Бу́да ’кібітка, верх павозкі; буда, пакрыццё ад дажджу над возам; будан, панура і да т. п.; крыты вазок’ (Нас., Касп., Шат., Бесар., Бяльк., Янк. II, БРС, Яшкін). Вядомае з XVI ст. (Булыка, Запазыч.) у значэнні лясная смалакурня; будка’. З іншым націскам буда́ ’тс’ (Др.-Падб.), ’будка для сабакі’ (Сцяшк. МГ), ’будка над ямай, дзе ляжыць бульба’ (Сцяшк.), ’будан; дрэнны жылы будынак’ (слаўг., Яшкін). Вытворнае: бу́дка. Рус. бу́да, бу́дка, укр. бу́да, бу́дка. Запазычанне з польск. buda ’тс’, а гэта з с.-в.-ням. būde (buode). Аб польскім слове падрабязна Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111 і наст. Гл. таксама Слаўскі, 1, 48; Кохман, Kontakty, 104; Фасмер, 1, 230; Бернекер, 96; Праабражэнскі, 1, 50; Шанскі, 1, Б, 211; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 47. Рудніцкі, 234 (услед за Р. Смаль–Стоцкім), думае пра непасрэднае запазычанне з с.-в.-ням. Вельмі няпэўнай з’яўляецца версія (Махэк₂, 61–62) пра паходжанне слав. *buda ад слав. (!) *budovati (< *oborudovati). Да с.-в.-ням. buode і яго герм. сувязей гл. Клюге, 108 (пад Bude).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бур’я́н 1 ’бур’ян’ (БРС). Рус. бурья́н, укр. бурʼя́н. Падобныя формы ёсць і ў іншых славян: балг. бу́рен ’тс’, серб.-харв. бу́рјан ’Sambucus ebulus’, славац. burina, польск. burzan (< укр.; Слаўскі, 1, 51) і г. д. Этымалогія слова вельмі няпэўная (чэш. burina, buřeň з славац. burina; чэш. buřan з рус. бурьян; Махэк₂, 77); яно лічыцца няясным па паходжанню (Слаўскі, 1, 51; Махэк₂, 77). Старыя версіі (сувязь з пырей: Патабня, РФВ, 4, 189, праформа *prujanъ; сувязь з ням. Baldrian, лац. valeriana: Праабражэнскі, 1, 55; роднаснасць з былиѥ: Младэнаў, 50) не пераконваюць (Рудніцкі, 1, 269, лічыць, што тлумачэнне Патабні ўсё ж найбольш падыходзіць). Фасмер (1, 249–250) думае пра сувязь з рус. бури́ть ’раскідваць’ (бурьян, ’тое, што пышна разраслося’). БЕР, 1, 91: сувязь з *bujьnъ ’буйны’ (там і агляд слав. форм). Незразумела Шанскі, 1, Б, 236 (ад асновы бур‑|был‑: былинка). Параўн. і Прыцак, IJSLP, 8 (1964), 41–45. Гл. яшчэ Кніежа, 113; MESz, 1, 391–392 (венг. burján < слав.).

Бур’я́н 2 ’навальніца з вялікім ветрам; бура’ (Яшкін). Адбыць, кантамінаванае слова: буран, бура + буяць, буян?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліпе́ць 1 ’ледзь трымацца’, ’жыць, не падаючы надзей на сілу, на працяглае жыццё’ (Нас., Грыг., Янк. БП, Бір. Дзярж., Др.-Падб., Янк. I, ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; бялын., докш., Янк. Мат., КЭС, лаг., Яўс.) і ліпецца ’тс’. Шальч. ’балець, ныць’, віл., паст. ’вельмі хварэць, ледзь жыць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ніжнегар., ярасл., уладз., бран., смал., ульян., сарат. липеть ’ледзь трымацца’. Генетычна роднасным да іх з’яўляецца літ. klibė́ti ’хістацца’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 230). Параўн. таксама хліпе́ць, хлі́пкі (гл.). Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 658) параўноўвае бел. лексему з літ. lypė́ti ’выжыць’, léipėti ’млець’.

Ліпе́ць 2 ’гарнуцца, хіліцца’ (Нас., Касп.). Рус. липеть ’тс’, ’прылягаць’, ст.-рус. льпѣти, лпѣти ’прыліпаць, ляпіцца’, польск. lpieć ’быць прылепленым, моцна трымацца’, падгальск. ’быць цярплівым’, чэш. lpíti, lpěti ’моцна трымацца чаго-небудзь’, ’ліпнуць’, ’быць прывязаным’, ст.-чэш. lpieti ’гарнуцца, ляпіцца’, славац. lpieť, славен. lępę́ti ’тс’, ст.-слав. при‑льпѣти ’гарнуцца’, ’прыстаць, прыліпнуць’. Прасл. lьpěti ’прылягаць, быць прылепленым’ > усх.-слав. лі‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. lipyáte ’лепіцца, прылягае’, літ. lìpti ’ліпнуць, прыліпаць’ (Слаўскі, 4, 342; там жа і літаратура).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́зґаць ’мазаць, размазваць, маляваць’ (Мал.), вэ́дзґаць ’мазаць, брудзіць, пэцкаць, размазваць’ (Янк. Мат., Бір. Дзярж.), вэ́дзгаць (Шат., БРС), вэ́дзгацца ’пэцкацца, абрабляцца’ (КЭС, лаг.). Параўн. рус. дыял. (пск., цвяр., калуж., смал.) ва́згать ’пэцкаць, брудзіць’, ва́згаться ’пэцкацца, брудзіцца’ (СРНГ). Група слоў не вельмі яснага паходжання. Лічыцца (гл. Шэфтэловіц, KZ, 54, 240 і далей) роднасным з рус. возгря́, ст.-слав. возгри, славен. vózger, чэш. vozher, славац. vozger, польск. wozgrza, в.-луж. wozhor ’сапля’ (але паходжанне гэтай групы слоў таксама не зусім яснае). Гл. Фасмер, 1, 267, 333; Брукнер, 631; Махэк₂, 697. Вакалізм беларускага слова адрозніваецца ад рускага (апошні можна лічыць зыходным). Відавочна, ‑э‑ замест старога ‑а‑ ўзнікла па мадэлі тыпу бэ́рсаць — барса́ць (гл.) з націскным ‑э́‑ і ненаціскным ‑а‑. Але ў такім выпадку трэба для бел. формы лічыць *вазга́ць (з націскам на апошнім складзе). Форма вэ́дзгаць з ‑дз‑ замест ‑з‑, відаць, другасная (як аб гэтым сведчаць формы ў рус. мове). Не выключаецца і ўплыў слоў. з аналагічнай семантыкай і падобнай фанетычнай структурай (напр., слова пэ́цкаць, дзе група ‑цк‑ — гэта глухі варыянт групы ‑дзг‑). З бел. мовы запазычана польск. дыял. wedzgać ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́нька 1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька 2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дабы́ць ’здабыць’, дабыва́ць ’здабываць’. Агульнаславянскі дзеяслоў праславянскага характару. Параўн. укр. добу́ти ’здабыць, набыць, дастаць’, рус. добы́ть дастаць, набыць і г. д.’, ст.-рус. добыти ’набыць, здабыць; дажыць’, чэш. dobyti ’здабыць, набыць, зарабіць; завалодаць, авалодаць; дастаць, выцягнуць’, славац. dobyť ’захапіць, авалодаць; дабыць, дабіцца’, в.-луж. dobyć ’астацца; здабыць, зарабіць; авалодаць, захапіць, перамагчы’, н.-луж. dobyś ’астацца, выцерпець да канца’, польск. dobyć ’астацца, прабыць; выцягнуць, дастаць; захапіць, авалодаць’, балг. доби́я ’здабыць; раджаць’, серб.-харв. до̀бити ’здабыць, атрымаць’, славен. dobíti ’атрымаць і да т. п.’ Прасл. *dobyti (прэфікс *do + дзеяслоў *byti). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 47–48. Не вельмі ясным застаецца пытанне аб першапачатковым значэнні слова. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што зыходзіць трэба з ’раджаць’ (агляд гл. Махэк₂, 122). Паводле Трубачова (там жа, 48), лепш думаць, што гэта апошняе з’яўляецца мясцовым сінонімам. Махэк услед за Матлам (гл. Махэк₂, 122) лічыць, што развіццё семантыкі ішло так, як у лац. слова pecu ’жывёла’ > ’маёмасць, грошы’. Зыходным, паводле Махэка, для *dobyti з’яўляецца ’нарадзіць’. Гэта значэнне было агульным, але сёння захавалася ў балг. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карчма́ ’піцейны дом, шынок, заезны дом’, укр. корчма (корчми робити ’праводзіць пацехі, гульні з музыкам’), рус. корчма, чэш. krčma, славац. krčma, в.-луж. korčma, польск. karczma, рус.-ц.-слав. кърчма ’карчма’, ’моцны напітак’, ’сасуд для віна’, серб.-харв. кр̀чма ’карчма, пачастунак, частаванне’, славен. kȓčma, балг. кръчма ’частаванне, пачастунак’, прасл. kъrčma. У гэтай лексемы відавочна выдзяляецца суфікс ‑ьma. Суфікс мала прадуктыўны, найбольш надзейны прыклад vědъma, якое, аднак, да Nomāna agentis, чаго нельга сказаць пра kъrčma. Ва ўсякім разе іншы падзел на марфемы наўрад ці магчымы. Каранёвая марфема kъrč‑ прадстаўлена, як здаецца, у серб.-харв. кр̀чити ’частаваць або прадаваць алкагольныя напіткі’. Апошні прыклад вельмі няпэўны (адзіная фіксацыя ў песні). Да таго ж гэты дзеяслоў вядомы і шырока распаўсюджаны ў іншым значэнні (прасл. kъrčiti ’карчаваць’), таму, калі ісці ад чыстай формы, мы атрымліваем досыць нечаканы рэзультат: kъrčiti ’карчаваць’ + ‑ьma = kъrčma ’выкарчаванае месца’. Семантычна гэта амаль што немагчыма вытлумачыць. Найбольш верагоднай версіяй з’яўляецца ўзвядзенне kъrčma да kъrkati ’прагна есці, жэрці’ (параўн. серб.-харв. кр́кати і балг. къркам у гэтым значэнні). Іншыя версіі зусім неверагодныя (Агляд версій у Слаўскага, 2, 73–74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бажа́ць ’моцна жадаць, прасіць’ (Нас.), бажа́ць (быжа́ць) ’хацець, жадаць’ (Бяльк.). Ст.-бел. бажати ’прасіць’ (Нас. гіст.: бажати о помочь). Рус. бажа́ть, бажи́ть, бажа́нить, баже́нить, укр. бажа́ти, бажи́ти, бага́ти, багну́ти, багти, багчи, польск. zabagać, чэш. bažiti se, zabahnouti. Вельмі няяснае слова. Знаходзяць сувязь з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan ’пячы’. Семантычная паралель: польск. prażyć ’абпальваць, смажыць, сушыць’, pragnienie ’моцнае жаданне’; літ. garas ’выпарэнне, пара; моцнае жаданне’. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 104–105. Іншыя версіі: 1) *bažati — каузатыў да *bežati (Остэн–Закен, IF, 22, 312 і наст.; супраць Бернекер, 38 і наст.; Ільінскі, ИОРЯС, 23, I, 127 і наст.); 2) сувязь з бог і грэч. φαγετν есці’ (Ільінскі, там жа; супраць, Фасмер, 1, 105); 3) запазычанне з цюрк. (уйгур. bakarmak ’жадаць’) неверагодна; 4) bag‑ ’жадаць’ — метатэза з *gab‑ (параўн. літ. gobėti ’жадаць, вымагаць’, gobùs ’прагны, скнара’); Петарсан, 5 і наст.; Махэк, 28, 5) сувязь з *bogatъ (*bažati ’хацець багацця’, Голуб-Копечны, 67); 6) сувязь з *bag‑ ’чырвоны, багровы’ (*bažati ’чырванець ад жадання’, Голуб-Копечны, 67; параўн. таксама Брукнер, 19). Этымалогія застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бая́рын. Рус. боя́рин (ст.-рус. бояринъ), укр. боя́рин, ст.-слав. болꙗринъ (мн. болꙗре), балг. боля́рин, боля́р, серб.-харв. бо̀љарин, бо̀љар, славен. boljár. Слова, якое выступае толькі ў паўд. і ўсх. славян. Найбольш верагоднай з’яўляецца версія пра запазычанне з адной з старых цюркскіх моў. Параўн. пратабулг. тытулы, запісаныя грэчаскім пісьмом: βωυλε, βοιλα, βοηλα, βουληα і г. д. Першапачаткова (л)ꙗр(е) было канчаткам мн. ліку ў пратабулг. мове (параўн. цюрк. ‑lar). З ст.-слав. мовы слова папала да ўсх. славян. Геаргіеў, ИИБЕ, 1952 (2), 89; БЕР 1, 66. Шматлікія іншыя тлумачэнні і версіі (у тым ліку і фанетычныя) гл. у Фасмера, 1, 203–204. Вельмі няпэўным з’яўляецца вывядзенне (гл. Шанскі, 1, Б, 182) слова з слав. крыніцы (< bojь ’бітва’). Няпэўная таксама кельтская этымалогія Шахматава (AfslPh, 33, 86). Агляд версій гл. таксама ў Шанскага, 1, Б, 181–182. Форма бая́рынь (Шат.) пад уплывам бая́рыня (рус.), як ба́рынь (гл.) пад уплывам ба́рыня. У песнях і да т. п. сустракаюцца формы бая́рка ’пані’ (Нас.), ’шаферка’ (Касп.), бая́рʼе, боя́ре (Нас.), быя́ря (Бяльк.), бая́рыя ’панства’ (Сцяшк. МГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маты́ка, моты́ка, маты́га, маты́чка ’ручная прылада (лапатка) для рыхлення глебы, акучвання агародніны’ (ТСБМ, Тарн., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Бес., Мат. Гом.); матыкава́ць, матыгава́ць, мотыкова́ць ’матычыць’ (Сл. ПЗБ, ТС), маты́чыць, моты́чыты ’тс’ (ТСБМ, Выг. дыс.). Укр. моти́ка ’кірка’, рус. моты́ка, пазней моты́га, ст.-рус. мотыка, польск. motyka, н.-луж. motyja, в.-луж., чэш., славац. motyka, славен. motîka, серб.-харв. мо̀тика, макед., балг. мотика, ст.-слав. мотыка. Прасл. motyka Махэк₂ (375) лічыць вельмі старым, незапазычаным, вылучаючы аснову mat‑, роднаснымі да якой з’яўляюцца: ст.-інд. matyám ’барана, каток’, matī‑kr̥tas ’пабаранаваны, пракачаны’, лац. mateola ’від малатка’, ст.-в.-ням. medela ’плуг’, stein‑mezzo ’камяняр’ (Фасмер, 2, 665; Выгонная, БЛ, 8, 57). Этымолагамі прыводзяцца і ст.-англ. mattoc, англ. mattok, а таксама блізкія да іх уэл. matog, гальск. matog ’матыка’, якія разглядаюць як запазычаныя з народналац. *mattiūka ’матыка’ (Покарны, ZfSlPh, 5, 393) < і.-е. *mat‑ ’капаць, дзяўбці’. Мартынаў (Язык, 72), разглядаючы прасл. лексічную пару kopačь — motyka ’матыка’, прыходзіць да вываду, што motyka з’яўляецца іт. пранікненнем у прасл., якое паступова выцесніла балта-слав. назву матыкі (kopačь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)