МАСА́ЛЬСКІ (Ігнацій Якуб) (30.7.1729, в. Алекшыцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 28.6.1794),
рэлігійны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай; прадстаўнік Асветніцтва. З роду Масальскіх. Д-р кананічнага і рымскага права (1752). Вучыўся ў Рыме. З 1752 рэферэндарый літоўскі, з 1762 біскуп віленскі. У 1773—88 падтрымліваў, а часам ініцыіраваў рэформы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, крытыкаваў прыгоннае права. Першы старшыня Адукацыйнай камісіі (1773—80). У той жа час выкарыстоўваў службовае становішча для асабістага ўзбагачэння (прысвойваў канфіскаваную ў езуітаў маёмасць). На Чатырохгадовым сейме 1788—92 выступіў супраць прагрэс. рэформ, падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю. Асудзіў паўстанне 1794, за што пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎТА́ЛЕР,
буйная высакапробная сярэбраная манета еўрап. краін у 16—18 ст. (маса 15—14 г.) На тэр.ВКЛ абарачаліся іспанскія П. («залатыя піліпкі») з кантрамаркамі Жыгімонта II Аўгуста 1564, якія мелі прымусовы курс у 30 грошаў польскіх або 24 грошы літоўскія. Першыя вядомыя П. Рэчы Паспалітай з’явіліся ў 1583 з курсам 17,5 гроша польскага. У канцы 16 ст. курс айч. і замежных П. — 20 грошаў, у сярэдзіне 17 ст. — 45, у канцы 17 ст. — 120 грошаў меднай манетай. Паводле рэформы 1766 П. 1767—92 быў роўны 16 сярэбраным або 120 медным манетам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТРЫМО́ВІЧЫ, Бутрымы,
шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Паходзяць ад літоўскага баярына Бутрыма, які ўдзельнічаў у заключэнні Гарадзельскай уніі 1413. Найб. вядомыя:
Ян, намеснік смаленскі ў 1422. Ян, шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1789. Адрыян, уніяцкі епіскап-суфраган пінскі і тураўскі, у 1793 суфраган кіеўскага мітрапаліта. Мацей (1745—1814), дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Вучыўся ў Пінскім езуіцкім калегіуме. З 1778 канюшы, з 1780 мечнік, з 1783 суддзя гродскі, з 1785 падстароста, з 1791 лоўчы пінскі. Набліжаны гетмана М.К.Агінскага. Ініцыятар шырокіх гасп. пераўтварэнняў на Піншчыне. Ажыццяўляў пракладку гасцінцаў, Мухавецкага і Агінскага каналаў, праводзіў меліярацыю. Удзельнічаў у працы Чатырохгадовага сойма 1788—92, падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́РСКІ МУЖЧЫ́НСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17 — пач. 20 ст. каля в. Ахора (цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл.) на беразе р. Сож. Паводле падання, заснаваны як праваслаўны пустэльнікам ці будаўніком Аркадзем. Першы ігумен вядомы з 1669. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 знішчаны шведамі, пазней адбудаваны. Прывілеем караля Аўгуста II 1720 пацверджана прыналежнасць манастыра да правасл. царквы і захавана яго зямельная ўласнасць. У 1842 прыпісаны да Магілёўскага Богаяўленскага манастыра, з 1870 самастойны. Меў 2 драўляныя храмы: Праабражэння (1711) з разьбяным 3-ярусным іканастасам і шанаваным абразом Маці Божай і Успення (1843). У 1918 манастыр закрыты. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,
адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г. Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.Чырнера, С.Борна і рас. эмігранта М.А.Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎЦЭ́ВІЧ (Лаўцінская, Лаўчынская) Разалія (1767 ?, Пастаўшчына — ?), бел. танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Гродне. У жн. 1778 удзельнічала як салістка ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 у балетнай трупе «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры. Пасля задушэння паўстання 1794 у балетных трупах С.Гальніцкага і Т.Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт былога караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага выехала ў Пецярбург і паступіла фігуранткай у трупу імператарскіх т-раў. З 1799 выступала пад прозвішчам Дукштэйн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВІЙ (Ціт) (Titus Livius; 59 да н.э., Патавія, цяпер г. Падуя, Італія — 17 н.э.),
старажытнарымскі гісторык. Вывучаў рыторыку і філасофію. Жыў і працаваў у Рыме, карыстаўся апекай імператара Аўгуста. Пісаў дыялогі філас. зместу. Аўтар «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» ў 142 кнігах (захаваліся 35), у якой пагадова апісана гісторыя Рыма ад заснавання да 9 г. да н.э. Ідэалізаваў Рым і, выкарыстоўваючы матэрыялы ранейшых рым. аўтараў, пераносіў у старажытнасць рысы сучаснага яму рым. ладу. Сучаснікі і наступныя пакаленні лічылі яго гіст. працу ўзорнай, а самога аўтара — «рымскім Герадотам».
Тв.:
Рус.пер. — История Рима от основания города. Т. 1—3. М., 1989—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ Валерый Ліцыніян (Valerius Licinianus Licinius; каля 265—325) рымскі імператар [308—324]. Селянін па паходжанні, Л. зрабіў ваен. кар’еру. У 308 імператар Галерый абвясціў яго суправіцелем з тытулам аўгуста. Пасля смерці Галерыя ў барацьбе чатырох аўгустаў за ўладу (311—312) Л. разам з імператарам Канстанцінам I перамог Максенцыя і Максіміна Дая. У 312 Л. стаў правіцелем усх.ч. імперыі. У 313 выдаў разам з Канстанцінам Міланскі эдыкт аб свабодным веравызнанні хрысціянства. Неўзабаве паміж Л. і Канстанцінам пачалася барацьба за ўладу над усёй імперыяй. Л. быў разбіты, узяты ў палон (324) і пакараны смерцю.
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХАЛАВІ́ЦКІ (Пахалавецкі, Пахаловіч) Станіслаў, бел. картограф і мастак 2-й пал. 16 ст. Служыў сакратаром у магнатаў ВКЛ, у 1563—66 пры двары жонкі караля Польшчы і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, потым у скарбовай і кароннай канцылярыях. У час Лівонскай вайны 1558—83 як картограф удзельнічаў у ваен. паходах, за што быў набілітаваны. Склаў карту «Вопіс Полацкага княства...» [выкарыстана картографамі Г.Меркаторам (карта «Літва», 1595) і Т.Макоўскім («Карта Вялікага княства Літоўскага», 1613)], план аблогі Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579 (абодва награвіраваны ў 1580 у Рыме Т.Трэтэрам), выканаў акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579». Верагодна, разам з інж. П.Франкусам працаваў над аксанаметрычнымі выявамі 6 крэпасцей на Полаччыне: Казьян, Красная, Сітна, Сокал, Суша і Туроўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НА СФО́РЦА (Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),
каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта IIАўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял. князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многія дзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр. рэформы ў ВКЛ (гл.Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.
Літ.:
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;
Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;