прывалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. каго-што. Прыперці, прыхіліць да чаго‑н. Прываліць бервяно да сцяны. // Прыкрыць, прыціснуць зверху чым‑н. Прываліць каменем. □ [Снег] прыкрыў, прываліў з восені багну і ваду ў балотах. Сачанка. // безас. Прыціснуць, прыдушыць. Гэтая дзяўчына пераклала немцам, быццам у лесе сасной прываліла рабочага і патрэбна медыцынская дапамога. Карпюк.

2. Спец. Прыстаць, прычаліць (пра судна). Параход прываліў да берага.

3. Разм. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. Раз, ужо ў познюю восень, грамада мужыкоў прываліла ў школу. Колас. Як заўсёды.., на сход прываліла ўся вёска; моладзь — тая наперадзе. Нікановіч. Прывалілі людзі з саду: — Што такое? — Што за гром? Бялевіч. / у безас. ужыв. У мястэчка за апошні месяц прываліла нямала рознага люду. Навуменка. // перан. З’явіцца, прыйсці (пра што‑н. нечаканае або ў вялікай колькасці). [Аўгусцін:] — Чуў, чуў, Мікалай, пра тваю знаходку. Во шчасце прываліла! Паўлаў. Здаецца, ніколі .. [вясны] так пс чакалі, як сёлета. Ажн[о] во яно, прываліла цяпло. Савіцкі. Дабро прываліла ў хату, але да раніцы яго яшчэ трэба добра прыхаваць. Няхай. / у безас. ужыв. Мадэльшчыкаў мала, а новых заказаў многа цяпер прываліла. Чорны.

прывалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

Трохі, не поўнасцю зваліць (сукно).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.

2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.

3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.

4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.

•••

Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.

1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.

2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.

3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.

4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.

5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.

6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Варыцца ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары.

2. Мыцца ў гарачай лазні з парай. Лазня была прасторная і выгодная. Адна палавіна была адведзена для раздзявальн[і], а ў другой мыліся і парыліся. Колас. Цікава.. [Людвіку] было паглядзець, што за лазня ў беларускай вёсцы і як у ёй трэба парыцца. Кулакоўскі.

3. Разм. Знемагаць, знясільвацца ад духаты, ад спякоты. Баравінчане не надта горача выказваліся за пабудову і не надта горача супярэчылі, хоць гадзіны дзве парыліся ў кажухах. Сташэўскі. З усіх, хто ў зале, бадай адзін.. [Веньямін] парыцца ў чорным пінжаку з вялікімі адвіслымі лацканамі. Навуменка. // перан. Доўга і старанна працаваць над чым‑н., што не ўдаецца. Парыцца над задачай. // перан. Марнавацца, пакутаваць. [Калатухін:] У цябе б, Сізоў, павінна быць светла. Вырваўся так удала! Іншыя там парацца на губе! Мележ.

4. Вылучаць пару пад уздзеяннем цяпла на што‑н. халоднае. Учора дождж.. прайшоў. Парыцца на сонцы вуліца. Колас. — Парыцца зямля, — неяк летуценна кажа Пятрок. — Самая пара сеяць. Хадановіч.

5. Зал. да па́рыць (у 1–5 знач.).

пары́цца, ‑ры́юся, ‑ры́ешся, ‑ры́ецца; зак.

Рыцца некаторы час. Падбяжыць [Бадзюля], адкіне дзверцы, прысядзе, парыецца на ніжняй паліцы, зноў устане і курыць. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.

1. каго-што, чаго, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Прасіць у катэгарычнай форме, дамагацца чаго‑н. З размовы можна было здагадацца, што дзед патрабаваў нейкую даведку аб старасці. Якімовіч. Кожны прасіў, патрабаваў вырашыць яго справу ў першую чаргу. Асіпенка. Між іншым Андрэй катэгарычна патрабаваў, каб ішлі ў калгас, што вельмі радавала і цешыла падлетка Мікіту. Колас. // Прад’яўляць да каго‑, чаго‑н. якія‑н. патрабаванні. Патрабаваць ад вучняў дысцыпліны. □ Цімафей Міронавіч выйшаў з хаты з пакорнай слухмянасцю чалавека, які з мілай ахвотаю зробіць усё, што ад яго патрабуюць. Зарэцкі.

2. чаго, са злучн. «каб» і з інф. Абавязваць, прымушаць да чаго‑н. Маці з бабулькай не шкадавалі грошай, і Марынка заўсёды апраналася так, як патрабавала самая апошняя мода. Шыцік. Упаўнаважаны цэнтра Каралькоў патрабуе, каб слухаліся толькі яго. Юрэвіч. Наш доўг быў ісці, прабівацца да роднай зямлі, а доўг салдацкай дружбы патрабаваў ад мяне несці параненага сябра. Шамякін.

3. каго. Прапаноўваць, загадваць з’явіцца куды-н; выклікаць. Равінскі нервова круціў ручку насценнага тэлефона і патрабаваў начальніка чыгуначнай ЧК. Грахоўскі.

4. чаго. Мець патрэбу ў чым‑н. Многае было забыта за гэтыя гады, а многае патрабавала перагляду. Хадкевіч. Натруджанае працай цела патрабавала добрага адпачынку. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Публічна разглядацца (пра якую‑н. судовую справу). Слухаецца справа аб разводзе. // Публічна заслухвацца (пра чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. Пасяджэнне Сарнаркома, на якім слухаліся даклады пра пабудову энергахімічнага камбіната на Яснаўскім балоце, адбылося роўна цераз шаснаццаць дзён пасля гэтага. Галавач. У 1954 годзе на Другім Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў слухаўся садаклад П. Антакольскага, М. Аўэзава і М. Рыльскага. Палітыка.

2. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. [Кулеш:] — Мяне сам пан камендант запрашае садзіцца,.. кожнай парады слухаецца. Шамякін. «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся...» Да сэрца падступае балючая жаласць і злосць. Мележ.

3. Падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. Слухацца настаўніка. Слухацца загаду. □ [Мікалай Мікалаевіч:] — Парабкі разбрыліся, нікога не слухаюцца, нічога не хочуць рабіць. Грахоўскі. Але ўсё ж.. [лейтэнант] мусіў слухацца ротнага і нават больш. Быкаў. // перан. Рухацца, дзейнічаць, падпарадкоўваючыся задуме, жаданню, волі чалавека (пра часткі цела, механізмы і пад.). Трэба было ісці, а ногі не слухаліся, не краталіся з месца. Васілёнак. Рука ад хвалявання дрыжыць, і гузікі не слухаюцца пальцаў. Галавач. [Кудлач:] — Самалёт каменем падаў, не слухаўся ручкі ўпраўлення. Алешка.

4. Зал. да слухаць (у 1–4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каму. Ісці, ехаць разам з кім‑н., быць яго спадарожнікам. Спадарожнічаць турыстам у паездцы. // перан. Быць спадарожнікам жыцця. [Усевалад:] — У нас ёсць жанкі, .. я думаю, што перш за ўсё трэба выпіць за іх. За тых, хто робіць нашу ўтульнасць, хто спадарожнічае нам усё жыццё. Скрыган. // Быць заўсёды разам з кім‑н. Песня спадарожнічае нам праз усё жыццё. «Маладосць». Чамадан, гэты славуты чамадан, пра які так многа расказваюць нават анекдотаў, заўсёды спадарожнічае .. [сувязістам]. Пестрак.

2. каму. Працякаць, адбывацца адначасова або ўслед за чым‑н., знаходзіцца з нечым у непарыўнай сувязі. Нам вядома, якія жыццёвыя абставіны і падзеі спадарожнічалі Івану Калацкаму на яго шляху ад сялянскага хлапца да камандзіра палка. Кудраўцаў.

3. каму-чаму. Быць неаддзельным ад каго‑, чаго‑н., цесна звязаным з кім‑, чым‑н. Слабае, нясталае, вучнёўскае спадарожнічае маладосці, таленту. Перкін. Для таго, каб «рыбацкае шчасце» заўжды і ўсюды спадарожнічала табе, патрэбны вынаходлівасць, кемлівасць, веды. Матрунёнак. Сяргею заўсёды спадарожнічала ўдача. Мяжэвіч. // Расці, трапляцца поруч, разам з чым‑н. [Леў Раманавіч:] — Зязюльчын лён і асака — запусценне. Ім спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудр[а]нка. Асіпенка. Зарыва азначае, што спальваецца газ, які заўсёды нафце спадарожнічае. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́рціся, сатрэцца; пр. сцёрся, сцерлася; зак.

1. Знікнуць ад выцірання, трэння або ад уздзеяння якіх‑н. іншых знешніх прычын. Надпісу на плітах не разабраць: і не цяперашнімі літарамі ён напісаны і ад часу сцёрся. Васілевіч. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. Лынькоў. // перан. Прапасці, знікнуць. Беларусь — я ў гэта веру разам са сваімі героямі — стане горадам-садам, дзе сатруцца, знікнуць усе межы, якія ёсць між горадам і вёскаю: бытавыя, культурныя, матэрыяльныя. Дубоўка. З памяці не маглі сцерціся ні высокія дняпроўскія кручы, ні звонкі бор над ракой. Шахавец.

2. Атрымаць пашкоджанні або стаць тонкім ад трэння, доўгага ўжывання. Прыступкі сцерліся. □ Пакуль адатрэш гразь, дык скарэй сатрэцца скура на далонях. Чарнышэвіч. Там, дзе галіны стыкаюцца адна з другою, кара на іх сцерлася. Колас. // перан. Пазбавіцца арыгінальнасці (пра словы, думкі і пад.). Паўзіце, словы, ад мяне: Агідныя, Халодныя, Ілжывыя, Атрутныя. .. Вы — сцерліся, Да вас прывыклі, Вас не прыкмячаюць. Дзяргай.

3. перан. Змарнавацца, дарэмна страціцца (пра час і пад.). Марыля заплакала. Гэтак ясна зрабілася ўсё, — што без долі сцерлася маладосць, што і цяпер на шчасце спадзявацца цяжка. Брыль. Так у Грыпіны і сцерлася жыццё. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счуць, счую, счуеш, счуе; зак.

Разм.

1. каго-што і з дадан. сказам. Улавіць на слых якія‑н. гукі, размову. Калі Ніна, счуўшы шагі ля сябе, узняла вочы ад акна, яна ўбачыла перад сабой Лявона. Галавач. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Пачуць, прыслухацца. Як не счуюць мяне, я мацней загуду, Дам гучнейшы акорд песні новай... Чарот.

2. што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца (з размоў, чутак і пад.). Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну, — Зганьбавала яго люба: Быў ён з ёй нібыта грубы. Ставер.

3. каго. Учуць (пра жывёл). На суседнім двары (мусіць, толькі прачнуўся), счуўшы чужых людзей, забрахаў сабака. Крапіва. Але дзе так схавацца, каб і пазіраць было зручна, і каб .. [казуля] не заўважыла або нюхам не счула? Ляўданскі.

4. што. Адчуць. Уніз, уніз! — не счуўшы болю. Уніз! — з грымотнага блакіту, Не на пасадачнае поле, А ў поле стоптанага жыта. Матэвушаў.

5. перан.; што і з дадан. сказам. Інтуітыўна адчуць, прадбачыць. А Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца. Чорны. Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таямні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны таямніцы (у 1 знач.), загадкава-незразумелы. Наўкола ляжалі абшары лесу, заўсёды такія ваб[н]ыя і таямнічыя. Шчарбатаў. Я думаў і думаю часта пра яшчэ адну таямнічую недарэчнасць жыцця: ну, дзе ён ходзіць і што ён марудзіць — той, каму так радасна было б назаўсёды, на ўсё жыццё падзяліцца шчасцем з гэтай харошай, яшчэ ўсё самотнай дзяўчынай?.. Брыль. // Незразумелы, загадкавы (пра чалавека). Вясковы каваль Сымон Кушнер здаваўся Васілю нейкім таямнічым чалавекам, траха што не чарадзеем. Кулакоўскі.

2. Які стаіць па-за мяжой пазнання чалавекам; недасягальны, незвычайны. У нас сустракаюцца яшчэ людзі, якія вераць у «таямнічыя сілы». «Маладосць». // Які мае цудадзейную сілу. Калісьці цёмны чалавек верыў у таямнічую сілу слова-праклёну, слова-малітвы. Юрэвіч.

3. Які сведчыць пра наяўнасць таямніцы; які заключае ў сабе таямніцу (у 2 знач.). — А потым [Сцёпка] скаваў паміж рэчкаю і Гнілым балотам! — бабка Агапа гаварыла гэта таямнічым голасам. Колас. Чуліся нейкія таямнічыя, прыглушаныя гукі летняга вечара. Новікаў. Пры сустрэчы з калегам .. [Запольскі] надаваў свайму твару таямнічы выгляд і ціхенька апраўдваўся. Пальчэўскі. Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на твары [Малашкіна]. Пестрак.

4. Тайны, сакрэтны, што хаваецца ад іншых. Для [хлопцаў] гэта была таямнічая гульня, пра якую ніхто не павінен ведаць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)