Дзейнічала ў 1833—1917 у Магілёве пры губернскім праўленні. У 1846 ёй перададзена абсталяванне кансісторскай друкарні (гл.Магілёўская друкарня). Друкавала газ.«Могилевские губернские ведомости», штогадовыя даведнікі «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), афіц. матэрыялы губернскага праўлення, матэрыялы мясц.дзярж. устаноў і грамадскіх арг-цый і інш. У 1853—55 выдадзена першая кніга «Магілёўская флора» Р.Пабо і К.А.Чалоўскага. Сістэматычнае кнігадрукаванне пачалося з 1861. Усяго выдадзена каля 217 назваў кніг, пераважна свецкай тэматыкі (маст., навук., даведачныя і інш.) на рус. мове (рэліг.л-ра складала 4,6% ад агульнай колькасці). Сярод выданняў краязнаўчыя працы па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі: «Гістарычны нарыс Магілёўскай губерні» М.В.Фурсава (1882), «Дзённік курганных раскопак, зробленых ... на працягу лета 1892 г. ў паветах Рагачоўскім, Быхаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Мсціслаўскім» Фурсава і С.Ю.Чалоўскага (1892), «З хронікі г. Магілёва за час з 1706—09 гг.» (1904), «Бялыніцкі Раства-Багародзіцкі манастыр» Ф.А.Жудро (1911), «Гістарычная даведка Магілёўскай мужчынскай гімназіі, 1809—1909» М.П.Сазонава (1909), збор гіст. матэрыялаў «Магілёўская даўніна», «Спроба апісання Магілёўскай губерні...» пад рэд. А.Дамбавецкага (кн. 1—3, 1882—84), «Вясельныя песні беларускія» Дамбавецкага (1884), «Беларускі зборнік» Е.Раманава (вып. 6, 1901), «Кароткая даведка аб пяцідзесяцігадовым існаванні Магілёўскай жаночай гімназіі (1865—1915)» (1915) і інш. На бел. мове надрукавана кн. «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (1900—02).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1797—1917 у Мінску. Друкавала афіц. матэрыялы, газ.«Минские губернские ведомости», «Памятную кніжку Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па пытаннях гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, асветы, маст. л-ры на рус. мове. Сярод выданняў «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні» (1848), «Паўночна-Заходні каляндар» на 1892—93 пад рэд. А.Слупскага, «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» Г.Х.Татура (1892), «Працы Таварыства мінскіх урачоў» (1895—1901), «Працы Мінскай раённай доследнай балотнай станцыі» (1914—15), аповесць у вершах «Пан Дольскі, ці Спатканне з дачкой» Дз.Сергіеўскага (1845) і інш. Надрукавала больш за 170 выданняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1820—1915 у Гродне. Друкавала афіцыйныя матэрыялы, а таксама па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры Беларусі, маст. творы і інш. З 1838 друкавала газ.«Гродненские губернские ведомости», у 1858—1915 «Адрас-каляндар і даведачную кніжку Гродзенскай губерні», у 1880—1914 «Агляд Гродзенскай губерні», у 1890—1906 «Памятную кніжку Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў». Усяго выдала больш за 200 друкаваных адзінак, каля 150 назваў кніг. Зачынена ў сувязі з акупацыяй Гродна герм. войскамі.
Былі выдадзены паэма «Тарас на Парнасе» (1896, на бел. мове), працы «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» М.А.Дзмітрыева (1868), «Апісанне горада Слоніма» М.Г.Мілакоўскага (1891), «Матывы вясельных песень пінчукоў» М.В.Доўнар-Запольскага (1893), «Горад Брэст-Літоўск і яго старажытныя храмы» Л.С.Паеўскага (1894), «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» А.Я.Багдановіча (1895), «Кароткі гістарычны нарыс Гродзенскай губерні за сто гадоў яе існавання, 1802—1902» Л.Саланевіча (1901), «Гістарычны нарыс Гродзенскай губерні ў ваенна-палітычных адносінах за першыя сто гадоў яе існавання (1802—1902)» У.С.Манасеіна (1902), «Гродзенская даўніна. Ч. 1. Гор. Гродна» (1910) і інш.