пло́шча, ‑ы, ж.

1. Вялікая незабудаваная тэрыторыя ў горадзе або вёсцы. З вышыні бачны вуліцы, плошчы, запоўненыя машынамі і людскімі патокамі. Гамолка. Да заводскай плошчы, дзе прызначылі мітынг, было далёка. Карпаў.

2. Месца, прызначанае пад што‑н. або занятае чым‑н. Лясная плошча, патрэбная для нармальнага існавання зуброў, няўхільна змяншалася. В. Вольскі. Каля шырокіх плошчаў азіміны старшыня прасіў шафёра спыняць машыну. Кулакоўскі.

3. Спец. Частка плоскасці, заключаная ўнутры плоскай замкнутай геаметрычнай фігуры.

4. Памяшканне, прызначанае для якой‑н. мэты. Жылая плошча. □ З кожным годам пашыраюцца вытворчыя плошчы камбіната, вырастаюць новыя цэхі, завозіцца новае, больш дасканалае абсталяванне. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

порт 1, ‑а, М порце, м.

Спецыяльна прыстасаванае месца для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту суднаў. Хутка з-за гары, што ўзвышалася на левым беразе над самай вадой, вынырнуў вялікі порт і горад. Шамякін. Я бачыў не раз, як буруны ўставалі І з мора спяшаліся ў порт караблі. Лужанін. // Прыморскі горад з такім спецыяльна прыстасаваным месцам для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту караблёў. Велізарныя порты, такія, як Адэса і Марыупаль, маюць сувязь з усімі краінамі свету. «Беларусь».

[Фр. port.]

порт 2, ‑у, м.

Льняная або баваўняная тканіна. Кашуля шырокая з порту, Лапці з пяньковых абор, У шапцы салдацкай падзёртай Ходзіць па вёсцы Прахор. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. правіць (у 1 знач.).

2. Выбарны орган, які стаіць на чале якой‑н. установы, арганізацыі і пад. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас. // Пасяджэнне такога органа. На праўленні шмат у нас гаварылася пра калгасны будаўнічы стыль. Бядуля. // Памяшканне, дзе знаходзіцца такі орган. Я пайшоў у праўленне, а Шаевіч са злосці паплёўся недзе ў сад. Сабаленка. Дзямід Мікалавеіч выйшаў з праўлення на вуліцу. Паслядовіч.

3. Назва некаторых адміністрацыйна-паліцэйскіх устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама памяшканне, у якім знаходзілася такая ўстанова. Валасное праўленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыво́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыводзіць — прывесці (у 1 знач.).

2. Спец. Прымусовая дастаўка каго‑н. (абвінавачанага, сведкі і пад.) у выпадку адмаўлення прыйсці добраахвотна. // Арышт, затрыманне з дастаўкай у органы міліцыі або ў месца папярэдняга зняволення. Хуліган меў некалькі прыводаў.

прыво́д 2, ‑а, М ‑дзе, м.

Прылада для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма і пад. Электрычны прывод. Конны прывод. // Частка такой прылады ў выглядзе суцэльнага раменнага паса, які злучае машыну, механізм, станок і пад. з крыніцай энергіі. Дрэвы спілоўвалі і ручным спосабам і піламі з прыводам ад невялічкага маторчыка. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прызнаваць — прызнаць (у 3, 4 і 5 знач.) і прызнавацца — прызнацца (у 1 знач.).

2. Расказ, словы, у якіх хто‑н. прызнаецца ў чым‑н. Маёр Ладуцька слухаў прызнанні Філістовіча і не перапыняў яго нават тады, калі той паўтараў ужо вядомае. Паслядовіч. [Следчыя] чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх і такім прызнаннем не задаволіліся. Колас. Хлапец з дзяўчынаю сваёй Тут месца выбралі спатканняў І чула яблынька вясной Іх пацалункі і прызнанні. Танк.

3. Станоўчая ацэнка, адабрэнне. Атрымаць прызнанне ў чытача. □ [Гаворка:] Дзякую за такое высокае прызнанне майго таленту. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прышпілі́ць, ‑шпілю, ‑шпіліш, ‑шпіліць; зак., што.

1. Прымацаваць шпількай; прыкалоць. Прышпіліць паперу кнопкамі. □ Галя хуценька, похапкам надзела сукенку, прышпіліла як папала косы і выйшла ў першы пакой. Сабаленка. Рыбаку каля самага сэрца Прышпіліў я значок з Ільічом. Панчанка.

2. перан. Разм. Дадаць, далучыць (звычайна без патрэбы, не да месца). Аўтар «прышпіліў» да персанажаў лірычныя матывы, але нідзе не развіў іх і не паставіў у дзейсную і вобразную залежнасць ад канфлікту і ідэі. «Полымя». // Даўшы, замацаваць за кім‑н. (мянушку, празванне і пад.). Можа з дому яе [мянушку Свярдзёлак] прывёз, з-пад Валожына, а можа тут ужо нашы хлопцы прышпілілі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пульс, ‑у, м.

1. Хвалепадобны рытмічны рух сценак крывяносных сасудаў, які выклікаецца выштурхваннем крыві з сэрца. У нейкі крытычны момант у .. [парадзіхі] пасінелі пазногці і пульс упаў да мінімуму. Шамякін. // Месца, дзе адчуваецца, намацваецца гэты рух. Нахіліўшыся над хворай, Аліса Іванаўна ўзяла яе руку, намацала пульс. Марціновіч.

2. перан.; чаго або які. Рытм, тэмп чаго‑н. (жыцця, дзейнасці і г. д.). З надыходам вечара пульс жыцця на аэрадроме не толькі не сцішаўся, але яшчэ і пачынаў біцца хутчэй. Шахавец. Сюды сыходзіліся ўсе ніці ад дзеючых часцей і злучэнняў фронту, і тут асабліва поўна адчуваўся баявы пульс вайны. Дудо.

[Ад лац. pulsus — штуршок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Звяртацца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н., задаваць пытанне. — Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? — пытала бабка Лабановіча. Колас. У людзей пытай, ды свой розум май. Прыказка. // Весці апытванне (вучняў). Паўтарэнне ішло як звычайна: адных настаўніца выклікала да дошкі, другіх — пытала з месца. Шыловіч.

2. што і чаго. Прасіць дазволу на што‑н., звяртацца з якой‑н. просьбай. Пытаць дазволу. Пытаць дарогі. □ Галодны прысмакаў не пытае. Прыказка. // Прасіць, патрабаваць паказаць (дакумент). Пытаць пасведчанне. □ То прападае, то зноў, варухнуўшы галінай, У пешаходаў пытае яна [граніца] пашпарт. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разло́м, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разломваць — разламаць і стан паводле знач. дзеясл. разломвацца — разламацца. // Вынік гэтага дзеяння; разламанае месца. Лінія разлому. □ [Кандрат] абскроб бульбіну аж да ружовай лушпайкі, разламаў, — пара так і паваліла з сопкага разлому. Караткевіч.

2. перан. Парушэнне ўнутранага адзінства, цэльнасці ў свядомасці чалавека, у грамадскім жыцці. Мне здаецца, яны не страцілі і ніколі не страцяць сва[ёй] глыбокай цікавасці тыя таемныя, кожны раз новыя, своеасаблівыя шляхі, па якіх ідзе чалавек ад вузка асабістых сваіх разломаў да поўнага расчынення сябе ў калектыве. Зарэцкі. Разлом у .. душы [Вярсенева] пачаўся даўно: з паражэння царскай Расіі ў вайне з Японіяй. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. раскопваць — раскапаць (у 1 знач.).

2. звычайна мн. (раско́пкі, ‑пак). Работы па выяўленню чаго‑н. схаванага ў зямлі, звычайна прадметаў старажытнасці. Вакол касцёла, на схілах гары, вядуцца археалагічныя раскопкі фінікійскага Карфагена. В. Вольскі. На старажытных рускіх манетах, якія археолагі і сёння знаходзяць у час раскопак, можна ўбачыць самыя розныя адбіткі. Матрунёнак. // Месца, дзе праводзяцца падобныя работы. Самы пашыраны матэрыял, які захаваўся ў раскопках [г. Навагрудка], — кераміка, абломкі глінянага посуду. «Помнікі». Красуюць скрозь у нас такія кветы, якіх ні ў якіх бы раскопках не знайшоў. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)