сло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да слова, які складаецца са слоў. Слоўны матэрыял. Слоўнае багацце народа. □ Між песень, зафіксаваных на Беларусі М. Федароўскім, можна сустрэць нямала твораў украінскага паходжання, што шырока бытавалі на беларускіх землях у самабытным слаўным афармленні. Саламевіч.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе слоў; вусны. Кожны раз у самай гарачцы слоўнага турніру між рэжысёрам і драматургам, калі, здаецца, во-во вайна дойдзе да самага свайго найвышэйшага пункту і ад слоўнага яна прыме кулачны выгляд, — пан Вашамірскі стрымліваў іх імпэт. Бядуля.

3. Уст. Які мае адносіны да славеснасці. Важна адзначыць, што Кандрату Крапіве падуладны розныя слоўныя жанры. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сма́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад смажыць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны смажаннем. Смажаны заяц. Смажаная рыба. □ «Вось яна, тая ласіха», — думае Данілка, калі маці стаўляе на стол вялікую патэльню смажанага мяса. Бяганская. На кухні пахла свежым булёнам і смажанай цыбуляй. Няхай.

3. у знач. наз. сма́жанае, ‑ага, н. Тое, што і смажаніна. Маці ў фартуху, у касынцы з такой жа вясёленькай крамніны насіла з кухні ў сталовую і ставіла ў буфет варанае і смажанае. Карпаў. Стол у зальчыку ажно гнуўся ад блюд са смажаным, вараным, печаным, ад бутэлек з півам і віном. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сні́цца, снюся, снішся, сніцца; незак.

Бачыцца ў сне, мроіцца. Пачало цягнуць да мора, снілася яно па начах. Кулакоўскі. [Максім:] — Кароў, кароў! Табе, Кацярына Васільеўна, толькі каровы і сняцца. Шамякін. Ці харошыя сняцца сны, Ці чуваць табе шум лясны? Бураўкін. / у безас. ужыв. Вярзецца — ні то сніцца, ні то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу, калі ўсе Мядзеедзічы ўзбуджаны былі пакражаю чацвярых коней. Крапіва.

•••

І (у сне) не снілася — пра тое, чаго нельга было ўявіць, прадбачыць. Вось.. [Аленка] што зробіць: яна возьме сваю кнігу, а такая кніга.. [Сцёпку] і не снілася, і пойдзе сабе пад магазін чытаць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́расць, ‑і, ж.

1. Перыяд жыцця пасля сталасці, калі паступова адбываецца аслабленне дзейнасці арганізма. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Колас. Раней была нейкая надзея, старасць забывалася і знаходзіліся сілы... Мележ. Андрэй думаў, што да яго вельмі скора прыйшла старасць. Чарнышэвіч.

2. Доўгачасовае існаванне; зношанасць. Мяне .. [Бычыха] не чапала, мабыць з-за таго, што хадзіла цераз вуліцу ў наш калодзеж па ваду, бо свой падгніў ад старасці. Кулакоўскі. Сям-там ляжалі поперак дарогі велізарныя дрэвы, што паваліліся ад старасці. Маўр.

•••

На старасці год — у пажылым узросце, у старыя гады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ство́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Кожная з дзвюх рухомых палавінак дзвярэй, аканіц, варот і пад. Расчыняюцца створкі дзвярэй, з рашучым выглядам заходзіць жонка, на руках у яе ватняе паліто, зімовая шапка. Навуменка. Спадае зашчапка з крука, Мільгае зграбная рука, І пад яе прыгожым рухам Узбоч плывуць дзве створкі духам. Колас. Ганна адчыніла другую створку акна і перагнулася паглядзець на двор. Гартны. / Пра часткі люстэрка, шырмы і пад. // Кожная з дзвюх палавінак ракавіны некаторых беспазваночных. Калі па неасцярожнасці [людзі] траплялі нагамі ў расчыненыя створкі,.. патрывожаны малюск хутка закрываўся. Матрунёнак. // Кожная з палавінак каробачкі некаторых раслін, якая растульваецца пасля паспявання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страхо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. страхаваць (у 1, 2 знач.).

2. Страхавая кампенсацыя. Да Шаманскага .. [Шаблонскі] паставіўся вельмі па-сяброўску. — Лён ты заары, Павел Паўлавіч, хоць страхоўку атрымаеш. Дуброўскі.

3. Разм. Страхавы плацеж, узнос. На самым днечку скрыначкі ляжалі даваенныя акладныя лісты і квітанцыі на аплату страхоўкі. Пальчэўскі.

4. перан. Сродак засцярогі ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. [Капітан:] — Для страхоўкі дзіця прыхапілі, каб больш верагоднай была версія. А што, калі мы не паверым у вашу версію. Сабаленка. Нават Андрэй, маўклівы канспіратар, не стрываў — пекануў дыскутанта адпаведным настрою матам, дадаўшы ў канцы, для страхоўкі, па-нямецку. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Рэзкія кароткія і частыя, падобныя на трэск гукі, якія ўтвараюць насякомыя і некаторыя птушкі. [Восы] ціха звінелі, і іх звон зліваўся з сухім строкатам конікаў. Лынькоў. Вось з яго, гэтага строкату конікаў, пчалінага звону і шапацення траў складалася песня лета. Грамовіч. / Пра гукі, якія ўтвараюцца маторам, кулямётам і пад. Зранку строкатам касілак Абудзіў лугі народ. Бялевіч. Цішыню ўскалыхнуў дружны строкат кулямётаў. Сіняўскі. // перан. Хуткая несціханая гутарка, балбатня. Быў спалоханы строкат — і охі, і ахі, калі вярнулася з бульбай кухарка; было вялікае здзіўленне на аднолькава поўных і разгубленых тварах стандартных братоў, — нага палоннага распухла яшчэ больш. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́сла 1, ‑а, н.

1. Адвар крухмалістых і цукрыстых рэчываў у стане браджэння, які ідзе на выраб піва і квасу.

2. Сок адціснутага вінаграду.

су́сла 2, ‑ы, ж.

Абл.

1. Самаробная соска або жвачка (звычайна з хлеба з цукрам), якую даюць дзіцяці. [Кастусь:] — Калі Вова прачнецца і будзе плакаць, дасцё суслу. Яна ў калысцы. Кудравец. На палічцы ляжыць распачаты бохан хлеба. Я адломваю кавалак мякіша, пачынаю жаваць, каб зрабіць суслу. Асіпенка.

2. перан. Пра папяросу, люльку і пад. Зязюльскі шпурнуў сваю суслу-папяросу. Колас. Ох і перападала Лаўрэну ад бабкі Валі за гэтыя суслы, як яна звала цыгарэты. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́тнасць, ‑і, ж.

1. Самае істотнае, галоўнае ў чым‑н., унутраны змест чаго‑н. Сутнасць жыцця. Гаварыць па сутнасці справы. □ [Паходня:] — Жыццё складаней, чым вы [Заранік] паказваеце, і трэба акунуцца ў яго з галавой, каб разабрацца ў сутнасці таго, што адбываецца. Хадкевіч. Тут цяжка было дайсці да сутнасці і зразумець, хто з .. [моладзі] казаў праўду, а хто не. Машара.

2. У філасофіі — унутраная аснова прадметаў і з’яў, якая вызначае іх глыбінныя сувязі і адносіны, што выяўляюцца і пазнаюцца праз з’явы.

•••

Па сутнасці (у знач. пабочн.) — калі разглядаць аснову справы; на самой справе, у сапраўднасці. [Начальнік участка:] — На нас, па сутнасці, увесь завод працаваў. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)