галіна творчай дзейнасці, накіраваная на фарміраванне прадметна-прасторавага асяроддзя; маст. канструяванне дэталей культ. ландшафту. Аб’екты Л.д. — пластыка рэльефу (ландшафтная скульптура), дрэва-куставыя і кветкавыя кампазіцыі, малыя формы ў архітэктуры з насаджэннямі (пергалы, трэльяжы, вазы, кашпо і інш.), дэкар. скульптура, фантаны, басейны, каскады, элементы візуальнай інфармацыі ў парку, садовая мэбля і інш.
Вылучыўся ў 1960-я г. Развіты ў-Францыі, Германіі, Фінляндыі, Японіі і інш. краінах Сярод прыкладаў на Беларусі: у Мінску — добраўпарадкаванне набярэжнай р. Свіслач, каскады на Сляпянскай воднай сістэме, бульвар па вул. Пуліхава; добраўпарадкаванне плошчы і вуліц у г. Ліда Гродзенскай вобл., гіст.ч. Віцебска; дэкар. вадаём, газоны, кветнікі на цэнтр. плошчах вёсак Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. і Верцялішкі Гродзенскага р-на. Новым аб’ектам Л.д. сталі ўчасткі садова-дачнага і катэджавага буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКІ́ДВАННЕ СЦЁКУ,
тэрытарыяльнае пераразмеркаванне водных мас з паверхневых водных крыніц (рэкі, азёры, вадасховішчы) у інш. раёны ці басейны праз каналы ці трубаправоды з мэтай арашэння, водазабеспячэння прам-сці і насельніцтва, рэкрэацыі, паляпшэння ўмоў суднаходства, выпрацоўкі электраэнергіі і інш. Адрозніваюць П.с. ўнутрыбасейнавыя, або лакальныя (у межах бас. адной ракі), міжбасейнавыя (унутрыландшафтныя і міжландшафтныя) і міжрэгіянальныя, або міжзанальныя. На Беларусі першыя П.с. (канец 18—пач. 20 ст.) ажыццяўляліся для жыўлення водна-трансп. злучэнняў (напр., вод з азёр Арэхаўскае і Белае па Арэхаўскім і Белаазерскім каналах у Дняпроўска-Бугскі канал). З мэтай водазабеспячэння Мінска і воднага добраўпарадкавання прыгараднай зоны і горада створаны Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.
П.с. можа аказваць адмоўны ўплыў на бас. рэк-донараў пераасушэнне поймы, дэградацыя поймавых лугоў і лясоў, знішчэнне ці памяншэнне плошчы нерасцілішчаў і нагульных угоддзяў, пагаршэнне ўмоў гнездавання вадаплаўных птушак і інш. Для прадухілення негатыўных з’яў. звязаных з П.с., рэкамендуецца пакідаць у вадаёмах-донарах пэўную колькасць прыродаахоўнага сцёку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
біфурка́цыя
(лац. bifurcatio = раздваенне)
1) раздзяленне ракі на дзве пратокі, якія ўпадаюць у розныя басейны;
2) падзел трубчастага органа на дзве галіны, напр. трахеі на дзве бронхі;
3) падзел старшых класаў сярэдняй школы на два патокі, напрамкі ў навучанні, напр. на гуманітарны і матэматычны (параўн.поліфуркацыя).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВУ́ГАЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўна-энергетычнага комплексу па здабычы, абагачэнні і перапрацоўцы ў брыкеты вуглёў выкапнёвых. Уключае шахты, разрэзы, абагачальныя і брыкетныя ф-кі. Вугаль (каменны, антрацыт, буры) здабываецца ў 60 краінах свету падземным і адкрытым спосабам. Асн. від вугалю, які здабываецца, — каменны, спосаб здабычы — падземны. Сусв. рэсурсы вугалю ацэньваюцца амаль у 15 трлн. т (паводле некат. звестак, у 30 трлн. т), разведаныя запасы — у 1,7 трлн. т. Найб. рэсурсы маюць (трлн. т): Расія — 5 (разведаныя запасы 201 млрд.т), ЗША — 3,6 (445 млрд.т) і Кітай — 1,5 (272 млрд.т). Асн. сферы выкарыстання вугалю ў свеце (1990): вытв-сць электраэнергіі (61%), прам-сць (26%), вытв-сць доменнага і ліцейнага коксу (11%). З вугалю атрымліваюць таксама хім. сыравіну (300 найменняў), у нязначнай колькасці ажыццяўляецца яго газіфікацыя (гл.Газіфікацыя паліва).
Прымітыўная здабыча вугалю на паліва вядомая ў стараж. Грэцыі і Італіі з 4 ст. да н.э., Кітаі з 2 ст. да н.э. У Зах. Еўропе вугаль выкарыстоўваўся як хатняе паліва з 9—12 ст., а з 16 ст. ў Англіі, напр., увесь здабыты вугаль ішоў на выплаўку чыгуну. У Расіі здабываць вугаль пачалі з 18 ст. пры Пятру I. Вугальная прамысловасць як самастойная галіна аформілася ў 2-й пал. 18 ст., калі для выплаўкі чыгуну ў доменных печах сталі выкарыстоўваць вугальны кокс.
У свеце вядома каля 3000 вугальных радовішчаў і басейнаў. Буйнейшыя ў краінах СНД басейны (больш за 5 млрд.т паводле разведаных запасаў на 1988, у млрд.т): у Расіі Канска-Ачынскі (83), Кузнецкі (63), Пячорскі (8,2), Іркуцкі (7,5), Мінусінскі (5); на Украіне (часткова ў Расіі) Данецкі (50); у Казахстане Экібастузскі (8,7), Карагандзінскі (8,2), Тургайскі (6) (пра кожны гл. асобны артыкул). Вугаль здабываюць таксама ва Узбекістане, Кыргызстане, Грузіі, Таджыкістане. Найбольшыя басейны, якія распрацоўваюцца і маюць перспектыву ў інш. краінах: Апалачскі вугальны басейн у ЗША, Альберта ў Канадзе, Цэнтр. і Паўд. групы басейна ў Вялікабрытаніі, Ніжнярэйнска-Вестфальскі вугальны, Ніжнярэйнскі буравугальны басейн і Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн у Германіі, Астурыйскі каменнавугальны басейн у Іспаніі, Вітбанк у ПАР, Сіднейскі вугальны басейн, Боўэн, Латроб-Валі ў Аўстраліі, Ісікары ў Японіі і інш. Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі ў Еўропе значныя запасы вугалю маюць Польшча (Верхнесілезскі каменнавугальны басейн і інш.), Украіна (Данецкі і Львоўска-Валынскі басейны) і Чэхія (Паўн.-Чэшскі буравугальны, Астраўска-Карвінскі каменнавугальны, гл.Верхнесілезскі—Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн) і інш.
Аб’ёмы сусветнай здабычы вугалю пастаянна растуць (млн.т): 1810 у 1950, 3740 у 1980, 4500 у 1993 (толькі таварны вугаль). На каменныя вуглі і антрацыт прыпадае каля 75% здабычы, на бурыя вуглі — 25%. Вугаль здабываюць больш за 60 краін свету (гл.табл.). <TABLE>
Аб’ёмы сусветнага гандлю вугалем таксама растуць (млн.т): 100 у 1975, 270 у 1980, 399 у 1990. Больш як палавіну іх складае энергетычны вугаль (1990). Асн. краіны-экспарцёры вугалю (1990, млн.т): Аўстралія — 106, ЗША — 90, ПАР — 49; краіны-імпарцёры: Японія — 107, Паўд. Карэя — 25, Італія — 20, Тайвань — 19.
Беларусь сваю патрэбу ў вугалі пакрывае за кошт імпарту (1994, тыс.т): з Расіі — 504, Украіны — 294, Казахстана — 102. У нетрах Беларусі выяўлены радовішчы і праяўленні бурага вугалю міяцэнавага і алігацэнавага ўзросту. Разведаны Жыткавіцкае (агульныя запасы 71,9 млн.т), Брынёўскае (запасы 38,5 млн.т) і Тонежскае (44 млн.т) радовішчы (пра кожнае гл. асобны артыкул). Для адкрытай распрацоўкі даступнае Жыткавіцкае радовішча, поўнасцю падрыхтаваны да прамысл. асваення Паўночны і Кольненскі паклады (прамысл. запасы 46,7 млн.т). Агульныя запасы вугалю на ўсіх радовішчах 152 млн.т.
В.М.Сасноўскі.
Буйнейшыя вытворцы вугалю (таварнага), 1994
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Кітай
1291
1059
Канада
74
2500
ЗША
933
3548
Чэхія
72
6963
Індыя
280
243
КНДР
72x)
4216
Расія
263
1773
Турцыя
58
928
Германія
251
3073
Грэцыя
54
5138
Аўстралія
244
13536
Вялікабрытанія
50
861
Польшча
200
5126
Румынія
38
1653
ПАР
195
4730
Інданезія
33
169
Украіна
84
1623
Іспанія
30x)
752
Казахстан
83
5010
Балгарыя
28
2790
x) 1994.
Да арт.Вугальная прамысловасць. Здабыча бурага вугалю адкрытым спосабам на разрэзе Белхатаў у Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
інжынерныя збудаванні для выкарыстання водных рэсурсаў або барацьбы са шкодным уздзеяннем воднай стыхіі. Бываюць агульныя (выкарыстоўваюцца ў розных галінах воднай гаспадаркі) і спецыяльныя (у адной галіне). Агульныя гідратэхнічныя збудаванні: водападпорныя (плаціны, дамбы); водапрапускныя (водазаборныя збудаванні, вадаскіды, у т. л.вадазлівы і вадаспускі, вадаводы, у т. л.трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, каналы, латакі) і рэгуляцыйныя збудаванні (гаці, паўгаці, агараджальныя валы, донныя парогі, берагаўмацавальныя збудаванні і інш.). Спецыяльныя гідратэхнічныя збудаванні: збудаванні для выкарыстання энергіі вады (будынкі гідраэлектрычных станцый, напорныя басейны, ураўняльныя рэзервуары і інш.); збудаванні воднага транспарту (суднаходныя шлюзы, суднападымальнікі, докі, прычалы, пірсы, лесаспускі і інш.); рыбагаспадарчыя (рыбапрапускныя збудаванні, рыбападымальнікі, рыбаводныя сажалкі і інш.); гідрамеліярацыйныя збудаванні; збудаванні для водазабеспячэння і каналізацыі (помпавыя станцыі, воданапорныя вежы, каптажы, ачышчальныя збудаванні, у т. л.аэратэнкі і інш.).
Гідратэхнічныя збудаванні падзяляюцца таксама на рачныя, азёрныя, марскія і сеткавыя (размешчаныя на каналах асушальных, арашальных і абвадняльных сістэм); наземныя і падземныя. Пры неабходнасці іх аб’ядноўваюць у гідравузлы. У залежнасці ад асн. матэрыялу, з якога ўзводзяцца гідратэхнічныя збудаванні, адрозніваюць земляныя, каменныя, каменна-земляныя, бетонныя, жалезабетонныя, драўляныя, металічныя, з прагумаваных тканін і з сінт. матэрыялаў; у залежнасці ад спосабу ўзвядзення — насыпныя, намыўныя, выбухова-накідныя (робяцца накіраваным выбухам), маналітныя, зборныя і камбінаваныя. Пастаянныя гідратэхнічныя збудаванні (выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго перыяду эксплуатацыі) падзяляюцца на 4 класы капітальнасці, часовыя (выкарыстоўваюцца толькі ў перыяд буд-ва і рамонтаў, напр. перамычкі, адвадныя каналы і тунэлі, свідравіны для паніжэння ўзроўню грунтавых вод) адносяцца да 5-га класа. Буд-ва і выкарыстанне гідратэхнічных збудаванняў складаецца з 4 этапаў: вышуканні (вывучэнне рэльефу мясцовасці ў раёне буд-ва, гідралагічных характарыстык вадацёку, геал. будовы, клімату і інш.); праектавання (вызначэнне на аснове даных вышуканняў і водагасп. задачы асн. памераў і матэрыялаў збудаванняў, іх разлікі, выбар метадаў буд-ва); арганізацыя і правядзенне буд. работ у адпаведнасці з праектам збудаванняў; эксплуатацыя гідратэхнічных збудаванняў (кіраванне іх работай, нагляд за станам, бягучыя і капітальныя рамонты). Пры праектаванні выконваюць гідраўлічныя, гідратэхн. (фільтрацыйныя) і статычныя разлікі. Для адказных гідратэхнічных збудаванняў пры праектаванні робяць таксама лабараторныя даследаванні на мадэлях.
На Беларусі даследаванні і распрацоўку метадаў разліку гідратэхнічных збудаванняў вядуць Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, БПА і інш.Гл. таксама Гідратэхніка, Гідратэхнічнае будаўніцтва.
Літ.:
Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;
Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́ЖНЫ ПАРК, англійскі парк,
тып парку, якому ўласцівы свабодная планіроўка, маляўнічае размяшчэнне кампазіцыйных элементаў, што імітуе прыродны ландшафт. Пры стварэнні такіх паркаў творча перапрацоўваліся матывы натуральнай прыроды; партэры замяняліся лужкамі, геам. па форме басейны і каналы — азёрамі і рэчкамі, строгі рытм пасадак — асобнымі або свабодна згрупаванымі дрэвамі (курцінамі), прамыя алеі — сцяжынкамі. Для больш эфектнага выгляду ў кампазіцыю П.п. ўводзіліся невял. збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, бутафорскія пабудовы ў псеўдакіт. стылі і інш. малыя формы архітэктуры, каскады. У стварэнні паркавых перспектыў выкарыстоўваліся кулісы (сценкі са стрыжаных дрэў і кустоў). У многіх парках пейзажныя прынцыпы кампазіцыі спалучалі з рэгулярнымі.
П.п. ўзніклі ў сярэдзіне 18 ст. ў Еўропе. У іх развіцці важную ролю адыгралі філас. ідэі Асветніцтва, а таксама мастацтва Кітая. Першыя П.п. ў Еўропе створаны ў Вялікабрытаніі (арх. Ч.Брыджмен і інш.) і Францыі (арх. Р.Л.Жырардэн). З канца 18 ст. пашыраны ў Расіі (паркі ў Паўлаўску, Кузьмінках Маскоўскай вобл.), на Украіне (Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка»), На Беларусі П.п. з’явіліся на мяжы 18—19 ст. ў сядзібных, палацавых комплексах (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Краскаўская сядзіба, Столінская сядзіба «Манькавічы», Вердаміцкі парк, Лагойскі палацава-паркавы ансамбль і інш.).
Участак пейзажнага парку з «Храмам дружбы» ў г. Паўлаўск Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫЗЫЛКУ́М (цюрк. чырвоныя пяскі),
пясчаная пустыня ў міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і, на тэр. Узбекістана, Казахстана і Туркменістана. Абмежавана на ПнЗ Аральскім м., на ПнУр. Сырдар’я, на У адгор’ямі Цянь-Шаня і Паміра-Алая, на ПдЗр. Амудар’я. Пл. 300 тыс.км². З’яўляецца раўнінай з агульным нахілам на ПнЗ (выш. ад 300 м на ПдУ да 53 м на ПнЗ), мае замкнёныя ўпадзіны і ізаляваныя моцна расчлянёныя астанцовыя горы — Букантау (764 м), Кульджуктау (785 м), Тамдытау (922 м) і інш., складзеныя з моцна дыслацыраваных і метамарфізаваных палеазойскіх сланцаў, рагавікоў, вапнякоў, гранітаў. Горы пустынныя з выраўнаванымі вяршынямі, скалістымі схіламі. Радовішчы карысных выкапняў: золата (Мурынтау), газ (Газлі). Раўнінныя ўчасткі складзены пераважна з кайназойскіх глін і пяскоў, шмат такыраў. Пераважную ч. пустыні займаюць градавыя паўзамацаваныя масівы пяскоў, трапляюцца барханы. К. размешчана ў асноўным у сярэдняй падзоне пустынь умеранага пояса, а на Пд — на пераходзе да субтрапічных пустынь. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. 0—-9 °C, ліп. 26—29 °C. Ападкаў 100—200 мм за год. Рэк няма, але знойдзены артэзіянскія басейны. Глебы шэра-бурыя, пясчаныя; ёсць саланчакі, саланцы. У раслінным покрыве пераважаюць эфемеры, саксаул, кандым, пясчаная акацыя, палын. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа-джэйран, воўк, грызуны, паўзуны; саксаульная сойка, чубаты жаваранак, драфа. У межах К. — Каракульскі, Кызылкумскі, Бадай-Тугай і Варданзінскі запаведнікі. Паліўное земляробства, гадоўля коз і авечак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІ́РСКАЯ ПЛАТФО́РМА,
дакембрыйская платформа, паміж р. Енісей, воз. Байкал і Верхаянскім хр.; адзін з буйнейшых адносна ўстойлівых участкаў кантынентальнай зямной кары ў Паўн. Азіі. Абмежавана на З палеазойскай складкавасцю Заходне-Сібірскай пліты, на Пд і ПдУ — Усходне-Забайкальска-Ахоцкім, на У — Верхаяна-Чукоцкім мезазойскімі складкавымі паясамі. На паверхні С.п. размешчаны Сярэднесібірскае пласкагор’е, Алданскае нагор’е, Паўн.-Сібірская і Цэнтральнаякуцкая нізіны. Магутнасць зямной кары ў межах С.п. 40—48 км, шчыльн. цеплавога патока 20—40 мВт/м². Складзена са складкавага крышт. фундамента (метамарфічныя і інтрузіўныя ўтварэнні архею і ніжняга пратэразою) і платформавага чахла. У будове чахла вылучаюць 2 мегакомплексы: ніжні, або даплітны (адклады рыфею), і верхні, або плітны (тоўшчы венду, палеазою, мезазою і кайназою). Магутнасць асадкавых парод да 5 км, у глыбокіх упадзінах да 10—12 км. У раннім пратэразоі, рыфеі, раннім кембрыі, сярэднім палеазоі, верхнім палеазоі, раннім і познім мезазоі С.п. вызначалася інтэнсіўным магматызмам. У яе платформавым чахле пашыраны вулканічныя ўтварэнні і інтрузіі раннетрыясавай трапавай фармацыі, а таксама каледонскія лінейна-складкавыя дыслакацыі. На значнай частцы С.п. адбыліся неатэктанічныя падняцці да 1—2 км. У тэктанічнай будове С.п. вылучаюць гал. структуры: Алданскі шчыт, Лена-Енісейская пліта, ускладненая Анабарскім масівам (з выхадам крышт. парод на паверхню), Тунгускай, Вілюйскай сінеклізамі і ўпадзінамі, закладзенымі ў рыфеі. У межах С.п. буйныя радовішчы жалезных (Алданскі шчыт) і медна-нікелевых руд (Нарыльскі рудны раён), каменнага вугалю (Ленскі, Тунгускі, Канска-Ачынскі і інш. вугальныя басейны), каменнай і калійных солей, гіпсу, фасфарытаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кадо́л ’тонкая вяроўка, якой прывязваюць рыбацкую сець’ (Мат. Маг.), ’вельмі грубая вяроўка (якая накладаецца на кола, пры дапамозе якога падымаюць вуллі-калоды на дрэва’ (Маш.) ’канат для парома’ (Маш.), кадола ’вяроўка, пры дапамозе якой невад прыводзіцца ў рух’ (Браім, Рыбалоўства), кадоп ’тонкая вяроўка, да якой прывязана сець’ (бых., Мат. АС), кодол ’вяроўка ў невадзе, за якую яго цягнуць’ (ТСБМ). Укр.дыял.кодола ’вяроўка, прывязаная да крылляў невада’, ’канат’. Жэляхоўскім засведчаны кодільничий ’які цягне невад’. Рус.валаг., цвяр. і інш. кодол ’грубая вяроўка, канат (якарны) або канат для выцягвання рыбалоўнай снасці’. У рус. гаворках зафіксаваны і значэнні тыпу ’калодзежны шост’, а таксама дзеяслоў кодолить ’прывязваць каня на пашы’, кодол ’вяроўка, якой прывязваюць каня’ (арх. і інш.). Геаграфія бел. слове (прыпяцкі і дняпроўскі басейны) сведчыць аб верагодным вандроўным характары слова, аднак назваць з пэўнасцю крыніцу запазычання цяжка. Для рус.кодол, укр.кодола прапанавалі ў якасці такой крыніцы ст.-ісл.kadall ’якарны канат, вяроўка’, ст.-швед.kadhal, аднак ёсць і іншыя версіі аб паходжанні рус. слоў, гл. Фасмер, 2, 276. Калі запазычанне тэрміна ва ўсх.-слав. мовы можна дапусціць, то гісторыя яго экспансіі застаецца няяснай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МЁРТВАЕ МО́РА,
бяссцёкавае салёнае возера на мяжы Ізраіля і Іарданіі. Займае самую нізкую ч. самай глыбокай на сушы тэктанічнай катлавіны Гхор, узровень вады на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Складаецца з 2 катлавін — больш глыбокай паўн. і мелкай паўд., якая падзелена дамбамі на басейны для выпарэння вады і наступнай здабычы мінеральных солей. Пл. 940 км², даўж. 80 км, найб.шыр. 15 км. Найб. глыбіня 394 м. Становішча урэзу вады непастаяннае і вагаецца ў межах некалькіх метраў у залежнасці ад колькасці атм. ападкаў і адбору вады на арашэнне і водазабеспячэнне ў бас.р. Іардан — адзінай ракі, якая ўпадае ў М.м. Больш значныя ваганні ўзроўню назіраліся ў геал. мінулым: 23 тыс. гадоў назад узровень быў на 200 м вышэй, пазней апускаўся на 300 м ніжэй сучаснай адзнакі. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання, утварылася 1,5—2 млн. гадоў назад. Т-ра вады да глыб. 40 м зменьваецца па сезонах і складае 16 °C зімой і 36 °C летам, ніжэй пастаянная — 21 °C. Кліматычныя ўмовы (сухі пустынны клімат, т-ры паветра ад 14 °C у студз. да 30 °C і больш у ліп.) спрыяюць вял. выпарэнню і выклікаюць высокую салёнасць вады — 322 %°(у кожным літры вады М.м. 322 г солей). Элементны склад солей у 1 л вады: хлору — 212 г, магнію — 41 г, натрыю — 39 г, кальцыю — 17 г, калію — 7 г, брому — 5 г, інш. элементаў — 1 г. У водах М.м. растворана 44 млрд.т солей. Высокая мінералізацыя вады М.м. з’явілася прычынай адсутнасці ў возеры арган. жыцця (за выключэннем некаторых відаў анаэробных бактэрый). Берагі М.м. пустынныя, з рэдкімі аазісамі. На ўзбярэжжы бальнеалагічныя курорты. У паўд.ч. — здабыча мінер. солей.