ЗНА́КІ ДАРО́ЖНЫЯ,

элементы абсталявання дарог вызначанай формы, памеру і афарбоўкі з умоўнымі абазначэннямі і надпісамі. Устанаўліваюцца на аўтамаб. дарогах і вуліцах населеных пунктаў і даюць інфармацыю аб рэжыме, умовах, напрамках і маршрутах руху, месцах адпачынку, аб’ектах сервісу і інш.

У Расіі першыя З.д. зацверджаны ў 1805. Спроба ўпарадкаваць З.д. пачата ў 1909 у Парыжы на 1-й Міжнар. канферэнцыі па рэгламентацыі руху. У СССР стандартызаваныя З.д. пачалі выкарыстоўваць з 1927 як састаўную частку правіл руху. Дзеючая сістэма З.д. распрацавана на аснове Канвенцыі аб дарожных знаках і сігналах (1968, Вена), дапоўненай Еўрап. пагадненнем (1971, Жэнева). Стандартам прадугледжаны папераджальныя, пераважальныя (знакі прыярытэту), забараняльныя, прадпісальныя, інфарм.-ўказальныя, сервісу і дадатковай інфармацыі (таблічкі). Адрозніваюць іх па форме, афарбоўцы і малюнку (умоўным абазначэнні). Устанаўліваюць іх відарысам насустрач руху пераважна ўздоўж дарогі на спец. калонках, слупах, на кранштэйнах, тросах-расцяжках і рамах над праезджай часткай. Іх асвятляюць або пакрываюць святлоадбівальнымі матэрыяламі. Надпісы на інфарм.-ўказальных знаках, устаноўленых на дарогах Беларусі, выконваюцца на бел. мове за выключэннем міжнар. трас, дзе яны зроблены на бел. і англ. мовах.

Літ.:

Хомяк Я.В., Гончаренко Ф.П., Копилевич С.Л. Инженерное оборудование автомобильных дорог. М., 1990.

І.​А.​Арэхаў, У.​В.​Маліноўскі, Л.​В.​Мяншова.

т. 7, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІСЛАМІ́ЗМ,

ідэалогія і паліт. рух, накіраваны на аб’яднанне ўсіх мусульман свету. Як рэліг. канцэпцыя П. існуе з часу ўзнікнення ісламу (7 ст.), новы сэнс набыў у перыяд еўрап. экспансіі на Б. Усходзе ў канцы 19 ст. і стаў рэакцыяй мусульм. грамадства на ўварванне еўрап. цывілізацыі. У аснову ідэалогіі П. ляглі ідэі мусульм. салідарнасці рэфарматара ісламу Джэмаль-ад-дзіна аль-Афгані (1-я пал. 19 ст.). У канцы 19 — пач. 20 ст. П. пашырыўся ў мусульм. краінах Азіі і Паўн. Афрыкі. Пры султане Абдул-Хамідзе II [1876—1909] П. фактычна стаў дзярж. ідэалогіяй Асманскай імперыі. П. прытрымліваліся младатуркі. Паражэнне і распад Асманскай імперыі знясілілі пазіцыі П. Халіфацкі рух 1920-х г. у Індыі не атрымаў далейшага развіцця. Панісламісцкія канферэнцыі (Мекка, 1924; Каір, 1926; Іерусалім, 1931; Жэнева, 1935) паказалі арганізацыйную слабасць П. У гэты час П. сутыкнуўся з канкурэнцыяй інш. ідэалогій і паліт. рухаў (камунізм, панарабізм, мясц. нацыяналізм і г.д.). Пасля 2-й сусв. вайны пачалося ажыўленне П., які стаў неад’емнай ч. руху ісламскага фундаменталізму. Шэраг мусульм. краін (Саудаўская Аравія і інш.) садзейнічалі стварэнню міжнар. панісламісцкіх арг-цый. Ліга мусульм. свету (1962) аб’яднала няўрадавыя ісламскія арг-цыі. У 1969 створана Арганізацыя Ісламскай канферэнцыі, якая ажыццяўляе каардынацыю палітыкі і праграм эканам. супрацоўніцтва мусульм. дзяржаў.

Літ.:

Шарипова Р.М. Панисламизм сегодня: Идеология и практика Лиги исламского мира. М., 1986;

Левин З.И. Ислам и национализм в странах зарубежного Востока. М., 1988;

Landau J.M. The politics of panislam: Ideology and organization. Oxford, 1990.

У.​С.​Кошалеў.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,

устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.

У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл. Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл. Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў — бэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.

Літ.:

Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;

Лебедев АН., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),

форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час. Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш. грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш. стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Джэферсан, М.​А.​Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.​Скарына, А.​Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, Г.​Пляханаў, У.​Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.​Арэнт, У.​Ростаў, К.​Попер, І.​Шумпетэр, А.​Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.

Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш. эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.

У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),

першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г. Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.​Друманд у 1919—33; Ж.​Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар. арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Літ.:

Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;

Илюхина Р.​М.​Лига Наций, 1919—1934. М., 1982.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСО́ ((Rousseau) Жан Жак) (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),

французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.

На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.​Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.​Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.​Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.​К.​Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.​Ясінскага і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;

Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;

Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.

Літ.:

Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;

Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)