залы́сіна, ‑ы, ж.
1. Аблыселая частка галавы ад ілба над скронню. Рэдкія валасы на гарбузаватай галаве быццам пагусцелі і не відно стала тых залысін, што ўрэзаліся ў глыбіню валасоў. Сабаленка.
2. Месца на ствале дрэва, дзе счасана, садрана кара. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя каросты і залысіны. С. Александровіч. На шэрых ад кары і моху соснах мільгаюць хвацкія залысіны — падсочка. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звысо́ку, прысл.
1. Зверху, з вышыні. У гэты ранні час сонца яшчэ не відно было, толькі адны жаўранкі бачылі яго звысоку. Чорны. Бляск месяца бледны, што ззяе звысоку, І сонца, што дорыць жыццёвасць, цяпло... Усё гэта радніцца з жыццём чалавека. Гурло.
2. З пагардай, фанабэрыста. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рысо́ра, ‑ы, ж.
Пруткая частка ў экіпажы, аўтамабілі, вагоне і пад. (звычайна ў выглядзе спружыны), якая знаходзіцца паміж восямі і кузавам і служыць для змякчэння штуршкоў пры яздзе. Конюх запрагае каня ў вазок на рысорах. Мурашка. Вагоны мякка на рысорах Скрыпяць. Калачынскі. Было відно, што калі яшчэ так праехаць, то не толькі шкло не вытрымае, а і рысоры наўрад ці астануцца цэлыя. Кулакоўскі.
[Фр. ressort.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Скласці ўсё, многае. Пасля скінулі з Міхалавага воза асіну, паскладалі на воз свае мяшкі з сенам і аброчныя торбы і на іх паклалі Міхала. Чорны. Мы насцягвалі ў лаўжы рознага ламачча, .. і паскладалі яго так, каб яно было відно з паветра. Сабаленка.
2. і без дап. Складаць некаторы час. — Я палезу капаць, — сказаў я, спыніўшы яго [бацьку]. — Ты паскладай. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бало́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Абл.
1. Аконнае шкло, шыба. Побач лена, нібы засынаючы на зіму, гудзе муха: спрабуе пераадолець незразумелую перашкоду — балонку акна, праз якую і ўсё відно і не вылеціш... Сіпакоў.
2. Уст. Старонка кнігі, часопіса. Не кранулі мае пальцы Ні балонкі з гэтых твораў. Глебка.
бало́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Парода маленькіх хатніх сабачак з доўгай мяккай шэрсцю.
[Ад геагр. назвы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раско́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм.
1. Яздой або катаннем зрабіць слізкім, коўзкім. Раскоўзаць заснежаную сцежку.
2. Размяць, расцерці, раскідаць, размазаць (нагамі, целам). Пасля таго, як сук абламаўся, чалавек, відаць, сеў на зямлю і сядзеў там, бо было відно, як ён раскоўзаў абцасамі імшыстую зямлю і пассоўваў хвойныя іголкі. Чорны. — Аднойчы я сам чуў, як брыгадзір Мікалай Таўкач паскардзіўся, што ты раскоўзаў ля гумна свежую сцірту саломы. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хлапчы́на, ‑ы, м.
Разм. Малады чалавек, дзяцюк. І вось у гэты час да нас падышоў высокага росту, добра адзеты хлапчына гадоў дваццаці. Пальчэўскі. — Памесцімся, — супакоіў нас шафёр, вясёлы гаваркі хлапчына, відно, вялікі ахвотнік да сваіх дарожных стрэч і знаёмстваў з самым розным людам. Васілевіч. // Рослы, плячысты малады чалавек. [Бацька:] — Мужчына ж, канешне! Эх, а хлапчына які вялікі вырас за гэтыя чатыры гады. Мележ. Прыйшоў Мікіта — дужы хлапчына з масянжовым тварам, троху сутулаваты, унурысты і маўклівы. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падцёк, ‑у, м.
1. След ад сцякання якой‑н. вадкасці, фарбы і пад. Размазаць падцёкі пэндэлем. □ Потым ударылі маразы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымі падцёкамі лёду. Дамашэвіч. У засені векавых елак, тулячыся да цёмна-шэрых ствалоў з падцёкамі смалы, роўным радам цягнуліся зямлянкі. Курто.
2. Чырвоная або сіняватая прыпухласць на целе ад падскурнага кровазліцця пасля ўдару. Выгляд.. [чалавека] быў страшны. Бледны твар з крывавымі падцёкамі, парваная адзежа. Відно было, што ён перажыў страшную ноч. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаздаво́лены, ‑ая, ‑ае.
Такі, які здаволены сабой, перакананы ў сваёй перавазе, годнасці і паказвае, праяўляе гэту здаволенасць. Самаздаволеныя пустасловы. □ Вейс быў недалёкі чалавек, самаздаволены, саманадзейны. Лынькоў. Сказаць так, каб гэта было папрокам самаздаволенаму Граку, які дванаццаць год старшынствуе тут, выстаўляе гэта як сваю заслугу, а слядоў гаспадарання яго не відно. Шамякін. // Які выражае здаволенасць самім сабою, сведчыць пра гэта. Было відаць, што ў .. [Дулькі] ўсё прадумана. Пачала нават выпрацоўвацца свая поза і голас — самаздаволены, з прыпынкамі «а-хм... гм...». Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
1. Незак. да сабраць.
2. Займацца збіральніцтвам. Збіраць калекцыю. Збіраць гербарый. Утыль збірае нарыхтоўшчык. □ З рання да змяркання Пчолка залатая Лётае па кветках Ды мядок збірае. Журба. Дзядзька Марцін ведаў лес добра, у лесе гадаваўся, жывёлу пасвіў, грыбы збіраў. Колас.
•••
Збіраць вяршкі — забіраць самае лепшае.
Збіраць кускі (кавалкі) — прасіць міласціну.
Хоць іголкі збірай — а) відно, светла. На вуліцы хоць іголкі збірай. Скрыган; б) відны, светлы. Ноч была светлая, месячная. Пра такія ночы кажуць: хоць іголкі збірай. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)