РАВЕ́ЛЬ ((Ravel) Марыс Жазеф) (7.3.1875, г. Сібур, Францыя — 28.12.1937),
французскі кампазітар. Ганаровы д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1929). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1905). Фарміраванне творчасці Р. праходзіла пад уплывам К.Дэбюсі, а таксама рус. кампазітараў М.Рымскага-Корсакава, А.Барадзіна, асабліва М.Мусаргскага (з І.Стравінскім Р. працаваў над партытурай «Хаваншчыны» для пастаноўкі оперы ў Парыжы, аркестраваў «Карцінкі з выстаўкі»). У творах спалучаў тэндэнцыі імпрэсіянізму (каларыстычныя гармонія і аркестроўка, складаныя рытмы) з класічнай яснасцю і выразнасцю формы, ярка прасочваецца сувязь з франц., ісп. і інш. фальклорам. Пазней выразна акрэсліліся неакласічныя тэндэнцыі. Сярод твораў: оперы «Іспанская гадзіна» (паст. 1907), «Дзіця і чараўніцтва» (паст. 1925), балеты «Дафніс і Хлоя», «Сон Фларыны, ці Матухна-гусыня», «Адэлаіда, ці Мова кветак» (усе паст. 1912), харэагр. паэма «Вальс» (1920); інстр. музыка: для арк. уверцюра «Шахеразада» (1898), «Іспанская рапсодыя» (1907), «Балеро» (харэагр. паст. 1928; на сцэне Бел.т-ра оперы і балета паст. 1963, 1971, 1984); 2 канцэрты для фп. з арк. (1-ы для левай рукі, 1930; 1931); для фп. «Павана на смерць інфанты», «Гульня вады», сюіта «Пахавальня Куперэна», цыкл «Адбіткі» і інш. Выступаў як піяніст і дырыжор пераважна са сваімі творамі.
Літ.:
Крейн Ю. Симфонические произведения М.Равеля. М., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НАЧНАЯ ЭКАНО́МІКА,
сістэма арганізацыі эканам. дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці форм уласнасці, свабоднай канкурэнцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі. У межах Р.э. абмен рэсурсамі ці іх размеркаванне ажыццяўляецца пераважна на аснове рыначных цэн, якія фарміруюцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Механізм Р.э. грунтуецца на сістэме рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і інш.). Для Р.э. характэрна дэцэнтралізацыя кіравання: планаванне вытв-сці ажыццяўляецца суб’ектамі гаспадарання, а не органамі дзярж. кіравання. Гал. ўмова Р э. — свабода прадпрымальніцтва, вытворчага і спажывецкага выбару, заснаваных на эканам. інтарэсах. Вытворцы зацікаўлены ў максімалізацыі прыбытку, спажыўцы — у аптымізацыі сваёй выгады пры набыцці неабходных тавараў і паслуг. Сутыкненне гэтых інтарэсаў складае сутнасць рыначнай канкурэнцыі. Акрамя свабоднай Р.э., заснаванай на рыначнай канкурэнцыі без умяшання ў працэсы куплі-продажу органаў дзярж. кіравання і ўлады, існуе змешаная Р.э., пры якой дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання кіруецца рыначным механізмам, а органы дзярж. кіравання ўздзейнічаюць на эканам. працэсы эканам. і адм. метадамі рэгулявання. Эканоміка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, спалучае рысы рыначнай і адм.-каманднай эканомікі. Гэта абумоўлена тым, што і рыначным, і камандна-адм. метадам кіравання ўласцівы пэўныя недахопы, уздзеянне якіх аслабляецца ва ўмовах змешанай эканомікі.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р, Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ.М., 1999;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Рыночное реформирование экономики Беларуси. Мн., 1996;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧЫ, Рыча, Рычу,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас.р. Дрысвята, за 20 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Пл. 12,83 км², даўж. 6,27 км, найб.шыр. 3,73 км, найб.глыб. 51,9 м (другое па глыбіні возера на Беларусі), даўж. берагавой лініі 33,4 км. Пл. вадазбору 123 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. 10—20 м (на У да 30—40 м), параслі хмызняком і лесам. Шмат заліваў. Берагі высокія, пясчаныя, участкамі нізкія, на У зліваюцца са схіламі. Дно складанай будовы, глыбакаводныя ўпадзіны (34—40 м) чаргуюцца з мелямі. У залівах дно адносна плоскае, глыб. 10—13 м. 5 астравоў агульнай пл. 5,7 га. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, на У пад валунамі. Пяскі і апясчаненыя адклады пашыраны да глыб. 10—12 м, у залівах да 2—5 м. Астатняя ч. ложа сапрапелістая, найб. глыбокія ўчасткі ілістыя. Мінералізацыя вады каля 220 мг/л, празрыстасць 5,3 м. Мезатрофнае. Зарастае, найб. зарастаюць залівы, пераважна падводнай расліннасцю (рдзесты, шышняк, эладэя, харавыя водарасці). Да глыб. 9 м растуць імхі. У іхтыяфауне больш за 20 відаў рыб. У возеры жывуць рэлікты ледавіковага перыяду (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа), занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. Упадаюць некалькі ручаёў, у т. л. з азёр Кракіна, Угарынка, Чарнаву, Сіла, выцякае р. Рычанка. Возера ўваходзіць у гідралагічны заказнік Рычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч.Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміж Канадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.
У флоры яе зах.ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх.ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб. пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш.Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПУНО́Ў (Аляксей Парфенавіч) (27.3.1851, г.п. Усвяты Пскоўскай вобл., Расія —2.10.1924),
бел. гісторык, археограф, краязнавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1873). У 1873—96 настаўнік лац. і грэч. моў у Віцебскай гімназіі. З 1896 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, з 1897 выкладчык Маскоўскага ун-та. У 1901—07 і з 1913 сакратар Віцебскага губ. стат. к-та. У 1907 выбраны дэпутатам ад Віцебскай губ. ў Дзярж. думу 3-га склікання, дзе падтрымліваў акцябрыстаў. З 1918 заг. секцыі дэмаграфіі ў губ. стат. бюро, з 1919 — у Віцебскім губ. архіве. Удзельнік стварэння Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, у якім выкладаў у 1911—22 (з 1913 праф.). Даследаваў гісторыю, л-ру, этнаграфію, археаграфію, архітэктуру, фальклор Беларусі, пераважна Падзвіння. Выявіў і зрабіў палеаграфічныя апісанні стараж. рукапісных помнікаў, апісаў Барысавы камяні, архівы Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Мінска. Сярод твораў: «Полацкі Сафійскі сабор» (1888), «Дзвінскія або Барысавы камяні» (1890), «Рака Заходняя Дзвіна: Гісторыка-геаграфічны агляд» (1893), «Помнікі часоў старажытных і найноўшых у Віцебскай губерні» (1903), «Універсітэт у Полацку» (1908) і інш.Найб. буйная праца С. — зб. дакументаў «Віцебская даўніна» (т. 1, 4—5, 1883—88).
Літ.:
Стукалич В.К. А.П.Сапунов: К 25-летию его ученой и лит. деятельности. Витебск, 1905;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫНІЯ́НСТВА,
антытрынітарны рэлігійна-філас. рух 16—17 ст., распаўсюджаны пераважна ў Польшчы і ВКЛ. Асн. палажэнні С. сфармуляваны яго заснавальнікам Ф.Соцынам. Для С. характэрна далейшая рацыяналізацыя ідэй антытрынітарыяў. аднаўленне догмату аб Тройцы і боскай прыроды Хрыста, прызнанне прыярытэту розуму ў пытаннях веры. Адзінай крыніцай веравучэння сацыніяне лічылі Свяшчэннае пісанне. Яны сцвярджалі, што не існуе першароднага граху, адмаўлялі патрэбнасць збаўлення, абвяргалі кальвінісцкі догмат аб прадвызначэнні. Агульным цэнтрам С. быў г. Ракаў Сандармірскага ваяв. ў Польшчы (цяпер вёска ў Свентакшыскім ваяв.), на Беларусі — г. Навагрудак. Соцын і яго першыя паслядоўнікі (на Беларусі Я.Ліцыній Намыслоўскі, Я.Даманеўскі, М.Цвердахлеб, Ц.Кузьміч і інш.) — прадстаўнікі ранняга С. Тэарэтыкі позняга С. (2-я пал. 17 ст.) Я.Крэль, С.Пшыпкоўскі, А.Вішаваты і інш. патрабавалі верацярпімасці, аддзялення царквы ад дзяржавы, вял. ўвагу аддавалі развіццю асветы, прыродазнаўства і матэматыкі. У час Контррэфармацыі ў 1658—60 сацыніяне былі выгнаны з Рэчы Паспалітай і эмігрыравалі ў Германію, Англію і Галандыю. Ідэі С. распаўсюдзіліся ў некат. краіны Зах. Еўропы, паўплывалі на філас. погляды Б.Спінозы, Дж.Лока, англ. дэістаў. Філас. спадчына ідэолагаў С. была выдадзена ў 1665—68 у Амстэрдаме пад назвай «Бібліятэка польскіх братоў».
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З КАМУНІ́СТАЎ,
першая міжнар.камуніст.арг-цыя, якая нелегальна існавала ў сярэдзіне 19 ст.; папярэднік Інтэрнацыянала 1-га. Засн. ў Лондане 2—9.6.1847 Ф.Энгельсам, В.Вольфам і інш. на кангрэсе «Саюза справядлівых», рэарганізаванага ў С.к. Стаў цэнтрам прапаганды марксізму, барацьбы К.Маркса і Энгельса супраць утапічнага сацыялізму і сектанцтва (выключаны прыхільнікі В.Вейтлінга). Паводле статута (прыняты на 2-м кангрэсе ў Лондане 29.11—8.12.1847) гал. мэта саюза — звяржэнне панавання буржуазіі, усталяванне ўлады пралетарыяту, заснаванне грамадства без класаў і прыватнай уласнасці. Дэвіз арг-цыі — прапанаваны Марксам заклік «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» (замест б. дэвіза «Саюза справядлівых» «Усе людзі — браты!»), праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі», напісаны Марксам і Энгельсам у пач. 1848.
Будаваўся на прынцыпах выбарнасці кіраўнікоў у спалучэнні з цэнтралізмам. Пярвічныя арг-цыі (абшчыны) аб’ядноўваліся ў акругі на чале з акруговымі к-тамі. Вярх. орган — кангрэс, паміж кангрэсамі выканаўчую ўладу ажыццяўляў ЦК. Налічваў каля 400 чл., пераважнаням. рабочых-эмігрантаў. Апіраўся на легальныя рабочыя т-вы і асацыяцыі ў Бруселі, Лондане, Парыжы, Германіі і Швейцарыі. Кантактаваў з англ. чартыстамі (гл. Чартызм) і франц. бланкістамі (гл. ў арт. Бланкі Л.А.). Яго члены ўдзельнічалі ў агульнаеўрап. рэвалюцыі 1848—49. Распушчаны згодна з прапановай Маркса пасля інспіраванага прускімі ўладамі працэсу супраць камуністаў у г. Кёльн (Германія, 1852).
Літ.:
Союз коммунистов — предшественник I Интернационала. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЎРСКІ ФАРФО́Р,
мастацкія вырабы фарфоравага завода ў г. Сеўр (Францыя). Засн. ў г. Венсен (1740). У Сеўр вытв-сць пераведзена ў 1756. Першыя вырабы зроблены пад метал. формы і з уплывам майсенскага фарфору. Першыя майстры — жывапісец Ж.Ж.Башэлье і хімік Ж.Эло (вынаходнік унікальнай сіняй фарбы, адной з адметных рыс С.ф.). Размалёўкі на ярка-сінім, бірузовым і белым фонах уяўлялі сабой натуралістычныя выявы кветак, гірлянд, птушак, пейзажаў. У сярэдзіне 18 ст. быў пашыраны ружовы фон ракайлевых размалёвак золатам і шынуазры. Характэрны элемент С.ф. — размалёўкі пад камеі ў манахромнай тэхніцы грызайль. У 1770—1830-я г. С.ф. вырабляўся ў стылі класіцызму; былі пашыраны міфалагічныя і жанравыя скульптурныя групы, партрэтныя медальёны і бюсты, рэльефныя плакеткі (белым па сінім фоне), якія выкарыстоўваліся ў якасці ўставак у мэблю. Да 1800 вырабы (сервізы, вазы) ствараліся пераважна з мяккага фарфору (без кааліну), абпаленага пры параўнальна невысокай тэмпературы, што дазваляла дасягаць сакавітасці і вытанчанасці дробнага дэкору. З больш моцнага бісквіту стваралі групы і фігуры па мадэлях Э.М.Фальканэ, Л.С.Буазо, Ж.Б.Пігаля, Э.Бушардона, Кладыёна. З 1772 рабілі цвёрды фарфор. У 20 ст. ў стварэнні вырабаў С.ф. ўдзельнічалі вядучыя мастакі (Ж.Люрса і інш.).
Літ.:
Бирюкова Н.Ю. Французская фарфоровая пластика XVIII в. Л., 1962.
Я.Ф.Шунейка.
Сеўрскі фарфор. Марожаніца з сервіза з камеямі. 1778.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКХІ́ЗМ (ад сікхі),
рэлігія, якая ўзнікла ў 16 ст. ў Паўн.-Зах. Індыі. Засн. ў Пенджабе гуру Нанакам. Пасля яго смерці пропаведзь С. працягвалі 9 гуру (усе яны лічацца пераўвасабленнямі Нанака). Спалучае рысы індуізму і ісламу. Паслядоўнікі С. (сікхі) адмаўляюць індуісцкую ідэю Мнагабожжа, вераць у адзінага Бога, які ўвасабляе ў сабе Тварца, Захавальніка і Разбуральніка. Спасціжэнне Бога сікхі лічаць магчымым для кожнага чалавека, які прытрымліваецца шляху любові, веры, адданасці і разважанняў аб божых дзеяннях. С. адмаўляе каставую сістэму, складаную абрадавасць, аскетызм і пустэльніцтва. Свяшчэнная кніга сікхаў Адыгрантх (санскр. «спрадвечная кніга») аб’ядноўвае гімны 10 гуру С., а таксама гімны Кабіра (15 ст.), Намдзева (15 ст.), Фарыда (13 ст.), Джаядзевы (14 ст.) і інш. прадстаўнікоў індуізму і суфізму. Адмаўленне каставай сістэмы забяспечыла папулярнасць С. сярод сялян і рамеснікаў. У пач. 18 ст. ідэалогія С. паслужыла асновай для барацьбы супраць імперыі Вялікіх Маголаў. У 1765 сікхі стварылі незалежную дзяржаву, у 1849 у выніку Англа-сікхскіх войнаў страцілі незалежнасць. У сучаснай Індыі С. прытрымліваюцца каля 2% насельніцтва (пераважна штат Пенджаб). Рэліг. цэнтр С. — г. Амрытсар, дзе ў «Залатым храме» захоўваецца кніга Адыгрантх.
Літ.:
Семенова Н.И. История сикхского движения в Индии. М., 1963;
Бельский А.Г., Фурман Д.Е. Сикхи и индусы: Религия, политика, терроризм. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МВАЛ (ад грэч. symbolon знак, апазнавальная прыкмета),
універсальны вобраз, знак, які ўвасабляе пэўную ідэю. Ствараецца чалавекам у працэсе пазнання рэчаіснасці і развіцця культуры. Форма С. не мае непасрэднай сувязі з адлюстраваным ім зместам. У адрозненне ад інш. відаў знакаў С. мае пачуццёва-наглядную форму, а сувязь паміж формай і закладзеным у ёй сэнсам не з’яўляецца адвольнай. У маст. культуры С. з’яўляецца адным з гал. сродкаў выяўлення духоўных і эстэт. каштоўнасцей, аўтарскай мадэлі свету. На пэўных этапах развіцця мастацтва С. прэваліравалі ў маст. мове (напр., сярэдневяковае мастацтва, сімвалізм). У адрозненне ад алегорыі С. не мае рацыянальнай формулы, разлічанай на адназначную трактоўку. Сэнсавая струк» тура С. шматзначная і прадугледжвае актыўнае ўспрыняцце суб’ектам. Праблема С. разглядалася ўжо ў ант. філасофіі (Платон). У сярэдневяковай філасофіі навакольнае асяроддзе тлумачылася як С. сутнасці Бога (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт). Эстэт. асэнсаванне С. прапанавана тэарэтыкамі ням. рамантызму, якія проціпастаўлялі С. алегорыі (Ф.Шэлінг, Ф.Крэйцэр) і бачылі ў ім аснову паэт. творчасці (Ф.Шлегель). Рацыяналістычную трактоўку С. прапанаваў Г.Гегель, які разглядаў С. пераважна ў якасці знака. Прыхільнікі псіхааналізу трактуюць С. як форму выяўлення псіхапаталагічнага сімптому асобы (З.Фрэйд) ці ўстойлівых форм калектыўнага бессвядомага — архетыпаў (К.Г.Юнг). Ням. філосаф Э.Касірэр пашырыў змест паняцця С. і разглядаў у якасці сімвалічных усе формы дзейнасці чалавека (мову, рэлігію, мастацтва і навуку).