скуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Жаласна выць, падвываць (пра жывёліну). Сабака ўсё выў. Не, нават не выў, а скавытаў, скавытаў ціха, расцяжна, бы ўсё роўна галасіў, некага аплакваў .. «Чаго ён гэтак жаласліва вые, чаго скуголіць?» Сачанка. Сабака аж заходзіўся на дварэ, а ваўчаня бегае па хаце і скуголіць. Пальчэўскі. Свінні, парасяты .. чухаліся аб жардзіны плота, паціху і нудна скуголілі ад холаду. Дуброўскі. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. Ніхто не мог падступіцца не тое што да склада, дык і да станцыі: асколкі снарадаў ляцелі, скуголілі на ўсё наваколле. Сабаленка. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Колас. Глядзіш, праз пару месяцаў .. сіпаты гармонік [Гарыка] ўжо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Разм. Ціха, жаласна плакаць, енчыць. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Асіпенка. [Хлопец] неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Чорны.

2. перан. Разм. Наракаць, скардзіцца, прасіць чаго‑н. — І навошта гэта, і навошта, — скуголіў пасажыр. — Выпілі б па чарцы дый раз’ехаліся... Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ску́так1 ‘вынік, вывад; паляпшэнне спраў’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘прыбытак’ (Касп.), ‘ужытак’ (Нас.), ‘паразуменне, згода, аднадумнасць’ (Скарбы); скутак: дабіцца скутку ‘упарадкаваць, раскласці належным чынам думкі ці рэчы’ (Мілк.). Запазычанне з польск. skutek ‘вынік, вывад’, якое да *kutiti ‘упрыгожваць, убіраць’ (Кюнэ, Poln., 98), мажліва звязанага з кутаць (гл.). Скуткава́ць ‘карыстацца’ (Нас.) таксама з польск. skutkować ‘прыносіць карысць, памагаць’. Ст.-бел. скутокъ ‘вынік, канец’ з ст.-польск. skutek фіксуецца з 1507 г. (Булыка, Лекс. запазыч., 193).

*Ску́так2, ску́ток ‘нясцерпнае становішча’ (драг., З нар. сл.), скутова́цца ‘мучыцца, цярпець боль’ (ТС). Няясна. Магчыма, звязана з ску́чыць ‘сумаваць’: баба скучыць без вас (ТС), параўн. серб.-харв. ску́чити ‘прыцясніць, паставіць у невыносныя ўмовы’, а таксама каш. skąčëcенчыць, скардзіцца, капрызіць’, чэш. skučeti ‘выць, скавытаць’, славац. skučať ‘тс’, славен. дыял. skúčati ‘тс’, што ўзыходзяць да прасл. *skučiti ‘скавытаць’, звязанага з *ščemiti (гл. шчаміць), што ўрэшце лічыцца зыходным для скучна ‘сумна, нудна’ (Ян.), ску́чно ‘тс’ (ТС), якія ўспрымаюцца ў сучаснай мове як русізмы, параўн. рус. скучно ‘тс’. Аднак фанетычныя цяжкасці (немагчымасць т > ч) прымушаюць крыніцу слова бачыць у скутак1 праз значэнне ‘выйсце са становішча’ — ‘цяжкае становішча’, параўн. трээ шукаць іньшаго скутку (Сержп. Прымхі, 188), ён і хворым памагае, й у клопаце дае скутак (Сержп.). Параўн. Фасмер, 3, 661; ЕСУМ, 5, 290; Борысь, Etymologie, 647–648.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)