МАНФЕРА́Н ((Montferrand) Аўгуст Аўгуставіч) (сапр. Агюст Рыкар дэ М.; 24.1.1786, Парыж — 10.7.1858),
расійскі архітэктар. дэкаратар і рысавальшчык. Па паходжанні француз. Вучыўся ў Політэхн. школе, у арх. Ш.Персье і П.Фантэна ў Парыжы. З 1816 працаваў у Расіі. У творчасці М. адлюстраваўся пераход ад позняга класіцызму да эклектызму. Асн. работы ў Санкт-Пецярбургу: Ісакіеўскі сабор, Аляксандраўская калона на Дварцовай плошчы (1830—34, ампір), дом Лабанава-Растоўскага (1817—20), аздабленне Фельдмаршальскай, Пятроўскай і буд-ва Круглай залаў Зімняга палаца (1827 — пач. 1830-х г.), перабудова дома Гагарынай (1840-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁБІУС ((Möbius) Аўгуст Фердынанд) (17.11.1790, г. Бад-Кёзен, Германія — 26.9.1868),
нямецкі матэматык і астраном. Вучыўся ў Лейпцыгскім ун-це (1809—13), з 1816 праф. гэтага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Навук. працы па геаметрыі, алгебры і тэорыі лікаў. Увёў у праектыўную геаметрыю аналіт. метады даследавання, прапанаваў барыцэнтрычную сістэму каардынат. Стварыў новую класіфікацыю крывых і паверхняў. Устанавіў існаванне аднабаковай паверхні (гл.Мёбіуса ліст), што адыграла важную ролю ў тапалогіі.
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969. С. 224—227.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́Л (партуг. portuguer),
1) залатая манета каралеўства Партугалія 1499—1557 (з перапынкам) вартасцю ў 10 крузада (лігатурная маса 39,9 г).
2) Назва ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст. залатых манет з масай, большай за масу дуката. Першы 10-дукатавы П. 1562 ВКЛ выпусціў Жыгімонт II Аўгуст, апошні — у 1661 Ян II Казімір Ваза. Апошнія П. — каронныя 1794 3-дукатавы і 1,5-дукатавы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. П. часта прызначаліся не для абарачэння, а даваліся манархамі як узнагарода або на памяць, таму выконваліся на высокім маст. узроўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святынь Беларусі. Ушаноўваецца правасл. і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Успенскім манастыры. Абраз — авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ. Паводле царк. падання, з’явіўся ў 1470 пастушкам у лесе на грушы-дзічцы. Гісторык П.М.Жуковіч лічыў больш верагоднымі датамі падзеі 1493—95. З пач. 17 ст. абраз стаў славіцца за цудоўныя вылячэнні. Пакланіцца яму прыязджалі людзі розных саслоўяў, у т. л. каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Ян III Сабескі, Аўгуст II, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1730 на абраз ускладзены прывезеныя з Рыма кароны, зроблены дарагі абклад, кароны аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Сангушкай. У 1660 абраз вывозілі ў Быценскі кляштар базыльян, у 1915 — у Маскву, адкуль ён вярнуўся без большасці аздоб. З яго шматразова рабіліся жывапісныя копіі на дошках і палатне, выконваліся гравюры, найб. вядомая Л.Тарасевіча (1682) па малюнку П.Бацэвіча. Абраз пашкоджаны пажарам, верагодна, у 1-й пал. 16 ст. Свята абраза адзначаецца 7(20) мая.
Літ: Пуцко В. Жыровіцкі рэльеф // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. № 2; Жировицкая святыня: (По материалам митрополита Антония Мельникова) // Вестн. Бел. Экзархата. 1990. № 3; Карнілава Л. Цудатворныя абразы Гродзеншчыны: Абраз Маці Божай Жыровіцкай // Гарадзенскія запісы. Гародня, 1993. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ЖЫГІМО́НТА І БАРБА́РУ РАДЗІВІ́Л»,
гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне 16 ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 1545—48 (Пазнанскі спіс). У аповесці апісана гісторыя кахання і шлюбу вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЙРА ((Wiera) Аўгуст Петэравіч) (28.3.1853, Яама, каля Тарту, Эстонія — 30.3.1919),
эстонскі тэатр. дзеяч, рэжысёр, дырыжор; заснавальнік эст.муз.т-ра. У 1878—1903 кіраўнік эст.тэатр. трупы «Ванемуйне». Пад яго кіраўніцтвам пастаўлены першы муз. спектакль на эст. мове — опера «Прэцыёза» К.М.Вебера (1883). Сярод інш. пастановак: аперэты «Карневільскія званы» Р.Планкета (1885), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1889), опера «Іосіф у Егіпце» Э.Мегюля (1899); творы эст. драматургіі — «Вар’яцтва Муру Міку» (1880) і «Адстаўны салдат» (1886) Ю.Кундзера, «Гэтакі мульк» Л.Койдулы (1884), п’есы класікаў, у т. л. Вальтэра, Мальера, У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НІУС ((Arrhenius) Свантэ Аўгуст) (19.2.1859, маёнтак Вейк, каля Упсалы, Швецыя — 2.10.1927),
шведскі фізікахімік, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Член Каралеўскай Шведскай АН (1901), замежны член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1903), ганаровы акадэмік АН многіх краін, у т. л.СССР (1926). Скончыў Упсальскі універсітэт (1878). З 1905 дырэктар Нобелеўскага інстытута. Навуковыя працы па тэорыі раствораў электралітычнай дысацыяцыі, даследаванняў па хімічнай кінетыцы (ураўненне Арэніуса), а таксама па астраноміі, астрафізіцы, біялогіі (дастасаванне фізіка-хімічных законаў да біялагічных працэсаў), тэорыі касмічнага паходжання жыцця на Зямлі. Нобелеўская прэмія 1903.
Літ.:
Соловьев Ю.И. Сванте Аррениус, 1859—1927. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ФЛАНД ((Iffland) Аўгуст Вільгельм) (19.4.1759, г. Гановер, Германія — 22.9.1814),
нямецкі акцёр, драматург, рэжысёр. З 1777 акцёр т-ра ў Гоце, з 1779 Мангеймскага т-ра (з 1792 гал. рэжысёр), з 1796 у Берлінскім каралеўскім нац. т-ры. Сярод роляў: Філіп, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Натан («Натан Мудры» Г.Лесінга). Лепшыя ролі выканаў ва ўласных п’есах і п’есах А. фон Кацэбу. Прадстаўнік жанру мяшчанскай драмы: п’есы «Злачынства з пыхлівасці» (1784), «Узнагароджанае пакаянне», «Паляўнічыя» (абедзве 1785), «Сярэдні шлях — дабрачыннасць» (1788) і інш. адлюстроўвалі ідэалогію бюргерства. Аўтар кн. «Мая тэатральная ніва» (1798).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1698,
вуснае пагадненне аб ваен. саюзе супраць Швецыі, заключанае 20—24 жн. ў г. Рава-Руская (цяпер у Львоўскай вобл., Украіна) паміж рас. царом Пятром I і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам II. Заклала асновы антышвед. каал шыі напярэдадні Паўночнай вайны 1700—21. У развіццё Р.п. 21.11.1699 падпісаны Маскоўскі саюзны дагавор: бакі абавязваліся распачаць ваен. дзеянні супраць Швецыі ў яе прыбалт. уладаннях — Пётр I у Карэліі і Іжорскай зямлі (узбярэжжа р. Нява і прылеглай ч. Фінскага заліва), а Аўгуст II у Ліфляндыі і Эстляндыі, з тым, каб гэтыя землі пасля вайны адышлі адпаведна да Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯТО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Цёлак» у Рэчы Паспалітай. Паводле родавай легенды, паходзілі ад італьян. роду Тарэлі. Вядомы з 15 ст., прозвішча паходзіць ад маёнтка і мяст. Панятова недалёка ад Любліна. У 17 ст. П. былі сярэдняй шляхецкай сям’ёй, служылі ў багатай шляхты на гасп. пасадах, часам арандавалі маёнткі. У 18 ст. ўзвысіліся. Некат. прадстаўнікі роду ў 18 — пач. 20 ст. жылі на Беларусі. Найб. вядомыя:
Станіслаў (15.9.1676—29.8.1762). Удзельнічаў у Паўн. вайне 1700—21, стаў на бок шведаў, прыбліжаны да караля Станіслава Ляшчынскага, ген. артылерыі ВКЛ у 1707—09, ген. кавалерыі швед. войска, пасля ген.-лейт. польскага войска. У 1720 ажаніўся з князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай, якая ў 1721 набыла маёнтак Воўчын у Брэсцкім пав., дзе былі збудаваны касцёл і палац — рэзідэнцыя П. Падстолі ВКЛ у 1722, падскарбі вялікі ВКЛ у 1722—31, ваявода мазавецкі ў 1731—52, кашталян кракаўскі з 1752. Яго сыны на сойме 1764 атрымалі княжацкі тытул. З іх Казімір (15.9.1721—13.4.1800) — падкаморы вялікі каронны ў 1742—73, ген. польскага войска; Станіслаў Аўгуст (1732—98), кароль польскі і вял. князь літоўскі [1764—95], гл.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі; Андрэй (28.9.1734—3.3.1773), ген.-лейт. аўстрыйскага войска (1760), фельдмаршал (1771), князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Станіслаў (23.2.1754—13.2.1833), ген.-лейт. польскага войска, шэф пешай кароннай гвардыі, падскарбі вялікі ВКЛ у 1784—91. Яго нашчадкі атрымалі ў Фларэнцыі (Таскана) тытул князёў ды Монтэ Ратонда (1847), а ў Аўстрыі тытул князёў П. (1850). Юзаф Антон (1763—1813), ген.-лейт. польскага войска, маршал Францыі, гл.Панятоўскі Ю.А.