ГВІНДЖЫ́ЛІЯ Джансуг Мікалаевіч (н. 14.10.1940, в. Дымі Багдадскага р-на, Грузія),
грузінскі пісьменнік, крытык, публіцыст. Скончыў Кутаіскі пед. Ін-т (1964). Аўтар літ.-публіцыстычных зб-каў «Пачуццё меры ў сучаснай крытычнай думцы» (1979), «Асоба Георгія Саакадзе» (1980), «Паэтычная энергія» (1983), «Душа-стваральніца» (1985), «Рэальнае жыццё грузіна» (1992, Дзярж. прэмія Грузіі 1993), «Краіна — доля Багародзіцы» (1997), у якіх адлюстраваны актуальныя праблемы сучаснай груз. л-ры, праблемы адраджэння і сцвярджэння нац. самасвядомасці груз. народа.
Д.Мчэдлуры.
т. 5, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́НІЯ Валяр’ян (Валіко) Леванавіч (21.1.1862, с. Экі, Цхакаеўскі р-н, Грузія — 31.7.1938),
грузінскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. Грузіі (1933). З 1882 у груз. драм. трупе ў Тбілісі. Акцёр яркага тэмпераменту, глыбокай думкі. Ствараў рознахарактарныя вобразы: Како («Како разбойнік» паводле І.Чаўчавадзе), Кароль Лір, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Скалазуб («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Аўтар п’ес (першая — «Незаконнанароджаны», 1882), лібрэта да опер. З 1913 здымаўся ў кіно.
т. 5, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ Зураб Іванавіч (н. 12.4.1928, Кутаісі),
грузінскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1952), з 1971 выкладае ў ей (праф. з 1984). У 1952—59 і з 1970 саліст Т-ра оперы і балета імя Паліяшвілі (Тбілісі), у 1959—70 — Вял. т-ра. Сярод лепшых партый: Абесалом («Абесалом і Этэры» З.Паліяшвілі), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Дзярж. прэмія Грузіі 1971.
т. 1, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗБЕ́ГІ Аляксандр (20.1.1848, г.п. Казбегі, Грузія — 22.12.1893),
грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1880. Майстар псіхалагізаванага пейзажу. У рамане «Элгуджа» (1881), аповесцях «Элісо» (1882), «Ціко» (1883), «Хевісберы Гоча» (1884), «Пастыр» (1885), п’есах «Адзін з няшчасных» (паст. 1880), «Раніца пасля вяселля», «Арсен» (абедзве паст. 1882) і, інш. адлюстраваў драм. старонкі жыцця і змагання горцаў за сваю свабоду, незалежнасць, чалавечую годнасць. Яго творы прасякнуты ідэямі гуманізму, верай у нязломнасць духу груз. народа.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Тбилиси, 1974.
т. 7, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧХЕІ́ДЗЕ Рэваз Давідавіч (н. 8.12.1926, Тбілісі),
грузінскі кінарэжысёр. Нар. арг. СССР (1980). Скончыў Усерас. дзярж. ін-т кінематаграфіі (1953). З 1953 рэжысёр-пастаноўшчык, з 1974 дырэктар кінастудыі «Грузія-фільм». Паставіў фільмы: «Лурджа Магданы» (1955, з Т.Абуладзе; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Кане, 1956), «Наш двор» (1957), «Мая з Цхнеты» (1959), «Бацька салдата» (1965), «Ну і моладзь!» (1969), «Саджанцы» (1973), «Твой сын, зямля» (1981) і інш. Ленінская прэмія 1986 (у 1991 ад яе адмовіўся).
т. 17, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЭТЭРЫЯ́НІ»,
«Абесалом і Этэры», грузінскі рамант. эпас. Створаны прыкладна ў 10—11 ст. на аснове перапрацоўкі стараж. казачнага цыкла пра мачаху і падчарыцу. У паданні адлюстраваны нар. ўяўленні пра высакародныя чалавечыя адносіны. У аснове сюжэта трагічнае каханне царэвіча Абесалома і пастушкі Этэры, іх барацьба з візірам Мурманам. У творы напружаная сюжэтная калізія, тонка распрацаваныя вобразы, багатая паэт. мова. На сюжэт «Э.» створаны паэма Важа Пшавелы «Этэры», опера З.Паліяшвілі, маст. фільмы.
т. 18, кн. 1, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАШЫ́ДЗЕ Грыгол Рыгоравіч (1.8.1914, г. Чыятура, Грузія — 29.7.1994),
грузінскі пісьменнік. Акад. АН Грузіі (1979). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тбіліскі ун-т (1936). Распрацоўваў гіст. і актуальныя тэмы сучаснасці: паэмы «Георгій Шосты» (1942), «Непераможны Каўказ» (1943), «Легенда пра першых тбілісцаў» (1959), цыкл вершаў «Продкі і сучаснікі. Літаратурныя пісьмы» (1979), зб. вершаў «Залаты вінаграднік» (1966) і інш. Раманы (трылогія) «Лашарэла» (1957), «Доўгая ноч» (1963), «Цотнэ, або Падзенне і ўзвышэнне Грузіі» (1975) прысвечаны Грузіі 11—13 ст. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 1, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАСЕЛІЯ́НІ Атар Давідавіч (н. 2.2.1934),
грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1984). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). Паставіў фільмы: «Лістапад» (1968), «Жыў пеўчы дрозд» (1971), «Пастараль» (1982), «Фаварыты месяца» (1984), «І стаў свет», «Пажар, убачаны здалёк» (абодва 1989). Творчай манеры характэрны паэт. назіранне рэальнасці, уменне перадаць атмасферу дзеяння; у апошніх работах адчуваецца прытчавы пачатак. Прызы міжнар. кінафестываляў у Зах. Берліне (1982), Венецыі (1984) і інш.
Літ.:
Церетели К. Трилогия Отара Иоселиани // Кинопанорама. М., 1981. Вып. 3.
т. 7, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́ДЗЕ Карло Раждзенавіч (29.3.1904, г. Кутаісі, Грузія — 11.12.1988),
грузінскі паэт, драматург. У зб-ках вершаў «Хертвіскія досвіткі» (1937), «У родным краі» (1949), «На беразе Чорнага мора» (1962), «Думы» (1970) тэмы станаўлення сацыяліст. рэчаіснасці, нараджэння новай псіхалогіі, маляўнічыя карціны груз. прыроды. Аўтар п’ес «Як гэта было» (1929), «Дом на беразе Куры» (паст. 1931), «Хатыджэ» (паст. 1929), «Камедыя адной ночы» (паст. 1945) і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У Карызна, В.Лукша, К.Цвірка, В.Шымук.
т. 7, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛДЫЯШВІ́ЛІ Давід Самсонавіч (23.9.1862, в. Сіманеты Тэржольскага р-на, Грузія — 24.4.1931),
грузінскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Грузіі (1930). Друкаваўся з 1885. У аповесцях «Саламон Марбеладзе» (1894), «Мачыха Саманішвілі» (1897), «Нягоды сям’і Камушадзе» (1900) рэалістычна паказаў жыццё, побыт народа Зах. Грузіі, дэградацыю тагачаснага дваранства. П’есы К. «Шчасце Ірыны» (1897), «Нягоды Дарыспана» (1903), «Бяда» (1914) прасякнуты гумарам, адметныя каларытнымі нац. характарамі. Аўтар мемуараў «На маім жыццёвым шляху» (1925).
Тв.:
Рус. пер. — Соч. T. 1—2. Тбилиси, 1950—52;
Избранное. Тбилиси, 1956.
т. 8, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)