1.(1і2ас.неўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці.Кулакоўскі.Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех.Арабей.
2.(1і2ас.неўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі.Паслядовіч.[Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін.Чорны.//перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае».Бярозкін.[Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне.Васілевіч.//узнач.пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была.Мележ.
3.як або якімчынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна.Колас.І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай.Марціновіч./убезас.ужыв.Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі.Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бага́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі.Шамякін.Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах.Лынькоў.Увосень і верабей багаты.Прыказка./узнач.наз.бага́ты, ‑ага, м.Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі.Якімовіч.Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее.Прыказка.
2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане.Астрэйка.Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года.Ермаловіч.Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам.Навуменка.Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні.Машара.//нашто, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады.Мурашка.// Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам.Шашкоў.// Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі.Бядуля.// Густы, спорны. Багаты дождж. □ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе.Дуброўскі.// Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма.Шахавец.// Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла.Мележ.// Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі.Кавалёў.
3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм.// Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба...Бядуля.// Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну.Пестрак.
4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова.// Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія.// З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга.// З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы.// Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.
•••
Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.
Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.
Чым хата багатагл. хата.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апа́сці, ападзе; зак.
1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці.Глебка.То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе.Астрэйка.//перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору.А. Вольскі.
2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала.Дуброўскі.// Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі.Чорны.// Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала.Чарнышэвіч.Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў.Алешка.// Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада.Якімовіч.
3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі.Брыль.Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай.Танк.// Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб.Краўчанка.
4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку.Хадкевіч.Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць.Прыходзька.// Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі.Вітка.
5.перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты.Танк.А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі.Панчанка.Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая.Пташнікаў.
6.перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой.Шчарбатаў.Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала.Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зямля́1, ‑і; мн. землі, зямель, Д землям; ж.
1. Трэцяя ад Сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй восі (з вялікай літары). Месяц — спадарожнік Зямлі.// Месца жыцця і дзейнасці чалавека (пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў, ідэй). Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй.Колас.
2. Суша (у адрозненне ад воднай прасторы). На гарызонце маракі ўбачылі зямлю. □ Песня перамогі На зямлі, на моры — Спадарожнік твой.Колас.
3. Верхні слой кары нашай планеты; глеба, грунт. Зямля пачала прыкметна .. сохнуць.Мележ.// Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, якое ўваходзіць у састаў нашай планеты. Перамяшаць торф з зямлёй. □ Твар.. [кабеты] быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй быў таксама ў зямлі.Чорны.
4. Паверхня, плоскасць, на якой мы стаім, па якой рухаемся. [Салдат] ішоў як бы не датыкаючыся зямлі.Самуйлёнак.
5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, карыстанні; глеба, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах. Калгасныя землі. Нацыяналізацыя зямлі. Асваенне новых зямель. □ Зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш.Прыказка.
6. Краіна, дзяржава. За мора, за сіні круты небакрай Лятуць мае думкі цяпер: Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край — Святая зямля СССР.Глебка.Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ужо колькі тысяч год стаіць магіла: У гаршку насення жменю там знайшлі.Багдановіч.
•••
Інфузорная зямля — горная парода, якая складаецца з рэштак водарасцей.
Культурны слой зямлігл. слой.
Сіенская зямля — цёмна-жоўтая фарба, якая скарыстоўваецца ў жывапісе; сіена.
Ад зямлі не відацьгл. відаць.
Бачыць (на тры сажні) пад зямлёйгл. бачыць.
Гарыць зямля пад нагаміукаго — пра небяспечнае, пагрозлівае становішча для каго‑н.
Гатоў скрозь зямлю праваліццагл. гатоў.
Глядзець у зямлюгл. глядзець.
Дастаць (выкапаць) з-пад зямлігл. дастаць.
Загнаць у зямлюгл. загнаць.
За трыдзевяць зямельгл. трыдзевяць.
З зямлёю (сырою) ажаніццагл. ажаніцца.
Змяшаць з зямлёйгл. змяшаць.
Зраўняць з зямлёйгл. зраўняць.
Зямлёю пахнуцьгл. пахнуць.
Калом яму зямля — ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку.
Легчы ў зямлюгл. легчы.
На край зямлігл. край.
Не чуць зямлі пад сабой (над нагамі)гл. чуць.
Паміж небам і зямлёйгл. неба.
Парыць зямлюгл. парыць.
Праваліцца мне скрозь зямлюгл. праваліцца.
Пуп зямлігл. пуп.
Соль зямлігл. соль.
Сцерці (змесці) з твару зямлігл. сцерці.
Сядзець на зямлігл. сядзець.
Траціць зямлю пад нагамігл. траціць.
Як з (з-пад) зямлі вырасці (з’явіцца)гл. вырасці.
Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насілакаго — пра подлага, шкоднага чалавека.
Як неба ад зямлігл. неба.
Як неба і зямлягл. неба.
Як скрозь зямлю праваліўсягл. праваліцца.
зямля́2, ‑і, ж.
Даўнейшая назва літары «з».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Рэзкім парывістым рухам рукі (рук) браць, захопліваць каго‑, што‑н. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца.Колас.Пяціпудовыя мяхі.. [мужчына] хапаў так лёгка, нібы гэта былі не мяхі, а падушкі.Чарнышэвіч.Антон Пракопавіч хапае шапку, ускідвае на плечы ватоўку і ..бяжыць у кантору.Карамазаў.// Захопліваць, лавіць ротам, зубамі. Страказа палюе: на ляту хапае дробную машкару і глытае.Бяспалы.Цяпер, разглядаючы сваю здабычу, я пачынаю разумець у чым справа: ляшча хапала больш буйная рыбіна, але праглынуць не здолела.Лупсякоў.// Прагна або з цяжкасцю глытаць, удыхаць (паветра). [Васіль] хапаў паветра на поўныя грудзі, і тады было трохі лягчэй...Гаўрылкін.// Затрымліваць каго‑н., парывістым рухам схапіўшы за што‑н. Гандляры запрашаюць пакупнікоў, хапаюць прахожых за рукі, за адзенне.В. Вольскі.— А вось паедзем у сельсавет, там пагаворым, — кажу я і хапаю за ланцуг Сенькаву лодку.Краўчанка.//перан.(звычайнасасловамі «за сэрца», «за душу»). Выклікаць пачуццё смутку, болю. радасці і пад.; глыбока хваляваць. Акалічны народ гуслі знаў гусляра: Песня-думка за сэрца хапала.Купала.[Кот] люта екатаў і жаласна, ажно хапала за душу, мяўкаў...Чыгрынаў.//перан. Шчыпаць, выклікаць адчуванне холаду. Хутчэй бы ўжо зіма, марозік! Такі, не вельмі сярдзіты, проста, каб крышачку хапаў за вушы, нос, шчокі, калі раніцою ідзеш на працу.Каршукоў./увобразнымужыв.Мне ветла мігаюць агнямі будынкі, А вецер асенні хапае ў абдымкі.Панчанка.
2.Разм. Лавіць, браць сілай, пазбаўляць волі каго‑н. [Маладых людзей] хапалі і пасылалі на работу ў Германію або проста на фронт — капаць акопы.Якімовіч.
3.перан.Разм. Прагна, хутка ўспрымаць, засвойваць, лавіць (органамі пачуццяў, розумам і пад.). І не прыкмеціў Адам, як захапіўся ён прамовамі, як разам з усімі схіліўся ў бок рупара і прагна хапаў кожнае слова.Шынклер.Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы.Шашкоў.
4. З прагнасцю купляць усё без разбору. [Мужчыны] хапалі ўсё, што траплялася пад рукі: духі, сумачкі, туфлі, сурвэткі, хустачкі, чамаданчыкі, парасоны.Шыцік.
5.Незак.да хапіць (у 9, 10 знач.).
•••
Гэтага яшчэ не хапала! — вокліч, якім выказваецца абурэнне, незадаволенасць з якой‑н. прычыны.
Зорак з неба не хапае — пра чалавека з пасрэднымі здольнасцямі.
Зоркі з неба хапаць — вылучацца розумам, здольнасцямі.
Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) — пра дурнаватага, з дзівацтвамі чалавека.
Наколькі вока хапае — наколькі можна бачыць.
Не хапае пораху — мала, недастаткова сіл, энергіі для ажыццяўлення чаго‑н.
Ног не хапае — ад стомы няма магчымасці рухацца, ісці.
Слоў не хапае (не стае) — пра цяжкасць у падборы слоў для перадачы якога‑н. моцнага пачуцця.
(Толькі) птушынага малака не хапае — пра поўны дастатак.
Хапаць за горла (за глотку, жабры) — тое, што і браць за горла (за глотку, жабры) (гл. браць).
Хапаць на ляту — тое, што і лавіць на ляту (гл. лавіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хава́цца1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Забірацца куды‑н. так, каб іншыя не бачылі, не маглі знайсці. У пушчах, у нетрах трушчобы, балот Хаваецца люд непакорны.Колас.[Дзямід:] — У гэтую пару аленя цяжка ўбачыць, хіба толькі выпадкова. Ён цяпер хаваецца.В. Вольскі.Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём.Чорны.// Прыкрывацца чым‑н. зверху. Міколка хаваўся пад коўдру.., паказваючы адтуль толькі кончык носа.Лынькоў.// Доўга не паказвацца, не трапляць на вочы каму‑н., пазбягаць непажаданых сустрэч. Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што.. [Антанюк] так доўга хаваўся ад яе.Шамякін.//перан. Ухіляцца ад чаго‑н., спасылаючыся на каго‑, што‑н. [Студэнт Рак] любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч.Дамашэвіч.//Разм. Унікаць чаго‑н., імкнуцца стаяць убаку ад чаго‑н. Хавацца ад даручэнняў. □ [Корань:] — Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся за яе...Ваданосаў.// Шукаць укрыцця (ад дажджу, сонца і пад.). Хавацца ад дажджу. □ Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца.Васілёнак.Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра.Корбан.//перан.Разм. Выдаваць сябе не за таго, кім ёсць на самай справе; маскіравацца. Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца Закружскі паштавік Дземідзенка.Асіпенка.[Кашын:] — Столькі год [начальнік слуцкай паліцыі] пад чужым прозвішчам хаваўся.. Адданым.. прыкідваўся і рацыяналізатарам быў, гад!Карпаў.//перан. Мецца ўнутры, выяўляцца праз душэўны стан чалавека. У глыбокіх шэрых вачах Пятра Аляксеевіча хавалася лагодная ўсмешка.П. Ткачоў.Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць.Брыль.Прыгожай.. [Анэту] назваць нельга было, але ў ёй хавалася нешта чыста жаночае, пакорлівае і прывабнае.Чарнышэвіч.
2.перан.Разм. Рабіць што‑н. скрытна, не выяўляць сваіх намераў, думак, пачуццяў. [Таня] недаверліва паківала галавой. — Навошта вы хаваецеся ад мяне, тата? Ці ж я не бачу? Я ўсё бачу.Шамякін.// Заставацца незаўважаным. У ... [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока.Колас.
3. Знаходзіцца не ў полі зроку, ледзь прыкметна выступаць з-за засланяючых прадметаў. Нізкаваты, з зачыненымі аканіцамі, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду.Шыцік.Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам.Карпаў.// Быць нябачным у чым‑н. (высокай расліннасці, глыбокай вадзе і пад.). Чухноўскі пачаў так дыміць люлькаю, што аж хаваўся ў дыме.Пестрак.// Заключацца ў чым‑н., не выяўляючыся знешне. Напісаць мастацкі твор... Як лёгка і проста вымаўляюцца гэтыя словы. А колькі працы, хваляванняў, радасці, пакут, расчараванняў хаваецца за імі!Шкраба.За скупым расказам Веры Вітушка хаваецца не адна смелая дыверсія на чыгунцы, не адзін жорсткі бой, не адна рызыкоўная аперацыя.Дзенісевіч.
4.Разм. Знаходзіцца, захоўвацца дзе‑н. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна.Колас.Астап Канапелька.. зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем.Лынькоў.Абрусы, ручнікі, пасцілкі, квяцістыя андаракі, кофты, жакеты — усё хаваецца ў чорнай вялізнай скрыні.Асіпенка.// Быць прыгатаваным, зберагацца на пэўны выпадак. Для Івана ў хаце заўсёды хаваецца паўлітэрка.Навуменка.
•••
Хавацца адзін за аднаго — выяўляць нясмеласць, баяцца адказнасці.
Хавацца за чужую спіну — імкнуцца прыкрыцца чыім‑н. аўтарытэтам.
Хавацца ў кусты — ухіляцца ад адказнасці.
Хавацца ў цень — старацца перачакаць што‑н. непрыемнае ў зацішным месцы; ухіляцца ад чаго‑н., адседжвацца.
хава́цца2, ‑аецца; незак.
Зал.да хаваць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1.каго. Ведучы, пераправіць на другі бок чаго‑н., памагчы перайсці цераз што‑н. куды‑н. Перавесці дзяцей цераз вуліцу. Перавесці сляпога цераз дарогу.
2.каго-што. Перамясціць з аднаго месца на другое, размясціць у іншым месцы. Перавесці хворага ў другую палату. Перавесці чыгуначныя саставы на запасныя пуці. □ Язэпа ўвесь час непакоіла думка, як жа сюды перавесці ўвесь лагер.Асіпенка.//каго. Накіраваць, назначыць на другое месца працы, вучобы, на іншую пасаду. Перавесці студэнта ў другі інстытут. □ Прыехаў з работы бацька, які працаваў у сельскагаспадарчай інспекцыі пры выканкоме, куды яго перавялі пасля ліквідацыі МТС.Ермаловіч.// Перамясціць, залічыць у іншую групу, змену, катэгорыю і пад. Перавесці на працу ў начную змену.// Дапусціць у наступны клас, на паступны курс і пад. Перавесці вучня ў сёмы клас. Перавесці студэнтаў на трэці курс. □ Пасля кароткай гутаркі, адказаў на запытанні настаўнікаў, адказаў разумных і сталых, Мініч трохі памяўся і нясмела папрасіў перавесці яго ў трэцюю групу.Колас.//што. Пераставіць, пераключыць які‑н. рычаг, прыстасаванне, рэгулюючы што‑н. Перавесці стрэлкі гадзінніка. Перавесці пас на другі шкіў.
3.што. Змяніць напрамак чаго‑н., пераключыць што‑н. на другі прадмет. Віця сачыў за.. [Бурмаковым] па тэлеэкране.. Лябёдка закруцілася спачатку павольна, потым усё хутчэй і хутчэй. Віця перавёў тэлекамеру.Шыцік.[Вахман] перавёў святло ліхтарыка з нашых вачэй убок...Брыль.[Хворы] строга паглядзеў ёй у вочы, перавёў позірк на беласнежную прасціну, нацягнутую яму да падбародка, потым паглядзеў зноў на сястру — і ў вачах яго адбілася жахлівае пытанне...Васілевіч.Ён коратка зірнуў на мяне, а пасля перавёў вочы на смалячок.Скрыган.//перан.; Пераключыць (гутарку, размову і пад.) на што‑н. іншае. Праз хвіліну Ладынін непрыкметна перавёў размову на іншую тэму.Шамякін.Заўважыўшы, што словы яе не спадабаліся сыну, яна перавяла гаворку на іншае.Карпаў.
4.каго-што. Паставіць у іншыя ўмовы, змяніць спосаб, характар чыёй‑н. дзейнасці, існавання; прымусіць дзейнічаць іначай. Перавесці маладняк на зімоўку. Перавесці чыгуначную магістраль на электрычную цягу. Перавесці калгасныя брыгады на гаспадарчы разлік.//што. Змяніць якасць, уласцівасць чаго‑н.; ператварыць у што‑н. іншае. Перавесці рэчыва ў растваральны стан. □ Сіманёнак, які ўвесь гэты час еў і маўчаў, нарэшце выцер аб далонь сваю лыжку, палажыў на край стала і ўсміхнуўся: — Пагуляй, цётка. Карове таксама патрэбен час, каб перавесці тваю бульбу на малако.Чыгрынаў.
5.што. Зрабіць, ажыццявіць перадачу чаго‑н. каму‑н. (якіх‑н. абавязацельстваў, правоў і пад.). Перавесці грашовыя ўклады на імя жонкі. □ Маці па пошце ўсе бацькавы грошы перавяла на будаўніцтва танкавай калоны.Гроднеў.// Пераслаць па пошце, тэлеграфам, праз банк.
6.што. Падаць што‑н. у іншых велічынях, знаках. Перавесці аршыны ў метры. Перавесці маркі ў рублі.
7.што. Перанесці, перарысаваць на што‑н. (малюнак, пераводную карцінку і пад.). Перавесці выкрайку. Перавесці рысунак на кальку.
8.каго. Знішчыць, вынішчыць, вывесці. Перавесці мышэй. □ Ад дзяцей Кірыла даведаўся, што на ўсю вёску.. было толькі тры каровы і сем коней, астатнюю жывёлу немцы перавялі.Гурскі.
9.што. Разм. Патраціць, расходаваць без асаблівай карысці або марна. Фашысты шалелі ад злосці, шмат перавялі куль і снарадаў, але збіць.. [сцяг] не маглі.Гурскі.
•••
Перавесці дух (дыханне) — а) глыбока ўздыхнуць, аддыхацца. На трэці паверх.. [Слава] узбег адным махам. А каля дзвярэй спыніўся, каб перавесці дыханне.Хомчанка; б) зрабіць кароткі перапынак, перадышку ў чым‑н. Чырвонаармейцы ледзь паспелі дух перавесці, як на іх рушыла зноў лавіна фашыстаў.Дудо.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі.Колас.Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць.Бажко.[Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор.Пальчэўскі.// Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў.Даніленка./ Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім.Свірка.
2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі.Карпаў.Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп.Лынькоў.//Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну.Навуменка.[Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці.Казлоў.
3.перан.Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею...Корбан.[Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш.Кулакоўскі.Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі.Лобан.Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце.Чарнышэвіч.// Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку.// Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё.Машара.
4.Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх.Шамякін.— Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна...Гарбук.
5.Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот.Дамашэвіч.На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай...Пташнікаў./убезас.ужыв.Жывот схапіла.// Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.
6.перан.Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы.Шашкоў.Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць.Дубоўка.// Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны...Пестрак.Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі.Шынклер.
7.перан.Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі.Асіпенка.Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання.Клышка.
11.(звычайназадмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш.Гаўрылкін.Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена.Ракітны.// Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.
•••
Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.
Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.
Схапіць у абдымкі — абняць.
Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.
Як вока схопіцьгл. вока.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен.Прыказка.// Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю.Шынклер.
2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі.Кулакоўскі.Аддай рукамі, а хадзі нагамі.Прымаўка.// Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі.Васілевіч.Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі.Брыль.//перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці.//перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць.Глебка.[Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.Шамякін.// Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць?Глебка.// Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы.Чорны.// Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк!Барадулін.
3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію.Мурашка.А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі.Купала.// Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына.Танк.
4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета.Чыгрынаў.// Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі.Ермаловіч.
5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.
6.без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо.Баранавых.// Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.
7.безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.
8.Зак.да аддаваць (у 2 знач.).
9.Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.
•••
Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу.Чорны.
Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа.«Звязда».
Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў.Чарнышэвіч.
Аддаць жыццёзакаго‑,што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу.Бугаёў.
Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.
Аддаць за так — аддаць бясплатна.
Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага.Скрыган.
Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы!Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.
Аддацьштона алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).
Аддаць належнаекаму‑,чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.
Аддаць на судкаму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.
Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд!Колас.
Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.
Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам.Панчанка.
Аддаць перавагукаму‑,чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту.Лынькоў.
Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.
Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей.Янкоўскі.
Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СЫ,
нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс.чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс.чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх.славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс.км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст.тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл.Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.
Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч ПаспалітуюВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр.ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).
У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл.Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв.зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр.тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).
Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.
Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.
Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.
Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.
Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц.бел.нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.
Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).
Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.
Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.
Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл.Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел.Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.
Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.
Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.
У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.
І.У.Чаквін.
Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн.чал.Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.
У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ.«Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.
Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн.чал.
У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя«Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыябел.нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час.«Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ.«Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).
Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.
На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».
Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.
Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.
Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст.нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.
П.У.Церашковіч.
Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр.рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн.чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн.чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.
Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л.БДУ, Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).
І ўсё ж бел.л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.
Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.
У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).
Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн.чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).
Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.
З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.
Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел.нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.
Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.
Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).
Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.
Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.
Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.
Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.
Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.
У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).
Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.
Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.
Да арт.Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.Да арт.Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.Баплана. Каля 1654.Да арт.Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.Да арт.Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)