БАКТЭРЫЁЛІЗ (ад бактэрыі + ...ліз),

разбурэнне абалонкі бактэрый і выхад іх цытаплазмы ў вонкавае асяроддзе. Можа выклікацца фіз. і хім. агентамі, бактэрыяфагамі, антыцеламі (бактэрыялізінамі), некаторымі ферментамі (напр., лізацымам). Адрозніваюць бактэрыёліз неспецыфічны (ад уздзеяння на бактэрыі фіз. і хім. фактараў) і спецыфічны (выклікаецца імуннымі целамі ў спалучэнні з кампліментам, а таксама праз заражэнне бактэрыі мікраарганізмам — паразітам і фагам).

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІЎРО́З,

інвазійная хвароба коней, аслоў, мулаў, зебраў, якая выклікае парушэнне дзейнасці стрававальнага тракту, пашкоджанне скуры каля кораня хваста (зачос хваста). Узбуджальнік — вастрыца конская, што паразітуе пераважна ў абадочнай кішцы тоўстага кішэчніка. Яйцы развіваюцца ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца праз кармы, ваду, пры аблізванні навакольных прадметаў, забруджаных яйцамі вастрыц. Хварэюць часцей маладыя і старыя коні ў стойлавы перыяд.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНАСПАРЫДЫЁЗ,

хранічны мікоз жывёл і чалавека, які выклікае грыб рынаспарыдыум. У жывёл праяўляецца паліпознымі разрастаннямі на слізістай абалонцы поласці носа. На Р. хварэюць буйныя рагатыя жывёлы, коні, сабакі. Заражэнне аэрагеннае, пылавымі часцінкамі глебы і інш. У чалавека Р. бывае на слізістай абалонцы носа, гартані, вачэй, магчыма пашкоджанне ўнутр. органаў. Узбуджальнік трапляе ў арганізм праз пашкоджаныя слізістыя абалонкі. Лячэнне хірургічнае.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАКО́КАВАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ, дыплакокавая септыцэмія,

інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца ланцэтападобным дыплакокам (Diplococcus septicus). Хварэюць цяляты, ягняты, парасяты, жарабяты, часцей ва ўзросце ад 15 сутак да 2,5 месяцаў. У маладняку працякае са з’явамі пнеўманіі, сепсісу і запалення суставаў, у дарослых жывёл — у форме пасляродавых эндаметрытаў і мастытаў. Заражэнне адбываецца пераважна праз інфіцыраванае малако маці, рэспіраторным шляхам. Пашырана ўсюды, бываюць групавыя ўспышкі (энзаотыі).

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ВУС, парша,

грыбковае захворванне скуры, валасоў і пазногцяў. Заражэнне адбываецца пераважна пры непасрэдным кантакце з хворым на Ф., праз прадметы, якімі ён карыстаўся. Прыкметы: на валасістай ч. галавы з’яўляюцца чырв. запаленчыя ачагі і круглыя жоўтыя корачкі, якія лушчацца; пазней утвараецца суцэльная сухая корка. Пад коркай скура галавы атрафіруецца, робіцца тонкай, бліскучай, гінуць валасяныя цыбуліны. Ф. прыводзіць да аблысення. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯМБЛІЁЗ,

інвазійная хвароба чалавека і жывёл, якая выклікаецца жгуцікавымі прасцейшымі — лямбліямі. Характарызуецца пашкоджаннем верхніх аддзелаў тонкай кішкі з развіццём энтэрытаў, энтэракалітаў, астэнізацыяй. Крыніца інфекцыі — хворыя і лямбліяносьбіты, якія выдзяляюць цысты лямблій у навакольнае асяроддзе з калам. Заражэнне адбываецца фекальна-аральным шляхам пры незахаванні сан.-гігіен. правіл. Прыкметы: ныючыя болі ў эпігастральнай вобласці і вакол пупка, метэарызм, няўстойлівы стул і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГРЫПО́ЗНАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ, парагрып,

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое характарызуецца запаленнем дыхальных шляхоў, пераважна гартані. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Прыкметы: катаральныя з’явы (кашаль, асіпласць голасу, слізістыя выдзяленні з носа), павышэнне т-ры цела; ларынгіт з магчымым развіццём несапраўднага крупу ці ларынгатрахеіту; гаўклівы кашаль, задышка. Ускладненні: пнеўманія, запаленне сярэдняга вуха і прыдаткавых пазух носа. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 12, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАХО́МА (грэч. trachōma ад trachys шурпаты, няроўны),

хранічнае інфекцыйнае запаленне злучальнай тканкі (кан’юнктывы) вачэй у чалавека. Узбуджальнік — унутрыклетачны паразіт з роду хламідый; заражэнне кантактным шляхам.

Прыкметы: кан’юнктыва чырванее, на ёй утвараюцца шэрыя, мутныя зярняты (фалікулы), памяншаецца сакрэцыя слёзнай вадкасці. рагавіца прарастае сасудамі, утвараюцца рубцы. Ускладненні: зварот краёў павекаў, няправільны рост веек (трыхіяз), запаленне рагавіцы з язвамі, бяльмом: адна з прычын слепаты. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інва́зія

(лац. invasio = напад)

заражэнне чалавека або жывёлы паразітамі жывёльнага паходжання (глістамі, насякомымі і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АСПЕРГІЛЁЗ, аспергіламікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека. Выклікаецца плесневымі грыбамі з роду аспергіл. Пашыраны па ўсім свеце. На Беларусі трапляецца спарадычна. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі і стрававальна-кішачны тракт. Да аспергілёзу асабліва ўспрыімлівыя птушкі (качкі, гусі, галубы і інш.), буйн. раг. жывёла, коні, авечкі, сабакі, каты, пчолы. Бывае і ў людзей, занятых перапрацоўкай с.-г. сыравіны, заражанай спорамі грыба. Праяўляецца ў запаленні скуры, слізістых абалонак, органаў дыхання і стрававання.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)