Зязю́ліць ’біць’, ’піць гарэлку’ (Нас.), зязюлець ’рабіцца мутным, шэрым’ (Нас.). Словы са значэннем ’зязюля’ маюць у розных мовах шмат пераносных значэнняў, звязаных з павер’ямі, а таксама гукавобразнымі ўявамі. Трэба ўлічыць зюзь, рус. зюзю́кать ’піць’. Для «птушынай» семантыкі ’піць’ параўн. савець, салавець. У выніку ўзаемадзеяння, з аднаго боку, гукавобразных уяўленняў, а з другога боку, уяўленняў аб суадносінах выгукаў зязюлі з ударамі і ўзніклі значэнні, звязаныя таксама з указаным (гукавобразным) рус. словам. Насовіч (223) этымалагізуе зязюлець ’рабіцца шэрым, падобным да колеру зязюлі’. Гэта таксама ўваходзіць, верагодна, у сінкрэтычнае вобразнае знач. слова і яго станаўленне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́верць ’бяссэнсіца’ (круп., Жакава, Совещание по ОЛА, 198), ’скажэнне гучання слова, няяснае вымаўленне, хлусня’ (Жакава, там жа), параўн. «каверць у чалавека, што слухаць непрыемна». Структурны паралелізм са словам каверт ’яма з вадой і інш.’ відавочны, што датычыць семантычнага боку, параўн. рус. дыял. вертега ’хлуслівы чалавек, хлус і пад.’, вертеть ’падманваць’. Падобнымі ўтварэннямі да прыведзеных вышэй з’яўляюцца і кавярзня ’хлусня’, кавярзні ’лапці’, да кавярзаць < коверзати ’плясці’. Да апошняга параўн. яшчэ рус. дыял. вертни ’берасцяныя лапці’ і верть ’тоўстая баваўняная пража, баваўняныя вяровачкі, звітыя рукамі, з якіх плятуць лапці і ткуць папоны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каве́рыць ’скажаць гучанне слова, няясна вымаўляць, хлусіць’ (Жакава. Совещание по ОЛА, 198–199). Як магчымыя паралелі можна прывесці рус. кастрам. коверить ’ламаць, згібаць, мяць што-н.’ і, як вельмі ненадзейнае, рус. паўн.-дзвін. каверить ’хварэць, нядужаць; кашляць’ (адносна развіцця значэння параўн. рус. дыял. вертёж ’галавакружэнне; заразная хвароба, эпідэмія’). Утворана прэфармантам ко‑ ад верыць, роднаснага рус. дыял. верать ’плесці (лапці, кашолкі, сеткі і да т. п.)’, верать ’хлусіць, расказваць байкі’, якія ад verti ’плесці і інш.’ Развіццё значэння аналагічнае вярзці ’несці лухту’ < вярзці ’плесці (лапці і інш.)’. Да словаўтварэння параўн. кавярзаць, укр. ковертати.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кае́т ’сшытак’ (брэсц., Сіг.; зэльв., Сцяц.; зэльв., Сцяшк.), каета ’тс’ (бераст., Сцяшк.), каёт ’тс’ (маз., Мат. Гом.). Запазычанне даваеннага перыяду з польск. kajet ’тс’ (у літар. мове). Польск. kajet з франц. cahier ’тс’. Што датычыцца ‑t у канцы слова, то, паводле Слаўскага, 2, 24, яно з’явілася пад уплывам такіх запазычанняў з франц. мовы, як muszkiet, parkiet, portret, filut. Франц. выводзіцца з нар. лац. *quadernus < лац. quaternī ’па чатыры’, першапачатковае значэнне ’зложаны ўчацвёра, з чатырох лісткоў’. Параўн. яшчэ рус. тетрадь < с.-грэч. τετράδι(ον) ад τετράς род. скл. ‑άδος ’чацвёртая частка ліста’, гл. Фасмер, 4, 53.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кажура́ ’скурка (на гародніне)’ (Др.-Падб.), кажурына ’тс’ (ТСБМ, Шат.). Цяжка па некалькіх фіксацыях меркаваць аб статусе слова. Рус. кожура ’тс’ (у Даля без геаграфіі). З ‑ур‑суфіксацыяй ад кожа (гл.); Шанскі (11, 8, К) прыводзіць рус. дыял. снежура ’снег, які прамок ад вады’, што сведчыць аб экспрэсіўным характары суфіксацыі ў разглядаемым слове. Да бел. кажурына можна прывесці наступныя адпаведнікі: ст.-рус., наўг., пск. кожурина ’кара дрэва’, наўг. ’кавалак драўнянай кары’, буйск., кастрам., калін. ’скурка на пладах насення’. Аб суадносінах гэтых слоў (інавацыя? запазычанне?) меркаваць цяжка. Параўн. кажурына ’кусок аўчыны’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пахле́бства ’ліславасць’ (Яруш.), пахлёбствываць ’дагаджаць’ (Грыг.), ст.-бел. пахлебча ’ліслівец’ (1517) запазычаны са ст.-польск. pochlebca (Булыка, Лекс. запазыч., 125); дзеяслоў, відаць, запазычаны з рус. мовы, параўн. похлёбствовать ’ліслівіць, дагаджаць’, хаця ст.-бел. падглебавага ’ліслівіць’ (1517), паводле Булыкі (там жа, 134), са ст.-польск. pochlebować. Аднак, калі ўлічыць укр. похлібувати, рус. похлебить, чэш. pochlebovati, pochlebia ’тс’, славац. pochlebovať і шмат вытворных, можна меркаваць пра паўн.-слав. poxlibovati, якое ўзнікла з выразу po xlĕbĕ iti ’ісці за сваім хлебам, за сваёй выгодай’ (Міклашыч, 424; Брукнер, 179; Фасмер, 3, 347). Махэк₂ (468) крыніцай слова лічыць chalbat ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паў- ’палова, палавіна’, ’папалам’, ’не зусім, амаль’ (ТСБМ, Шпіл., Нас.). Да прасл. polъ (укр. пів‑, рус. пол‑, пол, польск., н.-луж. pół, в.-луж. poł, палаб. pöl‑a, чэш. půl, славен. pȏl, серб.-харв. по̑, макед. пол, балг. пол, полът, ст.-слав. полъ. Прасл. роlъ, роднаснае да алб. palë ’бок, партыя, раздзел’, іран. pahl ’бок’, рашорвск. pahalaw ’бок, край, рабро’, а таксама марыйск. pdlak, удмурцк. эрзянск. pelʼ ’палавіна’, макшанск. pįale, эст. pool, фін. puoli ’тс’, ’бок’. Настратычнае. Махэк (499) лічыць слова «праеўрапейскім». Гл. таксама Фасмер (3, 306).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Плаўні́к 1 ’орган руху ў рыб і водных жывёл’ (ТСБМ). З рус. плавни́к ’тс’, якое ўзнікла нядаўна як навуковы тэрмін, яшчэ ў “Поўным руска-польскім слоўніку” (Варшава, 1894 г.) польск. pletwy (сучаснае płetwa) адпавядае рус. пла́вательные перья, як і ў Даля (3, 118).
Плаўні́к 2 ’вуда’ (Жд. 3). Няясна. Малаімаверна, каб слова ўтварылася з польск. pławnik ’паплавок у вуды’ — наватвор з 1908 г. (Банькоўскі, 2, 621), у выніку пераносу значэння з часткі на цэлае.
Плаўні́к 3 ’рыбацкі човен’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑(н)ік ад польск. pławny ’прыдатны да плавання’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́сець ’хвароба, пошасць’ (ТС). Імаверна, першаснае посесць ці поседзь (у фанетычным запісе слова адбілася аглушэнне канцавога зычнага) ад посе́сці ’набыць’ (ТС), параўн. польск. posiadać ’мець пры сабе’, адсюль посесць / поседзь ’набытая хвароба’; падобным чынам славен. nahod ’хвароба’ ’тое, што найшло, з’явілася’. Тады да сесці, сядаць (гл.). Параўн. таксама славен. дыял. pošast — тое, што і nahod ’хвароба, запаленне, насмарк, катар’, аналагічна, як і пошасць, утворана ад *pošedti, таксама каш. pošedło ’зараза’ (Куркіна, Диал. структура, 171). Не выключана таксама, што гэта эўфемізм ад *sětь ’госць’, параўн. рус. посетить ’наведаць’, ст.-сл. посѣтити ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Праско́ўка ’вяроўка, якою прывязваецца барана да ворчыка, каромысла’ (Бяльк.). Няясна. Фармальна гэта слова можна было б суаднесці з *праскаць, праск, параўн. укр. праск, пра́скати ’трэск, трэскацца’, польск. prask і г. д. Параўн., адняк, назвы розных вяровак, прывязак і пад.: балг. пра́шка ’плецены пояс; бакавая прывязка ў сядле’, серб.-харв. пра̏ћа ’прывязка ў сядле’, польск. proca ’рэмень у ярме’, што выводзяць з прасл. *portsa ’прашча’, якая названа, верагодна, па матэрыялу, з якога зроблена гэтая прылада для кідання (Сной₂, 557), гл. прашча, параўн. праснёвыя ніткі, ад про́сцень ’верацяно з ніткамі з пяці ручаек’ (Нік. Очерки).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)