КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБО́Ў,
інтымнае і глыбокае пачуццё, накіраванасць на другую асобу, чалавечую супольнасць або ідэю. Засноўваецца на агульнасці інтарэсаў людзей. іх мэт, патрэб, каштоўнасцей і суправаджаецца моцнымі эмоцыямі, якія сітуатыўна ўзнікаюць і перажываюцца ў залежнасці ад індывід.-псіхал. асаблівасцей асобы.
У міфалогіі і стараж. сістэмах філасофіі Л. разумелася як «эрас» — касмічная сіла, падобная сіле прыцягнення, якая злучае разнародныя часткі Сусвету. Платон вызначаў 2 віды Л. — пачуццёвую і духоўную — і абгрунтаваў ідэю ўзыходжання ад пачуццёвай улюблёнасці і эстэт. захаплення прыгожым целам да ідэальнай Л. і разумення прыгажосці наогул (адсюль выраз «платанічная Л»), Паводле хрысціянскай дактрыны, сапраўдная Л. не падобна на пачуццёвы «эрас», на дружбу па выбару, на патрыят. салідарнасць грамадзян: яна ёсць ахвярная і безматыўная «любоў да блізкага». Прадстаўнікі Асветніцтва (К.Гельвецый, Ш.Мантэск’ё, А.Шэфтсберы і інш.) разглядалі Л. як натуральнае пачуццё салідарнасці, годнасці і ўнутр. свабоды чалавека, як асн. ўмову парадку і прыгажосці ў грамадстве. Г.Гегель лічыў, што ідэальная Л. раскрывае сапраўдны сэнс і прызначэнне чалавека. М.Шэлер бачыў у Л. адзіны спосаб пазнання каштоўнаснага ўваходжання асобы ў духоўную прастору свабоды, дзякуючы якой яна становіцца асобай. Паводле тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда, Л. — выражэнне сексуальнай цягі (лібіда) і ўяўляе сабой працэс яе пераўтварэння і пераключэння (сублімацыі) на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. У марксісцкай філасофіі Л. трактуецца як праяўленне перажывання, душэўнага хвалявання, ацэначных адносін і выбіральнай актыўнасці асобы, выражэнне сац.-групавой і агульначалавечай салідарнасці. Як гал. прынцып быцця і чалавечага шчасця, сцвярджэння самакаштоўнасці кожнай асобы, яе самаахвярнай дзейнасці ў імя грамадскага дабра і росквіту айчыны разглядалі Л. бел. мысліцелі-асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ф.Скарына, С.Будны, Ліцыній Намыслоўскі, М.К.Сарбеўскі, Ф.Карпінскі, М.Лавіцкі, М.К.Судзілоўскі, Я.Чачот і інш.
У розныя гіст. эпохі і ў розных філас.-рэліг. вучэннях Л. звязвалі з адносінамі агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фіз. аб’яднання з асобай другога полу і ўзаемнага ўзнаўлення роду (каханне). У залежнасці ад сілы пачуцця, канкрэтнасці прадмета Л. ўсе яе віды можна размясціць у пэўную іерархію. Напр., для індывідуалістычнага грамадства (Стараж. Грэцыя і Рым, некаторыя краіны Зах. Еўропы новага часу) такая іерархія можа быць прадстаўлена ў выглядзе ступеняў: эратычная Л. і Л. да самога сябе; Л. да блізкага і чалавека наогул; да радзімы, жыцця, Бога і інш.; да прыроды, у прыватнасці, касм.Л.; да ісціны, дабра і справядлівасці, да прыгожага і да т.п.; да свабоды, творчасці, славы, улады, сваёй дзейнасці, багацця, «закону і парадку» і да т.п.; да зносін з іншымі людзьмі, да гульні, калекцыяніравання, падарожжаў і да т.п. Па меры аддалення ад вышэйшай ступені памяншаецца непасрэднасць і інтэнсіўнасць, павялічваецца сац. накіраванасць Л., больш выразнымі і пашыранымі становяцца захапленні, процілеглыя асобным відам Л. Напр., Л. да жыцця супрацьстаіць цяга да разбурэння і смерці, Л. да ісціны — схільнасць да хлусні, Л. да свабоды — непрыязнасць да яе. У калектывісцкім грамадстве (Стараж. Егіпет і Кітай, еўрап.феад. дзяржавы, сацыяліст. краіны) вышэйшая ступень Л. звязана з «вялікай мэтай», якую яна ставіць перад сабой. Старазапаветны прынцып «палюбі блізкага, як самога сябе» ў такім грамадстве трансфармуецца ў «Л. да далёкага» (да будучых і мінулых пакаленняў, да братоў па класе, да правадыроў і герояў, да чалавека толькі сваёй веры і пераканання). Калектывісцкае грамадства звычайна імкнецца абмежаваць сферу сексу для таго, каб яна не займала думкі і пачуцці чалавека, не адцягвала яго ад высокага прадвызначэння (умяшанне царквы ў шлюбнае жыццё людзей, забароны любых форм пазашлюбных адносін, асуджэнне «свабоднай Л.» і эротыкі, забарона сексуальных меншасцей і інш.).
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Философия любви. Ч. 1—2. М., 1990;
Фрейд 3. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЧЭ́ЦЬ (араб. месца пакланення),
культавы будынак у ісламе, месца агульнай малітвы.
М. ўзніклі ў 7 ст. Першапачаткова для мусульм. набажэнства прыстасоўвалі б. язычніцкія храмы або цэрквы. Да 8 ст. сфарміраваліся асн. тыпы М.: дваровыя (адкрыты прамавугольны двор, абнесены сценамі і галерэямі) і ку́пальныя. Ва ўсіх М. у сцяне, звернутай да Меккі, знаходзіцца адзін ці некалькі міхрабаў (Амеядаў мячэць у Дамаску, М. Ібн Тулуна ў Каіры, 9 ст.). З правага боку ад міхраба — узвышэнне ці кафедра (мінбар) з 3—9 прыступак, дзе чытаюць хутбу (мусульм. пропаведзь). З 10 ст. пашыраны тып М. з айванамі (тэрасамі) па восях двара. У розных краінах пад уплывам мясц.буд. традыцый выпрацаваліся самаст. тыпы М.: у Паўн. Афрыцы для іх характэрна глыбокая малітоўная зала з выходзячымі ў двор шматлікімі нефамі, столлю-артэсанада (з кесонамі) і сталактытавымі купаламі (М.Кутубія ў Маракешы, Марока, 1153); у Іране, краінах Цэнтр. і Сярэдняй Азіі — айваны па баках двара, на гал. фасадзе высунуты манум, партал-пяштак (М. Калян у г. Бухара, Узбекістан, 12 ст., перабудавана ў 15—16 ст.; саборная М. у г. Ісфахан, Іран, 9—20 ст.), у Турцыі — цэнтрычны будынак з вял. купалам у акружэнні малых купалаў ці паўкупалаў (М. Селіміе ў Стамбуле, 1557). М. аздаблялі разьбой па стука, камені ці дрэве, узорыстай цаглянай або каменнай муроўкай, паліванай керамікай, інкрустацыяй, мазаікай, размалёўкай (суніцкая М. у г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція, 1906—08, арх. І.Плашко). Пры М. звычайна ставяць мінарэты.
На Беларусі пісьмовыя сведчанні пра М. адносяцца да 16 ст. Першыя з іх былі драўляныя адназрубныя пад 4-схільным дахам, са слупавым ганкам ці галерэяй, без мінарэтаў. Паступова з’явіўся мінарэт у выглядзе стромкай вежы. У 18—19 ст. узнік адметны тып М., па архітэктуры блізкі да касцёла: зруб пад 2-схільным дахам з вежай-мінарэтам. Унікальным помнікам архітэктуры з рысамі класічнага Усходу з’яўлялася М. з в. Даўбучкі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. (18 ст.) з 12-гранным купалам, галерэяй і 3-ярусным мінарэтам. Шмат М. будавалі на ўзор правасл.царк. архітэктуры. М. на Беларусі мелі асобныя памяшканні для мужчын і жанчын, падзеленыя сцяной з шырокім акном, закрытым кратамі-балясінамі, з тонкай занавескай (муслінавай). Міхраб знаходзіўся ў мужчынскай палавіне. Падлогу засцілалі зялёнымі суконнымі коўдрамі (кілімамі), круглымі дыванкамі (чалунамі) з імёнамі продкаў падзвіжнікаў. Для старых і хворых уздоўж сцен ставілі лавы, засланыя зялёнымі посцілкамі. На падлозе і сценах былі ваўняныя дываны з выявамі славутых М., мугіры з тэкстамі Карана, імёнамі святых, відарысамі Меккі і інш. У 1-й пал. 20 ст. існавалі Іўеўская мячэць, М. ў вёсках Некрашунцы Воранаўскага р-на (паводле падання, прыход засн. ў 1415, у 1915 М. спалена, адбудавана ў 1926), Лоўчыцы Навагрудскага р-на (1688), г.п. Мір Карэліцкага р-на (да 1795, адбудавана нанава ў 1840), г. Навагрудак (1796, адноўлена ў 1855), вёсках Крушыняны (Гродзенскі пав., 18 ст.) і Асмолава Навагрудскага р-на (1924—25), у гарадах Слонім (1804, у 1881 згарэла, у 1882 адбудавана) Гродзенскай вобл., Ляхавічы Брэсцкай вобл. (1815, разбурана ў 1917, у 1924—28 адноўлена), Мядзел (1840, спалена ў грамадз. вайну, у 1930 адбудавана), Клецк (1881, буд-ва фундавалі Радзівілы, рамантавалася ў 1911, 1930—31), Узда, Капыль, г.п. Смілавічы (19 — пач. 20 ст.) Мінскай вобл., Мінску (1901, адзіная мураваная М. на Беларусі), г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (1860—65, у грамадз. вайну спалена, у 1930—32 адбудавана, з 1999 дзейнічае). Захаваліся М. ў вёсках Даўбучкі (перавезена ў Бел.дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту), Лоўчыцы (рэшткі), Іўі, Навагрудку. М. адбудаваны ў Слоніме (1994), у Навагрудку (1996), адкрыта новая М. у Смілавічах (1996). Распрацаваны праекты аднаўлення і рэстаўрацыі М. у Даўбучках, Лоўчыцах, Мінску.
Літ.:
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Drozd A, Dziekan M.M., Majda T. Meczety i cmentarze Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 1999.
А.І.Лакотка.
Мячэці: 1 — у г.п. Смілавічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобл., 1996; 2 — з вёскі Даўбучкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. (праект рэстаўрацыі для Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, аўтар А.І.Лакотка); 3 — суніцкая ў г. Уладзікаўказ (Паўночная Асеція), 1906—08, арх. І.Плашко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
навука пра хім. элементы і ўтвораныя імі простыя і складаныя рэчывы, акрамя арганічных злучэнняў. Асн. задачы Н.х. — даследаванне будовы, саставу і ўласцівасцей простых рэчываў і хім. злучэнняў, навук. абгрунтаванне і распрацоўка спосабаў атрымання матэрыялаў, неабходных сучаснай тэхніцы. Асн. метады даследаванняў грунтуюцца на аналізе (сукупнасць аперацый, скіраваных на вызначэнне якаснага і колькаснага саставу рэчыва) і сінтэзе (атрыманне складаных хім. злучэнняў з больш простых ці з хім. элементаў). У Н.х. выкарыстоўваюцца тэарэт. ўяўленні і метады фізікі, крышталяграфіі, крышталяхіміі, а таксама метады аналіт., фіз. і калоіднай хіміі. Па аб’ектах, якія вывучаюцца, падзяляюць: на хімію асобных элементаў, хімію груп элементаў перыяд. сістэмы (хімія шчолачных металаў, галагенаў, шчолачназямельных элементаў, халькагенаў і інш.), хімію пэўных злучэнняў некаторых элементаў (хімія сілікатаў, пераксідных злучэнняў і інш.), хімію блізкіх па ўласцівасцях і галінах выкарыстання рэчываў (хімія тугаплаўкіх рэчываў, інтэрметалідаў, паўправаднікоў, высакародных металаў, неарган. палімераў і інш.), а таксама хімію элементаў, аб’яднаных у групы па адзнаках, якія склаліся гістарычна (напр., хімія рэдкіх элементаў). Самаст. раздзел Н.х. — каардынацыйная хімія, ці хімія каардынацыйных злучэнняў (ш. Комплексныя злучэнні). Звычайна «адасабляюць таксама хімію пераходных элементаў.
Гісторыя Н.х. пачынаецца з глыбокай старажытнасці; першыя звесткі пра золата, серабро, медзь, волава і інш. металы адносяцца да 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі, калі панавала алхімія, былі адкрыты мыш’як, сурма, фосфар, цынк, вісмут, атрыманы к-ты (серная, саляная, азотная), некаторыя солі і інш. неарган. злучэнні. Як самаст. навука пачала развівацца ў 18—19 ст., калі былі ўстаноўлены асн. законы хім. атамістыкі: законы захавання масы пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1756; А.Лавуазье, 1770), пастаянства саставу (Ж.Пруст, 1801—07), кратных адносін закон (Дж.Дальтан, 1803). У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцаліус апублікаваў табліцу атамных мас 45 вядомых элементаў; А.Авагадра і Ж.Л.Гей-Люсак адкрылі газавыя законы; П.Л.Дзюлонг і А.Пці вынайшлі правіла, што звязвае цеплаёмістасць з колькасцю атамаў у злучэнні; Г.І.Гес адкрыў закон пастаянства колькасці цеплаты (гл.Геса закон) узнікла атамна-малекулярная тэорыя. У 1807 Г.Дэві ажыццявіў электроліз гідраксідаў натрыю і калію і ўвёў у практыку новы метад атрымання простых рэчываў. У 1834 М.Фарадэй апублікаваў асн. законы электрахіміі. Наступны этап у развіцці Н.х. звязаны з адкрыццём перыяд. закону і перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева (1869), а таксама з дасягненнямі фізікі, якія дазволілі даць перыяд. закону фіз. абгрунтаванне, заснаванае на тэорыі будовы атама. У пач. 20 ст. прапанаваны першыя электронныя тэорыі валентнасці (В.Косель, 1915; Г.Льюіс, 1916), распрацаваны асновы каардынацыйнай хіміі (Л.А.Чугаеў, І.І.Чарняеў). Даследаванне прыроднай радыеактыўнасці прывяло да адкрыцця прыродных радыеактыўных элементаў і ўзнікнення радыяхіміі. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці дазволіла атрымаць новыя хім. элементы і ізатопы, запоўніць прабелы ў перыяд. сістэме элементаў і дабудаваць яе трансуранавымі элементамі. Развіццё ядз. энергетыкі, рэактыўнай тэхнікі, электронікі спрыяла стварэнню новых сінт. матэрыялаў і тэхналогій з выкарыстаннем дасягненняў у галіне тэхнікі высокіх тэмператур і ціску, глыбокага вакууму, распрацоўкі метадаў атрымання матэрыялаў высокай чысціні. Важная задача сучаснай Н.х. — даследаванне хім. уласцівасцей і спосабаў атрымання рэдкіх металаў (ніобій, тытан, малібдэн, тантал) і сплаваў на іх аснове, вывучэнне неарганічных палімераў і сіталаў. Н.х. з’яўляецца таксама навук. базай хім. вытв-сці неарган. рэчываў (солей, Кіслот, шчолачаў і інш.), неабходных для развіцця цяжкай індустрыі і сельскай гаспадаркі.
На Беларусі даследаванні па Н.х. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН (сінтэз эмаляў, адсарбентаў, каталізатараў, керамічных матэрыялаў і мінер. угнаенняў), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і БДУ (сінтэз звышцвёрдых і паўправадніковых матэрыялаў, сегнетаэлектрыкаў і ферытаў), Бел.тэхнал. ун-це (фосфарныя ўгнаенні, пераўскіты, ферыты), НДІ будматэрыялаў (пенашкло, пенабетон, вапна і інш.), Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (паўправадніковыя злучэнні).
Літ.:
Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;
Штрубе В. Пути развития химии: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Рмн. ‑рак; ж.
1. Дзелавая або сардэчная размова; абмен думкамі. Гаворка за сталом не ладзілася, як ні стараўся Раман Дзянісавіч ажывіць яе.Хадкевіч.Пісьменнік [Максім Багдановіч] быў бескампрамісны, калі гаворка ішла аб навуковым разуменні не толькі грамадскіх працаваў, але і з’яў прыроды.Майхровіч.// Словы, паведамленне, выказванне аднаго з субяседнікаў. Карней і не даслухаў яшчэ Юзікавай гаворкі, а рынуўся адразу ў клуб.Баранавых.— А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Ужо знаюць дзеці, Што то значыць Гаворка дзядзькава такая.Колас.
2. Гукі размовы, якія даносяцца адкуль‑н. З кухні чутна была ажыўленая гаворка.Хадкевіч.Ліпачка ўслухалася ў гаворку і пачула прыглушаны гарачы шэпт начнога госця.Сабаленка.//перан. Перарывісты гул, шум (пра шчабятанне птушак, журчанне вады і пад.). Колькі шуму ў нашым збожжы, Спеву і гаворкі.Колас.Пад бясконцую гаворку — Песню рэек і калёс, Па раўніне, між узгоркаў Пралятае паравоз...Лойка.
3. Чуткі, пагалоска, размова. Пайшла па людзях гаворка пра.. бяду, якая называецца.. страшным словам — блакада.Брыль.
4. Разнавіднасць мясцовага дыялекту, якая ахоплівае адносна невялікую тэрыторыю (вёску, раён). Чэрвеньская гаворка. Гаворкі Случчыны.// Сукупнасць мясцовых дыялектаў якой‑н. мовы, якія маюць агульныя дыялектныя рысы. Паўднёва-заходнія гаворкі беларускай мовы.
5. Мова як сродак зносін паміж людзьмі (звычайна пра вусную гутарковую мову). Турысты разумелі рускую гаворку.
6. Асаблівасці мовы, манера гаварыць, вымаўляць асобныя словы, гукі. Пявучая гаворка. □ Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая.Гурскі.Па.. гаворцы [Тоні] Заслонаў адразу пазнаў у ёй украінку.Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’е́хаць, з’еду, з’едзеш з’едзе; зак.
1. Едучы, спусціцца адкуль‑н. З’ехаць з гары на санках. □ З гары аж да моста з’ехалі лёгка і нячутна.Пташнікаў.// Саслізнуць, ссунуцца ўніз. [Ірынка] ўжо некалькі разоў з’ехала па лесвічных парэнчах, і ўсё было добра.Арабей.
2. Едучы, павярнуць куды‑н. З’ехаць з дарогі. □ Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос.Чорны.
3. Выехаць, паехаць адкуль‑н. (звычайна далёка або надоўга). Сама Галя ніяк не магла заснуць. Думала: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў.Сабаленка.[Мая] сабралася і пайшла да сваіх сябровак, але з палавіны дарогі вырашыла вярнуцца, забраць небагатыя рэчы і з’ехаць куды-небудзь.Дуброўскі.
4. Ссунуцца са свайго месца; збіцца, спаўзці. Шапка з’ехала на патыліцу. □ Белая хустка, завязаная пад барадой, з’ехала на шыю.Васілевіч.// Асунуцца, апусціцца ўніз. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі.Кірэенка.[Зося] хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з’ехала на зямлю.Чорны.
5.перан.Разм. Непрыкметна, паступова перайсці на другую тэму, тон і пад. (у гутарцы, пісьме і пад.). Але пан Богут з’ехаў з тону І ўжо гаворыць чуць мякчэй.Колас.
6.каго або каму. Груб. Моцна, з размаху ўдарыць. Лезе пан да Бандароўны, Ўвесь гарыць, бы ў жары: Тая, жартаў не пазнаўшы, З’ехала па твары.Купала.
7.Разм. Пахудзець. З’ехаць на шыла.З нар.// Спасці, знікнуць (пра тлустасць). Як цяжка папрацаваў, дык сала з яго і з’ехала.
•••
З глузду з’ехаць — страціць розум, развагу; адурэць, звар’яцець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зне́сці1, знясу, знясеш, знясе; пр. знёс, знесла і знясла, знесла і знясло; зак., каго-што.
1. Прынесці з розных месц у адно, сабраць у адно месца (усё, многае). Знесці каменне з поля ў кучу. □ Хлопцы сёння ўсе свае пакункі Знеслі да варожае чыгункі.Астрэйка.Чые рукі з мазалямі Тут зняслі свае дары?Колас.Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, Злажыць у стагі.Непачаловіч.
2. Несучы, спусціць, даставіць уніз. Шустрыя, маладыя хлопцы-шафёры хутка знеслі мяхі ў млын, падалі накладныя.Асіпенка.
3. Сарваўшы, збіўшы з якога‑н. месца, перамясціць або знішчыць (пра ваду, вецер і пад.). Самой пераправы ўжо няма, яе знесла вясной паводка. Толькі з берага засталіся ў вадзе тоўстыя сасновыя палі.Сяркоў./убезас.ужыв.Мост знясло вадой. □ Лодку нашу заліло вадой амаль да краёў, можна было не баяцца, што яе знясе.Кірэенка.
4. Разбурыўшы, разабраўшы, зняць з якой‑н. паверхні (звычайна пра пабудову). Знесці хутары. □ [Янка] загадаў свайму памочніку знесці мост.Якімовіч.
5. Перапісаць уніз. Знесці лічбу.
6. Пайшоўшы, узяць з сабой што‑н.; забраць, украсці. Ворчык знік. І агонь пад сасной Гасне, намі забыты. Не знаходжу ватоўкі сваёй — Знёс Мікіта.Куляшоў.Урэшце рэшт няхай сабе Апанас і ўцёк з дзетдома, няхай сабе знёс вопратку. Але ж напісаць пісьмо, выслаць грошы — на гэта не кожны здольны.Нядзведскі.
7.перан. Сцярпець, перанесці. Дзед Талаш моўчкі знёс гэту абразу і крыўду.Колас.Міхал — шляхціц, хоць і заняпалы; яму не знесці сораму.Гарэцкі.
•••
Знесці галаву — тое, што і зняць галаву (гл. зняць).
зне́сці2, знясе; пр. знесла і знясла.
Зак.да несці 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспе́ць1, ‑спее; зак.
1. Зрабіцца, стаць спелым; выспець. І макі даўно адцвілі, і жыта паспела, І водар ранетаў даносяць да вокнаў вятры.Тарас.— От калі ў падарожжа ехаць, Міхась, калі арэхі паспеюць!Чарнышэвіч.На Беларусі яблыкі паспелі І глуха асыпаюцца на дол.Грахоўскі.
2.Разм. Стаць гатовым для яды. І чуць што толечкі разднела, У маткі снеданне паспела.Колас.// Стаць прыгодным, гатовым для чаго‑н. Глеба паспела.
Здолець, змагчы зрабіць што‑н. у тэрмін, своечасова. Да вечара .. [мужчыны] паспелі прынесці толькі па адной вязцы.Маўр.[Брыгадзір:] — Ці чуў — радыё казала — не сёння-заўтра снег сыпане. Трэба паспець дакапаць клін, што пад ярам.Хадановіч.Часу бракавала: трэба было яшчэ паспець дзе-небудзь паснедаць, ды і хацелася хоць з паўгадзіны паблукаць па горадзе.Хадкевіч.// Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. тэрмін, час. Ледзь паспее вясной Чарназём адагрэцца, — Вільгаць парай клубіцца Над цёплай зямлёй...Аўрамчык.// Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Арцём:] — А праз паўгадзіны прыбывае калінінградскі... Мне трэба паспець...Ракітны.Ну, проста... проста не паспелі Прыбыць на аганёк.Астрэйка.Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў, Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець.Кірэенка.// Ідучы за кім‑н. услед, не адстаць у хадзьбе. [Шаевічу] і сапраўды ў такім адзенні цяжка было паспець за мной.Сабаленка.
•••
Не паспець (што‑н. зрабіць) як... — ужываецца пры абазначэнні хуткага дзеяння, нечаканага наступленне чаго‑н. Я не паспеў закрыць ілюмінатар, Як шторм запеніўся з усіх старон.Танк.Яшчэ не паспела .. [Алена] выехаць за вёсачку, як сюды прыпёр Жарстак.Колас.Не паспела пагаснуць вячэрняя зара, як на ўсходзе пабялела неба.Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Кідаючы, размясціць у розных месцах па паверхні. Раскідаць гной. □ — Я некалі не паверыў, што Талаш раскідаў пяцёх легіянераў, вырваўся ад іх і ўцёк.Лужанін.І вецер, надзьмуўшы, як ветразь, шторы, Праз фортку ўварваўся, раскідаў лісты...Гілевіч.// Пакласці ў беспарадку, не на месца. Абуўся дзядзька, штось шукае І раптам голасна пытае: — А во! хто ж кнігі так раскідаў?!Колас.
2.звычайнаўформедзеепрым.зал.пр. Размясціць на адлегласці адзін ад аднаго. Да вайны вакол вёсак было раскідана яшчэ некалькі меншых хутароў.Залескі.На гэтых бяскрайніх абшарах балот, як астраўкі ў акіяне, былі раскіданы прыгожыя, асабліва ўлетку, выспы.Шчарбатаў.// Прымусіць разысціся, раз’ехацца ў розных напрамках; размясціць у розных месцах. Усіх падсудных раскідала, каго куды, па ўсіх астрогах Польшчы.Машара./убезас.ужыв.Цвіў сіні бэз, была вясна. І па палях праходзіў квецень, Калі ўсхадзілася вайна. І нас раскідала па свеце.Астрэйка.
3. Разбурыць, разваліць. Першымі часамі пасля рэвалюцыі [Банадысь] .. раскідаў старую цесную хату і на яе месцы паставіў дом.Чорны.//перан. Разладзіць, расстроіць, прымусіць распасціся. У Таццяны Восіпаўны была надзея, што, скончыўшы школу, Марылька паможа даць адукацыю Янюце і Сашы, але яе ранні замуж раскідаў гэтыя планы.«Полымя».[Анэта:] — Цераз гэты гандаль і тады сям’ю раскідаў і цяпер моцнай не зробіш!Чорны.
4. Дарэмна патраціць. — Не просіць нічога [сястра], а я ведаю: трэба памагчы. А я ўсе грошы раскідала на дробязі.Савіцкі.«І чужога не вазьму, і свайго не раскідаю» — такое цётчына правіла.Лось.
5. Праараць уроскідку. [Яўген] раскідаў запар дзве палосы: сваю і Анісеву.Баранавых.
раскіда́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак.да раскі́даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)