МЕДАЛЬЕ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва вырабу форм для адліўкі і штэмпеляў для чаканкі манет і медалёў; галіна скульптуры дробных форм. Творы М.м. вырабляюцца з медзі, серабра, золата, бронзы і інш. матэрыялаў, якія дазваляюць рабіць дакладныя выявы і дэталі ў дробным фармаце; дэкар. і выставачныя медалі вырабляюць і ў тэхніцы керамікі. М.м. ўласцівы пошукі пластычных, ясных і лаканічных кампазіцыйных вырашэнняў, шырокае выкарыстанне сімвалаў, эмблем і алегорый, арган. спалучэнне выяў і надпісаў, устойлівасць асн. іканаграфічных прыёмаў і тыпаў, звязаных з неабходнасцю ўпісаць рэльефную мініяцюру ў зададзеную стандартную форму.

Узнікла ў 7—6 ст. да н.э. разам з вырабам метал. манет у Лідыі і Стараж. Грэцыі. У старажытнасці пераважала чаканка манет штэмпелямі з загартаванага металу з гравіраванымі негатыўнымі выявамі. Буйныя манеты часам адліваліся ў формах. Ант. манетам уласцівы прастата і гарманічнасць вобразаў божастваў і міфалагічных сцэн. У эпоху сярэднявечча ў кампазіцыі пераважалі арнаментальнасць і геральдычны характар, пашырыліся партрэтныя выявы. Манеты краін Азіі вызначаліся прыгажосцю каліграфічных надпісаў. З 14—16 ст. вядомы выраб памятных медалёў. Творам М.м. эпохі Адраджэння ўласцівы індывідуальнасць партрэтных характарыстык і пластычная дасканаласць алегарычных фігур (медальеры Пізанела, Б.​Чэліні ў Італіі, Ж.​Пілон у Францыі і інш.). У эпохі барока і класіцызму з’явіліся стальныя штэмпелі, што дазваляла дасягнуць у гераізаваных кампазіцыях ювелірнай дакладнасці апрацоўкі дэталяў (Ж.​Варэн, Г.​Дзюпрэ ў Францыі, І.​Хён, Ф.​Г.​Мюлер у Германіі, П.​Уткін, Ф.​Талстой у Расіі, і інш.). Эпоха рамантызму прыўнесла ў М.м. пошукі жывапіснасці і свабоды пластычнай святлоценявой лепкі (П.​Ж.​Давід д’Анжэ ў Францыі). У 20 ст. значна пашырыліся выразныя сродкі (контррэльеф, паглыблены контур, чарненне, эмаль) і тэматыка, ускладнілася кампазіцыя, пластычная мова і фактура твораў М.м. (А.​Л.​Галцье, Р.​Дэламар, Ж.​Лей, А.​Ж.​Адам у Францыі, Я.​Фішэр, І.​Прадлер у Чэхіі і інш.).

На Беларусі М.м. развівалася ў рэчышчы асн. маст. эпох і стыляў. З канца 15 ст. манеты выраблялі на Віленскім манетным двары. З пач. 16 ст. вядомы медалі ў гонар польскіх каралёў, вял. князёў ВКЛ і чл. іх сямей, у т. л. Жыгімонта I Старога, Жыгімонта II Аўгуста, Боны Сфорцы і інш., якія стваралі замежныя медальеры Г.​Шварц, Я.​М.​Муска Падавана, Д.​Венетус і інш. З сярэдзіны 16 ст. на Віленскім манетным двары пачаўся пастаянны выпуск медалёў, пашырылася іх тэматыка, медалі з нагоды ваен. перамог. Паводле заказу кн. Радзівілаў вырабляліся медалі ў гонар прадстаўнікоў іх роду. Сярод вядомых віленскіх медальераў Г.​Кель, Г.​Трыльнер, манаграміст «HD». З 18 ст. пашырыўся выраб медалёў і жэтонаў рэліг. тэматыкі, прысвечаных важным дзярж. і грамадскім падзеям. Найб. вядомы медальер 18 ст. — І.​Ф.​Гольцгаўзер. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай творы М.м., звязаныя з бел. тэматыкай, ствараліся ў Расіі. За межамі імперыі было выраблена шмат медалёў, прысвечаных паўстанням 1830—31 і 1863—64, А.​Міцкевічу, Т.​Касцюшку і інш. У 1960-я г. бел. М.м. аднавілася. Ствараюцца памятныя, юбілейныя і сувенірныя медалі, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны, гадавінам бел. гарадоў, навук. устаноў, прадпрыемстваў, падзеям культ. жыцця, значным асобам Беларусі. Унікальныя музейна-выставачныя медалі адліваюць з бронзы ці сілуміну. Вырабляюць таксама медалі з фарфору і гліны, са шкла ў тэхніцы маліравання і інш. Да М.м. ў сваёй творчасці звяртаюцца Г.​Асташонак, М.​Байрачны, С.​Вакар, Г.​Гаравая, С.​Гарбунова, А.​Зіменка, А.​Кашкурэвіч, В.​Ларчанка, У.​Лятун, У.​Слабодчыкаў, Л.​Талбузін, А.​Фінскі і інш. Творы М.м. экспануюцца на выстаўках. Гл. таксама Манета, Медаль.

Літ.:

Одноралов Н.В. Техника медальерного искусства. М., 1983.

Да арт. Медальернае мастацтва. Медальён у 8 солідаў. Рымская імперыя. Каля 337—361.
Да арт. Медальернае мастацтва. Златнік Уладзіміра Святаславіча. Канец 10 — пач. 11 ст.
Да арт. Медальернае мастацтва. Л.​Талбузін. Медаль «Мікола Гусоўскі». 1960.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НАЙ А́РМІІ ПАХО́Д У ЗАХО́ДНЮЮ БЕЛАРУ́СЬ І ЗАХО́ДНЮЮ УКРАІ́НУ 1939,

увод сав. войск на тэр. Заходняй Беларусі і Зах. Украіны, які пачаўся 17.9.1939 і паклаў пачатак іх уз’яднанню з СССР. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах.-бел. і зах.-ўкр. землі знаходзіліся ў складзе Польшчы. У ходзе польскай кампаніі 1939 герм. войскі акупіравалі большую частку тэр. Польшчы (да 16 вер. акружылі Варшаву). У гэтых умовах сав. ўрад прыняў рашэнне «ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі», як было сказана ў ноце польскаму паслу ў Маскве 17.9.1939. Для гэтага на базе Бел. і Кіеўскай ваен. акруг былі створаны франты: Бел. (4 арміі, конна-механізаваная група і асобны стралк. корпус; камандуючы камандарм 2-га рангу М.​П.​Кавалёў) і Укр. (3 арміі; каманд. камандарм 1-га рангу С.К.Цімашэнка). На Палессі па Прыпяці на З рухалася Дняпроўская ваенная флатылія (перасекла граніцу 18 вер.). Ім процістаялі нязначныя польскія сілы (найб. баяздольнай была аператыўная група «Палессе» пад камандаваннем ген. Ф.​Клеберга з 17 тыс. чал., з іх толькі палавіна ўзброена). Часцям Чырв. Арміі загадвалася быць лаяльнымі да польскіх ваеннаслужачых, калі яны не будуць аказваць супраціўлення. СССР не абвяшчаў вайну Польшчы, урад Польшчы таксама прызнаў, што стану вайны з СССР не існуе. Вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіл Польшчы маршал Э.Рыдз-Сміглы 17 вер. загадаў польскім войскам: «з Саветамі не ваяваць, у бой не ўступаць, за выключэннем, калі яны будуць атакаваць ці спрабаваць раззброіць нашы часці...» Таму маштабных баявых дзеянняў паміж польскімі і сав. войскамі фактычна не было. Паводле польскіх крыніц, адбылося каля 40 выпадкаў супраціўлення пагран. патрулёў, а таксама баявыя сутычкі пад Кобрынам, Гроднам, Вільняй, Сапоцкінам і інш. Найб. упартыя баі разгарнуліся 20—21 вер. ў Гродне, дзе 15-ы танк. корпус толькі 20 вер. страціў 16 танкаў, 3 бронемашыны, 47 чал. было забіта і 156 паранена. У выніку паходу сав. войскі занялі тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны да абумоўленай з ням. кіраўніцтвам мяжы (паводле сав.-герм. камюніке ад 22 вер. дэмаркацыйная лінія паміж сав. і герм. войскамі праходзіла па рэках Піса, Нараў, Буг, Вісла і Сан, г.зн. на З ад «Керзана лініі», што было агаворана ў сакрэтным пратаколе ад 23.8.1939 да Пакта Рыбентропа—Молатава 1939). Аднак гэта мяжа праіснавала толькі тыдзень. Паводле сакрэтнага дадатковага пратакола да дагавора аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй ад 28.9.1939 (гл. Савецка-германскія пагадненні), усх. частка Варшаўскага і Люблінскае ваяводства адыходзілі да Германіі ў абмен на Літву, якая з гэтага часу стала сферай уплыву СССР. Беззваротныя страты Бел. і Укр. франтоў склалі 1475 чал. З 17 па 30 вер. войскі Бел. фронту інтэрніравалі і раззброілі 60 202 польскіх вайскоўцаў, сярод якіх 2066 афіцэраў. У выніку паходу зах. граніца СССР была адсунута на З на 400 км. Гл. таксама Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Віленскі край, Украіна.

Літ.:

Антосяк А.В. Освобождение Западной Украины и Западной Белоруссии // Воен.-ист. журн. 1989. № 9;

Марков А.Д. Военно-политические аспекты присоединения к СССР Западной Украины и Западной Белоруссии // Великая Отечественная война в оценке молодых. М., 1997;

Третьяк С. Воссоединение Белоруссии // Армия. 1999. № 5;

Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999;

Ладысеў У.Ф. Падзеі верасня—кастрычніка 1939 г. ў лёсе беларускага народа // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Гісторыя і сучаснасць. Мн., 2000. Мельтюхов М.И. Советско-польские войны: Воен.-полит. противостояние, 1918—1939 гг. М., 2001.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 17, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ач 1 ’глядзі, бач’ (Нас.), укр. ач. Відаць, звязана з каранёвай часткай дзеяслова *ačiti, што выводзіцца на падставе бачыць < ob‑ačiti; паводле Фрэнкеля, 1, літ. ač ’тс’ вынік плюралізацыі да àčte, што звязана з бачыць і вока (літ. akìs), параўн. узнікшае пад літоўскім уплывам ачкаваць даглядаць на чужое’ (Сцяшк.). Можна разглядаць як алегра-форму да бач ’глядзі’, параўн. лянь, ля ’паглядзі’, ’пабач, вось’ (ад глянь, паглянь), рус. ишь, вишь.

Ач 2 злучнік ’бо’, ’хоць, калі’ (ц.-слав. аще) (Нас.), ’хіба, хоць, калі’ (Гарэц.), а́чай (Нас., Гарэц.), ач‑бы ’хаця б’ (Нас.), ст.-бел. ачь злучнік ’таму што, паколькі’ (фіксацыя з 1347), умоўны (ц.-слав. аще) ’калі’ (1347), уступальны ’хоць’ (1347), ’зрэшты’ (1495), ачь‑бы ўмоўны злучнік (ц.-слав. аще бы) ’калі б’ (1492) (Нас. Гіст.), аче з XVI ст. (Карскі, 1, 386), ст.-укр. ач, ачь, аче ’тс’, ст.-рус. аче, ачи ’калі’ (рус. если), ’ці’, ст.-польск. acz ’хоць, калі’ (рус. если), ’хіба’, ст.-чэш. ac, ace ’калі’ (рус. если), ’хоць’, в.-луж. hač ’калі, чым’ (у параўнанні), н.-луж. ac ’ці’, згодна з Трубачовым, УЗ МОПИ, 1969, 334, 341, сюды ж і балг. дыял. а че ’пасля, а затым’. Прасл. ače (паводле Трубачова, a če) тлумачыць з a і če, дзе другая частка самастойна выступае толькі ў сучасным балг. че злучнік ’што, бо’, параўн. таксама макар че ’хаця’, роднасная лац. quet грэч. τε, ст.-інд. ca і інш., параўн. Фасмер, 1, 98; Слаўскі, 1, 23; Рудніцкі, 1, 43; першую частку a суадносяць з лац. at ’але, з другога боку’, ad ’пры, каля, к’ на аснове структурнага падабенства ўсяго спалучэння з лац. atque, adque ’з другога боку, звыш таго’, Трубачоў (гл. вышэй адзначаную працу), Голуб-Копечны, 59. Для ўсходнеславянскіх моў праблему складае раздзяленне форм і значэнняў розных па паходжанню, якія супалі ў адной форме. Старарускі злучнік аче (ачи), які ўводзіць даданы сказ умовы, і адпаведныя беларускія і ўкраінскія формы адносяць разам з ц.-слав. аще, ст.-слав. аште, ст.-серб. аће, польск. jacy ’толькі’ да прасл. atje або akte, atke, параўн. (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 21 і 25; Фасмер, 1, 99; Слаўскі, 1, 483; поўны агляд версій гл. Фальк, SOc 27, 1968, 63–65; гл. спецыяльна Шавялоў, Prehistory, 191, які выводзіць указаныя формы і асабліва ст.-рус. ашти з āt‑k​u̯i з наступнай метатэзай tk > kt, што дае tj перад i. Адносна развіцця значэння параўн. Бауэр, Slavia, 26, 1957, 157–179. Булыка (Запазыч., 34) ст.-бел. ачъ ’хоць’ (пачатак XV ст.) лічыць запазычаннем са ст.-польск. acz.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),

агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш.). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.​Бадлера, Т.​Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ. прэрафаэлітаў, паэзію П.​Верлена, А.​Рэмбо, С.​Малармэ, С.​Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.​М.​Рыльке, «тэатр маўчання» М.​Метэрлінка, прозу О.​Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.​Мінскага, Д.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, К.​Бальмонта, Ф.​Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.​Франс, Т.​Ман, Л.​Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл. Мадэрнізм).

Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.​Малевіч, М.​Шагал, Л.​Лісіцкі, Р.​Фальк, В.​Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.​Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.​Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.​Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.​Андрэеў, А.​Белы, Ф.​Салагуб, С.​Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.​Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.​Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.​Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.​Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.​Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.

П.​В.​Васючэнка (Д. на Беларусі), Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1941—44,

баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж. к-т абароны стварыў Гал. камандаванне Паўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.—вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.​С.​Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.​П.​Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.​С.​Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.—вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз. аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс. т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.—снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс. чал. Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням. узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.​Я.​Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.​А.​Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.

Літ.:

Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;

Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 гг.: [Сб. ст.). М., 1973;

Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;

Адамович А., Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.

В.​А.​Юшкевіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УСТА́ВА НА ВАЛО́КІ» 1557, адзін з гал. дакументаў агр. рэформы 16 ст. — валочнай памеры. У гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладаннях памера пачалася ў шырокіх маштабах з 1551 у адпаведнасці з распараджэннем Жыгімонта II Аўгуста. Тэкст Уставы 1551 і інструкцыі гаспадарскім мернікам пакуль не выяўлены. Вядома, што напачатку валочнай памеры падлягалі тыя гаспадарскія землі, дзе здаўна існавалі двары — гаспадаркі, заснаваныя на працы прыгонных сялян, правобразы будучых фальваркаў. Пры правядзенні памеры напачатку былі дапушчаны пэўныя парушэнні і недакладнасці, таму вял. князь даў указанне аб праверцы (рэвізіі) правядзення памеры. Менавіта для рэвізораў у першую чаргу і была зацверджана 1.4.1557 «У. на в.». У тым жа годзе і ў 1558 у яе ўнесены некат. папраўкі, і надалей яна стала інструкцыяй не толькі для рэвізораў, але і для ўпраўляючых гаспадарскімі ўладаннямі. Паводле ўставы выпраўляліся пралікі і памылкі папярэдняй памеры, уводзілася аднастайнасць яе правядзення на ўсёй тэр. ВКЛ. У якасці пазямельнай меры прынята валока (21,36 га), яна ж станавілася і стандартнай адзінкай падатковага абкладання сялян. Адначасова перад рэвізорамі і мернікамі ставілася задача пашырэння ранейшых і стварэння новых двароў (фальваркаў) як гаспадарак па вытворчасці таварнага збожжа. На падставе «У. на в.» рэвізія скончана ў 1568. На тэр. Беларусі яна ахапіла ўсе гаспадарскія ўладанні ў Ашмянскім, Берасцейскім, Браслаўскім, Ваўкавыскім, Віленскім, Гарадзенскім, Лідскім, Менскім, Новагародскім, Пінскім і Слонімскім пав. Ва ўсх. валасцях рэформа пачала праводзіцца ў 1560 паводле інструкцыі, якая значна адрознівалася ад «У. на в.». На У Беларусі агр. рэформа завяршылася ў 1630—40-я г.

Устава складаецца з 49 артыкулаў. 1—8-ы арт. вызначалі абавязкі людзей, якія выконвалі спец. «службы» вял. князю (путных баяр, стральцоў, войтаў і інш.); 9—14-ы — статус дзярж. гарадоў; 15—19-ы — павіннасці з валокі і дадатковыя павіннасці і выплаты; 20—25-ы — парадак стварэння і функцыянавання фальваркаў; 26—28-ы — парадак збору падаткаў; 29—30-ы — правядзенне валочнай памеры; 31-ы — парадак збору дзесяціны для мясц. адміністрацыі; 32—34, 40, 48, 49-ы — функцыянаванне лясной гаспадаркі, карыстанне насельніцтвам пушчамі, рэкамі і азёрамі; 35—38-ы — дадатковыя павіннасці сялян (падводы, падвоз камення, будаўніцтва мастоў і інш.); 39-ы — надзяленне зямлёй і абавязкамі рамеснікаў; 41—43-і — парадак задавальнення шкод і крыўд, пакарання злачынцаў; 44-ы — павіннасці на карысць Віленскага і Трокскага замкаў; 45-ы — становішча шляхты ў Жамойці; 46-ы — становішча «рус. валасцей» (падняпроўскіх і падзвінскіх); 47-ы — становішча старостаў і дзяржаўцаў.

Агр. рэформа ў дзярж. уладаннях, праведзеная паводле «У. на в.», дала пачатак перабудове сельскай гаспадаркі ВКЛ. Па прыкладу гаспадара прыватныя і духоўныя землеўладальнікі таксама пачалі праводзіць валочную памеру, ствараючы нават свае адмысловыя ўставы. Рэалізацыя палажэнняў «У. на в.» стварыла прыкладна роўныя ўмовы для атрымання зямельнага надзелу і адбывання павіннасцей з яго і гэтым затармазіла дыферэнцыяцыю сялян. Дакладна вызначаныя павіннасці (у т. л. і раней уведзеныя), дастаткова роўны іх цяжар (2 дні паншчыны з валокі на тыдзень) не выклікалі значных пярэчанняў падданых. Закладзеныя ва ўставу эканам. ідэі спрыялі росту прыбыткаў феадалаў, а разам з тым стваралі ўмовы гасп. стабільнасці і вызначанасці для феадальна-залежнага насельніцтва, спрыялі ўмацаванню эканомікі краіны ў цэлым.

Публ.:

Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. Мн., 1959.

Літ.:

Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;

Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯАРГАНІЧНАЯ ХІМІЯ

Развіццё біяарган. хіміі на Беларусі пачалося ў 1959, калі склаліся навук. і творчыя сувязі паміж Ін-там фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (ІФАХ), Мінскім мед. ін-там і Ін-там арган. хіміі АН СССР для сумесных даследаванняў па сінтэзе, стэрэахіміі і біял. актыўнасці мадыфікаваных стэроідаў (А.​А.​Ахрэм, Б.​Б.​Кузьміцкі, Л.​І.​Ухава). У 1972 створаны Аддзел біяарган. хіміі ў складзе ІФАХ. Буйнамаштабныя даследаванні ў галіне біяарган. хіміі пачаліся ў 1974 пасля ўтварэння Ін-та біяарган. хіміі АН Беларусі (ІБАХ) пад кіраўніцтвам яго заснавальніка і першага дырэктара А.​А.​Ахрэма, што абумоўлена развіццём новых тэхналогій, практычнымі задачамі медыцыны, сельскай гаспадаркі, хім. і мікрабіял. прам-сці.

У галіне хіміі гармонаў, гарманальнай рэгуляцыі і рэцэпцыі вызначаны механізмы фізіял. працэсаў з удзелам гармон-звязвальных глікапратэінаў крыві. Створаны новы кірунак біяарган. хіміі — структурная арганізацыя і функцыянаванне мембранных сістэм распазнавання гармон-глікапратэінавых комплексаў (А.​А.​Ахрэм, А.​В.​Свірыдаў, А.​А.​Стральчонак). Распрацавана серыя радыеімуналагічных дыягнастычных тэст-сістэм і на іх аснове набораў рэактываў для дыягностыкі функцыянальнага стану шчытападобнай залозы, вызначэння стэроідаў і пухлінных маркераў. Прапанаваны біяспецыфічныя метады ачысткі аб’ектаў, спосабы сінтэзу і методыкі кантролю якасці кампанентаў радыеімуналагічных сістэм для колькаснага вызначэння стэроідных і тырэоідных гармонаў і шэрагу бялковых антыгенаў у сываратцы крыві чалавека; аптымізаваны ўмовы імунахім. рэакцый у гэтых сістэмах і праведзена іх шырокая апрабацыя ў клініцы. За распрацоўку і ўкараненне ў практыку аховы здароўя радыеімуналагічных сродкаў мікрааналізу і арганізацыю іх вытв-сці супрацоўнікам ІБАХ А.​А.​Ахрэму, Н.​В.​Півень, А.​В.​Свірыдаву, А.​А.​Стральчонку, В.​Л.​Чашчыну ў 1988 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. Распрацаваны лабараторныя мадэлі універсальнага базавага кампанента цвердафазных імунааналітычных набораў з радыеактыўнай, ферментнай і флюарэсцэнтнай меткамі; створаны неізатопныя тэст-сістэмы, заснаваныя на прынцыпе ўзмоцненай хемілюмінесцэнцыі, для масавых абследаванняў насельніцтва, што пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, для выяўлення генетычных парушэнняў у развіцці плода ў цяжарных жанчын, груп рызыкі анкалагічных хворых (Дз.​І.​Мяцеліца, А.​В.​Свірыдаў, В.​Л.​Чашчын, А.​І.​Шчэрбань, А.​М.​Яромін). Вылучаны і даследаваны структуры і функцыі бялкоў, што ўдзельнічаюць у біясінтэзе, транспарце і працэсах рэцэпцыі стэроідных гармонаў, бялковыя кампаненты мітахандрыяльнай стэроід-гідраксіліравальнай сістэмы з кары наднырачнікаў быка. Устаноўлена поўная амінакіслотная паслядоўнасць ключавых бялкоў стэроід-гідраксіліравальнага ферментнага комплексу (Т.​Б.​Адамовіч, А.​А.​Ахрэм, С.​А.​Усанаў, В.​Л.​Чашчын, У.​М.​Шкуматаў).

У 1973—82 даследаваны: склад мікрасамальных гідраксіліравальных сістэм печані, уласцівасцей кампанентаў гідраксіліравальных комплексаў, а таксама механізмы дзеяння цытахром P-450-змяшчальных комплексаў у рэканструяваных мембранах і ў сістэмах, дзе прыродны акісляльнік O2 заменены арган. гідрапераксідамі (П.​А.​Кісялёў, У.​П.​Курчанка, Дз.​І.​Мяцеліца, С.​А.​Усанаў, А.​М.​Яромін); тапаграфія найважнейшых ферментаў біясінтэзу стэродіных гармонаў у мембранных структурах клеткі. Метадам накіраванага мутагенезу атрыманы мутантныя формы цытахрому P-450 чалавека, што важна для разумення механізму шэрагу цяжкіх спадчынных хвароб (А.​А.​Гілеп, С.​А.​Усанаў).

Распрацаваны і выпрабаваны ў мед. установах краіны наборы рэагентаў імунаферментнага аналізу для мікравызначэння картызолу, страфанціну K, ферыціну, тыраксін-звязвальнага глабуліну і інш. антыгенаў і рэкамендаваны да прамысл. вытв-сці. Прапанаваны гамагенны імунаферментны аналіз стэроідаў у міцэлярных сістэмах (А.​І.​Карасева, Дз.​І.​Мяцеліца, А.​М.​Яромін).

Вывучаны заканамернасці ферментацыйнага каталізу з удзелам фосфаліпаз (М.​А.​Кісель, Н.​М.​Ліцьвінка). З 1975 даследуецца ўплыў біялагічна актыўных рэчываў на структуру, стабільнасць і канфармацыйныя пераходы ў ДНК. Распрацаваны новыя метады вылучэння ДНК, яе ачысткі і аналізу. Прапанавана эфектыўная тэхналогія атрымання асабліва чыстай ДНК для мед. і навук. мэт (А.​А.​Ахрэм, Д.​Ю.​Ландо).

Распрацаваны хім. і хім.-мікрабіял. метады сінтэзу прыродных і мадыфікаваных нуклеазідаў, нуклеатыдаў і алігануклеатыдаў. Практычным вынікам гэтых даследаванняў стала распрацоўка разам з акц. т-вам «Белмедпрэпараты» тэхналогіі атрымання субстанцыі супрацьлейкознага прэпарату «Цытарабін». Сумесна з Ін-там мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі прапанаваны (А.​І.​Зінчанка) метад атрымання прэпарату «Кладрыбін» для лячэння розных відаў лейкеміі і рассеянага склерозу (А.​М.​Калінічэнка, І.​А.​Міхайлопула). У выніку праведзеных пад кіраўніцтвам А.​А.​Ахрэма, Б.​Б.​Кузьміцкага, Ф.​А.​Лахвіча комплексных даследаванняў па сінтэзе, біяскрынінгу і залежнасці «структура—актыўнасць» гетэрацыклічных аналагаў стэроідаў вылучаны злучэнні з высокай фізіял. актыўнасцю, у якіх карысныя тэрапеўтычныя эфекты аддзелены ад гарманальных.

Вядзецца праца па стварэнні экалагічна бяспечных хім.-біял. сродкаў абароны і павышэння ўрадлівасці раслін (біярацыянальных пестыцыдаў) на аснове інсекта- і фітагармонаў стэродінай структуры, ферамонаў (кайрамонаў) і ахоўных рэчываў ад насякомых, а таксама рэгулюючых рост раслін вытворных цыклічных β-дыкетонаў, інш. прыродных злучэнняў, што імітуюць дзеянне прыродных біярэгулятараў (А.​І.​Быхавец, Ф.​А.​Лахвіч, І.​І.​Петрусевіч). У 1996 за цыкл прац «Сінтэз, даследаванне і выкарыстанне брасінастэроідаў — новага класа гармонаў раслін» супрацоўнікам ІБАХ В.​К.​Альховіку, У.​М.​Жабінскаму, М.​І.​Завадскай, Ф.​А.​Лахвічу, Р.​П.​Літвіноўскай, У.​А.​Хрыпачу прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі.

Комплексныя даследаванні біял. актыўнасці сінтэтычных прастаноідаў дазволілі вылучыць шэраг злучэнняў, перспектыўных у якасці імунакарэктараў, супрацьязвавых сродкаў, радыепратэктараў і сенсібілізатараў радыеадчувальных пухлінных клетак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных новаўтварэнняў (І.​Г.​Дацькоў, А.​В.​Каралёва, Б.​Б.​Кузьміцкі, Ф.​А.​Лахвіч, Г.​С.​Любін, Ф.​С.​Пашкоўскі, В.​М.​Раманава).

Выкананы тэарэт. канфармацыйны аналіз пептыдаў бялкоў і інш. злучэнняў. Створана комплексная праграма прагназіравання, выкарыстаная пры распрацоўцы і стварэнні шэрагу біяспецыфічных сарбентаў. Разам з тэарэт. канфармацыйным аналізам распрацаваны арыгінальны эксперым. падыход для канфармацыйнага аналізу важкіх бялковых аб’ектаў: імунаглабулінаў і іх фрагментаў (А.​М.​Андрыянаў, У.​П.​Галубовіч, З.​І.​Краўчук, С.​П.​Марцаў, А.​А.​Чуманевіч).

Літ.:

Ахрем А.А., Галактионов С.Г., Голубович В.П. Конформация биогенных аминов. Мн., 1978;

Метелица Д.И. Активация кислорода ферментными системами. М., 1982;

Ахрем А.А., Ковганко Н.В. Экдистероиды: химия и биологическая активность. Мн., 1989;

Шерман С.А., Андрианов А.М., Ахрем А.А. Конформационный анализ и установление пространственной структуры белковых молекул. Мн., 1989;

Лахвич Ф.А., Козинец В.А. Алкилированные простаноиды: синтез и биологическая активность. М., 1991;

Хрипач В.А., Лахвич Ф.А., Жабинский В.Н. Брассиностероиды. Мн., 1993;

Быховец А.И., Гончарук В.М. Как защитить сад, огород. Мн., 1998;

Khripach V.A., Zhabinskii V.N., de Groot A. Brassinosteroids: A nev class of plant hormones. San Diego etc., 1999;

Пивень Н.В., Милютин А.А. Онкоиммунология. Мн., 2001;

Литвинко Н.М. Активность фосфолипаз A2 и C при биохимическом моделировании. Мн., 2002.

Дз.​І.​Мяцеліца, Ф.​А.​Лахвіч, Н.​М.​Ліцьвінка.

т. 18, кн. 2, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫПАЛО́ГІЯ МО́ЎНАЯ,

параўнальна-супастаўляльнае даследаванне структурна-функцыянальных уласцівасцей адзінак мовы ў сінхранічным плане без уліку генетычных сувязей моў. Разам з параўнальна-гіст. кірункам у мовазнаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства) з’яўляецца тэарэт. базай для фарміравання і фармулявання палажэнняў агульнага мовазнаўства, агульнай тэорыі натуральных моў. Абапіраючыся на даныя, атрыманыя ў сінхранічным даследаванні паасобных моў, у т. л. мёртвых, Т.м. імкнецца да фармулявання палажэнняў, якія датычацца або ўсіх вядомых моў (гл. Універсаліі моўныя), або пэўных груп (тыпаў) моў. Т.м. грунтуецца на ўліку таго, што ў мовах, якія супастаўляюцца, ёсць і агульнае, і адрознае, спецыфічнае. Адносіны, што ўзнікаюць пры гэтым паміж фактамі, элементамі, уласцівасцямі прыватнымі і агульнымі, адзінкавымі і пашыранымі ў многіх мовах, грунтуюцца на сувязі паміж разнароднымі формамі і адпавядаючым ім адным і тым жа сэнсе, г.зн. функцыі. На падставе функцыянальнай агульнасці форм розныя мовы могуць быць аб’яднаны ў групы, або тыпы (гл. Тыпалагічная класіфікацыя моў). У залежнасці ад таго, якія фармальныя адзінкі разглядаюцца, Т.м. падзяляецца на тыпалогію фаналагічную, марфал., сінтакс. і лексічную. Фаналагічная тыпалогія моў грунтуецца на ўліку таго, якія фанет. ўласцівасці гукаў і ў якой ступені выкарыстоўваюцца фаналагічна, г.зн. для адрознення значэння марфем і слоў. На гэтай падставе вылучаюць мовы вакалічныя (напр., французская) і кансанантычныя (напр., польская). Інш. фаналагічная групоўка моў атрымліваецца пры ўліку фаналагічнага выкарыстання прасадычных рысаў галосных і складоў ці фаналагічнай структуры саміх складоў. Марфалагічная тыпалогія абапіраецца пераважна на адрозненні моў па наяўнасці ці адсутнасці ў іх сістэмах такой адзінкі, як слова, а таксама па тыпах і характары спалучэнняў марфем у слове ці сказе. Сінтаксічная тыпалогія будуецца на аналізе структурных схем сказаў, у якіх знаходзяць увасабленне прыватныя і агульныя моўныя заканамернасці сувязей членаў сказа, парадку элементаў у словазлучэнні і сказе, іх катэгарыяльныя і семантычныя ўласцівасці, правілы пабудовы складаных сінтакс. адзінак і г.д. Лексічная тыпалогія заснавана на якасных і колькасных характарыстыках слоўнікаў асобных моў, на высвятленні разгалінаванасці, члянімасці і багацці разнастайных груповак слоў, на аналізе тыпаў значэнняў, спосабаў намінацыі з’яў, прадметаў і інш. Тыпалагізацыя моў можа грунтавацца таксама на сацыялагічных, арэальных, культуралагічных, экспрэсіўна-ацэначных і інш. падставах. Т.м. дае магчымасць вылучыць і апісаць такія ўласцівасці моў, што не могуць быць заўважаны пры інш. падыходах і служыць для навук. арыентацыі ў бязмежнай рэальнай разнастайнасці натуральных моў у свеце. Асобны выпадак Т.м. — тыпалагічнае даследаванне адной, асобна ўзятай мовы, але гэта магчыма толькі пры ўмове наяўнасці папярэдне пабудаванай дэдуктыўнай семіялагічнай мадэлі, з якой супастаўляецца даследуемая мова.

Літ.:

Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;

Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000;

Language typology 1985. Amsterdam, 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,

ураўненні, якія змяшчаюць невядомыя функцыі, іх вытворныя любых парадкаў і незалежныя пераменныя. Уведзены ў матэматыку І.Ньютанам і Г.Лейбніцам. Іх сістэматычнае вывучэнне пачаў Л.Эйлер. У 19 ст. Д.ў. сталі самастойнай матэм. дысцыплінай. Заснавальнікі сучаснай тэорыі Д.у. — А.М.Ляпуноў, У.А.Сцяклоў і інш.

Змена масы m радыеактыўнага рэчыва з каэфіцыентам распаду k за прамежак часу dt выражаецца Д.у. dm = kmdt (1). Тэмпература U = U(x, y, z), што ўстанавілася ў кожным пункце (x, y, z) цела, на мяжы якога падтрымліваецца зададзены цеплавы рэжым, задавальняе Д.ў. ∂2U ∂x2 + ∂2U ∂y2 + ∂2U ∂z2 = 0 (2).

Д.ў. віду (1) — звычайнае Д.ў. (змяшчае функцыю аднаго пераменнага), віду (2) — Д.ў. ў частковых вытворных (змяшчае вытворныя невядомай функцыі па розных пераменных). Парадак Д.ў. вызначаецца вытворнай самага высокага парадку ў гэтым ураўненні Кожнае Д.ў. вызначае адразу цэлую сям’ю рашэнняў, залежную ад лікавых ці функцыянальных параметраў; яно выражае некаторы агульны закон, якому падпарадкоўваецца мноства канкрэтных працэсаў. Для вылучэння асобнага працэсу задаюць дадатковыя ўмовы, найчасцей — краявыя (пачатковыя і гранічныя). Для рашэння (1) задаецца пачатковае значэнне — маса m(0) = m0. Рашэнне (2) вызначаецца, напр., гранічнымі значэннямі — размеркаваннем тэмпературы на паверхні цела. Звычайнае лінейнае Д.ў. або сістэму гэтых Д.у. увядзеннем дапаможнай функцыі можна запісаць у выглядзе x′ = P(t)x + φ(t), дзе P — матрыца каэфіцыентаў, φ — вектар свабодных членаў, x = x(t) — вектар-функцыя. Калі Y — квадратычная матрыца, якая складаецца з незалежных рашэнняў адпаведнай аднароднай сістэмы (φ ≡ 0), а x* — адно з рашэнняў прыведзенага Д.ў., тады ўсе яго рашэнні дае формула x = x* + Yc, дзе c — адвольны пастаянны вектар. У шэрагу выпадкаў, напр. пры пастаяннай P, пабудова x* і Y зводзіцца да алгебраічных аперацый і інтэгравання. Існуюць і нелінейныя Д.ў., якія рашаюцца з дапамогай канечнага ліку прасцейшых аналітычных аперацый. Напр., калі My′= Mx′ тады ўсе рашэнні M(x,y)dx + N(x,y)dy = 0 дае формула ∫M(x,y)dx + N(x,y)dy = c, дзе c — адвольная пастаянная. Калі Д.ў. зададзена з дапамогай аналітычных функцый, тады рашэнне выяўляецца таксама аналітычнай функцыяй, раскладаецца ў ступенны рад каля кожнага неасаблівага пункта і знаходзіцца метадам неакрэсленых каэфіцыентаў. Вызначэнне рашэння Д.ў. ці сістэмы Д.у. x′ = 𝑓(t,x) з зададзенай пачатковай умовай x(t0) = x0 раўназначнае рашэнню інтэгральных ураўненняў тыпу: x(t) = x0 + ∫ t0 t 𝑓 [ s, x(s) ] ds (3). Калі 𝑓 неперарыўная функцыя, то (3) мае хоць бы адно рашэнне. Калі, акрамя гэтага, неперарыўная 𝑓′x, то рашэнне (3) адзінае і яго можна знайсці з дапамогай ітэрацый. Метад ітэрацый разам з метадам раздзялення пераменных, з метадам малога параметра і інш. ўжываецца і пры рашэнні Д.ў. з частковымі вытворнымі. Прыбліжанае рашэнне Д.ў. атрымліваюць, замяняючы ў Д.у. вытворныя адносінамі прырашчэнняў і пераходзячы да ўраўненняў у канечных рознасцях. Тэорыя Д.ў. выкарыстоўваецца ў варыяцыйным злічэнні, у тэорыі аптымальных працэсаў, у тэорыі кіравання рухам і ў большасці раздзелаў прыкладной матэматыкі. Вывучэнне краявых задач для Д.у. з частковымі вытворнымі — гал. частка матэм. фізікі.

На Беларусі развіццё тэорыі Д.у. звязана з імем М.П.Яругіна; распрацоўка новых раздзелаў тэорыі Д.у., арыентаваных на тэорыю кіравання, пачата ў 1966 Я.А.Барбашыным. Даследаванні па Д.у. вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі, БДУ і інш. (І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Э.І.Груда, Ф.М.Кірылава, В.І.Карзюк і інш.). У Мінску выдаецца міжнар. навуковы час. «Дифференциальные уравнения».

Літ.:

Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;

Яго ж. Линейные системы обыкновенных дифференциальных уравнений с периодическими и квазипериодическими коэффициентами. Мн., 1963;

Барбашин Е.А. Введение в теорию устойчивости. М., 1967.

Ю.​С.​Багданаў, М.​А.​Ізобаў.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ МО́ВА,

адна з усходнеславянскіх моў, мова рускіх. Дзярж. мова Расійскай Федэрацыі; адна з дзярж. моў (разам з беларускай мовай) Рэспублікі Беларусь; адна з афіц. і рабочых моў ААН, ЮНЕСКА і інш. міжнар. арг-цый, уваходзіць у лік «сусветных моў». У гісторыі Р.м. вылучаюць 3 асн. перыяды развіцця: 6—14 ст. — перыяд існавання стараж.-рус. мовы; 15—17 ст. — перыяд мовы велікарус. народнасці, які пачаўся з распаду стараж.-рус. мовы на 3 усх.слав. мовы: Р.м., бел. і ўкраінскую мову; 18—21 ст. — перыяд функцыянавання сучаснай рус. нац. мовы; вял. ролю ў 19 ст. ў замацаванні літ. норм адыграла творчасць А.Пушкіна. Р.м. мае дыялекты: паўн. (ладага-ціхвінская, валагодская, кастрамская групы гаворак) і паўд. (зах., верхнедняпроўская, верхнедзяснінская, курска-арлоўская, усх. групы гаворак); сярэднярус. гаворкі: зах. окаючыя (наўгародскія, гдоўскія) і акаючыя (пскоўскія, селігера-таржкоўскія), усх. окаючыя (уладзімірска-паволжскія) і акаючыя. Умоўна групы гаворак аб’ядноўваюцца ў дыялектныя зоны зах., паўн., паўн.-зах., паўн.-ўсх., паўд., паўд.-зах. і паўд.-ўсходнюю. Многія з зах., верхнедняпроўскіх і верхнедзяснінскіх гаворак паўд. дыялекту маюць рысы, якія збліжаюць іх з некат. гаворкамі паўн.-ўсх. дыялекту бел. мовы. Адрозненне Р.м. ад бел. і ўкр. моў выяўляецца ў спецыфічных асаблівасцях яе сістэмы, гал. чынам у фанетыцы і марфалогіі. У фанетыцы — наяўнасць «ро», «ло» і «ре», «ле» ў каранях слоў паміж зычнымі пры «ры», «лы» і «ри», «ли» у бел. і ўкр. мовах (рус. «крошить», «глотать», бел. «крышыць», «глытаць», укр. («кришити», «глитати»); вымаўленне спалучэнняў мяккіх зубных і шыпячых з j пры доўгіх мяккіх зычных у бел. і ўкр. мовах (рус. «судья», бел. «суддзя», укр. «суддя»); выбухное «г» пры фрыкатыўным γ у бел. мове (рус. «город», бел. «γорад») і інш. У марфалогіі — адсутнасць клічнай формы пры наяўнасці яе ў бел. і ўкр. мовах (рус. «брат!», бел. «браце!», укр. «брате!»); адсутнасць чаргавання «к», «г», «х» з «ц», «з», «с» у склонавых формах назоўнікаў пры наяўнасці яго ў бел. і ўкр. мовах (рус. «нога — на ноге», бел. «нага — на назе», укр. «нога — на нозі»); шырокае распаўсюджанне формы назоўнага склону мн. л. з канчаткамі -а(-я) пад націскам у назоўніках ніякага роду пры яго адсутнасці ў бел. і ўкр. мовах (рус. «дома́», бел. «дамы́», укр. «домы́») і інш. Значныя адрозненні паміж рус., бел. і ўкр. мовамі — у лексіцы, як найб. рухомым узроўні мовы.

Пісьменства Р.м. атрымала ў спадчыну са Стараж. Русі (гл. Кірыліца, Глаголіца). Кірыліца ляжыць у аснове сучаснага рускага алфавіта. Найб. раннія з пісьмовых помнікаў, якія адлюстроўваюць элементы рус. маўлення, адносяцца да 11 ст. (Астрамірава евангелле, Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076, Архангельскае евангелле 1092, Наўгародскія службовыя мінеі 1096—97 і інш.).

Існуюць даўнія традыцыі рус.-бел. моўных кантактаў, іх узаемадзеяння і ўзаемаўплыву. Гэтаму спрыяла тэр. суседства рус. і бел. моў, іх блізкароднасны характар, адзіныя шляхі на пэўных этапах рус. і бел. народаў. У рус. і бел. мовах шмат агульнага: значны пласт лексікі, грамат. лад і інш. Р.м. на Беларусі функцыянуе пераважна ў сваёй літ. разнавіднасці і гарадскога прастамоўя, а таксама астраўных (стараверскіх) гаворак у некат. рэгіёнах Беларусі; характарызуецца шэрагам спецыфічных, абумоўленых уплывам бел. мовы, рыс і асаблівасцей, пераважна ў сферы фанетыкі (вымаўлення), лексікі, акцэнтуацыі і інтанацыі. Вывучае Р.м. русістыка.

Літ.:

Русская грамматика. Т. 1—2. М., 1980;

Русский язык: Энцикл. 2 изд. М., 1998;

Русский язык в Белоруссии. Мн., 1985;

Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999.

А.​А.​Лукашанец.

т. 13, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)