На ПдУУсх.-Еўрапейскай раўніны, на паўн. узбярэжжы Каспійскага мора, у Расіі і Зах. Казахстане. Пл. каля 200 тыс.км². Асн. яе ч. — глыбокая тэктанічная ўпадзіна на паўд.-ўсх. ускраіне Усх.-Еўрапейскай платформы. Нізкая, плоская раўніна ва ўнутр. прыморскай частцы, паўд.частка якой ніжэй узр. акіяна (ад 0 да 28 м); на ўскраінах падымаецца да 100 м, у паўн. частцы — саляныя купалы (выш. да 149 м — г. Вялікае Багдо). У зах. частцы перасякаецца Волга-Ахтубінскай поймай. Уключае дэльты рэк Волга, Церак, Сулак, нізоўі Урала, Эмбы, Кумы, Саляныя азёры. Паверхня складзена з гліністых і сугліністых, а паўд. — з пясчаных адкладаў. Характэрны бэраўскія бугры (у вусцях Кума і Эмба), западзіны і лагчыны на З ад р. Волга. Клімат сухі, кантынентальны. Колькасць ападкаў на Пд і У менш за 200 мм у год. Пераважаюць пустыні і паўпустыні. У Волга-Ахтубінскай пойме бахчаводства, садаводства, агародніцтва. Здабыча нафты і газу (Урала-Эмбінскі нафтагазаносны раён), у азёрах (Эльтон і Баскунчак) — кухоннай солі. Астраханскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У Гомельскай, часткова Магілёўскай і Мінскай абл., уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Прымеркавана да Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс.км², даўж. 260 км, шыр. да 130 км. Першае Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964, усяго выяўлена 62 нафтавыя і 1 нафтагазакандэнсатнае радовішча (2000). Агульныя геал. запасы нафты складаюць (2000): 341,7 млн.т, у т. л. здабываемыя 72 млн.т; здабываемыя запасы кандэнсату 443 тыс.т, растворанага газу 8 млрд.м³, свабоднага газу — 1 млрд.м³. За час эксплуатацыі здабыта нафты 102,43 млн.т. Больш як палавіна астатніх запасаў адносіцца да катэгорыі цяжказдабываемых. Дадаткова прагнозныя рэсурсы нафты складаюць 191,9 млн.т, але мяркуецца, што значная частка іх нізкарэнтабельная (цяжказдабываемая, ці з запасамі меней за 0,05 млн.т, з глыб. залягання больш за 3500 м, ці на тэрыторыі з высокім радыяцыйным забруджваннем і інш.). Найбуйнейшыя па запасах (пачатковых) нафты Асташкавіцкае радовішча нафты (34,7 млн.т), Рэчыцкае (34,2 млн.т.) і Вішанскае радовішча нафты (14,2 млн.т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАКТАНІЁЗ,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.
Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.
Л.М.Прыступук.
Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́РНЫ РУХ,
плынь у каталіцкай царкве ў 14 — пач. 15 ст. Яго ідэолагі адхілялі дамаганні папства на універсальную ўладу, яны патрабавалі падпарадкавання папства дзяржаве ў свецкіх і Усяленскаму сабору ў царк. справах. Рух абумоўлены ўзмацненнем у Еўропе цэнтралізаваных дзяржаў, імкненнем нац. цэркваў дасягнуць большай самастойнасці і меншай залежнасці ад папскага прастола, ростам нар.-ератычных рухаў і падзеннем аўтарытэту папскай улады. Ідэолагамі С.р. была частка вышэйшых царк. іерархаў і свецкіх феадалаў (Ж.Жэрсон, П.д’Айі, Мікалай Кузанскі). Практычнай рэалізацыяй патрабаванняў С.р. было скліканне па ініцыятыве кардыналаў без згоды папы Пізанскага (1409, не прызнаны каталіцкай царквой) і Канстанцкага (1414) сабораў, на якіх прыняты рашэнні, накіраваныя на абмежаванне папскай улады. Прынцыпы С.р. замацаваны пастановамі Базельскага сабора (1431—49). Але адсутнасць адзінства ў царк. вярхах дазволіла папу Яўгенію IV нейтралізаваць пастановы Базельскага сабора. На Фларэнційскім саборы (1438—45) С.р. асуджаны. У 1460 булай папы Пія II забаронена апеляцыя да Усяленскага сабора. У далейшым Усяленскія саборы склікаліся толькі паводле рашэння папы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА СЛО́ВА,
адно з асн. асабістых правоў чалавека і паліт. правоў грамадзян, састаўная частка больш агульнага права, якое атрымала назву «свабода інфармацыі». Уяўляе сабой магчымасць публічна (вусна, у пісьмовай форме, з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі) выказваць сваё меркаванне (думкі). Заканадаўства і суд. практыка ў дэмакр. краінах выпрацавалі сістэму абмежаванняў С.с. і карыстання інфармацыяй з мэтай не дапускаць злоўжывання імі і абароны гонару і годнасці грамадзян. Забараняецца выкарыстанне С.с. для заклікаў да гвалтоўнага звяржэння законнай дзярж. улады, выдавання дзярж. і інш. тайнаў, якія ахоўваюцца законам, для падбухторвання да ўчынення злачынстваў, для распальвання нац., расавай, рэліг. і інш. варожасці, абраз і паклёпаў на інш. асоб, пасяганне на грамадскую мараль. Пералік абмежаванняў на С.с. можа быць пашыраны ў перыяд дзеяння рэжымаў надзвычайнага і ваен. становішча. У Рэспубліцы Беларусь С.с. і права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі замацаваны ў арт. 34 Канстытуцыі. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца. Гл. таксама Галоснасць, Інфармацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЕ́РЦА (ад італьян. scheizo літар. жарт),
у 16—17 ст.вак. п’еса (адна- або шматгалосая) на жартоўныя тэксты або яе інстр. пералажэнне. З 2-й пал. 18 ст. адна з частак (звычайна 3-я) санатна-сімфанічнага цыкла, якая замяніла менуэт. Для С. характэрны хуткі, жывы тэмп, рэзкая змена кантрастных вобразаў (нар.-жанр., гульнёвых, гратэскных і інш.), трохдольны памер (3/4 ці 3/8), складаная 3-часткавая форма з трыо (уласцівая і менуэту). Класічны тып С. склаўся ў творчасці Л.Бетховена. З 19 ст. С. развівалася і як частка цыкла (творчасць зах.-еўрап. кампазітараў-рамантыкаў і рус. класікаў) і як самаст.муз. п’еса, блізкая да капрычыо («Скерца» Ф.Шапэна, арк. скерца М.Мусаргскага і інш.). Бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць С. ў традыц. формах часткі санатна-сімф. цыкла і асобнай муз. п’есы. Сустракаецца ў творах М.Аладава, А.Багатырова, Дз.Смольскага, Г.Вагнера, Я.Дзягцярыка, А.Мдывані, Ф.Пыталева, Р.Суруса, Я.Цікоцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ ПАЎДНЁВА-АМЕРЫКА́НСКІХ КАРДЫЛЬЕ́Р, складкавая вобласць Андаў, Андыйскі складкавы пояс,
частка складанага рухомага Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса зямной кары, якая акаймоўвае Паўд. Амерыку на З і Пн. На Пн сучляняецца са складкавай вобласцю Паўночна-Амерыканскіх Кардыльераў, на Пд — з Заходне-Антарктычнай складкавай вобласцю. Складзена з сістэм мерыдыянальных (на Пн — шыротных) хрыбтоў: Усходніх, Цэнтральных, Заходніх, Карыбскіх і Патагонскіх Андаў, паміж якімі ляжаць унутр. плато або ўпадзіны.
Развіваецца з позняга пратэразою. Вял. значэнне ў фарміраванні вобласці мела эпоха герцынскай складкавасці. Моцныя арагенічныя працэсы адбываліся і ў мелавы перыяд. У эпоху альпійскай складкавасці (з канца мелу) уздоўж новаўтвораных антыклінорыяў ішло ўкараненне гранітных баталітаў. Найб. актыўны цыкл гораўтварэння адбываецца з канца палеагену (30 млн.г. назад) да нашага часу. У альпійскую эпоху ўтварыліся Карыбскія і Патагонскія Анды, інтэнсіўна праявіўся наземны вулканізм, які працягваецца. Буйныя радовішчы медзі (Чылі), волава, вальфраму і інш. рэдкіх і каляровых металаў (Перу, Балівія), нафты і газу (Венесуэла, Эквадор, Аргенціна і інш.).