ПАЛЕ́СКІ КАМІТЭ́Т РСДРП(б),

1) арганізацыя с.-д. партыі, якая дзейнічала на тэр. Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Утвораны па ініцыятыве У.​І.​Леніна і ЦК РСДРП у студз. 1904. Яднаў Гомельскую, Клінцоўскую, Навазыбкаўскую, з лют. 1904 Магілёўскую і Роменскую арг-цыі. Да вясны 1904 ахапіў уплывам Магілёўскую губ., Мазырскі і Рэчыцкі пав. Мінскай губ., Гароднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Суражскі пав. Чарнігаўскай, Роменскі пав. Палтаўскай губ. У маі 1905 адбыўся 1-ы з’езд арг-цый РСДРП Палескага р-на, які прыняў статут і зацвердзіў паўнамоцнымі арг-цыямі П.к. РСДРП(б) Аршанскую, Гомельскую, Копыскую, Магілёўскую, Шклоўскую, Горацкую, Дабранскую, Клінцоўскую, Лоеўскую, Навазыбкаўскую, Сноўскую і Сямёнаўскую арг-цыі РСДРП. Летам 1905 яднаў таксама арг-цыі, у склад якіх уваходзілі бальшавікі і меншавікі. У вер. 1905 адбылася канферэнцыя к-та. У сувязі з ростам колькасці арг-цый РСДРП канферэнцыя падзяліла к-т на 4 самаст. раённыя арг-цыі: Аршанскую, Гомельскую, Магілёўскую і Клінцоўска-Навазыбкаўскую. Летам 1906 Гомельская і Магілёўская арг-цыі рэарганізаваны ў акруговыя з правам утвараць на іх тэр. раённыя. У вер. 1909 Гомельскаму акр. к-ту даручана выконваць функцыі абл. парт. цэнтра. З мая 1912 ён стаў называцца П.к. РСДРП(б) і дзейнічаў да 1917.

2) Кіруючы орган арг-цый РСДРП Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Меў калегіі: раз’язных агентаў, прапагандыстаў, тэхнічную, сялянскую, а таксама ваен.-рэв. групу для работы сярод салдат, падп. друкарню, выпускаў газ. «Полесский листок». Па асн. праграмных, тактычных, арганізац. пытаннях стаяў на пазіцыях бальшавікоў. Размяшчаўся ў Гомелі, Навазыбкаве. Старшыня М.​К.​Уладзіміраў. У вер. 1905 парт. арг-цыя, якую ён узначальваў, падзелена на 4 раённыя, і к-т перастаў існаваць. Яго функцыі выконваў Гомельскі раённы, потым акр. к-т РСДРП. Пасля VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (у 1912) адноўлены. Пасля Лют. рэвалюцыі 19.4.1917 на арганізац. сходзе бальшавікоў Гомеля выбраны П.к. РСДРП(б), які выконваў функцыі абласнога. У лют.—сак. 1918 Палессе акупіравана ням. войскамі. Барацьбу супраць інтэрвентаў узначаліў Палескі падп. к-т РКП(б).

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД РСДРП.

Адбыўся нелегальна 1—3.3.1898 у Мінску, абвясціў заснаванне Рас. с.-д. партыі (РСДРП). На ім прысутнічала 9 дэлегатаў ад 6 мясц. с.-д. арг-цый: Пецярбургскага (С.​І.​Радчанка), Маскоўскага (А.​А.​Ванноўскі), Кіеўскага (П.​Л.​Тучапскі) і Екацярынаслаўскага (К.​А.​Петрусевіч) «Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа», два ад кіеўскай «Рабочай газеты» (Б.​Л.​Эйдэльман і М.​А.​Вігдорчык), трое ад Бунда (А.​І.​Крэмер, А.​Мутнік, Ш.​Кац). За 3 дні работы з’езда было праведзена 6 пасяджэнняў. Пратаколы не вяліся, запісваліся толькі рэзалюцыі з’езда. Партыю вырашылі назваць Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Пазней пры складанні Маніфеста ў назву было ўнесена слова «рабочая». Было вырашана, што вышэйшым органам партыі з’яўляецца з’езд, а выканаўчым — ЦК, які выбіраецца з’ездамі і падсправаздачны яму. У рэзалюцыі па нац. пытанні запісана, што партыя прызнае за кожнай нацыянальнасцю права на самавызначэнне, у т. л. і права на нац. аўтаномію с.-д. рухаў. З’езд адхіліў ідэю цэнтралізму ў кіраўніцтве партыяй. Выбраў ЦК з 3 чл. (Радчанка, Эйдэльман, Крэмер), прызнаў «Рабочую газету» афіц. органам партыі, прыняў рашэнне пра выданне Маніфеста партыі і даручыў яго рэдагаванне ЦК. Гэты дакумент быў напісаны П.​Струвэ і надрукаваны ў падп. друкарні ў Бабруйску. Пазней Маніфест апублікаваны ў с.-д. газетах Берліна, Парыжа, Лондана, Жэневы. Адразу пасля з’езда «Саюзы барацьбы» і с.-д. групы пачалі пераўтварацца ў парт. к-ты. Аднак партыя як адзіная с.-д. арг-цыя яшчэ не была створана: не былі прыняты статут і праграма, 8 з 9 дэлегатаў пасля з’езда былі арыштаваны, друкарню і 3-і нумар «Рабочей газеты» захапіла паліцыя. На II з’ездзе РСДРП (1903) рас. сацыял-дэмакратыя раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў. У Мінску ў доме, дзе адбыўся I з’езд РСДРП, створаны Дом-музей з’езда РСДРП.

Літ.:

Маркова Р.И. Первый съезд РСДРП. М., 1965;

Король А.С. Соединяясь в партию. Мн., 1988;

Симанюков С.М. Дом-музей I съезда РСДРП. Мн., 1998.

С.​М.​Сіманюкоў.

Дом-музей Першага з’езда РСДРП.

т. 12, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЗА́НА (Pisano),

мянушка шэрагу італьянскіх скульптараў і архітэктараў 13—14 ст. Нікало П. (каля 1220, Апулія, Італія — паміж 1278 і 1284), скульптар; адзін з заснавальнікаў Протарэнесансу. Зазнаў уплывы паўд.-італьян., тасканскай і стараж.-рым. скульптуры. Сцвярджаў пластыку як мастацтва, тэктанічна раўнапраўнае з архітэктурай. Творы вызначаюцца велічнасцю, пластычнай магутнасцю і адчувальнасцю скульпт. формы: кафедры баптыстэрыя ў Пізе (1260) і сабора ў Сіене (з Арнольфа ды Камбіо, Джавані П. і Лапа), рака св. Дамініка ў царкве Сан-Дамініка ў Балонні (1264—67, з Арнольфа ды Камбіо, Фра Гульельма і інш). Джавані П. (каля 1245—50, г. Піза, Італія — пасля 1314), скульптар і архітэктар; прадстаўнік Протарэнесансу. Сын і вучань Нікало П. Зазнаў уплыў франц. готыкі. Творы адметныя эмац. напружанасцю, спалучэннем традыцый протарэнесансавай пластыкі з гатычнай ламанасцю контураў: 4 мармуровыя статуі мадонны (каля 1276, 1295, 1305—06, 1312), статуя мадонны са слановай косці (1299), статуі на фасадзе сіенскага сабора (1284—99), кафедры ў царкве Сант-Андрэа ў Пістоі (1301) і ў пізанскім саборы (1302—10), фрагменты надмагілля Маргарыты Люксембургскай (1313) і інш. Арх. творчасць развівалася ў рэчышчы готыкі (ніжняя частка фасада сіенскага сабора, 1284—99). Андрэа П. [сапр. Андрэа да Пантэдэра (Andrea da Pontedera); каля 1290, г. Пантэдэра, Італія — 1348—49], скульптар і архітэктар. Творы вызначаюцца спалучэннем яснасці кампазіцыі з вытанчанасцю форм, лінеарнасцю і мяккай плаўнасцю рытмаў (рэльефы паўд. дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя, 1330—36; рэльефы і статуі кампанілы фларэнційскага сабора 1337—43). У архітэктуры спалучаў познагатычныя і протарэнесансавыя тэндэнцыі (кіраваў буд-вам кампанілы фларэнційскага сабора 1337—43, сабора ў Арвіета, 1347—48). Ніна П. (каля 1315, г. Піза?, Італія — 1368), скульптар, ювелір, архітэктар. Сын і вучань Андрэа П. Зазнаў уплыў франц. готыкі. Для пластычных твораў характэрны S-падобны выгін фігур, ірацыянальнасць лінейных рытмаў. Аўтар скульптур «Мадонна» (1343—47), «Мадонна дэль Латэ», скульпт. групы на грабніцы дожа Марка Карнара ў царкве Санці-Джавані э Паала ў Венецыі, надмагілля Сальтарэлі ў царкве Санта-Катарына ў Пізе і інш. Пасля смерці бацькі працягваў буд-ва сабора ў Арвіета.

А.Пізана. Мадонна з дзіцем. Статуя кампанілы фларэнційскага сабора. 1337—43.
Н.Пізана. Раство. Рэльеф кафедры баптыстэрыя ў Пізе. 1260.

т. 12, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.

У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл. Паланізм).

Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.

Літ.:

Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;

Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́СІЯ (Preußen),

дзяржава, потым зямля (адм. адзінка) у Германіі (да 1945). Асн. гіст. ядро П. — Брандэнбург, які аб’яднаўся ў 1618 з анклаўнай тэрыторыяй — герцагствам Прусія (у далейшым — Усходняя П.), што ўзнікла ў 1525 на ч. зямель Тэўтонскага ордэна, захопленых ім у прусаў (адсюль назва). Брандэнбургска-Пруская дзяржава ў 1701 стала каралеўствам П. (сталіца — Берлін). Кіруючую ролю ў эканам. і паліт. жыцці П. адыгрывала юнкерства. Прускія каралі з дынастыі Гогенцолернаў (Фрыдрых II, Фрыдрых Вільгельм II, Фрыдрых Вільгельм III) у 18—1-й пал. 19 ст. значна пашырылі тэр. дзяржавы, у т. л. ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. З часоў каралявання Фрыдрыха Вільгельма 1 [1713—40] аформіўся ваен.-бюракратычны лад прускай дзяржавы. У час напалеонаўскіх войнаў тут праведзены Штайна-Гардэнберга рэформы. Пасля франка-прускай вайны 1870—71 прускае юнкерства на чале з О.Бісмаркам завяршыла аб’яднанне Германіі на пруска-мілітарысцкай аснове; прускі кароль стаў і герм. імператарам. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі ліквідавана манархія, П. стала адной з герм. зямель (найбуйнейшая, у 1939 мела пл. 294 159 км², 41,8 млн. жыхароў). У 2-ю сусв. вайну фаш. ўлады аб’явілі аб уключэнні ў склад Усходняй П. паўн.-зах. раёнаў Брэсцкай і Беластоцкай абласцей Беларусі з гарадамі Гродна, Ваўкавыск і інш. (акруга Беласток); у Берліне дзейнічалі Беларускае прадстаўніцтва і Беларускі нацыянальны цэнтр, выдавалася газ. «Раніца». Пасля разгрому нацысцкай Германіі ў 2-й сусв. вайне П. падзелена на асобныя землі (1945), тэр. Усходняй П. перададзена СССР [каля ​1/3 усёй тэрыторыі з г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград), у 1946 тут створана Калінінградская вобласць] і Польшчы. У 1947 Кантрольны савет у Германіі прыняў закон № 46 аб ліквідацыі прускай дзяржавы як апоры мілітарызму і рэакцыі.

Літ.:

Лависс Э. Очерки по истории Пруссии: Пер. с фр. Калининград, 1990 [рэпр. выд.: М., 1915];

Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;

Кони Ф.А. Фридрих Великий. Ростов н/Д, 1997;

Яго ж. История Фридриха Великого. М., 1997.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Руды; 1512—27.4.1584),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын гетмана Ю.Радзівіла. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Біржах і Дубінках». Атрымаў хатнюю адукацыю. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37, у т. л. ў аблозе Старадуба ў 1535. У 1544—51 падчашы ВКЛ, у 1546—54 лоўчы ВКЛ. Асаблівы рост уплыву Р. на дзярж. справы звязаны са шлюбам яго сястры Барбары (гл. Барбара Радзівіл) з вял. князем ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам (1547). У 1549 атрымаў ад яго правы велікакняжацкага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. У 1550—66 ваявода трокскі, у 1553—66 і з 1577 вял. гетман ВКЛ, у 1566—84 ваявода віленскі, у 1566—79 канцлер ВКЛ. У 1556—57 і з 1560 камандаваў войскам ВКЛ, якое знаходзілася на мяжы з Інфлянтамі. У пач. Лівонскай вайны 1558—83 яго войска ў 1561 уступіла на тэр. Інфлянтаў. Конніца Р. на чале з Ю.​Тышкевічам і Р.​Трызнам дайшла да Дэрпта (Тарту). Гал. сілы на чале з самім Р. аблажылі рас. гарнізон у замку Тоўрус (Торваст), які праз 3 тыдні капітуляваў. У час аблогі Полацка войскам Івана IV Грознага ў лют. 1563 Р. з войскам не здолеў дапамагчы полацкаму гарнізону, а пасля ўзяцця Полацка рас. войскам адышоў да Мінска. Камандаваў войскам ВКЛ у пераможнай Ульскай бітве 1564. Рашуча выступаў супраць заключэння уніі з Польшчай. У 1569 ён не паехаў на Люблінскі сейм і не падпісаў акт Люблінскай уніі. У сярэдзіне 1576 перайшоў на бок Стафана Баторыя. Каб забяспечыць падтрымку Р., кароль зноў даў яму пасаду гетмана ВКЛ. У 1579 удзельнічаў у аблозе і ўзяцці Полацка. У кампаніі 1580 войска Р. ўзяло замкі Усвят і Езярышча. У 1581 удзельнічаў у паходзе на Пскоў. Р. вызнаваў кальвінізм і пасля смерці М.​Радзівіла Чорнага (1565) узначаліў пратэстантаў у ВКЛ.

Літ.:

Hetmani Rzeczypospolitej obojga narodów. Warszawa, 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Руды. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У ІТА́ЛІІ,

адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Спалучала мэты скасавання феад.-абсалютысцкага ладу з барацьбой супраць прыгнёту Аўстрыі і за аб’яднанне краіны. Пачалася з паўстання 12.1.1848 на Сіцыліі. Пад уплывам рэвалюцыі 1848 у Францыі ў лют.-сак. 1848 у Сіцылій абедзвюх каралеўстве, Вял. герцагстве Таскана і Папскай вобласці былі абвешчаны канстытуцыі і створаны канстытуцыйныя ўрады. 17 сак. пачалося антыаўстр. паўстанне ў Венецыі, дзе 22 сак. абвешчана незалежная рэспубліка. Адначасова ў герцагствах Парма і Модэна скінуты прааўстр. правіцелі. Кароль П’емонта Карл Альберт абвясціў ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут). На хвалі нац. ўздыму ён абвясціў 24 сак. вайну Аўстрыі з мэтай вызвалення італьян. зямель Ламбардыі і Венецыі, якія знаходзіліся пад яе ўладай. Але пасля паражэння 22 ліп. войск П’емонта пры Кустоцы Карл Альберт быў вымушаны падпісаць перамір’е, якое вяртала Ламбардыю і Венецыю пад уладу Аўстрыі. Восенню пачаўся новы ўздым рэвалюцыі, гал. цэнтрамі якой сталі Таскана, Венецыя і Папская вобласць. У выніку паўстання 16.11.1848 у Рыме да ўлады прыйшоў свецкі ўрад. 8.2.1849 абвешчана Рымская Рэспубліка 1849, якую ўзначалілі Дж.Мадзіні, Дж.Гарыбальдзі і інш. рэвалюцыянеры; праведзены шэраг прагрэс. рэформ: нацыяналізацыя царк. зямель, увядзенне прагрэс. падатку, скасаванне саляной і тытунёвай манаполій і інш. Новы ўздым рэвалюцыі падштурхнуў урад П’емонта аднавіць 20 сак. ваен. дзеянні супраць Аўстрыі. Але ўжо 23 сак. п’емонцкія войскі былі разбіты пры Навары, што прымусіла Карла Альберта спыніць барацьбу і адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Віктара Эмануіла. Пасля перамогі над П’емонтам Аўстрыя разгарнула дзеянні супраць рэв. урадаў Сярэдняй і Паўд. Італіі. У крас. 1849 аўстр. войскі аднавілі на прастоле Тасканы свайго стаўленіка Леапольда П, да мая — уладу неапалітанскіх Бурбонаў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій. 3.7.1849 аб’яднаныя войскі Францыі, Аўстрыі і Іспаніі ліквідавалі Рымскую Рэспубліку, абаронай якой кіраваў Гарыбальдзі. 22.8.1849 пала Венецыянская Рэспубліка. Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыя моцна пахіснула феад.-абсалютысцкія рэжымы Італіі. Захаваўся ліберальны рэжым у П’емонце, які стаў у 1860—70-я г. ядром аб’яднання краіны.

Літ.:

Канделоро Дж. История современной Италии: Пер. с итал. Т. 3. М., 1962;

Берти Дж. Демократы и социалисты в период Рисорджименто: Пер. с итал. М., 1965.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКСО́НІЯ (Sachsen),

гістарычная вобласць у Германіі. Ядром С. была Майсенская марка (створана на землях, заваяваных герм. феадаламі ў палабскіх славян у 10 ст.), у 1089 яна перайшла да феад. роду Ветынаў, якія таксама набылі ў 1247—64 Цюрынгію і ў 1423 Саксен-Вітэнберг (усх. частка б. Саксонскага герцагства 9—12 ст. — племянной дзяржавы саксаў) разам з тытулам курфюрстаў. За ўладаннямі Ветынаў паступова замацавалася назва С. (спачатку — Верхняя С. ў адрозненне ад Ніжняй С. на ПнЗ Германіі — гіст. вобласці саксаў). У канцы 15—16 ст. С. — важны цэнтр горнай прам-сці, кнігадрукавання, культ. асяродак (у 1409 засн. ун-т у Лейпцыгу, у 1522 у Вітэнбергу); у С. знаходзіліся апорныя пункты Рэфармацыі і Сялянскай вайны 1524—26. У выніку Трыццацігадовай вайны 1618—48 курфюрст С. паводле Вестфальскага міру 1648 замацаваў за сабой Верхнія і Ніжнія Лужыцы. У канцы 17—18 ст. С. адзін з найб. эканамічна развітых раёнаў Германіі (горная справа, тэкст. прам-сць; у 1710 пачата вытв-сць майсенскага фарфору — першага ў Еўропе, лейпцыгскія кірмашы мелі агульнагерм. значэнне). У 1697—1763 С. была ў асабістай уніі з Рэччу Паспалітай: саксонскія курфюрсты былі адначасова каралямі польскімі і вял. князямі літоўскімі (гл. Аўгуст II, Аўгуст III). С. была арэнай баявых дзеянняў у Паўночную вайну 1700—21, Сямігадовую вайну 1756—63, напалеонаўскія войны. З 1806 выступала на баку Францыі, чл. Рэйнскага саюза 1806—13, набыла статус каралеўства, сталіца — Дрэздэн. Саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст I стаў на чале Варшаўскага герцагства. Рашэннем Венскага кангрэса 1814—15 каля палавіны тэр. С. (з Вітэнбергам) перададзена Прусіі (разам з інш. тэр. склала прускую правінцыю С. з цэнтрам у Магдэбургу). У 1831 у Саксонскім каралеўстве ўведзена памяркоўна-ліберальная канстытуцыя. Адзін з асяродкаў Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі (гл. Дрэздэнскае паўстанне 1849). У аўстра-прускай вайне 1866 на баку Аўстрыі, з 1871 каралеўства ў складзе Герм. імперыі. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 — рэспубліка, потым зямля ў Веймарскай рэспубліцы. З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі, з 1949 у складзе ГДР. Пасля аб’яднання Германіі ў 1990 — зямля Саксонія. Гл. таксама Ніжняя Саксонія і Саксонія-Ангальт.

т. 14, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВІ́ЛЬЯ (Sevilla),

горад на Пд Іспаніі. Адм. ц. аўт. вобл. Андалусія і прав. Севілья. Каля 700 тыс. ж. (2001). Порт на р. Гвадалквівір, даступны для марскіх суднаў (аванпорты на Атлантычным ак. — Таблада і Муэльес-дэ-лас-Дэлісіяс). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл. і прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн., судна- і авіябудаванне, вытв-сць с.-г. машын), харчасмакавая (вінаробчая, тытунёвая, мукамольная і інш.), тэкст., хім. і нафтахімічная. Ун-т (з 1502). Турызм.

У старажытнасці С. (Гіспаліс) — цэнтр іберыйскага племя турдэтанаў. Пасля заваявання рымлянамі (3 ст.) сталіца рым. правінцыі Бетыка. У 411 заваявана вандаламі, у 441 — вестготамі. У 712—1248 падпарадкавана арабамі, з 1026 цэнтр аднайм. эмірата. У 1248 адваявана ў арабаў каралём Кастыліі Фердынандам III. У 14—15 ст. З С. накіроўваліся ваен. экспедыцыі супраць Гранадскага эмірата. У 15 ст. буйны цэнтр суднабудавання, гандлю, мараплаўства. З гавані С. (Палас) адправілася 1-я экспедыцыя Х.Калумба. Найб. росквіт С. прыпадае на 16—17 ст., калі яна мела манаполію каланіяльнага гандлю і па тавараабароце пераўзыходзіла ўсе еўрап. гандл. цэнтры. У 18 ст. пасля адмены гандл. манаполіі страціла б. значэнне. У 1810—12 і 1820—23 акупіравана франц. войскамі. У грамадз. вайну 1936—39 цэнтр франкістаў.

У старой частцы С. — лабірынт вузкіх звілістых вуліц, на З і ПдУ ад яго — рэгулярная забудова. Захаваліся сцены і бастыёны маўрытанскага замка Алькасар (канец 12 ст., прыбудовы 14—16 ст.), сабор (1402—1506, позняя готыка; купал 1519; у інтэр’еры багаты збор твораў ісп. мастацтва 16—18 ст.), гатычныя касцёлы 13—14 ст., саборная званіца «Ла Хіральда» (1184—16 ст., выш. 97,52 м), вежа «Торэ дэль Ора» (1220), будынкі «Каса дэ Пілатас» (15 ст. — 1553, спалучэнне стыляў мудэхар і палымянай готыкі) і «Каса Лонха» (біржа; 1583—98), касцёлы 17—18 ст. у стылі чурыгерэска. Музеі: правінцыяльны археал., Дом-музей Б.​Э.​Мурыльё. Помнікі архітэктуры С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.

Севілья. Сабор.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКО́РСКІ ((Sikorski) Уладзіслаў) (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),

польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн. ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.​Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытаннях ваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.

Літ.:

Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;

Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)