ску́ра, -ы, ж.

1. Верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы.

С. на руках гладкая.

2. Вырабленая шкура жывёлы.

Паліто з натуральнай скуры.

3. перан. (звычайна са словамі «свая», «уласная» і пад.). Пра жыццё, існаванне, дабрабыт (разм.).

Свая с. даражэй.

Вылазіць са скуры — старацца з усіх сіл.

Скура ды косці — пра вельмі худога чалавека.

Скура свярбіць — пра няўрымслівага, неспакойнага чалавека, які быццам просіцца на пакаранне.

|| памянш. ску́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (да 1 знач.).

|| прым. ску́рны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Скурныя захворванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ЗДЗЕ́ЛЬНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

форма аплаты працы, пры якой заработная плата работніка вызначаецца за кожную адзінку выкананай работы (мЗ, м, шт. і г.д.) па здзельнай расцэнцы. Пры прамой здзельнай сістэм е аплата працы ставіцца ў залежнасць ад яе вынікаў — колькасці вырабленай прадукцыі па нязменнай (прамой) здзельнай расцэнцы. Ускосная здзельная сістэма практыкуецца пры аплаце працы дапаможных рабочых, якія займаюцца тэхн. абслугоўваннем і бягучым рамонтам абсталявання. Іх заработак ставіцца ў залежнасць ад вынікаў працы абслугоўваемых ім рабочых-здзельшчыкаў. Пры здзельна-прэміяльнай сістэме працаўніку акрамя аплаты працы налічваецца прэмія за выкананне і перавыкананне колькасных і якасных паказчыкаў. Здзельна-прагрэсіўная сістэма адрозніваецца ад прамой здзельнай тым, што ўся прадукцыя, вырабленая звыш нормы, аплачваецца не па звычайнай (прамой) здзельнай расцэнцы, а па павялічанай (прагрэсіўнай). У спалучэнні з прэміяльнай аплатай яна ўтварае здзельна-прагрэсіўна-прэміяльную сістэму. Пры акорднай а п лаце працы заработак устанаўліваецца не на асобную аперацыю, а на ўвесь аб’ём работ. Пры гэтым работнікі прэміруюцца за скарачэнне тэрмінаў выканання акорднага задання, што стымулюе ролю гэтай сістэмы ў росце прадукцыйнасці працы. З.а.п. можа быць індывідуальнай, калі вынікі працы кожнага работніка ўлічваюцца і аплачваюцца паасобна, і калектыўнай, калі аплата працы робіцца па выніках працы калектыву (брыгады). Існуе брыгадная (калектыўная) аплата працы па канчатковых выніках на падставе комплексных норм выпрацоўкі і расцэнак калект. (брыгаднага) падраду. Гл. таксама Заработная плата.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шчыгры́н

(ням. chagrin, ад тур. cagri = шкура з спіны жывёл)

1) вырабленая мяккая шурпатая казліная, авечая або конская скура;

2) тканіна, папера, якая знешнім выглядам нагадвае такую скуру; выкарыстоўваецца для абіўкі, пераплётаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

hide1 [haɪd] n.

1. звяры́ная ску́ра (нявырабленая і вырабленая)

2. infml чалаве́чая ску́ра

3. (паляўні́чая) заса́да, тайні́к

have/tan smb.’s hide dated, infml стро́га пакара́ць каго́-н.;

not see hide nor hair of smb./smth. infml і по́чуту няма́, нічо́га не чува́ць пра каго́-н./што-н.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Сму́шак ‘шкурка, знятая з нованароджанага ягняці, а таксама футра са шкурак такога ягняці’ (ТСБМ, Сержп.), ‘душагрэйка з аўчыны’ (Нар. сл.). Параўн. укр. смух, сму́шоквырабленая аўчына’, рус. дыял. смух, сму́шек ‘тс’, польск. smuch, smusz, smuszek, в.-луж. smóška ‘тс’. Паводле Брукнера (504), з нов.-в.-ням. Schmasche ‘скура ягняці’, с.-в.-ням. smaschîn (XIV ст.), smasse (XV ст.); аднак паходжанне нямецкага слова таксама няяснае. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 341, Фасмер, 3, 694 (ва ўсходнеславянскіх з польскай) ЕСУМ, 5, 332.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ску́ра ‘верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы’, ‘вырабленая шкура жывёлы’ (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3). Ва ўсходнеславянскіх помніках скура з’яўляецца пасля XVI ст., да XV ст. — ст.-бел. скора (Ст.-бел. лексікон). З прычыны наяўнасці ‑у‑ лічыцца запазычаннем з польск. skóra (Карскі, Белорусы, 146; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 56), таксама як чэш. дыял. skura і рус. шкура (Махэк₂, 547; Фасмер, 4, 451). Польскае слова, як і формы з каранёвым ‑о‑ (гл. скорка) працягваюць прасл. *skora, вытворнае ад і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыры́ца ’сырамяць; свежая, саматужна вырабленая скура’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Пятк. 1, Шат., Маш., Жд. 2; Мат. Гом., ТС, ЛА, 4), ’неабпаленая цэгла’ (Сл. ПЗБ), ’сырая зямля’ (Кліх, Федар. 4), ’сырая пшаніца’ (Кліх, Федар. 6), сюды ж з іншай суфіксацыяй сырэ́ц ’нявырабленая скура, сырамяць’ (Арх. Вяр., Сцяшк., Варл., Гарэц., ТС, ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ’неабпаленая цэгла’ (Касп., Сл. ПЗБ, Гарэц.), сыроўка ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС). Вытворныя ад сыры (гл.) з суф. ‑ыц‑а; паводле Сцяцко (Афікс. наз., 110), у сучаснай мове рэдкае ўтварэнне пры больш прадуктыўных тыпах на ‑эц і ‑оўк‑а (там жа, 102, 170).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саф’я́н ’мяккая, добра вырабленая звычайна яркага колеру авечая скура, якая ідзе на кніжныя пераплёты, абутак, абіўку мэблі’ (ТСБМ), сапʼя́н ’тс’ (ТС). Рус. сафья́н, укр. сапʼя́н, сафʼя́н, польск. safian, чэш., славац. safián, балг. сахтия́н. Праз цюркскія мовы, параўн. тур., балкар., карач. saxtijan ’тс’, крым.-тат., кыпч. saktyjan (гл. Радлаў, 4, 256, 282; Фасмер, 3, 566) з перс. sextijān ’тс’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Махэк₂, 535), якое звязана з пярс. sext ’моцны, цвёрды’ (Локач, 140). Этымалогія Міклашыча (287) і Брукнера (479) ад назвы горада Саффі у Марока аспрэчваецца Літманам (гл. Фас мер, 3, 566). Ст.-бел. сафьянъ, сафьанъ, сафиянъ з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тава́р, ‑у, м.

1. Прадукт працы, выраблены на продаж.

2. Усё, што з’яўляецца прадметам гандлю. Тавары масавага ўжытку. □ Развозяць і разносяць з .. пякарні тавар: булкі, абаранкі, хлеб. Бядуля. Калі пакупнікоў ля ларка станавілася меней, старая італьянка пачынала на ўсю вуліцу расхвальваць свой тавар. Лынькоў.

3. Абл. Свойская рагатая жывёла. На захадзе сонца, калі будуць з пашы гнаць тавар, я паеду дадому, каб заўтра зранку зноў быць тут, на гэтай ціхай лясной паляне. Сачанка. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прымаўка.

4. У шавецкай справе — вырабленая скура. Накупіў юнак гавару і пашыў сам чаравікі. Дубоўка.

•••

Жывы тавар — людзі, якімі гандлююць у эксплуататарскім грамадстве (рабы, прыгонныя, прастытуткі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

На́вуза, на́ўза ’вашчына’ (паст., З нар. сл.), ’соты без мёду, вашчына’ (слаўг., Нар. сл.), ’аснова для пчаліных сотаў, вырабленая штучна’ (мядз., Нар. словатв.), ’неператоплены воск’, ’рамка для вашчыны ў калодачным вулеі’ (Сл. ПЗБ), навужваць ’рыхтаваць рамкі для мёду’ (Мат. Гом.), наву́знік, наву́жнік ’невялікі вулей у лесе на дрэве, пастаўлены для лаўлення раёў, што вылецелі са свайго пчальніка’ (Гарэц.); параўн. рус. наўза ’сухія ці пустыя канцы сотаў, падрыхтаваная вашчына без мёду’, науз, наузник ’невялікі вулей у лесе на дрэве (для лаўлення дзікіх пчол)’. Да вуза (гл.), вязаць; адносна словаўтварэння параўн. таксама рус. науз ’частка конскай збруі’, літаральна ’прывязь’; тады семантыка слова тлумачыцца як ’тое, што навязана, начэплена’, што адпавядае старажытнаму спосабу натыкання вашчыны на спецыяльныя калонкі ў калодачным вулеі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)