СТЭ́ЙНБЕРГЕР, Штэйнбергер (Steinberger) Джэк (н. 25.5.1921, г. Бад-Кісінген, Германія), амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Нац. АН ЗША (1966), Гайдэльбергскай АН (1967), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1969). З 1934 у ЗША. Скончыў Чыкагскі (1942) і Калумбійскі (1948) ун-ты. З 1948 у Прынстанскім ін-це перспектыўных даследаванняў, з 1949 у Каліфарнійскім ун-це ў Берклі, у 1950—71 праф. Калумбійскага ун-та, з 1986 праф. Вышэйшай нармальнай школы ў г. Піза (Італія). Адначасова з 1968 у Еўрапейскім цэнтры ядз. даследаванняў (г. Жэнева, Швейцарыя). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Вызначыў спін і цотнасць π-мезонаў, пацвердзіў існаванне нейтральнага піона (1950—52, разам з В.К.​Г.​Панофскім). Сумесна з інш. адкрыў Σ​−-гіперон (1956). Эксперыментальна даказаў існаванне двух розных тыпаў нейтрына — электроннага і мюоннага (1962, з Л.​М.​Ледэрманам і М.​Шварцам). Нобелеўская прэмія 1988 (разам з Ледэрманам і Шварцам).

Тв.:

Рус. пер. — Эксперименты с пучками нейтрино высоких энергий // Успехи физ. наук. 1990. Т. 160, вып. 10.

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Стэйнбергер.

т. 15, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)