КАЙНЦ ((Kainz) Іозеф) (2.1.1858, г. Мошанмадзьяравар, Венгрыя —20.9.1910),
аўстрыйскі акцёр. На сцэне з 1875. У 1883—89 у Нямецкім т-ры ў Берліне, у 1899—19 10 у «Бургтэатры» ў Вене. Творчасці ўласцівы тонкі псіхалагічны аналіз, эмацыянальная адухоўленасць, вытанчаная пластыка, паэтычнасць. Вядомы як выканаўца роляў маладых герояў (трагедыі «Каварства і любоў», «Дон Карлас» Ф.Шылера, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), камед. і сатырычных («Тарцюф» Мальера і інш.). Сярод лепшых роляў: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Освальд («Прывіды» Г.Ібсена), Іаганес («Адзінокія» Г.Гаўптмана).
т. 7, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁРНЕР ((Körner) Тэадор) (24.4.1873, г. Комарна, Славакія — 4.1.1957),
аўстрыйскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал. Скончыў ваен.-тэхн. акадэмію ў Вене (1894). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1923—33 дэп. аўстр. парламента. Удзельнік стварэння «Шуцбунда». Пасля паражэння лютаўскага паўстання сацыял-дэмакратаў супраць аўтарытарнага ўрада Э.Дольфуса (1934) арыштаваны; у 1944 арыштаваны гестапа. Пасля аднаўлення Аўстр. рэспублікі бургамістр Вены, кіраваў яе аднаўленнем (1945—51). У 1951—57 федэральны прэзідэнт Аўстрыі, выступаў за выкананне краінай пастаяннага нейтралітэту і развіццё дружалюбных адносін з СССР.
т. 8, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВІ́НСКІ ((Levinsky) Іозеф) (20.9.1835, Вена —27.2.1907),
аўстрыйскі акцёр. З 1855 працаваў у правінцыяльных т-рах, з 1858 — у «Бургтэатры» ў Вене. Сярод роляў: Франц, Вурм («Разбойнікі», «Каварства і каханне» Ф.Шылера), Яга, Рычард III, Палоній, Шэйлак («Атэла», «Рычард III», «Гамлет», «Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Мефістофель («Фауст» І.В.Гётэ), епіскап Нікалас («Барацьба за прастол» Г.Ібсена) і інш. У ролях цынічных ліхадзеяў, крывадушнікаў і разбойнікаў імкнуўся паказаць вытокі зла. Вял. значэнне надаваў знешняй і ўнутр. выразнасці, моўнай характарыстыцы вобраза, дакладнасці індывід. партрэтаў.
т. 9, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДВІГ ((Ludwig) Карл Фрыдрых Вільгельм) (29.12.1816, г. Вітцэнгаўзен, Германія — 24.4.1895),
нямецкі фізіёлаг, стваральнік школы фізіёлагаў. Скончыў Марбургскі ун-т (1839), працаваў у ім (з 1846 праф.). З 1849 праф. ун-та ў г. Цюрых (Швейцарыя), з 1855 — Ваенна-мед. акадэміі ў Вене. З 1865 узначальваў Ін-т фізіялогіі ў г. Лейпцыг. Прапанаваў фіз. тэорыю мочааддзялення, адкрыў сакраторныя нервы слінных залоз, даследаваў дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, газаабмен. Адкрыў цэнтраімклівы нерв, які адыходзіць ад дугі аорты, паказаў яго ролю ў рэгуляванні дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы.
т. 9, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РМАЗЕР ((Permoser) Бальтазар) (хрышчаны 13.8.1651, Траўнштайн, Германія — 20.2.1732),
аўстрыйскі скульптар. Вучыўся і працаваў у Зальцбургу і Вене, з 1675 у Італіі, з 1689 у Дрэздэне, у 1704—10 у Берліне. Выдатны майстар скульптуры барока. У манументальна-дэкар. работах (убранне палаца Цвінгер у Дрэздэне, 1711—18) дасягнуў арган. зліцця скульптуры і архітэктуры, вытанчанасці і лёгкасці форм. Выканаў шэраг станковых і алегарычных кампазіцый, напоўненых вострай экспрэсіяй, якая часам мяжуе з гратэскам (група «Апафеоз прынца Яўгена», 1718—21; бюст «Праклён», каля 1722—24).
т. 12, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТЭР (Walter) Бруна [сапр. Шлезінгер (Schlesinger) Вальтэр Бруна; 15.9.1876, Берлін — 17.2.1962], нямецкі дырыжор; буйнейшы прадстаўнік школы Г.Малера. Вучыўся ў кансерваторыі Штэрна (Берлін). З 1896 працаваў з рознымі еўрап. аркестрамі, у Венскай, Берлінскай дзярж. оперы, т-ры «Ковент-Гардэн». Адзін з заснавальнікаў і неаднаразовы ўдзельнік Зальцбургскіх фестываляў. З 1929 кіраўнік аркестра Гевандхаўза ў Лейпцыгу. З 1933 у Вене, з 1939 у ЗША. У 1941—57 (з перапынкамі) у т-ры «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Выдатны інтэрпрэтатар твораў В.А.Моцарта, Дж.Вердзі, Малера, А.Брукнера, І.Брамса, Л.Бетховена і інш.
т. 3, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТШТАЙН ((Wettstein) Рыхард фон) (30.6.1863, Вена — 10.8.1931),
аўстрыйскі батанік. Замежны чл.-кар. Расійскай АН (1927). Скончыў Венскі ун-т (1883). З 1892 праф. ням. ун-та ў Празе, з 1899 праф. ун-та і дырэктар Бат. ін-та і сада ў Вене. Аўтар канцэпцыі паходжання кветак абодвух полаў пакрытанасенных раслін з некалькіх аднаполых (мужчынскіх і жаночых кветак) голанасенных і заснаванай на ёй філагенетычнай сістэмы («Дапаможнік па сістэматыцы раслін», т. 1—2, 1901—08). Вызначыў сезонны дымарфізм у кветкавых раслін. Распрацаваў марфолага-геагр. метад у сістэматыцы раслін.
т. 4, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ КРАІ́Н—ЭКСПАРЦЁРАЎ НА́ФТЫ (Organization of Petroleum Exporting countries; ОПЭК). Засн. ў 1960. Члены — 13 краін: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Алжыр, Венесуэла, Габон, Інданезія, Ірак, Іран, Катар, Кувейт, Лівія, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Эквадор. Мэты: каардынацыя і уніфікацыя нафтавай палітыкі краін-удзельніц; забеспячэнне стабільнасці цэн на міжнар. нафтавых рынках для атрымання ўстойлівых даходаў краін — чл. АПЭК, эфектыўных і рэгулярных паставак нафты краінам-спажыўцам. Кантралюе каля 85% сусв. аб’ёму гандлю нафтай, устанаўлівае афіц. цану на сырую нафту, што ў многім вызначае Сусв. ўзровень цэнаў на нафту. Штаб-кватэра ў Вене.
т. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́НГЕЛЬШТЭТ ((Dingelstedt) Франц фон) (30.6.1814, Гальсдорф, каля г. Марбург, Германія — 15.5.1881),
нямецкі драматург, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Працаваў у прыдворных т-рах Штутгарта (з 1846), для якога напісаў шматлікія пралогі, п’есу «Дом Берневельт» (1850), Мюнхена (кіраўнік з 1851), дзе ставіў п’есы І.В.Гётэ, Ф.Шылера, Г.Э.Лесінга з удзелам буйнейшых тагачасных акцёраў, Веймара (кіраўнік з 1857), дзе паставіў шэраг п’ес У.Шэкспіра. З 1867 дырэктар опернага т-ра, з 1870 — «Бургтэатра» ў Вене. Дзейнасць Дз. значна паўплывала на развіццё ням. і аўстр. т-ра.
т. 6, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2 ½»,
пашыраная назва Міжнар. рабочага аб’яднання сацыяліст. партый (ці Венскага інтэрнацыянала), якое існавала ў 1921—23. Створаны на міжнар. канферэнцыі ў Вене (22—27.2.1921). Аб’ядноўваў партыі і групы т.зв. «цэнтрысцкага» кірунку, якія парвалі з «правым» «апартуністычным» Бернскім інтэрнацыяналам і не далучыліся да «левага» Камуністычнага Інтэрнацыянала. У ім былі прадстаўлены партыі і групы з многіх краін Еўропы і ЗША, а таксама рас. меншавікі і эсэры. Не маючы трывалай ідэйнай асновы, паступова перайшоў на пазіцыі Бернскага інтэрнацыянала, з якім у маі 1923 зліўся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
т. 7, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)