ГЕРАДО́Т (Hērodotos; каля 485, г. Галікарнас, цяпер г. Бадрум, Турцыя — каля 425 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Паходзіў са знатнага роду. У юнацтве ўдзельнічаў у барацьбе супраць тыраніі, пасля яе ўсталявання пакінуў радзіму, жыў на в-ве Самас. Шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага м., дзе збіраў звесткі пра скіфаў. Доўгі час жыў у Афінах, быў блізкі да Перыкла, каля 443 да н.э. перасяліўся ў г. Фурыі (Паўд. Італія). Асн. яго твор «Гісторыя» (назва ўмоўная) прысвечаны грэка-персідскім войнам (500—449 да н.э.); падзеі ў ім выкладзены да ўзяцця грэкамі г. Сест у 478 да н.э. Апісаў гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, даў геагр. звесткі і першае сістэматычнае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама неўраў, што жылі ў бас. Прыпяці. Названы сучаснікамі «бацькам гісторыі». Пазней вучоныя падзялілі яго твор на 9 кніг і кожную назвалі імем адной з 9 муз. 4-я кніга — «Мельпамена» прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак і пра насельніцтва тэр. Беларусі, з якім звязваюць герадотавых неўраў і будзінаў.
Тв.:
Рус.пер. — история. Кн. 1—9. М., 1993;
У кн.: Геродот. Греко-персидские войны... М., 1994.
Літ.:
Лурье С.Я. Геродот. М.; Л., 1947;
Доватур А.И., Каллистов Д.П., Шишова И.А. Народы нашей страны в «Истории» Геродота. М., 1982;
Рассадзін С.Я. Герадотавы андрафагі // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;
Яго ж. Будзіны, неўры ці скіфы?: Прабл. дачынення Герадотавых плямёнаў да тэрыторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зб.арт.Мн., 1992.
Герадот. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРПЕТАЛО́ГІЯ (ад грэч. herpeton паўзун + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Раней аб’ектам вывучэння герпеталогіі былі паўзуны, а раздзел, што вывучаў земнаводных, наз.батрахалогіяй. Герпеталогія цесна звязана з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі і інш. Развіццё герпеталогіі як самаст. раздзела заал. навукі найб. прыкметнае з пач. 20 ст. Вялікі ўклад зрабілі рус. Вучоныя А.Р.Баннікаў, І.С.Дрэўскі, А.М.Нікольскі, П.В.Цярэнцьеў, С.А.Чарноў.
На Беларусі амфібіі і рэптыліі ўпамінаюцца ў працах 18—19 ст. (А.М.Нікольскі, П.Г.Жачынскі, П.Баброўскі, І.Зяленскі, А.С.Дамбавецкі). Сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну ёсць у працах А.В.Фядзюшына (1927—32) і Ю.Ф.Сапажэнкава (1961). Шэраг пытанняў аб стане амфібій і рэптылій краіны адлюстраваны ў працах Ю.В.Дзьякава, Б.З.Галадушкі, Т.М.Курсковай, І.В.Жаркова, М.М.Пікуліка і інш.Найб. развіццё герпеталагічныя даследаванні атрымалі ў 1976—97 у Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі (Пікулік, В.А.Бахараў, С.У.Косаў, С.М.Драбянкоў, А.У.Хандогій, Л.У.Косава, К.К.Рыжэвіч і інш.), праводзяцца таксама на кафедрах заалогіі ВНУ і навук. аддзелаў запаведнікаў і нац. паркаў. Дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі, параметраў яе біял. разнастайнасці, пашырэння межаў арэалаў відаў, біятыпічнага размеркавання і колькасці, асаблівасцей размнажэння, развіцця і ландшафтнай дыферэнцыяцыі дамінуючых відаў, некат. іншых экалагічных і эталагічных аспектаў. Сфарміраваны значны калекцыйны фонд (каля 20 тыс.экз.). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны рэкамендацыі па ахове і рацыянальным выкарыстанні герпетафауны Беларусі.
Літ.:
Пикулик М.М. Герпетология // Институт зоологии Академии наук Беларуси Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЭ ((Hesse) Герман) (2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),
нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел.пер. В.Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Сёмуха, М.Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.
Тв.:
Бел.пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;
Паэт;
Воўк // Крыніца. 1995. № 3;
Рус.пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;
Игра в бисер: Роман;
Рассказы. М., 1984;
Последнее лето Клингзора. М., 1986;
Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;
Сиддхартха. Мн., 1993;
Собр. соч.Т. 1—8. М.;
Харьков, 1994—95.
Літ.:
Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;
Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;
Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;
Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;
Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;
Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БКА (Пятро) (Пётр Фёдаравіч; 6. 7.1905, в. Вялікая Уса Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1969),
бел.паэт.Акад.АНБССР (1957, чл.-кар. 1950). Скончыў БДУ (1930). Працаваў сакратаром рэдакцыі час. «Узвышша», у газ. «Калгаснік Беларусі», час. «Полымя рэвалюцыі». З 1945 у АН Беларусі: у Ін-це л-ры, мовы і мастацтва, у 1952—56 заг. сектара лексікаграфіі, у 1956—57 дырэктар Ін-та мовазнаўства, у 1957—69 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, адначасова ў 1968—69 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук. Друкаваўся з 1924. Першы зб. лірыкі «Шыпшына» (1927) выявіў прыхільнасць да рамант. паэзіі, літ. і фалькл. традыцый. Кнігі «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935) вызначаюцца жанравай разнастайнасцю, узмацненнем грамадз. матываў. Асобныя вершы 1930-х г. рытарычныя, дэкларацыйныя. Тэма рэвалюцыі і Грамадз. вайны ў паэмах «Трывожны сігнал» (1929), «Арлянка» (1931), «Мужнасць» (1934), «У тыя дні» (1937), драм. паэме «Над Бярозай-ракой» (паст. 1940). Вершы часоў Айч. вайны прасякнуты філас. роздумам, напоўнены пачуццём любові да Радзімы, лірызмам. Гал. тэмы пасляваен. творчасці — аднаўленне, памяць вайны, барацьба за мір. Аўтар лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (нап. 1947, паст. 1970), вершаванай п’есы «Святло з Усходу» (паст. 1957), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Вёў даследчую работу ў галіне бел. лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.Лермантава, М.Горкага (паэма «Дзяўчына і смерць», апавяданні), У.Маякоўскага, А.Пракоф’ева, Т.Шаўчэнкі (паэма «Марына», вершы), М.Рыльскага і інш.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1984—86.
Літ.:
Барсток М. Пятро Глебка. Мн., 1952;
Перкін Н. Пятро Глебка. Мн., 1955;
Пясняр мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці і факты псіхічнага развіцця дзіцяці. Цесна звязана з сац. псіхалогіяй, педагогікай, фізіялогіяй, геранталогіяй і інш. Дз. п. мае значэнне для практыкі выхавання і навучання ў сям’і, дзіцячых дашкольных установах, школе. Веданне Дз. п. — навук. аснова для распрацоўкі навуч. праграм, дыягностыкі псіхічнага развіцця дзяцей, павышэння эфектыўнасці выхаваўча-адукац. працэсу і інш.Псіхал. метады: назіранне, гутарка, аналіз вынікаў дзіцячай дзейнасці (выяўленчай, муз., мастацка-моўнай) эксперымент, тэставанне і інш.Асн. прадмет Дз.п. — раскрыццё агульных заканамернасцей псіхічнага развіцця ў антагенезе, устанаўленне ўзроставых перыядаў гэтага развіцця (гл.Узроставая псіхалогія), прычын і механізмаў пераходу ад аднаго перыяду да другога; важная роля адводзіцца асваенню дзецьмі гісторыка-культ. спадчыны, далучэнню іх да сусв. культуры, сацыялізацыі ў працэсе выхавання і навучання.
Дз.п. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. Яе стваральнік Д.Тыдэман. У галіне Дз.п. ў розныя часы працавалі В.Прэер, В.Штэрн, К.Грос, І.М.Сечанаў, К.Дз.Ушынскі і інш. Дз.п. стваралася працамі шэрагу вучоных (Ж.Піяжэ, З.Фрэйд, С.Л.Рубінштэйн, М.І.Лысіна, В.В.Давыдаў, В.А.Круцецкі і інш.). У Беларусі праблемы Дз.п. распрацоўваюцца на кафедрах псіхалогіі БДУ, Бел.пед. ун-та, Брэсцкага ун-та, Нац. ін-та адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Розныя ўзроставыя перыяды дзяцінства даследавалі бел. вучоныя Л.С.Выгоцкі, Р.І.Вадэйка, А.П.Ерась, Е.А.Панько, Ю.М.Карандышаў, Т.М.Савельева, Ф.І.Івашчанка, Н.А.Цыркун, Л.Г.Лысюк, Я.Л.Каламінскі, Л.У.Фінкевіч, А.С.Сляповіч і інш.
Літ.:
Валлон А. Психическое развитие ребенка М., 1967;
Выготский Л.С. Собр. соч.Т. 4. Детская психология. М., 1984;
Бондаренко Е.А. О психическом развитии ребенка. Мн., 1974;
Обухова Л.Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГАМА́НАЎ (Міхайла Пятровіч) (30.9.1841, г. Гадзяч, Украіна — 2.7.1895),
укр. філосаф, гісторык, эканаміст, літ.-знавец, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1863), дзе працаваў у 1864—75. З 1876 паліт. эмігрант у Швейцарыі, з 1889 праф. Сафійскага ун-та. У Жэневе з М.Паўлыкам і С.Падалінскім выдаваў час. «Громада», забароненыя ў Расіі творы Т.Шаўчэнкі, П.Мірнага і інш. Прапаведаваў культурна-нац. аўтаномію Украіны. У 1881 выдаў на бел. мове агітац. брашуру Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць». Працы Д. па гісторыі Украіны: «Урывак з гісторыі ўкраінафільства» (1876), «Матэрыялы для маларускай гісторыі ў італьянскіх архівах» (1877), «Погляд на ўкраінскую гісторыю» (1895) і інш. Як эканаміст быў на пазіцыях утапічнага сацыялізму. Прадстаўнік культурна-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літ.-знаўстве («Літаратура расійская, велікаруская, украінская і галіцкая», 1873—74, «Шаўчэнка, украінафілы і сацыялізм», 1879, і інш.). Апублікаваў зб-кіўкр. фальклору «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з В.Б.Антановічам), «Палітычныя песні ўкраінскага народа 18—19 ст.» (1883—85) і інш. Прызнаваў права Беларусі на самаст. развіццё, асуджаў польск. і рус. палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў («Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы», 1884, «Велікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне», 1907). Паўлык і І.Франко пад уплывам Д. ў 1885 склалі праект «Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва». У 1886 перапісваўся з бел. пісьменнікам В.Савіч-Заблоцкім.
Тв.:
Літературно-публіцистичні праці. Т. 1—2. Київ, 1970.
Літ.:
Заславський Д., Романченко І. Михайло Драгоманов. Київ, 1964;
Злупко С.М. М.П.Драгаманаў пра Беларусь і беларусаў // Матэрыялы першай навук.канф. па вывучэнню беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969;
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 312—319, 470-471.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,
навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).
З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурце-на-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.
На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці эл.-магн. хваль у дыяпазоне ад 300 МГц да 3000 ГГц. У залежнасці ад тыпу вырашальных задач сістэмы і прылады З.т. падзяляюць на інфармацыйныя (радыёсувязь, тэлебачанне, радыёлакацыя, радыёнавігацыя і інш.) і энергетычныя (прамысл. тэхналогіі, быт. прылады, мед., біял. і хім. абсталяванне, перадача энергіі і інш.). Прылады і сістэмы З.т. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях па радыёспектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, радыёастраноміі, у апаратуры і абсталяванні ваен. прызначэння і інш.
ЗВЧ хвалі па сваіх уласцівасцях набліжаюцца да светлавых, што дазваляе выкарыстоўваць іх для накіраванай перадачы сігналаў. У дыяпазоне ЗВЧ да 10 ГГц страты ў атмасферы Зямлі нязначныя, а хвалі з частатой больш за 30 МГц праходзяць праз іанасферу без адбіцця. Таму ЗВЧ дыяпазон выкарыстоўваецца для далёкай і блізкай (спадарожнікавай) касм. сувязі, даследаванняў радыёвыпрамянення Сонца і інш.касм. аб’ектаў. Перыяд ЗВЧ ваганняў сувымерны з часам пралёту электронаў у міжэлектроднай прасторы звычайных электравакуумных прылад, што вымагае выкарыстанне ў апаратуры ЗВЧ іх спец. тыпаў (клістронаў, магнетронаў, лямпаў бягучай хвалі, мазераў на цыклатронным рэзанансе, гіраконаў і інш.), а таксама паўправадніковых прылад (тунэльных, лавінапралётных, Гана дыёдаў, ЗВЧ транзістараў і інш.). Пашыраны спец. лініі перадачы (напр., дыэл. і поўныя хваляводы прамавугольнага, круглага ці інш. сячэння, палоскавыя, шчылінныя ці кампланарныя лініі), а таксама фільтры ЗВЧ, накіраваныя адгалінавальнікі, цыркулятары, рэзанатары (як вагальныя сістэмы). У ЗВЧ дыяпазоне можна размясціць значна большую колькасць каналаў сувязі, чым на больш нізкіх частотах, што дазваляе ажыццяўляць многаканальную тэлеф., радыё- і тэлевізійную сувязь.
Літ.:
Лебедев И.В. Техника и приборы СВЧ. Т. 2. 2 изд. М., 1972;
Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНАЛО́ГІЯ (ад імунітэт + ...логія),
комплекс медыка-біял.навук пра будову, функцыі і развіццё імуннай сістэмы чалавека (мед. І.), жывёл (вет. І.) і вышэйшых раслін. Вывучае: антыгенную структуру клетак і тканак арганізма, імунакампетэнтныя органы, клеткі і малекулы, а таксама з’явы, што імі абумоўлены — імунітэт, алергія, імуналагічныя талерантнасць і памяць (тэарэт. І., імунабіялогія); антыгенную структуру ўзбуджальнікаў, імунадыягностыку, імунатэрапію і імунапрафілактыку інфекц. і паразітарных захворванняў (інфекц. І.); імунны статус і яго дынаміку, карэкцыю і дыягностыку ў хворых на імунапаталагічны стан (клінічная І., імунапаталогія). Уключае таксама алергалогію, імунагенетыку, імунахімію, імунагематалогію, імуналагічную інжынерыю, трансплантацыйную І. і інш. Метады І. (сералагічны, алергалагічны, імунахім., імунамарфал., імунагенет., генна-інж. і інш.) шырока выкарыстоўваюць у біялогіі і медыцыне, у т. л. пры ідэнтыфікацыі вірусаў і бактэрый, вызначэнні прыроды алергенаў, пераліванні крыві, трансплантацыі органаў. Як самаст. навука І. закладзена ў канцы 19 ст. працамі франц. біёлага Л.Пастэра, ням. вучонага П.Эрліха, рус. — І.І.Мечнікава. На Беларусі працы па І. з’явіліся ў 1-й пал. 20 ст. Значны ўклад у яе развіццё зрабілі Б.Я.Эльберт, С.І.Гельберг, С.М.Фрыд, А.П.Красільнікаў, Г.В.Краскоўскі, Дз.К.Новікаў, Н.А.Ізраіцель, М.М.Вайцёнак, Л.П.Цітоў, А.С.Левін і інш. Даследаванні па І. вядуцца ў н.-д. ін-тах гематалогіі і пералівання крыві, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, удасканалення ўрачоў, ін-це радыяцыйнай медыцыны, эксперым. ветэрынарыі, ін-це радыебіялогіі Нац.АН Беларусі, мед. ін-тах. Распрацоўваюцца праблемы імунапрафілактыкі, імунадыягностыкі, імунатэрапіі, імунакарэкцыі, заканамернасці імунітэту пры інфекц. хваробах, асабліва хранічных, праблемы інфекц. і неінфекц. алергіі, камплементу, імунакампетэнтных малекул (інтэрлейкінаў), трансплантацыйнай і радыяцыйнай І. Практычная дзейнасць вядзецца ў цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, лабараторыях па алергалогіі і клінічнай І.