Сму́глы1 ‘з больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам) скуры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), сюды ж смуго́лы ‘блякла-чырвоны, ружаваты’, смуго́льзагарэлы, зрудзелы на сонцы’ (Барад.). Укр. смугли́й, рус. сму́глый, рус.-ц.-слав. смугльныи ‘цёмны’, серб.-харв. смугао. Лічыцца роднасным літ. smáugti ‘ціснуць, душыць’, с.-в.-ням. smouch ‘дым’, англ.-сакс. sméocan ‘дыміць’, англ. to smoke ‘дыміць, курыць’, грэч. δμύχω ‘вару; смажу на слабым агні’ і інш., гл. Фасмер, 3, 693 з іншай літ-рай. На падставе існавання формы смяглы (гл.) Брандт (РФВ, 24, 181) і інш. дапускалі чаргаванне галосных *smǫg‑:*smęg‑, якія працягваюць і.-е. *(s)mū̆k(h)/(*s)meuk(h)‑/(*s)meug(h)‑ ‘дыміць, павольна спальваць; дым’; гл. ЕСУМ, 5, 330. Міклашыч (311), Праабражэнскі (2, 340) меркавалі таксама аб сувязі са смага (гл.), як у пары хмура/хмара. У Огледна св. (69–70) выводзіцца з прасл. *smugъ, акрамя серб. смуг ‘попельна-шэры’, прадстаўленага і ў бел. смуга ‘імгла, імжа’, як варыянта да *smǫglъ, што паходзіць ад незахаванага *smǫgnǫti. Гл. таксама Рачава, Studia Etym. Brun., 3, 326.

Сму́глы2 ‘гонкі (пра дрэва)’ (брасл., Сл. ПЗБ). З польск. smukły ‘высокі і шчуплы; тонкі, стройны’, якое ад ст.-польск. smuknąć ‘пагладзіць, дакрануцца’; гл. Борысь, 564.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адкры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адкрыць. Свет Новы, адкрыты Калумбам, Завецца ўжо светам старым, Са дня, калі стрэл з «Аўроры» Пачуўся краінам усім. Куляшоў.

2. у знач. прым. Нічым не адгароджаны, не заслонены, свабодны для агляду. Адкрытая мясцовасць. Адкрыты бераг. Адкрытая пазіцыя. // Нікім не абаронены, даступны для ворага. Адкрыты фланг.

3. у знач. прым. Нічым не прыкрыты, аголены. Хадзіць з адкрытай галавой. Смажыць на адкрытым агні. Адкрытая рана. Адкрыты пералом. // Без покрыву зверху, з бакоў. Адкрытая машына. Адкрытая сцэна. // З вялікім выразам. Адкрытае плацце. Адкрытыя туфлі. // Не падземны; з агаленнем пласта. Адкрыты спосаб здабычы каменнага вугалю.

4. у знач. прым. Тое, што і разгорнуты (у 4 знач.). Адкрытая кніга. □ Важаты паглядзеў на адкрыты лісток настольнага календара. Якімовіч.

5. у знач. прым. Пазбаўлены скрытнасці, шчыры. Загарэлы, абветраны твар капітана быў адкрыты, просты, выклікаў прыхільнасць сваімі правільнымі прыгожымі рысамі. Краўчанка. [Дзед] усміхаецца шчыраю, адкрытаю ўсмешкаю. Грахоўскі. // Не замаскіраваны, не тайны, яўны. Гэта быў першы выпадак адкрытай сутычкі Карызны з Зеленюком. Зарэцкі. Да Данусінай маці я адчуваў пашану: адкрытых ворагаў я паважаў. Карпюк. // Такі, які адбываецца пры людзях. Адкрытая размова.

6. у знач. прым. Даступны для ўсіх. Адкрыты партыйны сход. Адкрыты канцэрт. Адкрыты конкурс.

•••

Адкрытае галасаванне гл. галасаванне.

Адкрытае мора гл. мора.

Адкрытае пісьмо гл. пісьмо.

Адкрытае пытанне гл. пытанне.

Адкрыты рахунак гл. рахунак.

Адкрыты склад гл. склад.

Адкрыты урок гл. урок.

Абвясціць адкрытым што гл. абвясціць (у 2 знач.).

Адкрытая душа гл. душа.

Адкрыты лоб гл. лоб.

Адкрыты свет гл. свет.

Дзень адкрытых дзвярэй гл. дзень.

З адкрытай душой гл. душа.

З адкрытым сэрцам гл. сэрца.

Над адкрытым небам гл. неба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяці́цца, свячуся, свецішся, свеціцца; незак.

1. Выпраменьваць святло. На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі. Колас. // Быць асветленым якой‑н. крыніцай святла. Вокны ў доме свяціліся, але ніхто на грук не выходзіў. Навуменка.

2. Зіхацець, блішчаць пад уздзеяннем святла. Сонца ўсходзіла хораша. Вялікае, рыжае, яно ўзнімалася над горадам, і ўсё — шызаватае неба, паветра, дамы — пачало ружавець, свяціцца. Карпаў. Колькі свеціцца ў ім [бару] ствалоў, Маладых, прамяністых, гонкіх, Распачаўшых у неба гонку, Колькі свеціцца ў ім ствалоў! Тармола. // Выдзяляцца сваёй белізной на іншым фоне, быць бачным з-пад чаго‑н. З-пад каўняра бушлата свяціўся гюйс фланелькі, як кавалачак сіняга мора, і хораша, прыгожа адцяняў загарэлы твар і шыю. Шамякін.

3. перан. Іскрыцца радасцю, святлом, ажыўляцца ад шчасця, радасці (пра твар, вочы). Твар [дзяўчыны] свеціцца такім цяплом і дабратой, што, здаецца, хапіла б іх на ўсю планету. Аляхновіч. Радасцю свяціліся вочы трактарыста... Бялевіч. // Адлюстроўваць нейкія пачуцці (пра вочы, твар, знешнасць чалавека). Маці ўзняла галаву, у вачах свяціўся гонар за сына. Гурскі. Амаль усе.. [вучні] былі па калена мокрыя, але на іх тварах свяціліся радасць і задаволенасць. Скрыпка. На бадзёрых тварах усіх, нават Яшы Лабуса, які аж прыгнуўся пад цяжарам свайго баяна, свяцілася адзнака шчаслівага і ганаровага абавязку. Грамовіч. // Выражаць знешнім выглядам задавальненне, шчасце, радасць. Доктар быў вясёлы, радасна свяціўся, але, пабачыўшы Олю, адразу нахмурыўся. Мележ. // Спадзявацца на што‑н. Тое, што скрашвала зараз яго незайздроснае жыццё і свяцілася нейкай жаданай надзеяй на сустрэчу з партызанамі, загінула беззваротна. Якімовіч.

4. перан. Станавіцца бачным. Перад чытачом раскрываецца далей яшчэ адна сардэчная Галіна тайна, праз якую свеціцца яе душэўная чысціня. Майхровіч. Ва ўсіх лепшых творах сучаснай беларускай лірыкі свеціцца вялікая любоў да чалавека, спагадлівасць, сардэчнасць. Гіст. бел. сав. літ. Каб ярка свяцілася.. слова, Каб людзям зіхцела — на ўсе бакі, Яго шліфавалі як след, адмыслова Найлепшыя ў свеце тачылы — вякі. Цвірка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)