ПО́ЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВАЙСКО́ВАЯ (ПАВ),
тайная вайсковая арганізацыя. Створана ў кастр. 1914 у Варшаве. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Ю.Пілсудскага ў Каралеўстве Польскім, Галіцыі, на Украіне, Беларусі і ў Расіі. Адной з мэт ПАВ было захаванне ўлады ў руках Пілсудскага. Паводле некат. звестак, у ПАВ існавала тайная «група белага арла», якая вызначала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы. У кіраўніцтва ПАВ уваходзілі А.Коц, М.Касцялкоўскі, Б.Мядзінскі, А.Прыстар, Э.Рыдз-Сміглы і інш., якія адначасова з’яўляліся членамі масонскай Вял. нац. ложы Польшчы. У 1930-я — пач. 1940-х г. у СССР органы АДПУ—НКУС фабрыкавалі групавыя справы ПАВ, па якіх былі арыштаваны і засуджаны ў асн. беларусы і палякі. Першая ў БССР справа ПАВ прыдумана ДПУ у 1933. Па ёй у лют. 1934 асуджана 55 чал. на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У жн. 1937 у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Да вер. 1938 органамі НКУС арыштавана 21 407 «удзельнікаў ПАВ і паўстанцкіх арг-цый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў», з іх 10 120 беларусаў і 9196 палякаў. У 1937—39 па справах ПАВ прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Сав. Саюз, а таксама дзярж. дзеячаў, парт., сав., камсам. і прафс. работнікаў польскага паходжання. Фабрыкацыя спраў ПАВ была выкарыстана НКУС і для рэпрэсій палітычных у Зах. Беларусі пасля ўз’яднання яе з БССР у вер. 1939. Сярод арыштаваных і асуджаных па справах ПАВ была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падп. узбр. фарміраванняў, якія вялі антыдзярж. работу супраць сав. ладу. У 1950—90-я г. ўсе беспадстаўна рэпрэсіраваныя па справах ПАВ рэабілітаваны.
У.М.Міхнюк.
т. 12, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ППС; Polska Partia Socjalistyczna),
левая палітычная партыя ў Польшчы. Засн. ў 1893 на падставе праграмных установак Парыжскага з’езда польскіх сацыялістаў (ліст. 1892), які абвясціў лозунг стварэння незалежнай Польскай дэмакр. рэспублікі і барацьбы за дэмакр. правы нар. мас. Да 1918 дзейнічала гал. чынам у Каралеўстве Польскім. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. рабочы к-т. Кіраўнікі ППС (Ю.Пілсудскі, С.Вайцяхоўскі і інш.) планавалі аднавіць Польскую дзяржаву шляхам нац.-вызв. паўстання. У 1900—04 у ГІПС узмацніўся левы кірунак (М.Бялецкі, Ф.Кон і інш.), да якога ў чэрв. 1905 перайшло кіраўніцтва партыяй, што актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07. 9-ы з’езд ППС (ліст. 1906, Вена) выключыў Пілсудскага і яго прыхільнікаў з партыі. У 1918 ППС, вядомая як ППС-лявіца, аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы ў Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы). Прыхільнікі Пілсудскага стварылі ППС — «рэв. фракцыю», якая ў 1909 прыняла назву ППС. У час 1-й сусв. вайны 1914—18 ППС Пілсудскага ўдзельнічала ў яго ваен.-паліт. кампаніі на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі (стварэнне легіёнаў польскіх), у 1918 — у стварэнні незалежнай Польскай дзяржавы. У ліп. 1920 увайшла ў кааліцыйны ўрад В.Вітаса, у 1926 падтрымала дзярж. пераварот Пілсудскага, але з ліст. 1926 адмовілася ад супрацоўніцтва з «санацыйным рэжымам» і перайшла ў апазіцыю. Пасля захопу Польшчы гітлераўскай Германіяй (вер.—кастр. 1939), кіраўніцтва партыі абвясціла пра роспуск ППС. Пасля вызвалення краіны (1944—45) створана адноўленая ППС (кіраўнік Э.Асубка-Мараўскі), якая ў снеж. 1948 утварыла разам з Польскай рабочай партыяй Польскую аб’яднаную рабочую партыю. Дзейнасць ППС у Польшчы аднавілася ў 1987. У 1993—94 у складзе Саюза лявіцы дэмакратычнай. У 1995 з ППС злучыліся інш. невял. сацыяліст. партыі.
т. 12, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧЭ́ПАЎ (Дзмітрый Філімонавіч) (21.11.1896, в. Калодніца Крупскага р-на Мінскай вобл. —31.1.1940),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1916 у арміі, прапаршчык. У 1919—20 у Чырв. Арміі, потым нам. старшыні Сенненскага пав. выканкома, старшыня Веліжскага пав. рэўкома. У 1922—23 старшыня Аршанскага пав. выканкома. З пач. 1924 нам. старшыні Віцебскага губвыканкома, чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б). У сак. 1924 разам з Я.А.Адамовічам падпісаў акт пра далучэнне Віцебскай губ. да БССР. У 1924—29 нам. наркома, нарком земляробства БССР, старшыня с.-г. секцыі Інбелкульта. З мая да 14.9.1929 нам. старшыні Дзярж. планавай камісіі, чл. Эканам. нарады БССР. Чл. ЦК КП(б)Б (1926—29), ЦВК БССР і яго прэзідыума (1924—29), ЦВК СССР (1922—29). Абвінавачаны ў правым ухіле, у вер. 1929 выключаны з КП(б)Б і зняты з пасады наркома. Яго пазіцыя ў агр. палітыцы атрымала назву «прышчэпаўшчына». Паводле ацэнкі Бюро ЦК КП(б)Б, асн. ідэі яе тэорыі і практыкі заключаліся ў стаўцы на развіццё хутарской сістэмы і абарону інтарэсаў кулацкіх гаспадарак, падпарадкаванне кааперацыі, сельгаскрэдыту, падатковай палітыкі патрэбам заможных пластоў вёскі, згортванне калгаснага і саўгаснага будаўніцтва, вырашэнне праблемы агр. перанасялення шляхам дэпартацыі беднаты на Урал, Д.Усход і ў Сібір. 19.7.1930 арыштаваны па справе так зв. «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Адбываў пакаранне на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала, потым у Поўнач-усходлагу. У чэрв. 1937 вызвалены. 13.8.1937 зноў арыштаваны ў Магадане, у студз. 1939 этапіраваны ў Мінск. 20.11.1939 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Памёр у турэмнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1988.
Э.А.Карніловіч, У.М.Міхнюк.
т. 13, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Крыштоф) (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л. Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс. чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс. чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт. Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.Рымша, Г.Пельгрымоўскі, С.Рысінскі, А.Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.
А.П.Грыцкевіч.
т. 13, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКО́ЛЬНІКАЎ (сапр. Ільін) Фёдар Фёдаравіч
(28.1.1892, С.-Пецярбург — 12.9.1939),
савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн. ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав. ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (з ліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.
Тв.:
О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.
Літ.:
Гребельский З.В. Федор Раскольников. М., 1988.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 21.8.1913, г. Яраслаўль, Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1952). З 1931 акцёр Кастрамскога т-ра юнага гледача. П’есы пераважна пра сучасную моладзь: «Яе сябры» (паст. 1949), «У добры час!» (паст. 1954, экранізацыя 1956), «У пошуках радасці» (паст. 1957, фільм «Шумны дзень», 1961), «У дзень вяселля» (паст. 1964), «Традыцыйны збор» (паст. 1967), «Сітуацыя» (паст. 1973), «Гняздо глушца» (1978), «Парсючок» (1987) і інш. У п’есе «Вечна жывыя» (фільм «Ляцяць жураўлі», абодва 1957) тэма грамадз. абавязку, высокіх традыцый рус. інтэлігенцыі. Аўтар кн. аўтабіягр. прозы «Падарожжа ў розныя бакі» (1987), інсцэніроўкі рамана «Звычайная гісторыя» І.Ганчарова (паст. 1966, Дзярж. прэмія СССР 1967). П’есы Р. ставіліся на Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «У добры час!» (1955), «Перад вячэрай» (1962), «Традыцыйны збор» (1966); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Яе сябры» (1950), «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1958), «Перад вячэрай» (1962), «У дзень вяселля» (1964); у Рускім драм. т-ры — «Яе сябры» (1952), «У дзень вяселля» (1964), «З вечара да поўдня» (1970), «Гняздо глушца» (1979); у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача — «Твой шлях» (1956), «У пошуках радасці» (1958), «Няроўны бой» (1960), «Чатыры кроплі» (1975), «На моры» («Парсючок», 1987); у Брэсцкім абл. драм. т-ры — «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1957); у Гомельскім абл. драм. т-ры — «Сітуацыя» (1973); у Гродзенскім абл. драм. т-ры — «Перад вячэрай» (1963), «Вечна жывыя» (1983); у Магілёўскім абл. драм. т-ры — «Гняздо глушца» (1979); у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі — «Чатыры кроплі» (1975).
Тв.:
Избранное. М., 1983.
Літ.:
Анастасьев А.Н. Виктор Розов: Очерк творчества. М., 1966.
т. 13, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧЫ,
род старажытнарускіх князёў і маскоўскіх цароў, якія лічыліся нашчадкамі Рурыка (гл. Рурык-Сінявус—Трувор). Існуе меркаванне, што сапр. генеалагічнае дрэва Р. уключала ў сябе акрамя варага Рурыка і родавых слав. правадыроў. Бясспрэчным родапачынальнікам Р. быў кіеўскі кн. Ігар (у сканд. сагах Ігар Стары), якога «Аповесць мінулых гадоў» называе сынам Рурыка. Гэта першая рэальная гіст. фігура дынастыі Р. У 11—13 ст. некат. адгалінаванні Р. называліся таксама па імёнах сваіх родапачынальнікаў — Ізяславічы («Рагвалодавы ўнукі»), Манамашычы, Ольгавічы, Расціславічы і інш. Пазней у ВКЛ нашчадкамі Р., верагодна, былі княжацкія роды Адзінцэвічаў, Друцкіх, Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Лукомскіх, Нясвіцкіх, Палубінскіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Талочак, Чацвярцінскіх і інш. З утварэннем вакол Маскоўскага вялікага княства Рус. цэнтралізаванай дзяржавы б. ўдзельныя князі ператвараліся там у вышэйшы пласт маскоўскіх служылых людзей. Вярх. ўлада ў Маскоўскай (Расійскай) дзяржаве да смерці ў 1598 цара Фёдара Іванавіча знаходзілася ў руках уладзіміра-суздальскіх Манамашычаў. З роду ніжагародскіх князёў Р. быў цар Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10]. Аднак «Смута» пач. 17 ст. канчаткова звяла Р. з гіст. сцэны як правіцеляў, і на змену ім прыйшла дынастыя Раманавых (былі ў сваяцтве з Р.). У наступныя стагоддзі частка Р. страціла княжацкі тытул і змяшалася з нетытулаванымі дваранскімі родамі. У той жа час многія Р. (Валконскія, Абаленскія, Гарчаковы, Далгарукія і інш.) займалі ў Расіі важныя дзярж. пасады, але ніколі, як правіла, не прэтэндавалі на царскі (імператарскі) прастол.
Літ.:
Творогов О.В. Князья Рюриковичи: Краткие биогр. М., 1992;
Коган В.М. История дома Рюриковичей: (опыт ист.генеалог. исслед.). СПб, 1993;
Шишов А. Русские князья. Ростов н/Д, 1999;
Богуславский В.В., Бурминов В.В. Русь. Рюриковичи: Ил. ист. словарь. М., 2000.
С.В.Пазняк.
т. 13, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЛІТО́ЎСКІЯ ДАГАВО́РЫ.
Мірны дагавор 1920 паміж РСФСР і Літвой, падпісаны 12 ліп. ў Маскве. Адзін з першых дагавораў Сав. Расіі, пачатак устанаўлення мірных адносін з прыбалт. краінамі. Дагавор зафіксаваў сав.-літ. граніцу, прадугледжваў урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў, устанаўленне дыпламат. і гандл. адносін. РСФСР прызнала незалежнасць Літвы, яе права на Вільню і Віленскую вобл. Краіны абавязаліся не дапускаць, каб на іх тэр. ствараліся і знаходзіліся арганізацыі і групы, накіраваныя супраць другога боку. Дагавор 1926 паміж СССР і Літ. рэспублікай аб узаемным ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 28 вер. ў Маскве. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж абедзвюма краінамі з’яўляецца дагавор ад 12.7.1920. Бакі абавязаліся паважаць суверэнітэт, тэр. цэласнасць і недатыкальнасць дзяржаў, устрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, не ўдзельнічаць у варожых адна адной кааліцыях, прытрымлівацца нейтралітэту ў выпадку нападу на адзін з бакоў. Дагавор 1939 аб перадачы Літ. рэспубліцы Вільні і Віленскай вобл. і ўзаемадапамозе паміж СССР і Літвой, падпісаны 10 кастр. ў Маскве. Звязаны з падпісаннем пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і зменай міжнар. адносін пасля пачатку 2-й сусв. вайны. Урад СССР перадаў Літве Вільню і Віленскую вобл. СССР і Літва дамовіліся аб сумеснай ахове літ. граніц, на тэр. Літвы ўведзены сав. войскі, што садзейнічала ўмацаванню паўн.-зах. граніц СССР, абумовіла змену дзярж. ладу ў Літве і ўключэнне яе ў склад СССР.
Публ.: Мирный договор между Россией и Литвой, 12 июля 1920 г. Вильнюс, 1990.
Літ.:
Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией, Литвой и Эстонией, авг. 1939 г. — авг. 1940 г. М., 1990;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1.
т. 14, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА,
магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл. Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.Лейбніц, І.Кант, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.П.Сартр, М.Хайдэгер, К.Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.
І.І.Катляр.
т. 14, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЕ́КА (Луцый Аней) (Lucius Annaeus Seneca; каля 4 да н.э., г. Кордава, Іспанія — 65 н.э.),
старажытнарымскі філосаф, пісьменнік і дзярж. дзеяч. У 49—54 выхоўваў Нерона, пасля ўзыходу якога на прастол у 54 аказваў уплыў на праўленне імперыяй. Абвінавачаны Неронам у змове супраць імператара і па яго загадзе скончыў жыццё самагубствам. Філасофія С. эклектычная: заснавана на сінтэзе стаіцызму і вучэнняў Эпікура, кінікаў і інш. У асн. філас. працах «Маральныя лісты да Луцылія», «Аб дабрадзействах», «Аб міласэрнасці» прапанаваў праграму маральнага самаўдасканалення асобы, дасягнення стану незалежнасці ад знешніх абставін. Лічыў, што для дасягнення асабістага шчасця неабходна валодаць маральнай мудрасцю і такімі якасцямі, як пагарда да смерці і ўстрыманне. Прызнаваў наяўнасць дабратворнай божай волі і лічыў пакуты чалавека пры жыцці выпрабаваннямі Бога. Адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, у т. л. і рабоў. Верыў у бязмежны прагрэс чалавечых ведаў. У аснове натурфілас. поглядаў С. вучэнні стоікаў пра цялеснасць усяго існага і сусв. пажар як пакаранне за зямное зло. Яго светапогляд адлюстраваны ў 9 трагедыях («Медэя», «Эдып», «Фіест», «Федра», «Геркулес Вар’яцкі», «Агамемнан», «Траянкі», «Фінікіянкі», «Геркулес Этэйскі») на міфалагічныя сюжэты, дзе праводзіў думкі аб згубнасці моцных пачуццяў, вар’яцкім свавольстве дэспатыі, смерці як сродку выратавання ад зямнога зла. Трагедыі С. паўплывалі на далейшае развіццё драматургіі (У.Шэкспір, франц. класіцызм). На Беларусі ідэі С. развівалі Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Сугучныя С. ідэі выказвалі Г.Каніскі, які прызнаваў магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на зямлі, М.К.Сарбеўскі, С.Лаўксмін, Т.Брылевіч, якія гал. задачу філасофіі бачылі ў фарміраванні высокамаральнай асобы.
Тв.:
Рус. пер. — Трагедии. М., 1991;
Нравственные письма к Луцилию. М., 2000.
Т.І.Адула.
т. 14, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)