чуб, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (звычайна ў мужчын).

2. Пасма доўгіх валасоў, пакінутая на цемені брытай галавы; асяледзец (даўней у запарожцаў і ўкраінскіх казакоў).

3. Прыўзнятае пер’е на галаве некаторых птушак.

Курыца з чубам.

Брацца за чубы (разм., неадабр.) — біцца.

|| памянш. чубо́к, -бка́, мн. -бкі́, -бко́ў, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пластава́ць ’паўзці па-пластунску’ (ТСБМ; ворап., маст., Сл. ПЗБ; Нар. Гом., Стан.). Першапачаткова азначала ’ляжаць пластом (пра чарнаморскіх казакоў)’, параўн. укр. пла́стати ’паўзці’, ’ісці грузнуўшы, вязнуць’, ’падкрадвацца’, бел., рус. пласту́н ’разведчык, які рухаецца пластом’: пластуны ляжаць пластом у чаратах і плаўнях, падпільноўваючы ворага і патаемна падпаўзаючы да яго (Даль, 3, 121).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«АРДЫНА́ЦЫЯ» 1638,

«Ардынацыя войска Запарожскага рэестравага», пастанова сойма Рэчы Паспалітай пра абмежаванне правоў казацтва пасля сялянска-казацкага паўстання 1637—38 на Украіне. «Ардынацыя» абмяжоўвала прывілеі рэестравых казакоў, скасоўвала пасаду гетмана, адмяняла выбарнасць есаулаў і палкоўнікаў; замест гетмана соймам назначаўся камісар, які ажыццяўляў вайсковую і судовую ўладу. У рэестры (на дзярж. службе) было пакінута 6 палкоў па 1 тыс. чал., астатнія пераводзіліся ў паспалітых казакоў (сялян). «Ардынацыя» страціла значэнне пасля вызв. вайны на Украіне 1648—54.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАНДЗЕ́ЙКА,

абцягнутая скурай драўляная трубка з вечкам для захоўвання і пераносу парахавых зарадаў для зброі, што зараджалася з дула; прататып патранташа. Некалькі (8—12) берандзеек мацаваліся да партупеі або рэменя стралка. У войсках ВКЛ і ў казакоў наз. парахаўніца.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБО́РАЎСКІ ДАГАВО́Р 1649 паміж гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і каралём Рэчы Паспалітай Янам Казімірам у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Заключаны 18 жн. ў г. Збораў (Украіна) пасля пераможнай для Хмяльніцкага Збораўскай бітвы. Паводле З.д. захоўваліся вольнасці запарожскага войска, колькасць укр. казакоў на каралеўскай службе вызначалася ў 40 тыс., абвяшчалася амністыя ўдзельнікам вайны, улада ў Кіеўскім, Чарнігаўскім, Брацлаўскім ваяв. перадавалася ўкр. гетману, шляхце вярталіся ўсе яе маёнткі на Украіне. Аднак З.д. не задавальняў ні казакоў, ні шляхту і не быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай. У пач. 1651 баявыя дзеянні аднавіліся.

Літ.:

Голобуцкия В.А. Дипломатическая истории освободительной войны украинского народа 1648—1654. Киев, 1962.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1654—55.

Праводзілася рас. войскам і ўкр. казакамі пад камандаваннем І.Н.Залатарэнкі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пачалася ў жн. 1654 і працягвалася з перапынкамі 11 месяцаў. Горад абаранялі мясц. шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чал. наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.

У сярэдзіне снеж 1654 войска гетманаў ВКЛ Я.Радзівіла і В.Гасеўскага дэблакіравала Стары Быхаў і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. У маі 1655 войска Залатарэнкі аднавіла аблогу. Паводле загаду Б.Хмяльніцкага Залатарэнка пакінуў каля горада заслон з пяхоты, а казакоў перавёў у цэнтр. Беларусь. Месца казакоў заняла армія кн. А.Н.Трубяцкога (11 палкоў). У пач. жніўня частка войскаў з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пач. кастр. сюды вярнуліся казакі і аблога горада аднавілася. 8 кастр. быхаўчане зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час адбылося паўстанне супраць казацкай старшыны, запарожскае войска страціла баяздольнасць і пайшло на Украіну. У канцы 1655 рас. войска вымушана было паступова здымаць аблогу горада. Канчаткова яна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем 1656.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДУНА́ЙСКАЯ СЕЧ,

арганізацыя запарожскіх казакоў у 1775—1828 на тэр. Асманскай імперыі, у вусці Дуная, куды яны ўцяклі пасля скасавання Запарожскай Сечы (1775). У 1806 і 1828 большая частка запарожцаў вярнулася ў Расію і склала Дунайскае і Азоўскае казацкія войскі.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ТА (Ілья) (?—чэрв. 1649),

адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Палкоўнік Войска Запарожскага. Вясной 1649 на чале 10-тысячнага атрада накіраваны Б.Хмяльніцкім на дапамогу паўстанцам Беларусі. Рухаючыся ўверх па цячэнні Прыпяці, казакі грамілі і рабавалі шляхецкія маёнткі, атрымалі некалькі перамог у баях з харугвамі войска ВКЛ на чале з Я.Радзівілам. З’яўленне казакоў садзейнічала разгортванню паўстання на Беларусі. Да іх далучыліся паўстанцы з Гомеля і інш. мястэчак. 17.6.1649 у раёне мяст. Загалле (цяпер Хойніцкі р-н) Галота з 3-тысячным (паводле інш. звестак 7-тысячным) атрадам уступіў у бітву з войскам ВКЛ. Конніца ротмістра Сасноўскага адцясніла казакоў да балот, і ў выніку працяглага бою амаль усе паўстанцы разам з Галотам загінулі.

В.І.Мялешка.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́НЬ,

1) на Беларусі часовая жыллёвая пабудова, тое, што будан.

2) На Украіне — шалаш, вартоўня (на агародах, бахчах, пасеках і г.д.); у асобных раёнах, а таксама на Доне (Расія) — вясковая жылая хата.

3) У Запарожскай Сечывайск. падраздзяленне з некалькіх соцень казакоў і назва жылога памяшкання, у якім жылі казакі.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГО́ЎСКІ (Іван Яўстахавіч) (? — 26.3.1664),

гетман Украіны. Служыў у польск. войску, у бітве пад Жоўтымі Водамі (1648) трапіў у тат. палон, з якога выкуплены Б.Хмяльніцкім. Быў у апошняга генеральным вайск. пісарам. Пасля смерці Хмяльніцкага выбраны гетманам Украіны (1657—59). Арыентаваўся на збліжэнне з Польшчай, рыхтаваў план сумеснай з палякамі барацьбы супраць маскоўскага войска. Падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах зноў уваходзіла ў Польскае каралеўства. Паводле ўмоў пагаднення, гетман павінен быў вызваліць ад казакоў тэр. Беларусі. Летам 1659 Выгоўскі пры падтрымцы польск. войска і татар разграміў пад Канатопам буйныя сілы рус. ваяводы А.Трубяцкога. Большасць казакоў была незадаволена палітыкай Выгоўскага, супраць яго выбухнула паўстанне на чале з І.Багуном і інш. Выгоўскі ўцёк у Польшчу, адмовіўшыся ад гетманства. Расстраляны ў выніку інтрыг гетмана Правабярэжнай Украіны П.Цяцеры.

Г.М.Сагановіч.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)