. то́ло́ка ’пакінутае пад папар поле, на якім пасуць скаціну; вольная дзялянка каля сяла, дзе моладзь збіралася гуляць’, толо́ка ’горная раўніна, паша’, толокува́ти ’быць пад папарам (пра поле)’. З прасл. *tolk‑ ’таўчы, мяць, таптаць’, гл. папярэдняе слова (ЕСУМ, 5, 594; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 571–572; Голуб-Ліер, 386; Махэк₂, 644).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІНСТЫТУ́Т МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І ФАЛЬКЛО́РУ імя К.​Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1957 на базе сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі і сектара мастацтва Ін-та л-ры АН БССР. З 1993 імя К.​Крапівы. Аддзелы: тэатр. мастацтва; кіно і тэлемастацтва; музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі; выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва; архітэктуры; этналогіі; антрапалогіі і экалогіі; фалькларыстыкі; славістыкі; стараж. бел. культуры. Аспірантура (з 1957), дактарантура (з 1989).

Асн. кірункі навук. даследаванняў: заканамернасці развіцця бел. мастацтва, яго роля і значэнне ў сістэме культуры бел. народа і ў працэсе ўзаемадзеяння з культурамі інш. народаў, тэарэт. асэнсаванне мастацтвазнаўчых праблем; вывучэнне побыту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, біясацыяльных заканамернасцей фарміравання і зменлівасці іх антрапал. рыс; даследаванне гісторыі і тэорыі бел. фальклору, яго ўзаемасувязей з вуснапаэт. творчасцю інш. слав. народаў; вывучэнне эканам. і культ. развіцця гарадоў і вёсак Беларусі, бел. архітэктуры, помнікаў стараж.-бел. мастацтва.

У галіне тэатразнаўства даследуюцца гісторыя бел. сцэн. культуры, праблемы бел. драматургіі і яе сцэн. ўвасаблення, развіццё аматарскага т-ра і інш. Выдадзена калектыўная праца «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіі У.​І.​Няфёда «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965, за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1966) і інш. У галіне кіно і тэлемастацтва даследуюцца станаўленне, гісторыя і тэндэнцыі сучаснага развіцця бел. кіно, тэарэт. праблемы тэлемастацтва, спецыфіка экранізацыі твораў маст. л-ры, дзейнасць асобных рэжысёраў, акцёраў. Выдадзены «Гісторыя беларускага кіно» ў 2 кнігах (1969—70), «Экран і культура: Беларускае кіно і тэлебачанне ў сістэме мастацкай культуры» (1988), даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы» (т. 1, 1996) і інш. У галіне музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі вывучаюцца вытокі, асн. кірункі, эвалюцыя стыляў, жанравая тыпалогія і сучасны стан бел. прафес. музыкі, праблемы опернай драматургіі, балета, муз. камедыі, аперэты, тэарэт. асновы бел. нар. муз. мастацтва, сістэмная тыпалогія бел. песеннага фальклору, яго рэгіянальныя асаблівасці, бел. нар. інструменты, муз. аўтэнтычны фальклор у сістэме сучаснай культуры. Сярод прац «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97), «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997); «Каляндарна-песенная культура Беларусі» З.​Я.​Мажэйкі (1985), «Кампазітары Беларусі» Т.​Г.​Мдзівані, Р.​І.​Сергіенка (1997) і інш. У галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і архітэктуры даследуюцца гісторыя бел. выяўл., дэкар.-прыкладнога мастацтва і архітэктуры, станаўленне і развіццё асобных жанраў мастацтва (жывапісу, графікі, скульптуры, маст. разьбы па дрэве і інш.), гісторыка-культ., маст. помнікі Беларусі, узаемасувязі і ўзаемадзеянне выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва беларусаў з мастацтвам суседніх народаў, тэндэнцыі развіцця сучаснага бел. мастацтва. Выдадзены фундаментальная праца «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння» (1994) і інш. У галіне этналогіі даследуюцца яе гісторыя, вытокі і этнічнае развіццё бел. этнасу, эвалюцыя яго гасп. заняткаў (земляробства, пчалярства, ткацтва, дрэваапр. промыслаў і інш.), матэрыяльнай культуры (жылля, адзення), грамадскіх традыцый і духоўнай культуры. Падрыхтаваны і выдадзены цыкл манаграфій В.​К.​Бандарчыка па гісторыі бел. этнаграфіі (1964, 1970, 1972, 1979), калектыўныя працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Этнічныя працэсы і лад жыцця» (1980), «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), першыя тамы абагульняльнай шматтомнай працы «Беларусы» (1995—97). У галіне антрапалогіі вывучаюцца фіз. тып стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі, роля спадчынных, прыродных і сац. фактараў у фарміраванні фіз. тыпу беларусаў, адаптыўныя працэсы ў сувязі са зменлівымі ўмовамі асяроддзя на тэр. рэспублікі, генетычна дэтэрмінаваныя сістэмы (дэрматагліфічныя, аданталагічныя, генагеагр. паказчыкі). Выдадзены працы «Нарысы па антрапалогіі. Беларусі» (1976), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978) і «Біялагічнае і сацыяльнае ў фарміраванні антрапалагічных асаблівасцей» (1981) Л.​І.​Цягака, І.​І.​Салівон, А.​І.​Мікуліча, «Экалагічныя змены і біякультурная адаптацыя чалавека» (1996) і інш. У галіне фалькларыстыкі ажыццяўляецца збіранне, сістэматызацыя, публікацыя вуснапаэт. твораў, даследуюцца тэорыя і гісторыя бел. фальклору, вывучаюцца сучасныя фалькл. працэсы, праводзіцца параўнальны аналіз фалькл. твораў славян і інш. Выдадзены 44 т. шматтомнага збору «Беларуская народная творчасць» (1970—97, Дзярж. прэмія Беларусі 1986), кнігі «Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян», «Усходнеславянскі фальклор: Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі» (абедзве 1993), цыкл навук. прац па гісторыі бел. фалькларыстыкі ў 3 кнігах (1987—89), гісторыка-тэарэт. даследаванне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967) і інш. У ін-це створаны Музей старажытнабеларускай культуры.

У ін-це працавалі акад. АН Беларусі П.Ф.Глебка, чл.-кар. І.В.Гутараў; працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі В.К.Бандарчык, С.В.Марцэлеў, У.І.Няфёд, М.Ф.Піліпенка (дырэктар з 1994).

Літ.:

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы: (Да саракагоддзя стварэння). Мн., 1997.

М Ф.​Піліпенка.

т. 7, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)