ЛЯНКЕ́ВІЧ (Габрыэль) (1722—1798),

архітэктар, педагог. Ураджэнец Беларусі. Вучыўся архітэктуры ў Віленскай езуіцкай акадэміі (1752—54) у Т.​Жаброўскага і Рыме (1762—65). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. У 1768—72 праф. архітэктуры, у 1783 рэктар Полацкага езуіцкага калегіума. У 1768 выканаў праект перабудовы капліцы ў касцёле св. Яна ў Вільні.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ (Станіслаў Батыс) (6.5.1802, в. Дварэц Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.5.1864),

бел. батанік-фларыст, медык, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1825). У 1829—32 заг. бат. саду Віленскага ун-та, у 1832—42 ад’юнкт, праф. Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1842—47 жыў у Паставах, займаўся батанікай і энтамалогіяй, працаваў з арнітолагам К.Тызенгаўзам. Некаторы час жыў за мяжой, працаваў у музеях і б-ках Берліна. Горскі адзін з першых даследчыкаў флоры Белавежскай пушчы. Склаў пералік сабраных ім у 1820—29 насенных раслін (1830), каталог раслін бат. саду Віленскай мед.-хірург. акадэміі (1834), табліцы з малюнкамі 20 відаў раслін (выдадзены ў 1849), меў цесныя сувязі з батанікамі Еўропы, забяспечваў гербарыямі і ўзорамі расліннасці Беларусі і Літвы вучоных-прыродазнаўцаў Вены, Неапаля, Палерма, Жэневы, Падуі, Фларэнцыі. Імем Горскага названы некат. віды раслін і насякомых.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Мікіта Іванавіч) (1804, Магілёўская вобл. — 26.5.1879),

бел. вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Канд. філасофска-тэалагічных навук (1831). Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі, віленскіх дваранскім ін-це, школе рабінаў і гімназіі. З 1853 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў. Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы. Адзін са стваральнікаў і член (з 1864) Віленскай археаграфічнай камісіі. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Склаў «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872). Выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 бел. і больш за 5 тыс. лац.-польск. юрыд. тэрмінаў 14—17 ст.).

Літ.:

Н.​И.​Горбачевский / Сост. Л.​Л.​Толкачева. Мн., 1991.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ (Аляксандр) (26.2.1805, в. Белькавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.5.1868),

бел. гісторык, пісьменнік, педагог. Бацька І.А.Здановіча. Скончыў Віленскі ун-т. Канд. філасофіі (1831). Ў 1834—63 выкладчык лац. мовы і гісторыі Віленскага шляхецкага ін-та, выкладчык гісторыі Віленскай духоўнай семінарыі. Аўтар падручнікаў «Храналагічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаў ад V веку да нашых дзён» (1844), «Нарыс усеагульнай гісторыі для дзяцей» (1861) і інш. Пераклаў з рус. мовы на польскую падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (1845), «Гісторыя новага часу» (1846). Аўтар «Нарыса польскай гісторыі для дзяцей» (1857), у якім выклаў свае погляды на гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы, «Нарыса гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—5, 1874—78), «Дзённіка» (нап. 1849—59). Чл. Віленскай Археалагічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»).

Літ.:

Kościałkowski S. Aleksander Zdanowicz (1805—1868): Zarys biograficzny. Wilno, 1918.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВААЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1836—1921: у Віленскай, з 1843 у Ковенскай губ. Рас. імперыі і Літве. Цэнтр — г. Відзы, з 1842 — г. Новааляксандраўск (б. мяст. Езяросы). Падзяляўся на 28 валасцей (1886). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 большая частка Н.п. ўвайшла ў Браслаўскі павет (Польшча), меншая адышла да Літвы.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШНЕ́ВІЧ (Міхал) (1797, Мінск — 1862),

бел. астраном. Магістр філасофіі. Скончыў Віленскі ун-т. У 1819—48 працаваў у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Вёў назіранні планет, Месяца, зацьменняў зорак Месяцам. У 1824 з геадэзістам І.І.Ходзькам праводзіў градусныя вымярэнні на тэр. Беларусі. Вынікі яго даследаванняў ў 1838—46 публікаваліся ў выданнях абсерваторыі, а некат. працы — у час. «Astronomische Nachrichten» («Веснік астраноміі»).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЯЛО́ВІЧ (Віюк-Каяловіч) Альберт

(Войцех; 1609, Ковенскі пав. — 6.10.1677),

гісторык, геральдык, рэліг. дзеяч Рэчы Паспалітай. У 1627 уступіў у ордэн езуітаў. У 1628—32 вучыўся ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у 1634—38 — у Віленскай акадэміі. У 1644—45 праф. палемічнай тэалогіі ў Браневе (Польшча). У 1645 атрымаў у Вільні ступень д-ра тэалогіі і да 1658 выкладаў у Віленскай акадэміі (у 1654—55 яе рэктар). У 1662—66 прэпазіт (настаяцель) дома манахаў у Вільні, намеснік правінцыяла ордэна езуітаў. З 1666 прэфект у Варшаўскім калегіуме. Гал. яго твор — «Гісторыя Літвы» (ч. 1—2, 1650—69, на лац. мове), у якім даследавана дахрысціянская гісторыя Літвы. У 1651 надрукаваў у Вільні твор «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў». Даследаваў генеалогію родаў Радзівілаў («Летапіс Радзівілаў». Вільня, 1653), Хадкевічаў і Сапегаў. Аўтар кнігі па гісторыі шляхты ВКЛ (захавалася ў 3 рэдакцыях на польск. і лац. мовах).

А.​А.​Семянчук.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІ́МАЎ (Уладзімір Іванавіч) (22.12. 1802—26.2.1874),

дзяржаўны дзеяч Рас. імперыі, ген. ад інфантэрыі (1859). З 1818 на вайск. службе. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1828—29. У 1833—34 у лейб.-гвардыі Літоўскім палку. З 1838 флігель-ад’ютант Мікалая I, у 1841 ген.-маёр світы. З ліст. 1842 нач. штаба пях. корпуса. З 1849 ген.-ад’ютант, папячыцель Маскоўскай навуч. акругі. З 10.12.1855 віленскі ваен. губернатар і кіраўнік грамадз. часткі, гродзенскі, ковенскі і мінскі ген.-губернатар. Па яго ініцыятыве памешчыкі Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. накіравалі прашэнне Аляксандру II аб вызваленні іх сялян ад прыгоннай залежнасці. 20.11.1857 імператар даслаў на імя Н. найвышэйшы рэскрыпт, у якім дазволіў стварыць у гэтых губернях дваранскія к-ты для падрыхтоўкі праекта адмены прыгоннага права (гл. Рэскрыпт Аляксандра II 1857). У 1861 Н. прызначаны членам Дзярж. савета з захаваннем ранейшых пасад, у 1862 — камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У час паўстання 1863—64 за нерашучасць у дзеяннях супраць паўстанцаў 13.5.1863 заменены М.М.Мураўёвым.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ЧЫТА́ННІ,

форма культ.-асв. дзейнасці ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач, 20 ст. Праводзіліся ў губ. і пав. гарадах, мястэчках, сельскай мясцовасці камісіямі Н.ч., якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам Мін-ва нар. асветы. Кантраляваліся дэпартаментам паліцыі і папячыцелямі навуч. акруг. Праходзілі ў гімназіях, школах, цэрквах, турмах, у час вайск. збораў. Прызначаліся для насельніцтва з нізкім узроўнем адукацыі — сялян, рамеснікаў, рабочых, моладзі. Мелі на мэце выхаванне ў насельніцтва вернападданніцкіх адносін да самадзяржаўя, пакорнасці ўладам, рэлігійнасці ў духу пануючага праваслаўя. Большая частка чытанняў прысвячалася рэліг. тэматыцы, але былі лекцыі па прыродазнаўстве, геаграфіі, рус. гісторыі і л-ры. У 1898 у Віцебску праведзена 8 чытанняў, у 1899—142. У Магілёве адпаведна 40, 91. Паводле звестак папячыцеля Віленскай навуч. акругі, у 1914 у Віленскай губ. адбылося 605 Н.ч., у Гродзенскай — 745, Мінскай — 399, Магілёўскай — 1284, Віцебскай — 1420. У Беларусі Н.ч. амаль не закраналі мясц. тэматыкі, мелі адносна невял. значэнне ў асвеце насельніцтва.

А.​М.​Шульговіч.

т. 11, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т РСДРП,

1) партыйная арг-цыя, якая дзейнічала на тэр. Віцебскай, Віленскай, ч. Мінскай і Гродзенскай губ. з сак. 1904 да жн. 1905. Створаны ЦК РСДРП. У канцы 1904 аб’ядноўваў Бабруйскую, Віленскую, Віцебскую, Гродзенскую, Мінскую, Смаргонскую, Дзвінскую, Салоцкую арг-цыі РСДРП, Веліжскую і Невельскую рабочыя арг-цыі (усяго 970 чл. партыі і больш за 1000 спачуваючых); да лета 1905 уключаў таксама Ашмянскую, Барысаўскую, Лідскую, Пінскую, Полацкую, Слуцкую, Дрысенскую і інш. арг-цыі РСДРП. На 1-м з’ездзе Паўн.-Зах. к-та РСДРП (жн. 1905) пераўтвораны ў Паўночна-Заходні саюз РСДРП.

2) Кіруючы орган арг-цыі РСДРП, якая дзейнічала на тэр. Віцебскай, Віленскай, ч. Мінскай губ. Створаны ЦК РСДРП у сак. 1904. Размяшчаўся ў Вільні, меў друкарню; у 2-й пал. 1904 выдаў 55 тыс. лістовак і адозваў, памагаў перасылаць з-за мяжы нелегальную л-ру, забяспечваць дакументамі палітэмігрантаў і рэвалюцыянераў, шрыфтам — падп. друкарні. У жн. 1905 перайменаваны ў абласны к-т Паўн.-Зах. саюза РСДРП.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)