БЕРУГЕ́ТЭ (Berruguete),

сям’я іспанскіх мастакоў 15—16 ст. Нарадзіліся ў г. Парэдэс-дэ-Нава (Іспанія).

Педра (каля 1450—1504), жывапісец. У 1475—82 працаваў у г. Урбіна (Італія), з 1483 — у Іспаніі. У сваіх карцінах (сцэны з жыцця св. Фамы) сумяшчаў навук. перспектыву і ўважлівае назіранне з сярэдневяковай статычнасцю позаў, а часам і з рознамаштабнасцю фігур.

Алонса (каля 1486—13.9.1561), скульптар, архітэктар, жывапісец. Сын і вучань Педра. Прадстаўнік ісп. Адраджэння. Каля 1504—17 вучыўся ў Італіі ў Мікеланджэла, з 1518 працаваў у Іспаніі. Яго скульптуры (пераважна алтарныя) адметныя экспрэсіяй і павышанай эмацыянальнасцю («Святы Себасцьян», 1526—32; «Ператварэнне», 1543-48).

А.Беругетэ. Святы Себасцьян. 1526—32.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНО́ЎСКІ Фёдар Міхайлавіч (н. 3.7.1924, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це, з 1964 у Бел. політэхн. акадэміі. Як жывапісец працуе ў батальным, гіст., быт. жанрах, а таксама пейзажы, партрэце. Творам уласцівы разнастайнасць маст. вырашэнняў, свабодная манера пісьма, дакладнасць вобразных характарыстык. Сярод работ: «Цаною жыцця» (1961), «Захоп моста ў Віцебску ў 1944 годзе» (1962), «Уцёкі з палону» (1963), «Ішоў салдат, ішоў...» (1970), «Лазня» (1975), «Будаўнікі метро» (1979), «Салдаты 1943 года» (1981), «Мінск наш» (1992), «3 чэрвеня 1944» і «Вуліца Танкавая» (1994), шэраг лірычных пейзажаў і партрэтаў.

Н.​М.​Бараноўская.

Ф.Бараноўскі. Лазня. 1975.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НДЭР (Mander) Карэл ван (май 1548, Мёлебеке, каля г. Кортрэйк, Бельгія — 2.9.1606),

нідэрландскі пісьменнік, жывапісец, гісторык і тэарэтык мастацтва. У 1573—77 жыў у Рыме. З 1583 у Харлеме, дзе заснаваў (разам з Х.​Голцыусам і Карнелісам ван Харлемам) першую ў Нідэрландах маст. «акадэмію», потым у Амстэрдаме. Аўтар маралітэ на біблейскія тэмы, зб. вершаў «Свяшчэнныя песенькі» (1595), «Залатая арфа, або Ігра на струнах сэрца» (1599), «Нідэрландскі Гелікон» (1610), збор жыццеапісанняў нідэрл. і ням. мастакоў 15—16 ст. «Кніга пра мастакоў» (1603—04) — аднаго з найб. літ. помнікаў нідэрл. гуманізму. Як тэарэтык і жывапісец-практык (міфал. і жанравыя кампазіцыі) прымыкаў да маньерызму.

т. 10, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СЬЕЎ Пётра, жывапісец 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У крас. 1680 накіраваны ў Аляксандраву Слабаду для выканання спраў па асабістых загадах цара.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЗІ́НА (Bronzino; сапр. Аньёла ды Козіма; Agnolo di Cosimo) Анджэла

(17.11.1503, Мантычэлі, каля г. Фларэнцыя, Італія — 23.11.1572),

італьянскі жывапісец. Прадстаўнік фларэнційскага маньерызму. Вучыўся ў мастака-маньерыста Панторма. Зазнаў уплыў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі (1530—32). З 1540 прыдворны жывапісец Козіма I Медычы. Ствараў парадна-арыстакратычныя партрэты (Лукрэцыі Панчатыкі, каля 1540; Козіма I Медычы, 1545; Элеаноры Таледскай, каля 1545; Дж.​Дорыя, 1546—47), у якіх адчужанасць, замкнёнасць вобразаў падкрэслена ўрачыста-застылай кампазіцыяй, халодным, высветленым каларытам, ілюзорнай выпісанасцю дэталяў. Аўтар карцін на рэліг. і міфал. тэмы («Святая сям’я», 1540-я г.), фрэсак у Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (1545—64) і інш.

А.​Дз.​Шапашнікава.

А.Бранзіна. Партрэт Лукрэцыі Панчатыкі. Каля 1540.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМПЕ́НЬ (Champaigne) Філіп дэ (хрышчаны 26.5.1602, г. Брусель — 12.8.1674),

французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму. З 1621 працаваў у Парыжы, з 1625 прыдворны жывапісец. Адзін з заснавальнікаў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (1648). Выконваў дэкар. работы ў парыжскіх палацах (Люксембургскім, з Н.Пусэнам) і цэрквах. Пад уплывам янсенізму пісаў аскетычна-стрыманыя рэліг. карціны («Тайная вячэра», 1648). У псіхалагічна завостраных, строгіх паводле стылю парадных партрэтах спалучаў рысы фламандскага рэалізму і ранняга франц. класіцызму: «А.​Ж.​Рышэльё» (1636), «Дж.​Мазарыні». Пісаў таксама групавыя партрэты: «Партрэт дачкі ў адзенні манахіні з абатысай Агнесай», «Пасвячэнне герцага Анжуйскага ў рыцары ордэна Святога Духа» (абодва 1662).

Ф. дэ Шампень. Партрэт дачкі ў адзенні манахіні з абатысай Агнесай. 1662.

т. 17, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

маста́к, ‑а, м.

1. Творчы работнік у галіне выяўленчага мастацтва (жывапісец, графік, скульптар). Мастак-дэкаратар. Мастак-карыкатурыст. □ Пакуль мастак піша партрэт Роліча, я размаўляю з старым рыбаком. В. Вольскі.

2. Чалавек, які творыць у галіне мастацтва, літаратуры. Мастак слова. □ Чорны — раманіст-эпік, мастак-мысліцель, мастак-інтэлектуаліст. Для яго адным з важнейшых прынцыпаў быў прынцып гістарызму. Дзюбайла.

3. Пра таго, хто дасягнуў высокай дасканаласці ў якой‑н. справе. [Сушылаў] не толькі ўмеў паляваць і рыбачыць, але і гатаваць быў мастак. Шамякін. [Глеб:] — Гаварыць ты не мастак, гэта я ведаю, а думаць над сваім жыцыём кожны павінен. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́ВЕРКАМП (Avercamp) Хендрык (25.1.1585, Амстэрдам — 15.5.1634),

галандскі жывапісец. Стварыў жанрава-пейзажныя карціны, характэрныя для галандскага рэалізму пач. 17 ст., невялікія зімовыя пейзажы ў светла-серабрыстай гаме («Катанне на каньках»).

Х.Аверкамп. Катанне на каньках.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́МПІЙ (Аліпій; ? — 17.8.1114),

старажытнарускі жывапісец і ювелір. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, з 1084 удзельнічаў у размалёўцы яе Успенскага сабора. Ёсць меркаванне, што Алімпій пісаў абразы, выканаў мазаікі для сабора Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЖЫК Якуб, бел. жывапісец 14 ст. Паходзіў з бел. зямель. Быў запрошаны каралём Ягайлам і працаваў пры яго двары ў Кракаве каля 10 гадоў. Аўтар першых партрэтаў Ягайлы («Каралеўскіх выяў»), жанравых і гіст. карцін, абразоў.

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)