Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОП-АРТ (англ. op art скарочанае ад optikal art аптычнае мастацтва),
кірунак абстрактнага мастацтва. Узнік у канцы 1940-х г. у Парыжы ў творчасці групы мастакоў на чале з В.Вазарэлі (сапр. Ванархей) на аснове геам. абстракцыянізму. Блізкі да кінетычнага мастацтва, у адрозненне ад якога стылістычна не выходзіць за межы жывапіснага твора. З 1960-х г. пашырыўся ў зах.-еўрап. і амер. жывапісе, дызайне і рэкламе. У творах О.-а. выкарыстоўваюць аптычныя ілюзіі, заснаваныя на асаблівасцях зрокавага ўспрыняцця, што стварае фіктыўны вобраз, які існуе толькі ў свядомасці гледача (эфекты прасторавага перамяшчэння, зліцця ці бязважкасці форм, ілюзіі руху, паслядоўнай змены вобразаў і няўстойлівай формы і інш.). Гэта дасягаецца ўвядзеннем рэзкіх колеравых і танальных кантрастаў, рытмічных чаргаванняў, перасячэннем спіралепадобных і кратавых канфігурацый, закручаных ліній і інш. Часта выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія не ўласцівы жывапісу (метал, шкло, пластык і інш.), але маюць паверхню, што адбівае святло, а таксама ўстаноўкі зменлівага асвятлення, дынамічныя канструкцыі і інш. Сярод прадстаўнікоў: Р.Анушкевіч, К.Крус-Дыес, Л.Пунс, Б.Райлі, Р.Сота і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРТ-СЕ́СІЯ»,
мастацкая акцыя, якая ўключае правядзенне конкурсу-выставы візуальных мастацтваў творчай моладзі і фестывальную харэаграфічную праграму. Праводзіцца з 1992 штогод у Віцебску. У выстаўцы ўдзельнічаюць студэнты маст. спецыяльнасцяў ВНУ Віцебска (факультэты мастацка-графічны, педагогікі і методыкі пач. навучання, музыкі і выяўл. мастацтва пед. ін-та, маст. канструявання вырабаў лёгкай прам-сці тэхнал. ін-та) і вучні маст. аддзяленняў вучылішчаў. Экспазіцыя выстаўкі ўключае раздзелы: жывапіс, графіка, дызайн, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, мадэлі адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІМА́ЛЬ-АРТ (англ. minimal art),
мінімальнае мастацтва, кірунак авангардызму. Узнік у 1960-я г. ў ЗША пад уплывам ідэй гештальтпсіхалогіі. Тэрмін «М.-а.» увёў у 1965 крытык Р.Вольхейм. Творы вызначаюцца звядзеннем трохмерных маст. форм да прасцейшых геам. аб’ёмаў буйных памераў, якія выконваюцца на заводах паводле эскіза мастака (вял. пластмасавыя ці метал. скрынкі, конусы, кубы, рашэцістыя структуры, роўна афарбаваныя прамавугольныя планшэты, лісты бляхі і інш.). Агляд вял. аб’екта з розных пунктаў абумоўлівае непарыўную зменлівасць ракурсаў, асвятлення, перспектыўных скарачэнняў і інш., у выніку геам. вобразы візуальна губляюць сваю ўстойлівую форму і ствараецца супярэчнасць паміж успрыняццем твора і рэальным пачуццёвым вопытам гледача. Падкрэсленая канструктыўнасць форм прызначана адвяргаць суб’ектыўныя асацыяцыі з канкрэтнымі рэчамі і вобразамі і ствараць вобраз арганізаванага, фармальна дакладнага свету, канструкцыю свядомасці, увасобленай у матэрыяле. Сярод прадстаўнікоў М.-а.: К.Андрэ, Р.Бладэн, Д.Джад, С.Ле Віт, Р.Морыс, Ф.Стэла, Д.Флейвін, Д.Юд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЭНД-АРТ (англ. land art мастацтва зямлі),
мастацтва трансфармацыі прыродных аб’ектаў; кірунак сучаснага мастацтва. Як від татальнага мастацтва імкнецца праз пераўтварэнне наблізіць рэальны ландшафт да жывапіснага пейзажу, да аднаўлення страчанай сувязі чалавека з прыродай. Узнік у 1960-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на экалагічныя праблемы і камерцыялізацыю мастацтва. Першапачаткова творы Л.а. ствараліся на т.зв. ускраінных прасторах (пустыні, астравы, аддаленыя ад жылых месцаў вадаёмы і інш.). Заснавальнікі кірунку (Д.Опенгайм, Р.Лонг, В. дэ Марыя, Р.Смітсан, М.Хейзер) ажыццяўлялі буйнамаштабныя праекты на вял. прыроднай прасторы: капалі равы, рабілі насыпы, праводзілі на зямлі барозны, лініі вапнай або камянямі і інш. Іх формы часта нагадвалі знакі культур стараж. плямён, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Пазней месцамі правядзення падобных акцый сталі пераважна лясныя гушчары, паляны, узбярэжжы рэк і азёр, дзе ствараліся інсталяцыі з прыродных матэрыялаў (ствалы дрэў, лісце, галіны, камяні, дзірван і інш.). У задуму твора ўключаюцца яго змены пад уздзеяннем атмасферных з’яў, росту раслін і інш. прыродныя працэсы. Твор звычайна ахоплівае вял. плошчу і цалкам бачны толькі з вял. вышыні. Найб. вядомы ўзор Л.а. — «Спіральная дамба» Смітсана ў Вял. Салёным воз. ў ЗША (1970).