Прылёп іран. ’прымак’ (Мат. Гом.), прылёпісты ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі; назойлівы’ (рагач., Сл. ПЗБ, ЛА, 3). Прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад прыляпі́цца ’прычапіцца, прыліпнуць’, гл. ляпі́ць, лі́пнуць, што ўзыходзяць да кораня *lьp‑, lĕp‑, *lip‑. Паводле Варбат (SlW, 153), дзеясловы гэтага гнязда шырока вядомы ў славянскіх мовах са значэннем ’прылучыцца да каго- ці чаго-небудзь; навязацца, аддацца’, параўн. аддзеяслоўныя ўтварэнні: рус. приле́па ’нешта прылепленае’, польск. przylepa ’акраец’, серб.-харв. прилеп ’зараза’, балг. при́леп ’кажан’ (адносна апошняга слова гл. БЕР, 5, 717–718). Велчава (Бълг. реч, I, 4, 17) прыводзіць рэдкія ст.-балг. прилѣпъ ’савакупленне, coitus’, прилѣпенъ ’які мае інтымныя сувязі’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *prilěpъ ’каханак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́падзь1 ’закалец — сыры, недапечаны слой хлеба каля ніжняй скарынкі, які ўзнікае пры неналежным выпяканні’, пры́падлівы ’з закальцам, як бы трохі прылеплены да поду’ (Нас.). Магчыма, перанос значэння з наступнага слова — ’сыры слой у хлебе, як глей’, але не выключана і незалежнае ўтварэнне ад прыпада́ць з семантычнай матывацыяй: ’нізкі; які не падняўся; злеглы’ і да т. п.

Пры́падзь2 ’слой глеістай зямлі; падзол’ (Нас., Байк. і Некр., Варл.), пры́падлівы ’глеісты, з падзолам’ (Нас.), прыпа́длівый ’вільготны, злеглы (аб зямлі)’ (Бяльк.). Рус. зах. при́падь ’падзолістая глеба’, смал., цвяр. припа́дливый ’зацвярдзелы (пра зямлю, глебу)’, укр. при́падь ’нізіннае месца; чарназём з гразкай глінай’, припа́дливый ’нізінны’. Да прыпадаць1 ’нахіляцца, прыціскацца’, ’шчыльна прылягаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыста́ўка1 ’частка слова, якая стаіць перад коранем, прэфікс’; ’тое, што прыстаўляецца, прырабляецца дадаткова да чаго-небудзь’ (Байк. і Некр., ТСБМ), ’прыбудова’ (Мат. Гом.), пры́стаўка ’ганак’ (Пятк.), пры́стаўка ’дадатак пакупніку’, пры́ставок ’дадатак (напр., ганчарны выраб у дадатак да пасудзіны, якая пры продажы, фактычна абмене, выконвала ролю збожжавай меры)’ (ТС). Рус. при́ста́вка ’прэфікс’, дыял. ’лапата, граблі і пад., прасунутыя праз жалезнае кальцо варот замест замка’, ’верхняя частка (да пояса) жаночай сукенкі, кашулі, пашытая з больш тонкай тканіны’ і пад., укр. приста́вка ’дадатковае прыстасаванне; прэфікс’. Дэрыват з суфіксам ‑к‑ ад прыста́віць, гл. ставіць.

Прыста́ўка2 ’надакучлівы чалавек’ (Ян.), пры́стаўка ’хвост, неадступны спадарожнік’ (ТС). Да прыстава́ць, гл. прыставака.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́кля ’кутас, пампон’ (ТС; Шымк. Собр.), ’самаробны драўляны гузік’ (шуміл., Сл. ПЗБ), мн. л. пу́клі ’адходы пры прадзенні воўны’ (рас., Шатал.), ст.-бел. пукли ’металічныя бляшкі на абкладах царкоўных кніг, буклі’ (Ст.-бел. лексікон; Гарб.). Згодна з Булыкам (Лекс. запазыч., 107), апошняе запазычана з польск. pukiel ’від закругленага выпуклага або пярсцёнкападобнага металічнага ўпрыгожання’, што ў сваю чаргу запазычана з ням. puckel, buckel ’горб, выступ’, франц. boucle < лац. buccula, памянш. ад bucca ’шчака, скула’ (Банькоўскі, 2, 964, Сной, 514). Шустар-Шэўц (2, 1190) дапускае пасрэдніцтва ст.-чэш. pukla ’тс’ для н.-луж. pukly і польскага слова. Семантыка ’завіток, касмык’ і пад. грунтуецца на пазнейшым значэнні франц. boucle ’локан’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуры́м ’прыпар, гарачы час’ (полац., Жыв. НС), пурымы ’яўрэйскае свята’: пурымы не свято, а трасца не хвароба (Сержп.), ст.-бел. пуримь ’тс’; сюды ж пурьшэц ’невялікая булачка’ (пін., Сл. Брэс.). Запазычана з яўр. ригіт ’свята’ (Булыка, Лекс. запазыч., 184) < іўрыт. pur ’жэрабя’, сюжэт узнікнення свята гл. у кнізе “Зефір” у Скарынаўскім перакладзе Бібліі: И для того назвами суть дневе шые фуримь. То есть дневе жребиевь. Прото иже фуръ, еже исказуетсл жребеи вовержен есть до сосуда; параўн. укр. пу́рім ’тс’, польск. дыял. purum: pan Wojciech już purum, już sobie podchmielił (паводле Крэмера, Słowniczek, 311, — з лацінскай). На семантыку слова, магчыма, паўплывала пу́ры́ць ’гнаць, падганяць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяля́сы (пеля́сый) ’паласаты, з белымі па цёмнаму або чорнаму полю ці чорнымі па светламу полю палосамі’ (Нас.), піля́сый ’тс’ (Бяльк.), сюды ж пелесова́ць ’сцябаць пугай, паласаваць скуру біццём; вытоптваць (пра луг або пасевы)’, пелесо́ваный ’жорстка пакараны’ (Нас.), пялёсіны ’пісягі ад дубцоў’ (Наша Слова, 1992, 12 лют.), параўн. рус. пелёсый ’плямісты (пра жывёл)’, польск. pelasy ’тс’, славен. pelésast ’тс’. Роднаснае ст.-слав. пелѣсъ ’пярэсты, у кропачкі’, чэш. pelesa ’від кузуркі’, славен. pelès ’гатунак вінаграду’ і пад., якія параўноўваюць з літ. pelėsis, мн. л. pelė̃siai, pelėsiaĩ ’плесня’, грэч. πελιδνος, πελιτνός ’цёмны, шэры, бледна-сіні’, гл. Фасмер, 3, 229; Махэк₂, 445; Бязлай, 3, 23; ESJSt, 11, 635. Параўн. перапялёсы, пялёсы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярна́т (перна́т) ’пухавік’ (Нас.), ’пярына’ (Бяльк.), pirnát ’вялікая падушка з пер’я на ўвесь ложак’ (Варл.), пярна́ты ’падушкі’ (Шат.), пырна́ты, перна́ты ’пярына’ (Булг.). Запазычана з польск. piernat ’матрац, напоўнены пер’ямі’ (Кюнэ, Poln., 86), што, відаць, уяўляе субстантываваную кароткую форму прыметніка *perьnatъ, параўн. ст.-бел. пернатыи (Скарына), укр. перна́ткий ’пакрыты пер’ямі’, рус. перна́тый ’тс’, чэш. pernatý, ст.-чэш. peřnatý, славен. pernat, балг. перна́т ’падобны да пяра’, ст.-слав. перьнатъ ’пакрыты пер’ямі’. Польскае слова, паводле Банькоўскага (2, 558), выводзіцца з дыял. piernaty, pierznaty < *pierzynaty, ад *perina, гл. пяры́на ’пяро’, што неабавязкова, параўн. балг. пе́рен ’перысты’ (< *perьnъ) з далучэннем суфікса носьбіта прыкметы — перна́тка; у народнай песні: патки пернатки ’пёрыстыя качкі’ (БЕР, 5, 177).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарт, жартаваць. Рус. пск., смал., урал. жарт, укр. жарт, польск. żart, серб.-луж. žort, чэш. žert, славац. žart ’жарт’. Ст.-бел. (XVI ст.) жартъ ’кашчунства’, ’жарт’. Паводле Булыкі (Запазыч., 113), ст.-бел. < польск. < чэш. < ням. Scherz ’жарт’. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 2, 146) указваюць с.-в.-ням. scherz ’жарт’. Аднак яшчэ Брукнер (662) выказваў сумненні наконт апошняга ‑t. Махэк₂ (726) прапануе лічыць ст.-чэш. слова запазычаным са ст.-в.-ням. serten ’брахаць, падманваць’. На такое значэнне магло б указваць і тое, што Зізаній супастаўляе кощунъствуюжарътую (да таго ж у дзеяслоўнай форме). Укр. з польск., рус. з бел. На ням. першакрыніцу ўказвае Гіст. лекс., 116.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывёла ’жывая істота’, зборн. ’свойская скаціна’ (ТСБМ). Польск. żywioła ’свойская скаціна’. Параўн. славен. živâl ’жывёла’. Слав. мовы захоўваюць асобныя словы з суф. ‑ela, ‑ola (напр., чэш. mrtvola ’труп’). Аднак не хапае падстаў для атаясамлівання славен. слова з бел., хаця наяўнасць літ. gývolis, gyvulỹs ’жывая істота, жывёла’ ўказвае на магчымасць яшчэ прасл.-балт. узаемадзеяння (Безлай, Radovi XXXV, Odjeljenje društvenih nauka, 12. Sarajevo, 1969, 92) і нават уплыву. Ст.-бел. ведала живиолъ, живелъ ’стыхія’ (XVI ст. Скарына; Булыка, Запазыч., 114) з польск. żywioł, дзе, як сведчыць Брукнер (670), так у XVI ст. тлумачылі і лац. animal (а не толькі element). Таму бел. жывёла, відаць, таксама з польск. Лаўчутэ, Сл. балт., 45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каве́нчыцца ’мучыцца, пакутаваць ад болю’, ’пакутаваць з кім-н.’ (лаг., КЭС; Нас.), ковэнчыцца ’мучыцца’ (Шатал.), кавенчыць ’мучыць’ (Нас.), кавенчэння, кавенчання ’агонія’ (Нас., Яруш.). Польск. kawęczeć, kawęczyć ’доўга хварэць, мучыцца і да т. п.’, ст.-польск. skawęczeć ’змарнець’, славац. дыял. (усх.) kavenčec ’тс’. Слаўскі (2, 107) лічыць славац. і бел. роднаснымі да польск. слова, аднак для гэтага няма падставы; паводле лінгвагеаграфічиага і фанетычнага крытэрыю, бел. і славац. патрэбна разглядаць як паланізмы. Паводле Слаўскага, там жа, польск. kawęczeć суадносіцца са старым дзеясловам kavъkati і першапачаткова азначала ’енчыць, падаваць жалобны голас’. Ён прыводзіць рус. дыял. кувякать ’енчыць, плакаць’ і лічыць, што тут мела месца расшырэнне кораня ‑ęcz‑, ‑ęk, падрабязней гл. Слаўскі, 2, 108.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)