ПАРОДАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

найб. пашыраныя мінералы зямной кары, з якіх пераважна або цалкам складзены горныя пароды. Прадстаўлены сілікатамі (больш за 75% масы зямной кары), карбанатамі, аксідамі, хларыдамі і сульфатамі. Вылучаюць галоўныя (асноўныя) П.м. (больш за 10% у пародзе), другарадныя (1—10%) і акцэсорныя мінералы (менш за 1%). Найб. пашыраныя П.м.; кварц, палявыя шпаты, слюды (характэрны для ўсіх груп парод: магматычных, асадкавых, метамарфічных); амфіболы, піраксены (магматычныя, метамарфічныя); гліністыя (гідраслюда, каалін, монтмарыланіт) і карбанатныя (кальцыт, даламіт) мінералы (пераважна асадкавыя). Радзей П.м. з’яўляюцца алівін, ільменіт, нефелін, лейцыт, магнетыт, гранат, хларыт, глаўканіт, апатыт, гіпс, ангідрыт, галіт, сільвініт і інш. Адрозніваюць П.м.: светлыя (кварц, палявыя шпаты і інш.) і цемнаколерныя (біятыт, амфіболы, піраксены і інш.); першасныя (сінгенетычныя з утварэннем пароды) і другасныя (узнікаюць пры пераўтварэнні пароды). Хім. элементы, якія складаюць П.м., наз. петрагеннымі.

Я.​І.​Аношка.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТ (польск. grunt ад ням. Grund аснова, глеба),

1) горная парода, якая залягае непасрэдна пад глебай.

2) Зборная назва горных парод, глеб, тэхнагенных утварэнняў, якія знаходзяцца ў сферы ўздзеяння інжынерных збудаванняў і разглядаюцца з інж.-буд. пункту гледжання. Адрозніваюць грунты: скальныя (маюць высокую мех. трываласць, з’яўляюцца пругкімі цвёрдымі целамі), паўскальныя (з паніжанымі мех. ўласцівасцямі), мяккія гліністыя (з пластычнымі ўласцівасцямі, звязаныя), рыхлыя, сыпкія (незвязаныя), слабыя (лёгка паддаюцца дэфармацыі). Складаюцца з цвёрдых (мінералы, лёд, мінералаарганічныя ўтварэнні), вадкіх (водныя растворы), газападобных (газы, паветра) і біятычных ці жывых кампанентаў. Найважнейшыя ўласцівасці грунту: фізічныя (шчыльнасць, цеплаправоднасць, электраправоднасць, пранікальнасць і інш.), фіз.-хімічныя (растваральнасць, адсарбцыйная і каразійная ўласцівасць, пластычнасць і інш.), механічныя (пругкасць, трываласць на разрыў, сцісканне і інш.). Грунты выкарыстоўваюцца ў якасці асновы будынкаў і збудаванняў, матэрыялу для дарог, плацін, насыпаў, асяроддзя для размяшчэння падземных збудаванняў (тунэляў, сховішчаў, трубаправодаў і інш.). Паняцце «грунт» ужываецца таксама ў адносінах да Месяца (месяцавы грунт) і інш. планет Сонечнай сістэмы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯРЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА,

1) глебаўтваральная парода, верхні слой зямной кары, горныя пароды якога ператвараюцца ў глебу ў выніку фіз., хім., біял. працэсаў і дзейнасці чалавека; адзін з глебаўтваральных фактараў. Паводле паходжання адрозніваюць М.п. азёрныя, алювіяльныя, балотныя, дэлювіяльныя, ледавіковыя, магматычныя, марскія, пралювіяльныя, элювіяльныя, эолавыя (гл. адпаведныя арт.) і інш. Паводле хім.-мінералагічных уласцівасцей яны бываюць карбанатныя, кварцавыя, палёвашпатавыя і інш. Паводле будовы тоўшчы падзяляюцца на аднародныя (магутнасць больш за 1,5 м), двух-, трох-, шматчленныя (пароды зменьваюцца ў межах глебавага профілю). Паводле мех. складу вылучаюць М.п. гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і іх камбінацыі. Ад уласцівасцей М.п. залежаць мінералагічны, хім., грануламетрычны склад глебы, яе водна-фіз. ўласцівасці і ўрадлівасць. На Беларусі М.п. — адклады антрапагенавага перыяду (пераважна сярэдняга, позняга плейстацэну і галацэну), у асобных раёнах — выхады больш стараж. адкладаў. Пераважныя генет. тыпы М.п.: марэнныя адклады, флювіягляцыяльныя адклады, азёрна-ледавіковыя і інш. 2) Горная парода, з якой паходзяць інш. горныя пароды або карысныя выкапні.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ННЫ лекавыя,

фізіятэрапеўтычная працэдура, калі на цела ці частку цела хворага ўздзейнічаюць пэўным асяроддзем з лек. ўласцівасцямі. Гал. лек. фактары ванн: тэмпературнае, мех. і хім. ўздзеянне на арганізм. Вядомы з даўніх часоў. Выкарыстоўваюць на курортах, у водагразелячэбніцах, спец. аддзяленнях паліклінічных і бальнічных устаноў. Хваробы, пры якіх назначаюцца ванны, разнастайныя: функцыянальныя, арган., траўматычныя і інш. расстройствы і пашкоджанні арганізма. Выбар лек. асяроддзя ажыццяўляецца ўрачом; самастойна карыстаюцца ваннамі марскімі, сонечнымі (гл. ў арт. Загар, Сонцалячэнне), паветр. (гл. ў арт. Аэратэрапія), пясочнымі (выграванне ў пяску, псаматэрапія на пляжах). Асаблівае значэнне маюць ванны мінеральныя і гразевыя (пелоідныя). Для мінеральных выкарыстоўваюцца прыродныя, у т. л. субтэрмальныя і тэрмальныя, ці штучна прыгатаваныя мінеральныя воды, найчасцей сульфідныя, хларыдна-натрыевыя, ёдабромныя, радонавыя, якія могуць дадаткова насычацца газамі (вуглякіслыя, кіслародныя, азотныя, жамчужныя ванны) або араматычнымі і інш. рэчывамі (хвойныя, гарчычныя, шкіпінарныя, шалфейныя, крухмальныя ванны). Для гразевых ванн (агульных ці ў выглядзе аплікацый) выкарыстоўваюць прыродныя і штучна прыгатаваныя лек. гразі (тарфяныя, сапрапелевыя, вулканічныя, гліністыя і інш.). Вывучэннем мед. аспектаў выкарыстання ванн займаюцца бальнеалогія, кліматалогія, фізіятэрапія.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКАЯ НІЗІ́НА,

частка Полацкай нізіны на ПнЗ Віцебскай вобл. Мяжуе на Пн з Браслаўскай, на Пд са Свянцянскімі градамі. Абс. выш. 135—145 м, найб. нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне р. Дзісна). Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Паверхня сучаснай Дз.н. плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны. Асн. рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Азёры: Ельня, Чорнае, Асвята, часткова Богінскае. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На У і З нізіны вял. лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя. На тэр. Дз.н. гідралагічны заказнік Ельня.

В.​П.​Якушка.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́НСКАЯ РАЎНІ́НА (ад лац. Padanis, назва р. По ў стараж. рымлян),

Падана-Венецыянская раўніна. На Пн Італіі, паміж Альпамі, Апенінамі і Адрыятычным м., пераважна ў бас. р. По. Уключае таксама Ламбардскую (на ПнЗ) і Венецыянскую (на У) нізіны. Даўж. каля 500 км, шыр. да 200 км. Паверхня пераважна плоская, паступова паніжаецца з 3 на У ад 300—400 м да ўзр. мора. П.р. — тэктанічны прагін, запоўнены тоўшчай алювію р. По і яе прытокаў, а таксама марскімі адкладамі. У цэнтры П.р. — гліністыя нізкія раўнінныя ўчасткі, па краях — пясчана-галечныя высокія раўнінныя ўчасткі. У нізоўі р. По асобныя ўчасткі ляжаць ніжэй узр. мора. Клімат пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Сярэдняя т-ра студз. 0—4 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Рэкі бас. По, Адыджэ, Брэнта і інш. Частыя паводкі (асабліва вясной і восенню), для абароны ад якіх многія рэкі абвалаваны. Расліннасць трысняговых балот і тарфянікаў, асабліва ў дэльтавых раёнах. Сетка арашальных, асушальных і суднаходных каналаў. Густа заселена. Асн. с.-г. раён Італіі: пасевы пшаніцы, кукурузы, рысу. На П.р. — гарады Мілан, Турын, Венецыя, Балоння, Падуя.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕНЕ́З (ад гіпер... + генез),

працэс хім. і фіз. ператварэння мінералаў і горных парод у верхніх частках зямной кары і на яе паверхні пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў пры т-рах, характэрных для паверхні Зямлі. Тэрмін увёў сав. вучоны А.​Я.​Ферсман (1922). У зоне гіпергенезу магутнасцю ад 1—2 м да 3—5 км пад уплывам фіз., хім. і біял. фактараў адбываюцца выветрыванне горных парод і разбурэнне асобных мінералаў, што ўтварыліся ў нетрах Зямлі, перанос рыхлых прадуктаў, акісленне, асадканамнажэнне і глебаўтварэнне.

Асаблівасць зоны гіпергенезу — вял. рухомасць хім. і біяхім. рэакцый у залежнасці ад фізіка-геагр. умоў асяроддзя (клімату, рэльефу, саставу парод, якія разбураюцца, і інш.), развіцця жыццёвых працэсаў, змены акіслення і аднаўлення, гідратацыі і дэгідратацыі, тэхн. дзейнасці чалавека і інш. Гіпергенез адбываецца пры невысокіх т-рах (ад 50 да -50 °C), адносна невял. ціску, наяўнасці свабоднага актыўнага кіслароду, вады і водных раствораў. У зоне гіпергенезу намнажаюцца гліністыя прадукты (кааліны, баксіты), тэрыгенныя адклады (россыпы золата, плаціны, волава і інш.), руды жалеза, марганцу, нікелю, кобальту, рэдкіх элементаў, вапнякі, кам. вугаль, солі і інш. (Гл. Гіпергенныя радовішчы).

На Беларусі вывучэнне гіпергенных працэсаў пачата К.І.Лукашовым у 1953.

В.​К.​Лукашоў.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́БІ (ад манг. гов бязводнае месца),

пустынная і паўпустынная вобласць у Цэнтр. Азіі, на тэр. Манголіі і Кітая. Акаймавана на Пн гарамі Мангольскага Алтая і Хангая, на Пд — Наньшанем і Алтынтагам. Працягнулася амаль на 2 тыс. км, пл. больш за 2 млн. км². Падзяляецца на Заалтайскую Гобі, Мангольскую Гобі, Алашаньскую Гобі, Гашунскую Гобі і Джунгарскую Гобі. У рэльефе пераважаюць камяністыя, гліністыя, месцамі пясчаныя раўніны выш. 900—1200 м, трапляюцца асобныя кароткія горныя масівы выш. да 1800 м і ўчасткі драбнасопачніку. Клімат рэзка кантынентальны з самай вял. на Зямлі амплітудай вагання т-р (каля 85 °C; летам да 45 °C, зімой каля 40 °C). Ападкаў 70 — 200 мм за год. Пастаянных вадатокаў няма; у паніжэннях дробныя бяссцёкавыя азёры. Глебы шэрыя і бурыя, месцамі саланчакі і такыры. Расліннасць бедная, разрэджаная, пераважаюць злакі, палын, салянкі, зараснікі саксаулу; на З ёсць аазісы з таполі. Жывёльны свет: дзікі вярблюд, асёл-кулан, конь Пржэвальскага, некалькі відаў антылоп; ёсць паўзуны, рэптыліі. У флоры і фауне шмат эндэмічных відаў. Вял. Габійскі запаведнік (Манголія). Пашавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, коні). Ачаговае земляробства па далінах рэк.

З.​Я.​Андрыеўская.

Пустыня Гобі.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць глебы і горных парод прапускаць ваду. Характарызуецца каэф. фільтрацыі (магутнасцю слоя вады, якая прасочваецца ў глебу за адзінку часу). Вымяраецца ў дарсі (1 дарсі прыблізна адпавядае каэф. Фільтрацыі 1 м/сут). 1) Водапранікальнасць глебы залежыць ад мех. складу, колькасці арган. рэчыва і структуры. Адрозніваюць глебы добра водапранікальныя (на Беларусі дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя на рыхлых супесках, падасланых пяскамі, акультураныя дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках), сярэдневодапранікальныя (дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя), слабаводапранікальныя (дзярнова-падзолістыя сярэдне- і цяжкасугліністыя, гліністыя). У добра акультураных, рыхлых глебах ападкі паглынаюцца і забяспечваюць іх нармальны водны рэжым. Дрэнная водапранікальнасць сугліністых і гліністых глеб прыводзіць да павялічанага паверхневага сцёку і развіцця эрозіі глебы. Тое ж можа адбывацца і на лёгкапранікальных пясчаных глебах на схілах пры ліўневых ападках, калі і пры высокай водапранікальнасці вада не паспявае паглынацца глебай або насычае яе поўнасцю.

2) Водапранікальнасць горных парод. Паводле ступені водапранікальнасці горныя пароды падзяляюцца на водапранікальныя (галечнік, жвір, буйназярністыя пяскі і інш.), паўпранікальныя (супескі лёгкія суглінкі і практычна воданепранікальныя (водатрывалыя — гліны, шчыльныя суглінкі і інш. асадкавыя пароды, нетрэшчынаватыя крышт. пароды). Ад водапранікальнасці залежаць дэбіт свідравін на ваду, забалочванне тэрыторыі, рэжым рачнога сцёку, страты вады з вадасховішчаў праз фільтрацыю. Водапранікальнасць улічваецца пры горных, меліярацыйных і ачышчальных работах, праектаванні вадасховішчаў і водазабораў, інж.-геал. вышуканнях.

А.​В.​Кудзельскі.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)