1.Дзеяннепаводледзеясл. прабаваць, пробаваць (у 1 знач.).
2. Невялікая частка чаго‑н., узятая для праверкі, вызначэння якасці. Узяць пробу. □ Захапіўшы з сабой кірку, компас, ручны бур для даследавання выхадаў нафты, скрынку для проб розных парод і, вядома, карту Гаўрынава, падарожнікі выйшлі з двара.Гамолка.Пасля кожнай варкі ў лабараторыю ідзе проба. Прадукцыю правяраюць на ўтрыманне цукру, тлушчу, сухіх рэчываў.«Беларусь».
3. Колькасць вагавых частак высакароднага металу, якая змяшчаецца ў пэўнай колькасці вагавых долей сплаву, а таксама кляймо, якое абазначае гэту колькасць, на вырабах з высакароднага металу. Вызначыць пробу плаціны. Золата 958 пробы.
4. Выпрабаванне. Проба агнём.
•••
Высокай (вышэйшай) пробы — вельмі высокай якасці, кваліфікацыі і г. д.
На пробу (узяць, даць) — для праверкі, ацэнкі і г. д.
Нізкай пробы — вельмі нізкай якасці, уласцівасці і г. д.
Проба пяра — пра першы літаратурны твор. Да гэтага часу [вучобы ў Койданаўскім вучылішчы] адносіцца і мая першая проба пяра.Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
такт1, ‑а, М ‑кце, м.
1. Метрычная музычлая адзінка — кожная з роўных па працягласці долей, на якія дзеліцца музычны твор па ліку метрычных націскаў у ім. Трохдольны такт. Трымаць ноту тры такты.// Графічнае абазначэнне мяжы такой долі ў выглядзе вертыкальнай лініі.
2.Разм. Рытм якога‑н. руху, дзеяння. Залатыя цапы Выбівалі прыглушана такт: — Так-так-так!Блатун.Танцоры ўсё павялічваюць тэмп, ногі ўсё хутчэй і хутчэй адбіваюць такт.«Полымя».
3.Спец. Частка рабочага цыкла якога‑н. механізма. Такт поршня паравой машыны.
•••
У такт — у адпаведнасці з рытмам чаго‑н. Андрэй ужо думаў, што з яго ніколі не выйдзе сявец, як раптам адчуў, што ногі яго ступаюць у такт руцэ, а рука сыпле зярняты ў такт крокам.Чарнышэвіч.
[Ням. Takt ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]
такт2, ‑у, М ‑кце, м.
Пачуццё меры, якое падказвае найбольш правільны падыход, найбольш далікатную лінію паводзін у адносінах да каго‑, чаго‑н.; захаванне правіл прыстойнасці. Трымаць сябе з тактам. Адсутнасць такту. Педагагічны такт. □ [Марынчук:] — Дзе б такт праявіць, вытрымку, калі ўжо так атрымалася, а ты [Дробаў], бач, напіўся, рукі ў ход пусціў.Ракітны.Дунін-Марцінкевіч праявіў вялікі такт пісьменніка, каб, у адпаведнасці з жыццёвай праўдай, прымусіць сваіх дваран дзейнічаць «у сферы свайго побыту, свайго характару і тых абставін, пад уплывам якіх яны знаходзяцца».«Полымя».
[Фр. tact ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВО́ДАРАСЦІ (Algae),
зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.
Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.
Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд.т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.
Літ.:
Водоросли: Справ. Киев, 1989;
Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;
Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ТНАЕ ПІСЬМО́, натацыя (ад лац. notatio запісванне, абазначэнне),
сістэма графічных знакаў для запісу музыкі, а таксама сам запіс.
Узнікла ў старажытнасці. Першапачаткова перададзеныя па слыху мелодыі абазначаліся піктаграфічным спосабам (з дапамогай выяў) або на аснове алфавітаў, ідэаграфічнага (іерагліфічнага) пісьма і лічбаў (вызначалі ў асн. вышыню гукаў, зрэдку рытм). Найб.стараж. сістэмы натавання кітайская (1300 да н.э.), вавілонская (800 да н.э.), індыйская і грэч. (400 да н.э. — 400 н.э.). У сярэднія вякі для натавання літургічнай музыкі найб. карысталіся неўменным пісьмом (спец. знакі — неўмы — пісаліся над словамі тэксту для напаміну мелодыі песнапенняў). Паступова для больш дакладнага абазначэння вышыні неўмаў пачалі карыстацца лініямі, якія не паказвалі дакладную вышыню гукаў, але дазвалялі адрозніваць гукі адносна больш нізкія і больш высокія. Колькасць такіх ліній дасягала 18; яны як бы ўзнаўлялі на паперы струны муз. інструмента. У 11 ст.Гвіда д ’Арэца ўвёў 4 нотныя лініі (прататып сучаснага нотнага стану). У пачатку ліній ён змяшчаў літарныя знакі (прататыпы сучасных ключоў), што пазначалі дакладную вышыню запісаных на лініях гукаў. Пазней неўменныя знакі заменены квадратнымі або ромбападобнымі нотнымі галоўкамі (пазначалі толькі вышыню гукаў). Неўменным Н.п. найчасцей запісвалі грыгарыянскі харал (адсюль назва харальная натацыя). У канцы 12 ст. пачалі пазначаць працягласць гукаў, узнікла мадальная натацыя. вытокам якой былі старагрэч. стопы — модзі (адсюль назва). У пач. 14 ст. ўзнікла т.зв.мензуральнае Н.п. Яно адначасова фіксавала вышыню і працягласць гукаў (апошнюю вызначала форма нотных галовак) і служыла пераважна для запісу ансамблевай музыкі. Знакі мензуры, якія ўстанаўлівалі 3- або 2-дольнасць кожнай нотнай працягласці, змяшчаліся ў пачатку нотнага радка. пры змене мензуры — у сярэдзіне нотнага тэксту. Знакі паўз адпавядалі мензуральным працягласцям і насілі іх назвы. У 15—17 ст. існавала таксама літарная. або лічбавая сістэма, т.зв. табулатура, для запісу сольнай інстр. музыкі, якая мела шмат разнавіднасцей адпаведна асаблівасцям асобных інструментаў (напр., клавішная. або арганная, лютневая, гітарная, скрыпічная, для цытры, флейты і інш.). Існавалі і нац. табулатуры: ням.. ісп., франц., італьян. і найб.стараж. — англійская (каля 1325). Ва. Усх. Еўропе існавалі самаст. візантыйская (10—18 ст.) і стараж.-руская неўменныя сістэмы натацыі. Найб.стараж. візантыйскія помнікі запісаны экфанетычным Н.п. (9—11 ст.), якое пазначала акцэнты і муз.-рэчытатыўныя інтанацыі літургічных тэкстаў. рытарычныя фігуры (пытанне, вокліч, сцвярджэнне), у пач. 12—15 ст. — вышыню кожнага гуку і акцэнтна-рытмічную структуру мелодыі. У 15 ст. ўведзены дадатковыя знакі для запісу мелізматычных формул. Стараж.-рус. безлінейная сістэма знаменнага Н.п., як і сам знаменны спеў (роспеў), была ўласціва помнікам пісьмовай муз. культуры рускіх, беларусаў, украінцаў, балгар, сербаў, харватаў і інш. У Расіі ў канцы 11—17 ст. існавала безлінейнае знаменнае, стаўпавое або крукавое Н.п. (гл.Крукі). Напачатку яно ўяўляла сабой разнавіднасць ідэаграфічнага неўменнага пісьма — знакі паказвалі асобныя інтанацыі або матывы, а не дакладную вышыню і працягласць гукаў. У 2-й пал. 16 ст. ўведзены кінаварныя паметы, якія паказвалі не толькі вышыню. але і колькасць гукаў, іх напрамак і працягласць. Знакі знаменнага Н.п. адпавядалі 1, 2, 3. 4 і больш гукам, часам цэлым папеўкам, т.зв. какізам. Найб. развітыя мелодыі былі звязаны з тайназамкнёнымі знакавымі зваротамі — ліцамі і фітамі (дайшло больш за 900). Зберагліся фітнікі — зборнікі, дзе змешчаны фіты ў іх графічным абрысе і назве, а таксама з разводам (перакладам на больш даступныя і агульнаўжывальныя знакі безлінейнага Н.п.). Існавалі таксама стараж.-рус. безлінейная кандакарная муз. сістэма (ад грэч. кандак — кантак — палачка, на якую нагортвалі скрутак пергаменту), дзямественная, пуцявая і казанская сістэмы Н.п. (канец 16—17 ст.). У сярэдзіне 17 ст. ўзнікла 5-лінейнае квадратнае кіеўскае Н.п. (занесена ў Расію выхадцамі з Беларусі і Украіны). У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі існавала лічбавая нотная сістэма — цыфір, дзе ноты замяняліся лічбамі. Цыфір’ю надрукаваны 2 зб. «Лепта» (1890, 1914), дзе змешчаны рус., бел. і ўкр.канты і псальмы.
На Беларусі ўжо з 2-й пал. 15 ст. вядома квадратная лінейная натацыя на ўзор ранняй чэшскай, якою запісаны Істэбніцкі канцыянал Яна Гуса (1420). У 1-й пал. 16 ст. паявіліся друкаваныя зборнікі з 5-лінейнай неўменнай зах,еўрап. натацыяй (гл.Канцыяналы). Першы бел. рукапісны зборнік з 5-лінейным кіеўскім Н.п. — «Супрасльскі ірмалагіён» (1598—1601). Зборнік бел. музыкі «Полацкі сшытак» (16—17 ст.) напісаны квадратнай кіеўскай і круглай італьян. нотай, што ляжыць у аснове сучаснага Н.п. Перавага сучаснага Н.п. ў нагляднасці абазначэння гукавышыннага становішча нот і іх метрарытмічных суадносін, у наяўнасці ключоў, якія дазваляюць карыстацца нотным станам для запісу розных дыяпазонаў муз. гукарада, абмежавацца 5-лінейнай нотнай сістэмай і толькі зрэдку звяртацца да дадатковых ліній і вызначэнняў. Элементы сучаснага Н.п. — 5-лінейны нотны стан, ключы, якія паказваюць вышыннае значэнне яго ліній, нотныя знакі — ноты і іх розныя элементы, што выяўляюць адносную працягласць гукаў паводле матэм. прынцыпу дзялення на 2 кожнай нотнай (часавай) долі; знакі альтэрацыі пры ключы, якія фіксуюць вышыню дадзенай ступені на працягу ўсяго твора, і пры асобных нотах (выпадковыя) для змены вышыні ступені толькі ў дадзеным такце і актаве; вызначэнні метра, ці колькасці часавых долей у дадзеным такце і іх працягласці; дадатковыя знакі для павелічэння працягласці гуку (кропка. фермата. ліга), аб’яднання некалькіх нотных станаў у агульную нотную сістэму ў адпаведнасці з магчымасцямі інструмента, ансамблевых, хар. і аркестравых складаў. Існуе і развітая сістэма дадатковых абазначэнняў — нюансаў тэмпавых (allegro, andante, adagio, presto і ў лічбах ваганняў маятніка метранома), дынамічных і тых, што ўказваюць на прыёмы выканання, характар выразнасці і інш., што дае магчымасць фіксаваць музыку больш дакладна. З паяўленнем новых муз. плыней 20 ст. адбываецца. з аднаго боку, далейшае ўдакладненне і ўзбагачэнне выканальніцкіх пазначэнняў, пашырэнне іх комплексу, з другога — адмаўленне ад дакладнай пісьмовай фіксацыі муз. твораў, магчымасць нотнага запісу ў выглядзе шэрагу накідаў, свайго роду муз. графікі, спецыфічныя формы запісу, прызначаныя для абазначэння ў тэксце асобых эфектаў гучання і інш.
Літ.:
Ластоўскі В.У. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926;
Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;
Бражников М.В. Древнерусская теория музыки. Л., 1972;
Rybaric R. Vývoj európskeho notopisu. Bratislava, 1982.
Л.П.Касцюкавец.
Да арт.Нотнае пісьмо. Неўменная натацыя.Да арт.Нотнае пісьмо. Італьянская лютневая табулатура. 1507.Да арт.Нотнае пісьмо. Фрагмент трохрадковага песнапення з пеўчага рукапіснага зборніка 1-й пал. 17 ст. Дзямественная натацыя.Да арт.Нотнае пісьмо. Сучасная натацыя.