ЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. lumen святло + -escent суфікс, які абазначае слабае дзеянне),
выпрамяненне, якое з’яўляецца залішкавым над цеплавым выпрамяненнем цела і доўжыцца на працягу часу, значна большага за перыяд светлавых ваганняў. Л. часта наз. халодным святлом (магчыма пры любой т-ры цела). У адрозненне ад раўнаважнага цеплавога выпрамянення, спектр якога не залежыць ад саставу рэчыва, а вызначаецца яго т-рай, Л. — нераўнаважнае выпрамяненне, спектр якога залежыць ад прыроды рэчыва (характэрны менавіта для дадзеных атамаў і малекул). Неабходная ўмова ўзнікнення Л. — папярэдняе паступленне энергіі ў рэчыва і паглынанне яе.
Паводле спосабу ўзбуджэння Л. адрозніваюць фоталюмінесцэнцыю (узбуджаецца святлом), катодалюмінесцэнцыю (паскоранымі электронамі), электралюмінесцэнцыю (эл. полем), хемілюмінесцэнцыю (хім. працэсамі), трыбалюмінесцэнцыю (мех. дэфармацыяй) і інш. Паводле прыроды працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве, адрозніваюць Л. самастойную (працэсы адбываюцца ўнутры аднаго цэнтра і свячэнне настае адразу пасля ўзбуджэння), вымушаную (узбуджанае рэчыва пачынае свяціцца пасля вонкавага ўздзеяння — награвання, апрамянення) і рэкамбінацыйную (свячэнне выклікаецца рэкамбінацыяй, г.зн. злучэннем зараджаных часціц — іонаў і электронаў). Кароткачасовая Л. (10−8—10−10с) наз. флуарэсцэнцыяй, больш працяглае «паслясвячэнне» — фасфарасцэнцыяй. Асн. характарыстыкі Л.: працягласць жыцця часціц ва ўзбуджаным стане (ад ~10−10 да ~104с); квантавы выхад (адносіны колькасці вылучаных квантаў святла да колькасці паглынутых); энергетычны выхад (ккдз); палярызацыя; спектры выпрамянення і ўзбуджэння (залежнасць інтэнсіўнасці свячэння ад даўжыні хвалі выпрамянення і ўзбуджэння). Характарыстыкі Л. маюць важнае значэнне ў люмінесцэнтным аналізе. Л. ў прыродзе (палярнае ззянне, свячэнне некаторых насякомых. мінералаў, гнілякоў) назіралася даўно, сістэматычна вывучаецца з 17 ст. Уклад у вывучэнне Л. зрабілі А.С. і Ж.Бекерэлі, У.Крукс, Ф.Ленард і інш. Многія заканамернасці Л. вызначаны фізікамі школы С.І.Вавілава (гл.Вавілава закон) і А.М.Цярэніна.
На Беларусі даследаванні па Л. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН, БДУ, НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ і інш. У 1960-я г. створаны навук. цэнтр па Л. (адзін з найбуйнейшых у СССР). Найб. значныя працы школы фізікаў па Л. на чале з Б.І.Сцяпанавым, А.Н.Сеўчанкам, М.А.Барысевічам. Распрацаваны тэорыі Л. складаных малекул і адмоўнай Л., выяўлена і вывучана з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (гл.Стабілізацыі-лабілізацыі з’ява), даследавана Л. пары складаных малекул, Л. рэдкіх зямель, складаных малекул, уранілавых злучэнняў, малекул біял. важнасці, у т. л. хларафілу і яго аналагаў. На аснове даследаванняў па Л. створаны новыя тыпы лазераў — лазеры на растворах і на пары арган. злучэнняў.
Літ.:
Вавилов С.И. Собр. соч.Т. 1—4. М., 1952—56;
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Поглощение и испускание света квантовыми системами. Мн., 1991;
Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. М., 1967;
Саржевский А.М., Севченко А.Н. Анизотропия поглощения и испускания света молекулами. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́Р,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс.ж. (1998).
Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс.ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс.ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыяРСДРП У час Кастр.Усерас.паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс.ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс.ж., больш за 1 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.
Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.З.Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.
У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр.ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх.ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНАЙ СПА́ДЧЫНЫ,
сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў арганізац., прававога і эканам. характару, накіраваных на зберажэнне, утрыманне і рацыянальнае выкарыстанне культ. спадчыны. Ахове падлягаюць найб. адметныя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праявы чалавечай творчасці, што маюць выдатныя духоўныя, эстэт. і дакумент. вартасці і ўзяты пад ахову дзяржавы ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Дзейнасць па ахове ўключае: н.-д. работу (вывучэнне, класіфікацыя, каталагізацыя і публікацыя), падрыхтоўку і выданне заканад. актаў (прызнанне пэўнага аб’екта помнікам гісторыі і культуры; прыняцце законаў, якія рэгламентуюць дзеянні ў адносінах да гіст.-культ. спадчыны; распрацоўка нарматыўных актаў пра парадак уліку, захавання і рэстаўрацыі маст. і гіст. каштоўнасцяў, кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў, папулярызацыю каштоўнасцяў як гіст. спадчыны і набытку).
У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», паводле якога дзярж. палітыка Беларусі ў галіне ўліку і аховы гіст.-культ. спадчыны вызначаецца Вярх. Саветам і ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў праз спецыялізаваны дзярж. орган аховы спадчыны — Дзярж. інспекцыю па ахове гіст.-культ. спадчыны (ДзінАС). Выпрацоўку навук.-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гэтай спадчыны ажыццяўляе Бел.рэсп.навук.-метадычная рада ла пытаннях гіст.-культ. спадчыны. Законам забараняецца дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, абмяжоўваецца або забараняецца дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцяў. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу ДзінАСа. Асн. правы ўласнікаў каштоўнасцяў рэгулююцца законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Фінансаванне аховы і зберажэнне гіст.-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцяў, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму ўтрымання каштоўнасцяў і патрабаванняў закону, і інш. сродкаў, якія паступаюць на законных падставах. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. На Беларусі больш за 16,3 тыс. помнікаў гісторыі і культуры (1996), у т. л. 11 601 помнік гісторыі, 3048 помнікаў археалогіі, 1613 помнікаў архітэктуры, 247 помнікаў мастацтва рэсп. і мясц. значэння. Для асобнага аб’екта, групы ці комплексу помнікаў, гіст.цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыдычная або фізічная асоба, якая мае адпаведны дазвол. З мэтай папулярызацыі помнікаў, іх сістэматызацыі і вывучэння ў 1984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіцыйным дакументам уліку помнікаў, што ўзяты ці павінны быць узяты пад дзярж. ахову. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук. арганізацыя — Дзярж.гіст.-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З грамадскіх арганізацый дзейнічаюць Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НЫ,
горад, цэнтр Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на вытоку р. Мухавец. Вузел аўтадарог на Брэст, Высокае, Кобрын, Слонім, Бярозу, Поразава. За 13 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Баранавічы—Брэст, за 89 км ад Брэста. 20,2 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1487 пад назвай Дабучын. Да 1519 у Кобрынскім княстве, пасля ў Кобрынскім, з 1566 у Брэсцкім пав. У 16 ст. належалі каралеве Боне Сфорца, потым яе дачцэ Ганне, якая ў 1589 дала гораду магдэбургскае права і герб. У 1563—1250 ж., 278 гаспадарак. З канца 16 ст. замацоўваецца назва П. У час войнаў сярэдзіны 17—1-й пал. 18 ст. моцна разбураны, уцалела /. пабудоў. Да канца 18 ст. адбудаваны, у 1791—2094 ж. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр Пружанскага павета. У час паўстання 1863—64 заняты паўстанцамі 13.2.1863. У 1897—7634 ж., 14 дробных прадпрыемстваў, павятовае і прыходскае вучылішчы, 6 бальніц, 2 царквы, касцёл, сінагога. У 1919—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв. Дзейнічалі падп. арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Пружанскага р-на. 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў створаным тут гета трымалі да 10 тыс.чал., загубілі больш за 4 тыс.чал. Вызвалены 17.7.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Брэсцкім напрамку.
Працуюць з-ды: кансервавы, радыёдэталей, ільнозавод, масласырзавод; камбінаты буд. матэрыялаў і плодакансервавы, друкарня, лясгас, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж і інш. У горадзе Дом культуры, 2 б-кі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызана. Помнік В.З.Харужай, сав. лётчыкам.
У 16 ст. ў П. існаваў палацавы комплекс, т.зв. Каралеўскі двор (вядомы паводле інвентара 1597), у 2-й пал. 18—19 ст. — барочны гар. асабняк. У 2-й пал. 19 ст. ў прадмесці П. Горкі пабудаваны капліца (1852), Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква (1875—78), касцёл Ушэсця св. Дзевы Марыі (1883), гандл. рады ў стылі барока і класіцызму (1896, арх. Міхайлоўскі і Савіч), комплекс гар. сядзібы (арх. Ланці). У сучасным горадзе 3 планіровачныя раёны: паўд., зах. і ўсходні. Арх.-планіровачная структура вызначаецца цэнтр. восевай магістраллю (вуліцы Савецкая, Кобрынская, Кастрычніцкая), перпендыкулярнымі да яе вуліцамі Леніна, Р.Шырмы, Чырвонаармейскай і звілістым абрысам поймы р. Мухавец. Горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі 1959, якая ўпарадкавала нерэгулярную сетку вуліц, генплана 1974 і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1977. Адм.-грамадскі цэнтр склаўся на вуліцах Савецкай і Шырмы. Цэнтр.ч. горада і цэнтр усх. раёна забудаваны 4—5-павярховымі дамамі. У паўн.ч. і па вул. Шырмы створаны новыя мікрараёны з 5—9-павярховых дамоў, узводзяцца будынкі сядзібнага тыпу. Паводле генплана 1998 здзяйсняецца пераход да катэджнага буд-ва на ўскраінах горада. Зона адпачынку — штучны вадаём у паўд.ч. горада, р. Мухавец і парк у паўн. частцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ТУША [польск. ratusz ад ням. Rathaus (Rat рада + Haus дом)],
будынак гар. самакіравання (рады, магістрата) у шэрагу еўрап. краін у 12 — пач. 20 ст.
Першыя будынкі Р. з’явіліся ў 12 ст. ў Зах. Еўропе. Звычайна іх ставілі ў цэнтры горада. У архітэктуры Р. спалучаліся рысы абарончага і грамадз. дойлідства (Р. ў г. Сандамір, Польшча, 14—17 ст.). Часцей Р. была прамавугольная ў плане, 2-павярховая, з вежай — сімвалам самастойнасці і паліт. свабоды горада. На вежы часта размяшчалі гадзіннік, звон; рабілі балкон ці эркер, з якіх звярталіся да грамадзян з афіц. паведамленнямі (Р. ў Бруселі, 1401—55; Каўнасе, Літва, 1542, 1772). На верхнім паверсе вежы мог быць кругавы балкон для гар. вартаўніка. Цяпер функцыі Р. выконваюць адм. будынкі (мэрыя, муніцыпалітэт) у разнастайных стылявых кірунках, якія больш адпавядаюць складаным функцыям кіравання сучаснымі гар. тэрыторыямі.
На Беларусі Р. пачалі будаваць у 14 ст. ў сувязі з атрыманнем гарадамі і мястэчкамі магдэбургскага права. Асн.буд. матэрыял — дрэва ці цэгла. Арх.-планіровачнай кампазіцыі ўласцівы сіметрычнасць, выразнасць, простыя і манум. формы. Р. ставілі на адным з бакоў рыначнай плошчы (Віцебская ратуша, Чачэрская ратуша, г. Слонім Гродзенскай вобл.), у яе цэнтры (Мінская ратуша), на адной з гал. вуліц (г. Ушачы Віцебскай вобл.), часам аб’ядноўвалі з гандл. радамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады), гасціным дваром, арсеналам, важніцай, астрогам, складамі (Магілёўская ратуша, Гродна, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.). Калі Р. з’яўлялася цэнтрам буйнога горада, адм.-гандл. комплексу, то праз 1-ы яе паверх праходзіў праезд на рыначную плошчу (Шклоўская ратуша, г. Драгічын Брэсцкай вобл., в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Гал. памяшканне ў Р. — зала пасяджэнняў магістрата (займала 2-і паверх), яна служыла таксама для розных урачыстых актаў, тэатр. дзеяў і інш. Астатнія памяшканні займалі т.зв. ізбы (у іх праходзіў разбор спраў пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя, гар. казна, архіў і інш. Частка памяшканняў Р. (падвалы, першыя паверхі) адводзіліся пад крамы, склады (Гродна, г. Драгічын, г.п Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл.) і інш. памяшканні, дзе захоўвалі цэхавыя харугвы. Часам у Р. праходзілі пасяджэнні судоў (Брэст, гарады Кобрын Брэсцкай, Полацк Віцебскай, Слуцк Мінскай абласцей). У 17—18 ст. Р. барочнага тыпу мелі шмат’ярусную вежу, якая завяршалася купалам ці шпілем (Віцебск, Магілёў, Шклоў); вядомы Р. і без вежаў (г. Маладзечна Мінскай, г.п. Шарашова Брэсцкай абласцей). У стылі класіцызму былі Р. ў Гродне і Мінску, з рысамі несапраўднай готыкі — у Чачэрску. Накрывалі Р. пляскатай чырв. дахоўкай, па цэнтры даху ставілі пазалочаныя ці пасярэбраныя вятранікі (флюгеры) Інтэр’еры ўпрыгожвалі шыкоўныя кафляныя печы. Цяпер кожная захаваная Р. з’яўляецца аб’ектам гіст.-культ. спадчыны, неад’емнай ч.гіст.цэнтра горада.
Літ.:
Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;
Ратуша ў г. Сандамір (Польшча).Ратуша ў г. Каўнас (Літва).Ратуша ў г. Слонім Гродзенскай вобл.Ратуша ў г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. З малюнка 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́Ж,
горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял.кн.ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн.Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн.Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс.ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс.ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс.чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.
Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл.Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст.паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст.арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх.вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі«Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст.цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).
Да 20 ст.культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар.навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВА́Н,
мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.
Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходу найб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.
На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.Кіш, Я.Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц.т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;
Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.
Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.Туркменскі дыван «бешыр». 1900.Персідскі дыван «фараган». 19 ст.Да арт.Дыван. У.Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.Дыван маляваны. А.Кіш. Рай. 1930—40-я г.Да арт.Дыван. Л.Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.Турэцкі дыван «кула». 17 ст.Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́РТ ((Descartes) Рэнэ) (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),
французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш.Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.Лока, Ж.Ламетры, І.Канта, Б.Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.
На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.
С.Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1989—94.
Літ.:
Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;
Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;
Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЛА (Oslo),
горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс.ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн.ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.Х.Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.В.Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац.т-р (1891—99, арх. Х.Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.Крога, Мунка, А.Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.Вергелану (1881, Б.Бергсліен), Н.Абелю (1908), К.Колет, Р.Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.
Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).Осла. Горад і порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНТ’Я́ГА (Santiago),
горад, сталіца Чылі. Знаходзіцца ў цэнтр.ч. краіны, каля падножжа Анд (на выш. каля 540 м), на абодвух берагах р. Мапоча. 5538 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Праходзіць Панамерыканская шаша, вузел чыгунак і аўтадарог. 4 міжнар. аэрапорты. Гал.эканам., культ. і навук. цэнтр краіны. У С. сканцэнтравана каля палавіны апрацоўчай прам-сці краіны. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн.; металаапр., хім., тэкст., гарбарна-абутковая, паліграф., харч., фармацэўтычная, гумавая, тэкстыльная. Метрапалітэн. Акадэміі: навук, мовы, гісторыі, прыродазнаўчых навук. 3 ун-ты (найстарэйшы з 1738). Ін-т па вывучэнні Антарктыды. Музеі: Нац. гістарычны, Нац.выяўл. мастацтва і музыкі, сучаснага мастацтва і інш. Тэатры. 2 абсерваторыі. Бат. сад.
Засн. ў 1541 ісп. канкістадорам П. дэ Вальдывія як форт для абароны ад нападаў індзейцаў. У 1647 горад разбураны землетрасеннем. Пасля адбудовы да канца 18 ст. тут размяшчалася рэзідэнцыя ісп. каланіяльных улад. У 1738 у С. засн.ун-т. У 1810 адбылося нац.-вызв. паўстанне, задушанае ісп. войскамі У 1818 каля С. рэв. сілы пад камандаваннем ген. Х.Сан-Марціна атрымалі вырашальную перамогу над іспанцамі. З 1818 С. — сталіца незалежнай Чылі.
У 16 ст. горад набыў строга рэгулярную планіроўку, забудаваны аднолькавымі нізкімі і шырокімі дамамі з унутр. дворыкамі. У цэнтры Пласа дэ Армас з будынкамі калан. часу: сабор (1541—1619, перабудаваны ў 1647 і 1679, барока; сучасны будынак — 1780—99, арх, Х.Таэска-і-Рычы, класіцызм), ратуша (1775—1807, арх. Таэска-і-Рычы, М. дэ Хара Кемада) і інш. План развіцця С. (складзены ў 1841—53) прадугледжваў пераважна парадную забудову цэнтра. У 19—20 ст. С. значна вырас, але пераважае невысокая забудова (3—5, у цэнтры 8—12 паверхаў). На У раён віл, садоў, асабнякоў т.зв. каліфарнійскага стылю сярэдзіны 20 ст. Сярод помнікаў: кляштар Сан-Франсіска з касцёлам (1572—1618; партал з матывамі рэнесансу і платэрэска; вежа 1756, арх. П. дэ Мадар’я, перабудавана ў 1860, арх.Ф Вівасета), класіцыстычныя прэзідэнцкі палац Ла Манеда (б. манетны двор; 1780—1805, арх. Таэска-і-Рычы, А.Кабальера), шпіталь Сан-Хуан дэ Дзьёс (1797, арх. Таэска-і-Рычы). На працягу 19 ст. класіцызм перарос у лацінаамер. варыянт. гістарызму і эклектызму: будынкі Нац. кангрэса (1-я пал. 19 ст., арх. А.К.Монт, з 1876 арх. Л.Эно, Э.Келі), ун-та Чылі (1854—74, арх. Эно, Вівасета), муніцыпальнага т-ра (1853, арх. К.Ф.Бруне дэ Бен, зруйнаваны ў 1870; новы будынак 1873, арх. Келі). У духу неаготыкі — саборы Ла Кампаньія (перабудова), Эль Асіла дэль Сальвадор (арх. Х.Т.Гандарыльяс). Асобныя будынкі маюць выразныя рысы мадэрна: палацы трыбуналаў (1905—11, арх. Э.Дуаер, А.Шадэ), прыгожых мастацтваў (1910) і інш. Сярод значных збудаванняў 20 ст.: Мін-васац. забеспячэння (1930-я г., арх. Р.Гансалес Картэс), Эканам. камісія ААН для краін Лац. Амерыкі (1960—66, арх. Э.Дуарт), жылыя комплексы «Гансалес Картэс» (1960—63, арх. С.Гансалес і інш.), тэхнал.ун-т (1962—65, арх. К.Брэшані, Г.Вальдэс і інш.).
Я.Ф.Шунейка (архітэктура).
Горад Сант’яга. Раён Сан-Борха.Сант’яга. Прэзідэнцкі палац Ла Манеда.