серсо́

(фр. cerceau = абруч, ад лац. circus = кола)

гульня з тонкім лёгкім абручом, які падкідаюць і ловяць спецыяльнай палачкай, а таксама прылады для гэтай гульні (абручы і палачкі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трыно́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Жалезны абруч на трох ножках, які з’яўляецца падстаўкай для чыгуна, катла і пад. у час гатавання ежы на адкрытым агні. У бледным полымі стаіць трыножка, на якой — вялікі чыгун. Брыль. Выраўняўшы плыты ля нізкага берага, .. [плытагоны] прыносілі ў лагчыну трыножку і чыгунок для юшкі, разводзілі вогнішча. Карамазаў. // Козлы, да якіх падвешваецца кацёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́сці, 1 і 2 ас. не ўжыв., спадзе́; спаў, спа́ла; зак.

1. Упасці ўніз, аддзяліўшыся ад чаго-н., не ўтрымаўшыся на чым-н.

Абруч спаў з кадушкі.

2. Пайсці на спад, панізіцца ва ўзроўні (пасля паводкі).

Пасля паводкі вада спала.

3. Стаць меншым у сіле праяўлення, аслабець; меншаючы, знікнуць.

К вечару тэмпература ў дзіцяці спала.

Пухліна на руцэ спала.

Спасці з цела (твару) (разм.) — схуднець.

|| незак. спада́ць, -а́е.

|| наз. спад, -у, М -дзе, м. (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БУ́БЕН,

бел. нар. інструмент класа мембранафонаў. Лакальная назва ручны барабан. Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці); у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); пад скурай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вял. пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.

Назва «бубен» сустракаецца ў гіст. дакументах 11 ст. ў сувязі з ваен. падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла св. Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вял. кн. Літоўскага). У сучасным сял. побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі.

І.​Дз.​Назіна.

Бубен. Вёска Забалоцце Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ ГІМНА́СТЫКА,

від спорту; спаборніцтвы жанчын у выкананні пад музыку камбінацый розных пластычных і дынамічных гімнастычных і танцавальных практыкаванняў з прадметам (абруч, булава, мяч, скакалка, стужка) і без яго. Праграма міжнар. спаборніцтваў уключае мнагабор’е (1 абавязковае і 3 адвольныя практыкаванні з прадметам) і групавое адвольнае практыкаванне з прадметам. Пераможцы вызначаюцца ў мнагаборстве, у асобных і групавым практыкаваннях. Выступленні ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.

Як від спорту М.г. ўзнікла ў СССР у 1940-я г. 1-ы чэмпіянат СССР адбыўся ў 1949. У пач. 1960-х г. прызнана Міжнар. федэрацыяй гімнастыкі. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1964 па няцотных гадах.

На Беларусі 1-ы чэмпіянат адбыўся ў 1951. Сярод бел. гімнастак — чэмпіёнка Алімп. гульняў М.Лобач, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розныя гады — Г.Крыленка, Л.Лук’яненка, Т.​Агрызка, В.​Ваткіна, В.​Гантар, І.​Лісоўская, В.​Рабіновіч, Ю.​Раскіна і інш. З 1993 на міжнар. спаборніцтвах выступае нац. зборная каманда М.г. У 1994 бел. каманда (Гантар, Лук’яненка, В.​Перапяліца) — чэмпіён клубнага чэмпіянату свету, на чэмпіянаце Еўропы заняла 2-е месца (Агрызка, Гантар, Лук’яненка).

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бант1 ’бант’. Рус., укр. бант. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (польск. bant, banta < ням. Band; да ням. слова гл. Клюге, 48). Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 35.

Бант2 ’жэрдзе, якое прыбіваецца паміж кроквамі’ (Тарнацкі, Studia, Сцяшк. МГ). Паводле Тарнацкага, непасрэднае запазычанне з ням. Band. Параўн. яшчэ ст.-бел. бант ’бэлька’, бел. дыял. ’бэлька ў гумне’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Параўн. бант1, ба́нта. Гл. і Фасмер, ZfslPh, 28, 116.

Бант3, дыял.абруч на бочцы’ (ст.-бел. бантабруч’, Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Паводле Чартка, там жа, з с.-в.-ням. bant ’тс’. Параўн. яшчэ Шалудзька, Нім., 21.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сэ́рса (сэ́рсо) ’гульня з абручыкамі’ (гродз., Нар. словатв.). Відаць, праз польск. serso ’тс’ з франц. cerceauабруч’, параўн. Варш. сл., 6, 75. Адзначанае ў ТСБМ серсо ’гульня з абручом’ запазычана праз рус. серсо ’дзіцячая гульня з колцам’ таго ж паходжання, гл. Фасмер, 3, 610.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЫ́СІК (Яўген Мікітавіч) (17.9.1930, с. Шныроў Бродаўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 4.5.1991),

украінскі мастак тэатра. Засл. дз. маст. Украіны (1967). Нар. мастак Украіны (1975). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1961). З 1961 мастак, з 1967 гал. мастак Львоўскага т-ра оперы і балета, дзе аформіў спектаклі «Спартак» А.​Хачатурана (1965 і 1986), «Залаты абруч» Б.​Ляташынскага (1971), «Раймонда» А.​Глазунова (1974), «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева і «Вій» В.​Губарэнкі (абодва 1985). З 1974 супрацоўнічаў з Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, у 1979—81 яго гал. мастак. Аформіў балеты «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава (1978), «Спартак» (1980), «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага (1982), оперу «Джардана Бруна» С.​Картэса (1977). Гал. рысы яго творчасці — тэатральнасць і глыбокая філасафічнасць мыслення, шматзначнасць, уменне ўкласці ў адзін выяўленчы рад некалькі сэнсаў у спалучэнні з выразнай маст. канцэпцыяй, арганічная знітаванасць сцэнаграфіі з музыкай і пластыкай. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1971.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 171—181.

Л.​А.​Сівалобчык.

Я.М.Лысік.
Я.Лысік. Эскіз дэкарацый да балета «Стварэнне свету» А.​Пятрова.

т. 9, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТАШЫ́НСКІ (Барыс Мікалаевіч) (3.1.1895, г. Жытомір, Украіна — 15.4.1968),

украінскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч. Нар. арт. Украіны (1968). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1919, клас Р.Гліэра). Выкладаў у Кіеўскай (з 1919, з 1935 праф.) і Маскоўскай (1935—44, з перапынкам) кансерваторыях. У 1939—41 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Найб. творчыя дасягненні — 3-я, 4-я, 5-я сімфоніі, адметныя філас. глыбінёй і сілай маст. абагульнення. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў. Рэдагаваў і аркестраваў творы інш. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Залаты абруч» паводле І.​Франко (паст. 1933), «Шчорс» (паст. 1938); 2 кантаты, у т. л. «Запавет» (1939); для аркестра — 5 сімфоній (1918—66), сімф. паэмы «Уз’яднанне» (1949), «Гражына» (1955), «На берагах Віслы» (1958); сюіты (1961, 1966), уверцюры (1926, 1961); «Славянскі канцэрт» для фп. з арк. (1953); камерна-інстр. ансамблі; інстр. творы; хары, у т. л. a cappella, на словы А.​Пушкіна і Т.​Шаўчэнкі; рамансы, апрацоўкі укр. нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Сярод вучняў І.Бэлза. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1971.

Літ.:

Самохвалов В.Я. Черты симфонизма Б.​Лятошинского. 2 изд. Киев, 1977;

Б.​Лятошинский: Воспоминания. Письма. Материалы. Кн. 1—2. Киев, 1985—86.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэ́шата, -а, М -шаце, мн. рашо́ты і (з ліч. 2, 3, 4) рэ́шаты, рашо́т і рашо́таў, н.

1. Рэч хатняга ўжытку — нацягнутая на шырокі абруч густая сетка для прасейвання мукі і інш.

Прасеяць муку на р.

У рэшаце ваду насіць (перан.: займацца чым-н. бескарысным, пустой справай; разм.). Галава як р. ў каго-н. (пра таго, хто ўсё забывае, у каго дрэнная памяць; разм.).

2. Прасейвальнае прыстасаванне ў зернеачышчальных, сартавальных і іншых машынах.

Рашоты ў камбайне.

Цуды ў рэшаце (разм., жарт.) — пра што-н. незвычайнае або незразумелае.

|| прым. рашо́тны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)