БА́РАЎ ((Barrow) Джон) (19.6.1764, Дралейбек, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — 23.11.1848),

англійскі падарожнік. Даследаваў Кітай (1792) і Паўд. Афрыку (1795—1802, дасягнуў р. Аранжавая). Заклаў асновы геагр. ведаў аб Паўд. Афрыцы («Падарожжа ўнутр Паўднёвай Афрыкі», т. 1—2, 1801—03). Найб. значны яго твор «Храналагічная гісторыя падарожжаў у Арктычныя рэгіёны» (1818) садзейнічаў аднаўленню вывучэння Арктыкі і пошукаў Паўн.-Зах. праходу. Імем Бараў названы праліў у Канадскім Арктычным архіпелагу і мыс на Алясцы.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІДС (Leeds),

горад у цэнтр. ч. Вялікабрытаніі, на р. Эр. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Уэст-Иоркшыр. Вядомы з 7 ст. 677 тыс. ж. (1991). Вузел 7 чыгунак і 11 аўтадарог. Каналам звязаны з марскім портам Ліверпул. Важны прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т.л. эл.-тэхн.), ліцейная, швейная, шарсцяная, паліграф., мэблевая, харчовая. Ун-т. Музей, маст. галерэя. Арх. помнікі 17—19 ст.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЛІ ((Joly) Джон) (1.11.1857, графства Офалі, Ірландыя — 8.12.1933),

англійскі геолаг і геафізік. Скончыў Трыніты-каледж у г. Дублін. З 1897 праф. у Дублінскім ун-це. Першым звярнуў увагу на значэнне радыеактыўных элементаў для цеплавога рэжыму Зямлі. Па колькасных вызначэннях наяўнасці радыеактыўных элементаў у розных горных пародах падлічыў колькасць энергіі, якая вылучаецца ў працэсе радыеактыўнага распаду. Атрыманыя звесткі выкарыстаў для пабудовы геатэктанічнай гіпотэзы, якой спрабаваў растлумачыць перыядычнасць тэктанічных працэсаў.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫГС ((Briggs) Генры) (2.1561, Уолівуд, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — 26.1.1630),

англійскі матэматык. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1588). З 1619 праф. Оксфардскага ун-та. Навук. працы па геаметрыі, трыганаметрыі і навігацыі. Склаў і апублікаваў першыя табліцы дзесятковых лагарыфмаў: 8-значныя для лікаў першай тысячы (1617), 14-значныя для лікаў ад 1 да 20 000 і ад 90 000 да 100 000 (1624). У 1633 выдадзены 14-значныя табліцы лагарыфмаў трыганаметрычных функцый, падрыхтаваныя Брыгсам з Г.Гелібрандам.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ДЭН (Eden) Роберт Энтані, лорд Эйван (Avon; 12.6.1897, Уіндлстан, графства Дарэм, Вялікабрытанія — 14.1.1977), дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі. Адукацыю атрымаў у Ітане і Оксфардскім ун-це. У 1935—38, 1940—45, 1951—55 міністр замежных спраў, у 1939—40 міністр па справах калоній, у 1955—57 прэм’ер-міністр. Адзін з ініцыятараў англа-франка-ізраільскага ўварвання ў Егіпет у 1956. Пасля яго правалу вымушаны пайсці ў адстаўку. У 1961 атрымаў тытул лорда.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ТЫНГЕМ (Nottingham),

горад у цэнтр. ч. Вялікабрытаніі, на р. Трэнт. Адм. ц. графства Нотынгемшыр. Вядомы з 9 ст. Каля 280 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр лёгкай прам-сці (вытв-сць трыкат. і швейных вырабаў, нітак, карункаў і інш.). Вытв-сць матацыклаў і веласіпедаў, прадпрыемствы харчасмакавай, у т.л. тытунёвай; фармацэўтычнай прам-сці. Ун-т. 2 тэатры. Маст. музей. Арх. помнікі 11—18 ст. Паркі, у т.л. Уолатан з палацам Уолатан-хол.

т. 11, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НС I, Афонсу (Affonso) Заваёўнік (1107 ці 1111, Гімарайнш, акруга Брага — 6.11 ці 9.12.1185),

першы кароль Партугаліі [1139—85]. З Бургундскай дынастыі. У 1112 атрымаў у спадчыну леннае ўладанне бацькі Генрыха Бургундскага — графства Партугалія, якім да 1128 кіраваў пад апекай маці. Пасля перамогі (1139) над маўрамі каля Арыкі прыняў тытул караля. У 1143, абвясціўшы сябе папскім васалам, пазбавіўся вярх. улады сюзерэна — караля Кастыліі і Леона. Адваяваў у маўраў Лісабон (1147), заснаваў рыцарскія ордэны Ала і Авіс (гл. Авіскі ордэн).

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́КАН ((Bacon) Роджэр) (каля 1214, Ілчэстэр, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 11.6.1294),

англійскі філосаф, прыродазнавец. Манах-францысканец. Праф. Оксфардскага ун-та. Выступаў супраць схаластыкі і сляпога пакланення перад царк. аўтарытэтамі. У 1257 адхілены ад выкладання, у 1278 асуджаны і зняволены на 14 гадоў у манастырскую турму. Абстрактным і неправераным тэарэт. меркаванням супрацьпастаўляў прынцып канкрэтных доследных ведаў. Матэматыку лічыў «дзвярыма і ключом» да інш. навук. У тэорыі пазнання быў прыхільнікам наміналізму. Займаўся оптыкай і астраноміяй, прадбачыў многія пазнейшыя адкрыцці (тэлескоп, лятальныя апараты і інш.).

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙН ((Vane) Джон Роберт) (н. 29.3.1927, Тардэбіг, графства Херэфард-энд-Вустэр. Вялікабрытанія),

англійскі фармаколаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Д-р філасофіі (1953). Скончыў ун-т у Бірмінгеме (1946). З 1946 у Оксфардзе, з 1953 у Іельскім ун-це, з 1955 у Ін-це фундаментальных мед. даследаванняў пры Каралеўскім каледжы хірургаў, з 1973 дырэктар аддзела даследаванняў і развіцця Фонду Уілкама ў Лондане. Навук. працы па вылучэнні простагландзінаў і вывучэнні іх хіміі і біяхіміі. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.Бергстрамам і Б.Самуэльсанам).

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЛАЎ ((Barlow) Петэр) (13.10.1776, Норвіч, графства Норфалк, Вялікабрытанія — 5.3.1862),

англійскі матэматык і фізік. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1823), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Адукацыю атрымаў самастойна. З 1801 выкладаў у Каралеўскай ваен. акадэміі ў Вулвічы. Навук. работы па матэматыцы, эл.-магнетызме і оптыцы. Распрацаваў ахраматычныя лінзы, сканструяваў першую мадэль эл. рухавіка, склаў «Барлаў табліцы» (1814), якія рэгулярна перавыдаваліся да 1947.

Тв.:

Таблицы квадратов, кубов, квадратных корней, кубических корней и обратных величин всех целых чисел до 15 000. М., 1975.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)