МІЛЕ́ ((Millet) Жан Франсуа) (4.10.1814, Грушы, каля г. Шэрбур, Францыя — 20.1.1875),

французскі жывапісец і графік. У 1837—38 вучыўся ў Парыжы ў П.​Дэлароша. Працаваў у Парыжы, Шэрбуры, Барбізоне. У 1840-я г. пісаў тонкія па настроі партрэты, міфалагічныя кампазіцыі, галантныя сцэны ў духу Ф.Бушэ. У канцы 1840-х г. зблізіўся з мастакамі барбізонскай школы і звярнуўся да выяўлення паўсядзённага сял. жыцця на фоне пейзажу. Яго творам уласцівы ўрачыстая лапідарнасць манум. кампазіцыі, багаты валёрамі зямлісты каларыт: «Зборшчыцы каласоў» (1857), «Анжэлюс» (1859), «Жанчына стрыжэ авечку» (1860), «Пасадка бульбы» (1861—62), «Чалавек з матыкай» (1863), «Вялікая пастушка» (1863—64). Пасля 1860 звярнуўся да пейзажа («Царква ў Грэвілі», 1871—74). Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, пастэляў.

Літ.:

Ж.-Ф. Милле: [Альбом]. М.; Л., 1962.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́САЎ (Алег Віктаравіч) (13.6.1970, г. Віцебск — 11.9.1996),

бел. мастак, паэт. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1990), вучыўся ў Бел. АМ (1990—93). Адзін з заснавальнікаў творчай групы «УБІКУС» (1989). Працаваў у графіцы і станковым жывапісе. Сярод жывапісных твораў: «Пераможца», «Апошнія каралі» (абодва 1989), «Трэцяя крыніца святла» (1991), «Белае воблака» (1993), «Неспакойнае лета», «Партрэт невядомай», «Тройца», «Дзіця», «Партрэт зялёных нажніц», «Утаймавальніца пчол», «Выкрадальнік ідэй», «Белы нацюрморт» (усе 1994), «Кубак халоднай гарбаты», «Жоўты нацюрморт» (абодва 1995); графічных кампазіцый «Анёл смерці» (1990), «Веснавая рапсодыя» (1992), «Танец адзінокага сэрца» (1993), «Закаханыя» (1994), «Звездары» (1995). Творам уласціва выразная кампазіцыйная пабудова, свабодная дынаміка лінейных рытмаў, стрыманы каларыт, дэкаратыўнасць. Аўтар зб. паэзіі «Саната для флейты з марыянеткай» (1994).

Тв.:

Избр. соч. Витебск. 1997.

Н.​В.​Сідарэнка.

А.Прусаў. Белы нацюрморт. 1994.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

hue [hju:] n.

1. lit. or tech. ко́лер; адце́нне; тон; калары́т

2. fml адце́нне, разнаві́днасць по́глядаў або́ ве́раванняў;

politicians of various hues палі́тыкі ўсі́х масце́й

a hue and cry мо́цны паліты́чны пратэ́ст;

A new tax has raised a hue and cry among the public. Новы падатак выклікаў моцны пратэст у народа.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

БАРБІЗО́НСКАЯ ШКО́ЛА,

група франц. жывапісцаў — майстроў рэаліст. пейзажа 1830—60-х г. Назва ад вёскі Барбізон каля Фантэнбло, дзе працавалі мастакі гэтай групы (Т.​Русо, Ж.​Дзюпрэ, Н.​Дзіяз, Ш.​Ф.​Дабіньі, К.​Труаён, Ш.​Жак, Р.​Банёр і інш.).

Аснова іх метаду — пейзаж з натуры. Насуперак акад. тэорыям яны адлюстроўвалі не мясціны, слынныя прыгажосцю, а звычайныя куткі роднага краю ў розныя поры года і сутак. Распрацавалі методыку танальнага жывапісу тонкімі валёрамі, светлавымі і колеравымі нюансамі (гл. Пленэр). Каларыт пейзажаў Барбізонскай школы няяркі, змякчаны карычневымі і шэрымі тонамі. На жывапісныя прыёмы Барбізонскай школы ўплывалі галанд. мастакі 17 ст. і англ. пейзажысты Дж.​Констэбл і Р.​Бонінгтан. Традыцыі Барбізонскай школы ў сваю чаргу паўплывалі на развіццё рэаліст. кірунку ў жывапісе інш. еўрап. краін.

Літ.:

Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНАРТО́ВІЧ ((Lenartowicz) Тэафіль) (27.2. 1822, Варшава — 3.2.1893),

польскі паэт, скульптар. Друкаваўся з 1840-х г. З 1851 у эміграцыі. У 1879—83 выкладаў слав. л-ры ў Балонскім ун-це. Паэт. зб-кі «Польская зямля» (1848), «Ліра» (1855), «Новая ліра» (1859) прынеслі Л. славу «мазавецкага лірніка». У вершах выкарыстоўваў матывы і інтанацыі фалькл. песень, перадаваў каларыт сял. жыцця, прыгажосць вясковых краявідаў. Рэліг. ўяўленні народа адлюстраваў у паэмах «Захапленне» (1851) і «Блаславенная» (1854). Тэма паўстання 1794 у паэме «Рацлавіцкая бітва» (1859). Пад уражаннем паўстання 1863—64 напісаў паэму «Марцін Баралёўскі-Лялевель» (1864). Стварыў шэраг скульпт. партрэтаў і кампазіцый на гіст.-патрыят. і рэліг. тэмы, некаторыя з якіх упрыгожваюць італьян. касцёлы.

Тв.:

Wybór poezyi. Warszawa, 1991.

Літ.:

Źięba M. Liryka Teolila Lenartowicza wobec pieśni ludowej. Wrocław, 1983.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ ((Corot) Каміль) (16.7.1796, Парыж — 22.2.1875),

французскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў рэаліст. школы ў франц. пейзажным жывапісе. Вучыўся ў А.​Мішалона і В.​Бертэна (1822—24). Працаваў з натуры. У творах 1820—40-х г. па-майстэрску паказаў прыгажосць франц. і італьян. прыроды і арх. помнікаў («Шартрскі сабор», 1830). Класіцыстычная тэндэнцыя адчуваецца ў гіст. пейзажах («Гамер і пастухі», 1845, і інш.). З 1850-х г. творчасць К. набыла паэтычны характар; жывапісная манера стала больш лёгкай і трапяткой, каларыт узбагаціўся тонкімі валёрнымі гармоніямі ў серабрыстых тонах, што набліжае К. да імпрэсіяністаў («Вечар», канец 1850-х г.; «Сажалка ў гушчары», «Званіца ў Аржантэйлі», «Парыў ветру», 1860-я г.; «Краявід з возерам», паміж 1860—73; і інш.). Пісаў партрэты, працаваў у графіцы.

В.​Я.​Буйвал.

К.Каро. Шартрскі сабор. 1830.

т. 8, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРМІДЖАНІ́НА (Parmigianino; сапр. Мацола; Mazzola) Франчэска

(11.1.1503, г. Парма, Італія — 24.8.1540),

італьянскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў маньерызму. Зазнаў уплывы Карэджа, Мікеланджэла і Рафаэля. Працаваў у Парме, Рыме (1523—27), Балонні (1527—31). У творах праз падоўжанасць прапорцый, вастрыню ракурсаў і аптычных эфектаў, вытанчана-грацыёзны малюнак і блеклы серабрысты каларыт увасабляў ідэал загадкавай, халодна-пачуццёвай прыгажосці («Мадонна са святым Захарыем», каля 1530; «Ператварэнне Паўла», 1530; «Мадонна з доўгай шыяй», 1534—40; «Мадонна з ружай» і інш.). Аўтар партрэтаў Дж.​Г.​Санвітале (1524), т.зв. Антэі, Малатэсты Бальёне, «Аўтапартрэта ў выпуклым люстэрку» і інш., прасякнутых духам арыстакратычнасці і глыбокай унутр. трывогі. Працаваў у манументальным жывапісе (фрэскі замка ў Фантанелата, 1534—40), адзін з першых у Італіі звярнуўся да тэхнікі афорта. Іл. гл. таксама да арт. Маньерызм.

Ф.Парміджаніна. Ператварэнне Паўла. 1530.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРСТО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (1.3.1799, б. маёнтак Селівёрстава, Мічурынскі р-н Тамбоўскай вобл., Расія — 17.9.1862),

рускі кампазітар, тэатр. дзеяч. У 1825—60 служыў у маскоўскіх т-рах (яго дзейнасць называлі «эпохай Вярстоўскага»). Адзін з заснавальнікаў жанру рус. оперы-вадэвіля (больш за 30). Найб. папулярная опера «Аскольдава магіла» (1835) — лепшая рус. опера даглінкаўскага перыяду, адзін з узораў муз. рамантызму. Ёй уласцівы нац. каларыт, драм. выразнасць, яркі меладызм музыкі, засн. на бытавым матэрыяле (выкарыстанне інтанацый гар. раманса і інш.). Сярод інш. твораў: оперы «Пан Твардоўскі» (1828), «Вадзім, ці Абуджэнне 12 спячых дзяўчат» (1832), «Туга па радзіме» (1839), «Чурава даліна, ці Сон на яве» (1844), «Грамабой» (1857); кантаты, фп. п’есы, хары, балады, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.

Літ.:

Доброхотов Б. А.​Н.​Верстовский. М.; Л., 1949;

Яго ж. А.​Н.​Верстовский и его опера «Аскольдова могила». М., 1962.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЯ́СКА ((Magnasco) Алесандра) (1667, г. Генуя, Італія — 19.3.1749),

італьянскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі С.​Маньяска і ў Мілане. Працаваў у Мілане, Генуі, Фларэнцыі. Зазнаў уплывы С.​Розы, Ж.​Кало, майстроў генуэзскай школы. Пісаў жанравыя сцэны з жыцця цыган, салдат, манахаў, якім надаваў трагізм і містыцызм. Каларыт яго твораў пабудаваны на пакладзеных энергічнымі мазкамі цьмяных, пераважна карычневых і аліўкавых, тонах, што напаўняюць іх дынамікай: «Танец Каламбіны» (1709), «Навучанне сарокі», «Цыганская трапеза», «Вакханалія» (усе 1710-я г.), «Сінагога» (1715), «Дон Кіхот», «Допыт», «Інквізіцыя» (усе 1720-я г.), «Пахаванне манаха», «Манастырская трапезная», «Прачкі», «Начны краявід», «Спакуса св. Антонія», «Фантастычная сцэна», «Алхімік», (усе 1730-я г.), «Кухня» (1735), «Жанчына і гітарыст», «Прыём у садзе д’Альбара» (абодва 1740-я г.), фрэскі ў замку Вісконцэа ў Брыньяна (каля 1716) і інш.

Літ.:

Дьяков Л.А. А.​Маньяско. М., 1978.

А.Маньяска. Вакханалія. 1710-я г.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тана́льнасць, ‑і, ж.

Спец.

1. Дакладнае размяшчэнне гукаў ладу па вышыні. Танальнасць до мажор. // Гама, на якой пабудаваны музычны твор. Танальнасць песні.

2. Асноўны, пераважаючы колер, каларыт, спалучэнне таноў твора выяўленчага мастацтва (карціны, гравюры і пад.), якія садзейнічаюць стварэнню той або іншай эмацыянальнай настроенасці. Ксілаграфія вылучаецца мастацкай дасканаласцю разьбы, багатай танальнасцю. Шматаў.

3. перан. Асноўная эмацыянальная настроенасць літаратурнага твора, п’есы, вобраза і пад. Шырока распаўсюджаны фальклорны матыў [скаргі дзяўчыны-прыгажуні з народа] атрымаў у творчасці Тараса Шаўчэнкі асаблівую лірычную танальнасць, яркае паэтычнае выражэнне. Палітыка. Асноўным стылёвым сродкам, які падтрымлівае агульную высокую танальнасць твора, з’яўляецца шырокае выкарыстанне ў «Палтаве» [А. С. Пушкіна] архаічнай лексікі. Рагойша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)